• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    Дык што тады рабіць? Анічога. Я проста не стаў адказваць на апошні ліст. Якім было маё здзіўленне, калі праз нейкі час Слава сам напісаў. I напісаў так, як быццам ніякай вайны не было. Пэўна, нічога лепшага не прыдумаў, каб выратаваць сітуацыю.
    Толькі сітуацыя ўжо нічым не ратавалася. I я адказаў на развітанне: “Табе жадаю дабра, а тваёй краіне — не”.
    Наастачу атрымаў: “Жадаю дабра табе і тваёй краіне”.
    ★ * -к
    У1968 годзе рускія танкі ўпляжылі ў пражскі брук чэхаславацкі “сацыялізм з чалавечым тварам". Пасля гэтага паўмільёна людзей, перадусім інтэлігентаў, звольнілі з працы. Больш як 200 чэшскім і славацкім пісьменнікам было забаронена друкавацца. Іх кнігі павыкідалі з усіх публічных бібліятэк, а імёны выдалілі з падручнікаў. Сярод іх быў і Мілан Кундэра, які ўжо ў эміграцыі згадае першую сустрэчу з рускімі салдатамі:
    “Ішоў трэці дзень акупацыі. Я ехаў з Прагі ў Чэска-Будзеёвіцы Рускія салдаты былі ўсюды: на дарогах, у палях і лясах. Потым мяне спынілі, і трое салдат пачалі абшукваць маю машыну. Пасля гэтай
    працэдуры афіцэр, які аддаў загад зрабіць вобшук, спытаў мяне: “Как вы себя чувствуете?" — гэта значыць: “Як вы пачуваецеся? Які ваш настрой?” У яго пытанні не было ні злосці, ні іроніі. Наадварот, афіцэр працягваў: “Усё гэта вялікае непаразуменне. Але ўсё будзе добра. Вы павінны ведаць, што мы любім чэхаў. Мы вас любім”.
    Пейзаж, зруйнаваны тысячамі танкаў, будучыня краіны, спаскуджаная на стагоддзі, дзяржаўныя дзеячы Чэхаславакіі, арыштаваныя і вывезеныя ў СССР, а афіцэр акупацыйнага войска робіць вам прызнанне ў любові. Зразумейце мяне правільна: ён не выказваўся супрацьакупацыі, ніўякім разе. Усеяны казаліамальтаксама, як іён. Іх пазіцыя была заснаваная не на садысцкай асалодзе гвалтаўніка, а на іншым архетыпе — архетыпе параненай любові. Чаму гэта чэхі (якіх мы так любім!) не жадаюць жыць разам з намі паводле адной сістэмы? Як шкада, што мы змушаныя скарыстаць танкі, каб навучыць іх любові”...
    Я згадаў гэты фрагмент з тэксту Мілана Кундэры пасля таго, як з трывогі за Украіну мяне пачалі пераследаваць усялякія жахлівыя відзежы. I сярод розных адзін быў дакладна такім, як у Кундэры. Акупаваная рускімі Украіна, усюды поўна вайскоўцаў, грукочуць танкі, гудуць бамбавікі, а дарогі спрэс перапяразаныя блокпастамі. Ля аднаго з іх спыняецца легкавічок з боку Харкава. Адтуль выходзіць — з паднятымі дагары рукамі — любімы і ў Беларусі пісьменнік Сяргей Жадан.
    Пасля вобшуку афіцэр, уздыхнуўшы з палёгкай, просіць апусціць рукі і нават прабачаецца: “He пераймайцеся моцна, гэта часовая нязручнасць. Мы толькі вызвалім вас ад рознай навалачы, каб яна не замінала нам любіць адзін аднаго. Мы ж родныя браты на векі вечныя. Ці не так?..”
    Сяргей Жадан тут убачыўся, відаць, таму, што кагадзе яго збілі на горкі яблык у родным Харкаве свае ўкраінскія рускія. Зрэшты, сам герой эпізоду тут не істотны. Паколькі гэты мой успамін не пра ўкраінцаў...
    Здаецца, упершыню я зразумеў, што рускія любяць вайну на нейкім няйначай як генетычным узроўні, калі познім вечарам
    калідоры літінстытуцкага інтэрната выбухнулі радаснымі воклічамі: “Вайна! Вайна!” Рускія хлопцы бегалі па калідорах, грукалі ў дзверы і шчасліва гарланілі: “Мы аб’явілі вайну Афгану!”, “Мы аб’явілі вайну Афгану!” А пакуль адныя бегалі па калідорах, другія бегалі па начных крамах, набіраючыся гарэлкі, каб святкаваць вайну да глыбокага ранку.
    Толькі я ў тую ноч не частаваўся з сваімі рускімі сябрамі. Між іншым, не я адзін. Тады толькі на нашым курсе, акрамя рускіх, вучыліся манголы, украінцы, прыбалты, башкіры, каўказцы... I ці не ўсе мы, як мыш пад венік, пахаваліся ад гэтага мілітарнага шалу па сваіх пакойчыках, каб сам-насам думаць пра Трэцюю сусветную вайну і смерць, смерць, смерць...
    Цяпер у мяне ладная калекцыя падобных “эйфарыяў”, якая адсылае да сведчанняў з рускіх войнаў розных эпох і стагоддзяў (пачынаючы з войнаў Івана Жахлівага). Вобмацкам выхаплю хаця б адну з пачатку Першай сусветнай вайны, калі ўся адукаваная Расія лйковала ад прадчування вялікай крыві. Тады на фронт журналістамі папрасіліся найлепшыя рускія паэты “срэбранага веку” (гэта якраз праз той патрыятычны чад Аляксандр Блок ашчаслівіў сваёй прысутнасцю Беларусь). Таму цяперашні мілітарны шал расійскага істэблішмента пасля Крыму не быў навіной — прынамсі, у гістарычнай рэтраспектыве падобных было мноства. Але ён мацней за ўсе ранейшыя запатрабаваў падсумавання.
    Коратка кажучы, я пэўны, што рускія натуральна (з уласнай духоўнай экзістэнцыі) любяць вайну, толькі пакуль ніяк пэўна не магу даўмецца: чаму так склалася? Можа, найперш таму, што гэта іх прыроджаны спосаб засваення прасторы быцця. Бо менавіта вайна была асноўным інструментам у справе разбудовы бязмежнай рускай цывілізацыі ва ўсе часы яе існавання.
    Да месца яшчэ заўважу, што гісторыя Расіі, лічы, не ведае антываенных пратэстаў. Ці не таму невялічкая акцыя дысідэнтаў супраць акупацыі Чэхаславакіі засталася ў гісторыі Расіі маштабнай падзеяй?
    КАТУХІ, СКЛЯПЕННІ
    I ТЫДНЁВІК “КУЛЬТУРА”
    Першае маё дзесяцігоддзе па вяртанні ў Мінск з фармальнага боку выглядала моцна бязладным ды ўвогуле нейкім недарэчным. Ад маскоўскага інстытута ў мяне быў афіцыйны ліст у Саюз пісьменнікаў Беларусі з просьбай дапамагчы хлопцу з пошукам літаратурнай працы, хаця, акрамя мулкасці, мне з той паперчыны ніякай карысці не было, адно лішнія мітрэнгі.
    Смешная атрымалася сітуацыя. Я вяртаўся ў Мінск, каб дзе-кольвек хутчэй уладкавацца вартаўніком і пісаць, пісаць, пісаць літаратуру, але не адважваўся пра гэта сказаць тадышняму старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Івану Шамякіну. 3 свайго боку, Іван Пятровіч не адважваўся прызнацца, што літаратурнай працы для мяне няма і не прадбачыцца, — бо гэта ж не абы-хто, а сама Масква прасіла за беларуса.
    Так колькі месяцаў мы “дурылі адзін аднаму галаву” (я з пачуццём пякельнага сораму перад знакамітым пісьменнікам), пакуль малодшы брат не ўладкаваў мяне інструктарам па турызме ў Дом піянераў. 3 таго моманту я спыніў свае візіты да самага чалавечнага з усіх нашых Народных пісьменнікаў, а з пісьменніцкага сакратарыяту мне так ніхто ніколі і не патэлефанаваў. Ну і дзякаваць Богу.
    Калі казаць агулам, дык алгарытм таго дзесяцігоддзя выглядаў наступным чынам: летам я звальняўся з чарговай працы і выпраўляўся ў горы (на той час ужо быў майстрам спорту СССР па спартовым турызме), а па восені шукаў сабе іншую вартаўнічую каморку.
    Дарэчы, на тых вузкіх лаўках у брудных катухах мне няблага спалася і добра чыталася, а пісаць літаратуру, як меркаваў раней, — дык зусім не пісалася. Нейкі час гэта моцна дакучала.
    Хаця і не вельмі доўга. Рэч у тым, што напрыканцы вучобы я вырашыў: калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю на працы ўсю беларускую літаратуру. Менавіта так — усю!
    Цяпер ужо нават не памятаю, скуль тое жаданне з’явілася. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што, няблага засвоіўшы еўрапейскую і сусветную літаратуры, я амаль не ведаю сваю.
    ***
    Праз усе гады майго дзяцінства ў маім мястэчку размаўлялі на беларуска-польска-руска-габрэйскай трасянцы. Прынамсі, так яно выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова — гэта не словы, мова перадусім — тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця...
    Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць — з акраінаў да самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як стаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе (дзе сукупна адпрацаваў сем год). I мне не да галавы было пісаць па-беларуску тэксты для турысцкіх песень і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала — о, то было гонару! — самая папулярная тады ў Беларусі газета “Знамя юностй”.
    Пяць год у Маскве завяршылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расійскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізгвалі ў п’янкую гаману. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомае рускія словы.)
    Дарэчы, прыдуманае пасля заканчэння літаратурнага інстытута чытанне беларускай літаратуры ў службовых катухах было нядоўгім, бо раптам са мной нешта здарылася, і я захлынуўся ўласна беларускім словам. Мяне ўжо мала цікавілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль — засталася адно мова. Кожнае з словаў я смакаваў паасобку, як першую кроплю бярозавіку, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы вусмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў сустрэць студню.
    Для мяне стыхія беларускай мовы апынулася падобнай да лавіны. Яна ляжала маўкліва і непарушна — але адно да таго моманту, пакуль яе не скрануў.
    Я ашалеў. Сноўдаўся самнамбулай, як упершыню закаханы падлетак. Зрэшты, чаму “як”? Я і быў закаханы ў лштчыну мову. (Відаць, такім дзіўным чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне “комплекс Эдыпа”, якога, засвоіўшы фрэйда, я ніяк не мог знайсці ў сабе адносна роднай маці.) Я без стомы прамаўляў найбольш сакавітыя слоўцы ды выслоўі — і ўголас, і сам сабе, — і праз гэта ў мяне нават пачалі пабольваць тыя цягліцы твару, што варушаць вуснамі, бо яны былі змушаныя тэрмінова перавучвацца расцягваць і скарачаць сябе па-беларуску.
    Хаця, як вядома, насамрэч мова месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага. У каторы раз у гэтым пераканаўся, калі, наноў збеларушчаны, атрос ад пылу і пагартаў свае апавяданні ды аповесці, напісаныя яшчэ рускай мовай. Навонкі тыя пісанкі мелі, здаецца, усё, што патрэбна мастацкаму твору, толькі цяпер мне ўжо было добра бачна: яны як фанера — штучна склееныя, шурпатыя і плоскія. Яны не дыхалі, і ў іх не было глыбіні. Бо пісаліся яны мовай, якую засвоіла мая галава, але якой не было ў маім падсвядомым. Руская мова не мела сабе апірышча ў маёй генетычнай спадчыне, у глыбіні тых стагоддзяў, якія пералічылі на рахунак мае продкі. I таму ёю можна было толькі называць, але нельга было называцца.