• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    Так не павінна быць, і так далей, спадзяёмся, не будзе. У шэрагу розных праяў відавочна акрэсліваецца тэндэнцыя да заглыбленага пранікнення ў сутнасць рэчаў, усё часцей сустракаюцца прыклады, якія сведчаць аб памкненні творчага духу нацыі да паўнавартаснага ўсведамлення сябе ў Сусвеце і Сусвету ў сабе. Але, каб гэты працэс набыў незваротны рух, каб метафізічная творчасць трывала ўвайшла ў сферу нашай духоўнай дзейнасці, неабходна падтрымаць яе на шляхах станаўлення. I найперш трэба стварыць адпаведны
    кантэкст для тых літаратурных і культурасофскіх тэкстаў, што пакуль вымушаныя шукаць выпадковага прытулку ўтрадыцыйных выданнях ці ўвогуле не могуць знайсці свайго друкара. У практычным плане гэта азначае, што варта распачаць літаратурна-філасофскі часопіс, на падставе якога можна было б актуалізаваць нацыянальны досвед сэнсатворчай духоўнай дзейнасці і гэтым спрыяць вылучэнню з універсальнага зместу нацыянальнай філасофіі і культуралогіі.
    Зважаючы на тое, што газета “Культура” — адзінае на Беларусі выданне, якое з першага нумара паслядоўна і мэтанакіравана працуе ў гэтым кірунку (штотыднёвыя філасофскія старонкі “Эліта” і “Суплёт ідэй”), падаецца мэтазгодным менавіта пры ёй стварыць літаратурна-філасофскі дадатак у форме часопіса. I хаця адзін часопіс, натуральна, не вырашыць усёй праблемы фармавання нацыянальнай філасофіі, гэты першы крок пажадана зрабіць не марудзячы, бо ўмовы для яго выспелі і патрэба ў ім відавочная.
    ***
    А пад лістом былі подпісы двух народных паэтаў Беларусі (Гілевіча і Барадуліна), трох народных мастакоў Беларусі (Шаранговіча, Кашкурэвіча, Шчамялёва), адной народнай артысткі Беларусі (Стэфаніі Станюты), аднаго народнага артыста СССР (Мікалая Яроменкі), двух членаў-карэспандэнтаў (Падлужнага і Бандарчыка), чатырох дактароў філасофскіх і філалагічных навук (Конана, Крукоўскага, Булыкі, Фядосіка), двух намеснікаў старшыняў камісій Вярхоўнага Савета (Вярцінскага і Трусава), аднаго галоўнага рэдактара часопіса (Някляева), аднаго паэта (Разанава), аднаго перакладчыка (Сёмухі), аднаго мастацтвазнаўцы (Крэпака)...
    Каманда рэдакцыі так захапілася паляваннем за подпісамі, што мы падрыхтавалі яшчэ дзясятак падпісантаў, толькі галоўны рэдактар спыніў рэдакцыйны шал:
    — Хопіць яму (меўся на ўвазе Кебіч) і гэтага, — рашуча сказала яна.
    Сапраўды, мела рацыю.
    Дзіўныя былі часы, неверагодныя. Цяжка нават даць веры, што мы так хутка забыліся на тое тэктанічнае ўзрушэнне, якое цягам амаль дзесяцігоддзя (ад сярэдзіны васьмідзясятых да сярэдзіны дзевяностых) трымала дзень пры дні ў напятым стане сотні мільёнаў людзей еўразійскага кантынента (а ягонае рэха ўвесь гэты час хадуном хадзіла па ўсёй зямной кулі).
    Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб уласным сэрцам пражыць тую эпоху “буры і націску”, калі пад напорам новай веды і новай волі да ўлады бурыліся дзяржаўныя муры і межы, іначыліся ды паўставалі не існуючыя раней краіны і ў кожнай асобна ўзятай галаве буяла свая рэвалюцыя...
    Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб перажыць тую вялікую Эмоцыю, пасля якой ты аднойчы прачнуўся ў тым самым сваім жыцці, але ўжо зусім іншым чалавекам і ў цалкам іншым свеце...
    У тыя гады мне самахоць не аднойчы згадваліся радкі любімага паэта маладосці (Цютчава):
    Блажен, кто посетмл сей мнр
    В его мннуты роковые!
    Его прмзвалп всеблагне
    Как собеседннка на пмр.
    Гэта было і пра мяне таксама.
    Беларусь прагаласіла незалежнасць 25 жніўня 1991 года, але што рабіць з гэтай незалежнасцю, беларусы не ўяўлялі ці ўяўлялі, хутчэй, рамантычна, а не палітычна. Прыкладам таму БНф — самая моцная і дзейная на той момант палітычная сіла, якая прапаноўвала будаваць нацыянальную (хутчэй — нацыяналістычную) дзяржаву. Нейкі час гэтая ідэя мела досыць шырокую падтрымку, прынамсі, сярод найбольш актыўнай часткі грамадства. Разам з тым ніякай пэўнасці пакуль не было ні сярод бальшыні насельніцтва, ні сярод бальшыні чынавенства.
    Апошнім было найгорай, бо ім трэба было штодня прымаць канкрэтныя рашэнні, а як тут здагадаешся: на чыю карысць прымаць?
    Можа, Расія з камуністамі вернецца, можа, нацыяналісты захопяць уладу, можа, яшчэ якая халера здарыцца? Таму дзе атрымлівалася, дык на ўсялякі выпадак дагаджалі ўсім. Відаць, не без гэтага Савет міністраў нязвыкла хутка адгукнуўся на арганізаваны намі зварот.
    А можа, і дарэмна так нядобра думаць пра чыноўнікаў агулам. Філасофія тады яшчэ была ў вялікай пашане ва ўсіх адукаваных людзей. А ва ўрадзе, напэўна, ужо было даволі функцыянераў, якія адказна клапаціліся пра лёс маладой дзяржавы і яе ўласнай культуры.
    Трохі пра рэдактарскую працу і свой першы тэкст...
    Неяк я доўга завіхаўся ля ганарлівага аўтара, каб “выцыганіць” патрэбны матэрыял. Калі той сышоў з рэдакцыі, Людміла Крушынская з’едліва заўважыла:
    — Вы б перад ім яшчэ подбегам дзверы расчынілі.
    — Што там дзверы? Я мог бы пабегчы да яго і вымыць падлогу ў кватэры, каб толькі ён гэты тэкст нам адшкадаваў.
    — Ды што Вы кажаце, Валянцін! А дзе прафесійны гонар? Дзе павага да сваёй працы? — уз’юшылася Людміла Крушынская.
    — Сорам вачэй не выесць. А ганарыцца давайце не сабой, а той справай, якую мы з вамі робім, — нечакана для сябе эмацыйна выгукнуў у адказ.
    Паколькі ў мяне заўсёды было (і застаецца) моцнае пачуццё піетэту да іерархіі як такой, то гэтае публічнае абурэнне словамі намесніка рэдактара сведчыць, што яны зрушылі ўва мне нешта надзвычай істотнае.
    Магчыма, гэтаму і цяжка даць веры, толькі для мяне чужыя тэксты (кнігі) заўсёды былі больш важныя за ўласныя. Дзе б я ні працаваў рэдактарам, я не кранаў з шуфляды свайго рукапісу,
    пакуль заставаўся не падрыхтаваным да друку хоць адзін тэкст майго аўтара. Тое ж самае і з кнігамі...
    Рэдактарская праца марудная, складаная і не вельмі ўдзячная. Але, як казалі мае продкі, лёс на кані не аб’едзеш. Відаць, так было мне наканавана, а Кону трэба даваць веры (гэта ўжо я казаў). Тады, магчыма, аднойчы табе пашанцуе прачытаць пра сябе наступнае:
    “Кабя мела вялікуюўладу, я сабралаб пазернюку на нашымбеларускім архіпелагу ўсіх рэдактараў (акрамя Гіля Мікалая Сымонавіча — ён сам валодае гэтым уменнем) — і абавязкова прымусіла наведваць час ад часу светлую навучэльню, у якой бы панаваў Акудовіч: як трэба прымаць звычайнага аўтара, як яму можна дапамагчы, накіраваць глыбей да самога сябе — усё гэта тактоўна, прыхільна. Нацыя не згубіла б аніводнага свайго слова, аніводнага пісьменніцкага лёсу. Я ж размаўляла з Валянцінам Акудовічам толькі па тэлефоне. Калі ўжо праца над маім апавяданнем была скончана, я яшчэ доўга прыручана чакала званка, як чакаюць вады ў пустэльні, успрыняўшы ягоную павагу неяк надта асабіста. А ён здымае капялюш перад кожным усмаглым творцам”.
    Гэты ўзнёслы спіч Марыі Вайцяшонак тыднёвік “ЛіМ” надрукаваў 11 снежня 1998 г., толькі і па сёння мы з спадарыняй Марыяй ні разу не перастрэліся. Нават дзіўна, як такое магло стацца? Відаць, пра гэта ведае толькі мой Кон, а ў яго не запытаешся. Хаця я па-ранейшаму лічу Марыю Вайцяшонак адным з самых яркіх і таленавітых беларускіх празаікаў нашага часу, якая няведама чаму апынулася ў засені і крытычных рэфлексій, і шырокай публічнай увагі...
    Разам з тым, наколькі б я ні быў адданы рэдактарскаму пакліканню, уласныя тэксты таксама пісаліся. Прынамсі, зрэдзьчас. Далей згадаю адзін з іх, бо ён неўпрыкмет адмовіў усё тое, што ў мяне хоць дзе друкавалася раней. Тут я маю на ўвазе маскоўскія часопіс “Знамя” і альманах “Подвйг”, мінскія выданні “Нёман”, “Беларусь”, “ЛіМ”, “Культура” і нават той жа тэкст у “Нашай Ніве”.
    Інакш кажучы, пасля эсэ “Эгаізм” надрукаванага ў “ЛіМ”е вясной 1992 г., усё маё былое крэмзанне паперы як карова языком злізала. Знікла дазвання. Гэта значыць, што насамрэч толькі ў 42 гады я надрукаваў свой першы тэкст.
    Пэўна, у мяне не атрымаецца коратка і выразна патлумачыць, што са мной тады напраўду адбылося. Ну але ж хоць як...
    Перадусім. Нарэшце мова запаланіла мяне наўсцяж і пратачыла наскрозь. Цяпер мы гуляліся з мовай, як рака з рыбай ці як рыба з ракой. У гэтым стане мне лёгка і глыбока дыхалася, таму я мог без перапынку плысці скрозь туманы і нябёсы аж за боскі небакрай. Як доўга я чакаў, каб маім домам сталася ўсё Быццё разам. I вось збылося! Далей, пра што б я ні казаў, я не мог не запакоўваць гэтае “што" ў фундаментальную анталогію Быцця. I Беларусь найперш...
    Дарэчы, гэтае перастварэнне не проста здарылася, а здарылася сярод ночы ў рэдакцыі “Культуры”, дзе была мая чарга вартаваць першыя рэдакцыйныя камп’ютары (неверагодная каштоўнасць на той час). Апоўначы зусім з нічога нейкі дзіўны жар ахапіў нутро (лоб заставаўся халодным), і да ранку я напісаў большую частку эсэ, першая назва якога была: “Мой бог — Этнас”
    Пачыналася яно з наступных словаў:
    “Мне кажуць (сёння я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават самога пана Бога.
    He ведаю, можа, які іншы чалавек і з’яўляецца такой значнай цацай, толькі не я. Я не бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасці арганікі, выдзеленай з агульнага кантэксту “жывога рэчыва” даўно набытымі нагавіцамі ізацыраваным швэдрам.
    Я — гэта семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру, змешчаных у колькі там метраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нерваў, два-тры хаценні, некалькі запазычаных думак...
    Вось і ўсё. Гэтым амаль і вычэрпваецца тое, што мы называем чалавекам. А мне і згэтуль, і адтуль: ты цэнтр сусвету, апірышча быцця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.
    Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і, як той андэрсанаўскі хлопчык, толькі не весела, а з сумам, пярэчу: “Чалавек голы”.
    Я ганарлівы, як засцянковы шляхцюк, толькі гэта ўжо занадта. Што я — сябе не ведаю? 3 якой такой ласкі — найвялікшая каштоўнасць, за што такая пашана?
    Магчыма, іншых гэта і не цікавіць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі чалавек сам-насам спрычыніўся да сэнсу быцця і якім чынам знітаваў з сабой гэты сэнс?”
    He бачу патрэбы далей працягваць... Тым болей, што названы тэкст важны для мяне як пачатак ужо іншага мыслення і пісьма, а не сам паводле самога сябе. Заакцэнтую яшчэ адно два моманты з таго эсэ. Першы: