• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ
    УЯ ВІЦЬ
    ОЗІФА
    ШЧ АСЛіВЫМ
    ХРОНІКІ БЕЛАРУСКАГА ІНТЭЛЕКТУАЛА
    — 	 	
    РЭБА
    
    ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ
    ТРЭБА ЎЯВІЦЬ СІЗІФА ШЧАСЛІВЫМ
    Хронікі беларускага інтэлектуала
    Логвінаў
    ISBN 978-609-492-020-2
    © Валянцін Акудовіч, 2023 © Lohvinau Publisching House, 2023
    ЗАЧЫН
    ^Цнямі агораў сваю апошнюю па жыцці кнігу. Болей мне не было пра што пісаць, а іншыя заняткі перасталі вабіць даўно. Таму далей пачыналася лішняе жыццё, непатрэбнае ні мне, ні людзям, ні каму там яшчэ... I я не ведаў, што з гэтай непатрэбшчынай рабіць і як управіцца з неадчэпнай нудой цягам колькіх пазасталых гадоў.
    Я піў ранішнюю каву, паліў цыгарэты і глядзеў праз шыбу на малюпатак з садку насупраць, што бегалі, штурхаліся ды барукаліся ў снезе. Яны амаль не спыняліся ў сваім завірушным руху, бо энергетыка жыцця, запакаваная ў іхныя целы на ўвесь астатні век, была яшчэ залішне вялікай для такіх карузлікаў. Гэтай бегатнёй ды штурханінай яны спрабавалі ад яе хоць трохі вызваліцца.
    А я ўжо вызваліўся. Хаця не даастачы...
    Зважаючы, куды яшчэ можна было б прыткнуць парэшткі маёй будучыні, сярод іншага я згадаў мемуары. (Пазней ганарыста перайменаваў іх у хронікі.) Лайдачы жанр якраз пасаваў маім гадам і не патрабаваў асаблівага творчага юру, якога калі трохі і засталося ў закутках экзістэнцыі, дык зусім вобмаль. Да таго ж мне пашэнціла працаваць, сябраваць і нават часам браць чарку ці не з бальшынёй самых адметных беларускіх філосафаў, празаікаў ды паэтаў майго часу. I гэта магло завабіць сяго-таго з чытачоў. Бо спачатку пісьменнік цікавы тым, што ён сам піша, а пазней тым, што пра яго пішуць іншыя.
    Задума выглядала дарэчнай яшчэ і таму, што ліой час прыпаў на эпоху “Буры і націску” (так аднойчы падумалася ўслед за нямецкімі рамантыкамі). Асыпалася ў друз камуністычная імперыя, а на яе руінах адраджаліся забытыя дзяржавы, і сярод
    іх паўставала даўно жаданая Беларусь. У меру сваіх сілаў, але апантана, я дапамагаў як бурэнню, так і паўставанню. Магчыма, каго б зацікавіў і гэты досвед. Неўпрыкмет усё тадышняе ўжо амаль забылася, і праз свае ўспаміны я б выказаў яшчэ і пратэст супраць нашай абыякавасці што да тых векапомных дзён. Гэтак — з аднаго боку, а з другога — публічна сказаў бы дзякуй той бурапеннай пары, якая дазволіла мне збыцца самім сабой...
    Аднойчы неяк самохаць выславілася: я нарадзіўся і памёр у 90-я. Зразумела, адносна біяграфічнага часу — гэта метафара, аднак калі персанальны (тэмпаральны) час згарнуць да памераў маёй эманацыі — дык святая праўда.
    ***
    Толькі ўсё пералічанае (як і ў мностве пакінутае паўз...) не было загалоўным у маіх развагах на карысць хронікаў. Калі і заставаўся яшчэ нейкі актуальны сэнс за іх брацца, дык ён палягаў на тым, што мы з сябрамі называлі стварэннем “Дыскурсу беларускага мыслення”.
    Аднак тут варта адступіцца ў прамінулае...
    Яшчэ з пары Асветніцтва трымалася меркаванне, што чалавеку можна забараніць усё, нават дыхаць напоўніцу, аднак нельга забараніць мысліць. Наіўная аблуда. Безумоўна, нейкаму асобнаму чалавеку на пэўны час складана забараніць мысліць, а вось грамадству агулам — яшчэ як можна. Мы гэта добра ведаем. За камуністамі беларусам было забаронена мысліць. Тут карціць дадаць — самастойна, толькі іншага мыслення, акрамя як самастойнага, не бывае.
    Дзеля пэўнасці тэзы пра забарону згадаю толькі адзін момант. За ўсе гады камуністычнага панавання ў Беларусі з класікі сусветнага і еўрапейскага мыслення нічога не было выдадзена па-беларуску. I гэта пры тым, што ў тую пару хапала выдавецтваў, якія друкавалі даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы часопісаў,
    альманахаў ды газет. Татальнае табу на хоць якія праявы мыслення — як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.
    Сцісла кажучы, у XX ст. нам было забаронена мысліць, лічы, ад яго пачатку да канца васьмідзясятых, да “перабудовы”, калі ўсе забароны неўпрыкмет зніякавелі, а дазволу на нешта мысліўнае, каб нават закарцела, не было ў каго запытацца.
    У гэтым бязладдзі і пачалося сучаснае беларускае мысленне — натуральна, бязладна, аднак надзвычай інтэнсіўна. 3 нейкай шалёнай утрапёнасцю яно стала праяўляцца ў самых розных інтэнцыях, падзеях ды формах. I ўжо ў другой палове дзевяностых, хай і з пэўнай асцярожнасцю, можна было казаць пра пачаткі стварэння “Дыскурсу сучаснага беларускага мыслення”. Між іншым, амаль з нуля.
    Згадваецца, што яшчэ напрыканцы васьмідзясятых, калі раптам чулася азначэнне беларускі філосаф, дык усе прысутныя хавалі вочы і сарамліва пасміхаліся. Гэта выглядала на аксюмаран (жывы нябожчык). Ніяк не забудуцца словы стваральніка ЕГУ і яго першага рэктара Анатоля Міхайлава. На сустрэчы з беларусамі Амерыкі прафесара запыталі, чаму ён не піша па-беларуску. На што той адказаў: у беларускай мове няма філасофскага слоўніка.
    На тую пару ў нас увогуле шмат чаго яшчэ не было. А як сталася магчымым быць, так усё і з’явілася. Між іншым, доктар філасофскіх навук дзядзька Міхайлаў і па сёння, здаецца, не зразумеў, што беларуская мова куды больш прыдатная дзеля метафізічнага філасафавання, чым руская.
    ***
    Як нехта пытаецца, што з майго ўласнага наробку можна было б вылучыць перш за ўсё, дык я без сумневу кажу: справа вымыкання беларускага мыслення з патаемнага ў непатаемнае апынулася для мяне даражэй за ўласныя кнігі, зборнікі, прэміі і ўсялякае такое іншае...
    Дык вось, калі я і бачыў хоць нейкі жывы сэнс у маіх успамінах, то іх оптыка мусіла быць скіраваная на гэтую справу і на тых, хто ў яе талакой укладаўся.
    Толькі хіба не адразу здагадаўся я, што, відаць, нічога ў мяне не атрымаецца.
    Рэч у тым, што я — чалавек без памяці. Былое са мной не застаецца. Гэта не азначае, што яно знікае дазвання і я жыву ў татальным бяспамяцтве. He, сёе-тое з прамінулага памятаю, аднак не вельмі каб шмат, бо ўсё, што са мною адбылося, як бы адсланяецца ад мяне, робіцца не маім амаль адразу, на другітрэці дзень звальваецца ў нейкую глыбокую студню, дзе і ляжыць на дне покатам: усё разам ляжыць — і сонечная хвіліна з дзяцінства, і ўчорашняя хмарная гадзіна. Калі мне моцна закарціць, дык я магу нізка схіліцца над студняй і нешта разгледзець там, на яе дне. Аднак карціць мне досыць рэдка, і таму я зазвычай абыходжуся без мінулага: яно там, збэрсанае, у прадонні студні, а я тут, на падворку, вольны ад усёй сваёй мінуўшчыны, кожны дзень наноў народжаны, толькі не лупатым немаўлём, а адразу з усімі сваімі гадамі.
    Дык якія тут могуць быць мемуары, калі чалавек не мае памяці? Да таго ж і з дзённікамі я ўжо даўно не баўлюся, а менавіта — пасля таго як аднойчы зразумеў, што насамрэч істотныя думкі ці падзеі настолькі вытыркаюцца самі па сабе, што ўжо не патрабуюць не толькі нататнікаў, а і ўвогуле маёй памяці.
    Тады і выславілася на адзіноце: а гараць яны гарам, тыя хронікі! He надта і хацелася...
    Сплыло даволі часу, і неяк аднойчы (ні з пушчы, ні з поля) той праклён мне згадаўся ў цалкам адваротнай перспектыве. Дык гэта ж файна, захапіўся я, хай у хронікі патрапіць адно тое, што апынулася мацнейшым за маю, пазбаўленую хоць якой трывушчы, памяць. Да таго ж з той даўняй пары ў мяне назбіраўся поўны склеп ужо добра пажоўклых газет, часопісаў, зборнікаў, анталогій ды энцыклапедый, якія маглі шмат чаго нагадаць пра былое.
    Яно і не лішне будзе хоць аднойчы атрэсці з іх пыл, каб пацікавіцца, што і як там было раней?
    ***
    Калі я распавёў аднаму з самых адметных нашых мысліўцаў Максіму Жбанкову, што маю намер пісаць хронікі інтэлектуала, ён, між іншага, заўважыў: “Валянцін, толькі моцна не цягніце коўдру на сябе”.
    Я наперад пачаў апраўдвацца, што загалоўнай мэтай гэтай забавы будуць не мае экзістэнцыйныя мітрэнгі, а гісторыя стварэння дыскурсу айчыннага мыслення. Гэта па-першае. А па-другое, жаданне хоць трохі засцерагчыся ад таго, што дрыгва анталагічнага беларускага балота неўпрыкмет заглыне ў сваю твань увесь наш наробак. У прамінулым Беларусі такіх прыкладаў лічыць не пералічыць.
    Разам з тым было зразумела, што засцярога Максіма зусім не лішняя. Бо я ж мерыўся пераважна вылучаць з агульнага тыя справы і падзеі, у якіх сам браў чынны ўдзел. I не статыстычна іх апісваць, а праз уласныя оптыку ды эмоцыю. Гэта значыць мае ўспаміны ўжо паводле азначэння мусяць быць суб’ектыўнымі і таму ўвачавідкі ці латэнтна заканцаванымі на маім Я.
    Аднак рэальнае пісьмо засведчыла, што сітуацыя складваецца значна горш, чым мне прадбачылася. Амаль адразу сталася заўважным, што, нягледзячы на ўласную волю, мая прысутнасць пачынае татальна дамінаваць і аповед імкліва ператвараецца з гісторыі інтэлектуальнага дыскурсу ў гісторыю Валянціна Акудовіча, які таўчэцца на купіне недзе пасярод гэтага дыскурсу.
    Дайце веры, я шмат думаў, што з гэтым можна зрабіць. I нічога не прыдумаў, а толькі зразумеў напэўна, што калі паспрабую вычварацца неяк інакш, дык адразу ўсё абрынецца ў нікуды. Мера майго себялюбства выявілася значна большай, чым я сабе ўяўляў. Бо перадусім мне карціць распавядаць
    пра сябе, а ўжо потым пра іншых ды іншае. Пра свае тэксты, кнігі, справы. Пра сваіх сяброў, чытачоў і аўтараў. Пра тое, што пра мяне і мой наробак згадвалі ў дыскусіях, пісалі ў рэцэнзіях ды артыкулах (і не толькі ўхвальных).
    Скрушная праўда. I той факт, што творчыя людзі з прыроды сваёй спрэс эгацэнтрычныя, не моцна мяне суцешыў. На нейкі час я нават перапыніў працу, каб даўмецца: з чаго гэтак атрымліваецца? Толькі мая крытычная рэфлексія не задоўжылася...
    Дзіўна, а з чаго мне было дзівіцца (прабачце за таўталогію)? Ужо колькі дзесяцігоддзяў я ведаю, што ні ў якім іншым жанры, акрамя эсэ, не магу працаваць. Гэта як у анекдатычных рускіх. Што б яны ні рабілі, а ў выніку атрымліваецца аўтамат Калашнікава.
    Тое самае і ў мяне. Незалежна ад таго, выступаю я на акадэмічнай канферэнцыі, пішу аналітычны артыкул ці філасофскі трактат, у мяне ўсё адно па сутнасці атрымліваецца эсэ. Пра гэта я ўжо сто разоў казаў, выступаючы перад даросльшг і студэнтамі. Нават даследзіны аб прыродзе гэтага жанру назваў “Эсэ пра эсэ”. Дык чаму мае мемуары павінны быць чымсьці іншым, як не бясконцай нізкай рознафарматных эсэ, кожнае з якіх, безумоўна, паходзіць з майго ўласнага “Я", што спрабуе інтэлігібельна прамацаць той ці іншы сюжэт.