Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
He трэба быць асабліва відушчым, каб здагадацца, што, прачытаўшы адно некалькі старонак майго рукапісу, у рэдакцыі “Лнтературной газеты” толькі і сказалі: “Сволочь, ёп...т...м...”
Натуральна, у “Нёмане” сказалі інакш, але гэтаксама чакана: маўляў, яшчэ не наспеў час для такіх тэкстаў. Ясны пень, сказалі, не падумаўшы, бо час, прынамсі, тэмпаральны, у кожнага розны. Навідавоку быў прыклад Сяргея Дубаўца, які тады працаваў у аддзеле крытыкі “Нёмана” і, акрамя прафесійных абавязкаў, рыхтаваў першы нумар “Нашай Нівы”. Ён там і перахапіў маё творыва ды ўласнаруч пераклаў тэкст з рускай мовы на беларускую (ахвоці мне — тарашкевіцай).
Да гэтай пары выхваляюся, што нечакана знайшоў сябе ў сціжме аўтараў першага нумару “Нашай Нівы”, а як прыгадаю той выпадак на знаёмых людзях, дык з вясёлым прысмехам яшчэ заакцэнтую — зважайце, пераклаў мой артыкул сам Дубавец.
Асабіста для мяне (ды, пэўна, і не для мяне аднаго) у першай палове дзевяностых фігура Сяргея Дубаўца была сувымернай з фігурай Зянона Пазняка, а “Наша Ніва” — з Беларускім народным фронтам. Зразумела, гэта былі абсалютна рознамаштабныя падзеі. Зянон Пазняк з нацыянальным рухам раскатурхаў усё беларускае грамадства, у той час як “Наша Ніва” Сяргея Дубаўца мела наклад у нейкія 5-7 тысяч асобнікаў.
Дык скуль тады сувымернасць?
У аўтарскай анатацыі да свайго артыкула ‘Тероі і ахвяры” Сяргей Дубавец кажа: “Пачынаючы тэму мінулай вайны, я сапраўды пачынаю. He працягваю...”.
Дык вось, дзякуючы “Нашай Ніве” для чуйнага чытача ўсё сапраўднае толькі пачыналася — тут, на гэтых старонках. А тое, што было раней, яно, канечне, было, толькі цяпер выглядала нейкім іншым — не зусім сапраўдным ці што? А мо і не патрэбным увогуле.
Згадваецца біблейнае: Свет яшчэ толькі пачынаўся... I што магло быць важнейшым?
Гэтак па-першае. А па-другое, амаль кожны з таго дзясятка тысяч чытачоў праз задзіночанне вакол “Нашай Нівы” адчуў сябе далучаным ужо менавіта да беларускай нацыянальнай эліты. I не з тых шматлікіх тысяч, што БНФ раз-пораз выводзіў на шэсці ды мітынгі, а з аўтараў і чытачоў “Нашай Нівы” паўстане магутная і трывалая прага тоеснай самой сабе беларускай культуры. 3 гэтай жыццядайнай прагі і сфармуецца тое, што мы пазней станем называць незалежнай культурай Беларусі.
Дарэчы, незалежная культура Беларусі — унікальны феномен. Насуперак уладам у яе прасторы былі створаныя шматлікія адукацыйныя, навуковыя, аналітычныя ды іншыя інстытуцыі, якія плённа працуюць ужо шмат год. Сюды ж далучым шэраг газет, часопісаў, альманахаў, выдавецтваў, асветніцкіх, літаратурных, інтэлектуальных ды іншых суполак, адно пералік якіх зойме невядома колькі месца.
Тут упершыню паўстала і досыць ярка сябе праявіла беларускае нацыянальнае мысленне ўжо менавіта як мысленне.
Вельмі адметнай падзеяй станецца даафармленне (пераафармленне) нацыянальнай гістарыяграфіі, якая канцэптуальна перайначыла ўяўленне беларусаў пра іх уласнае мінулае.
Тут, і толькі тут, сфармавалася новая беларуская літаратура — і сутнасна, і якасна адрозная ад той, што была раней. Адным з, магчыма, і нечаканых вынікаў гэтага пераруху стаўся выбух (без перабольшвання) перакладной літаратуры.
Асобна трэба сказаць пра рок-музыку, якая ў дзевяностыя гады дзеля абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў магла б адыграць не меншую ролю, чым у сваю пару оперы Вагнера для нацыянальнай свядомасці немцаў. Магла б, каб гэтага не спалохалася ўлада.
Перад тым, як на пэўны час развітацца з Сяргеем Дубаўцом і ягоным праектам, мушу — менавіта так — звярнуць увагу яшчэ на адзін тэкст з таго першага нумара, які ў перспектыве майго ўласнага кону апынуўся падставовым. А менавіта — на эсэ Ігара Бабкова “Сон, які сніўся нікому”. Калі я яго прачытаў, то канчаткова ўпэўніўся ў сваёй веры, што высокая (метафізічная) філасофія беларускай мовай магчымая — і магчымая менавіта як беларуская філасофія. 3 гледзішча значнасці гэтай падзеі для мяне асабіста хацеў бы прылучыць сюды фрагмент таго тэксту:
“Залатыя часы паганскае, народнае культуры — XIX стагоддзе.
Гэта часы, калі душа народа нібы прарастае ў “высокую” культуру, нараджае такія з'явы, як Міцкевіч, Чачот, Баршчэўскі... Каб зразумець, што такое паганская культура, варта ўявіць сабе ўвесь комплекс беларускага фальклору, праспяванага адначасова, як магутная касмічная сімфонія, як гімн мікраі макракосмасу. Уявім сабе ўсе казкі, расказаныя ўсімі бабулямі праз усе часы, усе паданні і легенды, усе рытуалы й галашэнні... Калі ўявіш сабе ўсю веліч гэтае сімфоніі, беларуская гісторыя бачыцца як сон, што сніўся нікому.
Зрэшты, ён сапраўды сніўся нікому.
Мусім прызнаць, што беларусы захаваліся як нацыя менавіта таму, што ва ўсе часы польска-расейскага гістарычнага беспрасвецця жылі не ў гісторыі — у Космасе.
Сёння мы знаходзім сябе ў індустрыяльнай цывілізацыі, у секулярызаваным, суб’ектывісцка-касмапалітычным асяроддзі сучаснага горада. Мы не верым у вонкавасць, але ж і ўнутры сябе не пачуваемся гаспадарамі. Недзе за даляглядам Бог — ці то “памёр”, ці то “на рамонце”. Перад вачыма — культура. I адзінае, што мы можам сказаць сабе ў суцяшэнне: ЯНЫ СПЯВАЛІ — МЫ СЛУХАЕМ”.
Я не ведаў, хто такі Ігар Бабкоў, і тым болей не мог ведаць, што неўзабаве, пазнаёміўшыся, мы адразу вырашым: далей нам ніяк нельга без уласна беларускай філасофіі. Ну аніяк...
***
Ды што там сваёй, у нас ніякай філасофіі не было. Таму эсэ пра Сёрэна Кіркегара для тыднёвіка “Культура” я заманіфеставаў наступным пасажам:
“Леў Шастоў пачынае сваю кнігу пра Кіркегара наступнымі словамі: “Кіркегар прайшоў паўз Расію”.
Прачытаў і з болем, які межаваў з адчаем, падумаў: “Паўз Беларусь прайшлі ўсе, пачынаючы ад Парменіда і завяршаючы Дэлёзам (ці хто каму тут больш даспадобы...). Усе, колькі іх было філосафаў, адвеку ішлі, ідуць і, здаецца, будуць ісці паўз, паўз, паўз... Трохі суцяшае хіба тое, што калі меркаваць паводле досведу Кіркегара, дык у справе асэнсавання існага страх і адчай могуць стацца нават больш прыдатнымі за інфантыльны аптымізм і прагматычную разважлівасць..."
Тут трэба ўдакладніць: калі я прамовіў “адвеку”, дык у гэтым кантэксце меў на ўвазе кароткі век ужо нацыянальна асэнсаванай Беларусі. Бо ў даўнія стагоддзі мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь, разгортвалася адпаведна агульнаеўрапейскім тэндэнцыям. Але метадалагічна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залічваць да ўласна беларускага: ці то з прычыны іншамоўнасці, ці то з прычыны адслоненасці ад Беларусі як яшчэ не выяўленага суб’екта еўрапейскай гісторыі...
Разам з тым, фармуючы гісторыю беларускага мыслення, мы, безумоўна, не пакінем тыя ранейшыя здабыткі па-за нашай увагай, паколькі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як і ў тагачаснай Цэнтральнай Еўропе, філасофія дамінавала не толькі ў сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала ўсю мысленчую дзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінем увагай спадчыну Сымона Буднага, Францішка Скарыны, Васіля Цяпінскага, Саламона Рысінскага, Андрэя Волана, Казіміра Лышчынскага, наробак Віленскай філасофскай школы і Полацкай езуіцкай акадэміі. Хаця рэальна пачаткі ўжо апрычона беларускага мыслення нам даводзіцца звязваць з францішкам Багушэвічам, з “нашаніўскім” перыядам беларускай гісторыі, з тагачаснай літаратурай, публіцыстыкай, светапогляднымі рэфлексіямі...
А як па гамбургскім рахунку, дык уся ўжо ўласна беларуская філасофія XX стагоддзя пачалася і скончылася неверагодным эсэ Ігната Абдзіраловіча (Ігната Канчэўскага) “Адвечным шляхам” (1921 г.).
Што праўда, калісьці раней пасля “Адвечнага шляху” я заўсёды згадваў эсэ ‘Тэтак пераможаш!..” Уладзіміра Самойлы (1924 г.). На жаль, з цягам часу на яго пачалі забывацца — і я ў тым ліку. Можа, і дарэмна.
***
Аднойчы дзеля забавы прыдумалася містычная філасафемка пра Кон. Цалкам вераемна, што гэтая прыдумка здарылася недзе пасля года працы ў “Культуры”, калі я ўжо надрукаваў тут ладнае бярэмя тэкстаў вялікіх філосафаў і колькі сваіх эсэ. Тады, на першым юбілейным застоллі, Вольга Іпатава, адзначаючы поспехі калектыву, сярод іншага сказала: ‘Тлядзіце, Валянцін прыйшоў да нас інструктарам па турызме, а цяпер ён ужо вядомы беларускі культуролаг”.
Я паступаў вучыцца ў самыя розныя інстытуцыі 11 разоў. Першым быў Серпухаўскі тэхнікум электрасувязі, куды падлеткам паехаў з дзядзькам аж пад Маскву пасля восьмага класа. Потым чатыры разы паступаў у Мінскі політэхнічны інстытут (на дзённае і завочнае аддзяленні). Затым — два разы ў Тэхналагічны інстытут. Яшчэ два разы — у БДУ (між іншым, на “філасофію” таксама). Перадапошні раз, відаць, можна было б абмінуць увагай, бо ў Інстытут сельскай механізацыі (ці як ён там называўся?) я падаў дакументы адно таму, што без такога падману мяне з працы не адпускалі ў горы... Карацей, куды б 10 разоў ні прасіўся вучыцца, мяне ўсюды не пускалі.
А між тым з пары падлеткавай свядомасці я ўжо марыў адно пра Літаратурны інстытут у Маскве. Ды не, няпраўда, пра такое падлетку з заходнебеларускага мястэчка нават марыць было немагчыма. Я толькі захоплена думаў: скуль паходзяць такія неверагодныя хлопцы і дзяўчаты, што іх прымаюць у інстытут, дзе вучаць на пісьменнікаў? А ў дваццаць пяць год праз нейкі вясёлы адчай (нікуды не ўзялі, а ў літінстытут — смеху варта) даслаў на конкурс невялікую аповесць. Калі праз нейкі час атрымаў запрашэнне на іспыты — трохі абамлеў. Нават не хацеў ехаць, так баяўся, ды ўсё ж такі выправіўся...
I адразу ўзялі.
Тут ужо можна было б пераказаць тую філасафемку, аднак лепей яшчэ трошкі патрывайце.
Я ўжо пісаў, што доўгі час пасля Масквы шукаў адно вартаўніцкія каморкі, а як закарцела літаратурнай працы, дык паўтарылася тое, што было з інстытутамі: у Скарынаўскі цэнтр не ўзялі, у “Нёман” не ўзялі, у “ЛіМ” не ўзялі... Ды што тут шмат пералічваць — усюды “не ўзялі”, пакуль не з’явілася “Культура”.
Вось пасля гэтай вызначальнай падзеі і прыдумалася (весела), што ў кожнага чалавека, акрамя ўніверсальнага Лёсу, ёсць яшчэ персанальны Кон. Гэта ён аберагае цябе ад самага горшага. Калі табе, скажам, на рэйках трамвай адрэзаў адну нагу, дык моцна не скавычы, а будзь яшчэ ўдзячны свайму Кону, бо без яго дапамогі ты застаўся б зусім без ног, а можа, нават і без галавы.