• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    “Я — голы чалавек на скразняках часу, і калі нешта шукаць у звязку з маёй асобай, то гэта не я сам, а мой этнас ува мне.
    Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасць — гэта каштоўнасць скарбонкі, у якую ссыпаны скарб, набыты нястомнай працай продкаў цягам невядома якога часу. I калі прыходжу да высновы, што я ўсяго толькі месцішча, дзе мой этнас працягвае існаванне з усімі сваімі тысячагоддзямі і каленамі, то амаль міжволі вымаўляю: мой бог — мой Этнас”.
    I другі момант, які тлумачыць, чаму я не даю веры юдэа-хрысціянскаму Богу:
    “Справа тут да смешнага простая — я не веру ў Яго існаванне. Я не магу даць веры існаванню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі не Бог, а чалавек — найвялікшая каштоўнасць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца за яе спінай, як цень на зыходзе дня, то мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсць прычына мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся”.
    JI IT A Р АТУ Р Н А-ФI JI AC О Ф С КI СШЫТАК “ЗНО”
    ЎІк ні дзіўна, у Савеце міністраў не марудзілі, і неўзабаве намеснік Кебіча сп. Дзямчук аддаў загад Міністэрству культуры скласці каштарыс філасофскага часопіса. Цяпер нам адно што і заставалася рабіць, дык гэта пераможна скласці на грудзях рукі і чакаць грошай.
    А далей колькі словаў пра лепшага, як на мяне, міністра беларускай культуры. Гэта быў мажны дзядзька, які, здаецца, скончыў той жа Інстытут сельскай механізацыі, куды я ў свой час не патрапіў. I быў ён спецыялістам па торфараспрацоўках. Апошняе кожнага, хто пра тое чуў, моцна весяліла, але адно пакуль з міністрам ты не знаёміўся асабіста.
    Спакойны, разважлівы, прыязны. Ясна разумеючы, што яму паводле азначэння бракуе кулыпуры, ён не толькі з сімпатыяй, але і з піетэтам ставіўся да нашага галоўнага рэдактара. I ўжо ж, напэўна, толькі таму падтрымаў яе, безумоўна, авантурную ідэю стварыць пры тыднёвіку філасофскі часопіс. Хаця, як мне цяпер здаецца, яны так лёгка пагадзіліся на гэтую забаву, бо ў глыбіні душы і думаць не думалі, быццам яе падтрымае Старшыня савета міністраў. А як прыйшоў загад рыхтаваць каштарыс часопіса, тады і схамянуліся...
    У нейкі дзень Вольга Міхайлаўна сказала, што яе выклікае да сябе наш міністр, і папрасіла чакаць, пакуль вернецца.
    Ужо было позна. Я заставаўся ў рэдакцыі адзін-адзінюткі, і нешта мне было трывожна. Вярнуўшыся, Вольга Міхайлаўна мела разгублены твар (я ніколі не бачыў яе разгубленай). Нейкі час марудзячы са словамі, урэшце адважылася:
    — Валянцін, — сказала яна, не гледзячы мне ў вочы, — міністр вырашыў перадаць правы на часопіс міністэрству адукацыі.
    Праз доўгую паўзу прызналася:
    — Ведаеце, што ён мне сказаў? Ён сказаў: слухай, Вольга, а на халеру нам гэта патрэбна? Вунь колькі і без таго праблемаў — не атрэсціся. А тут яшчэ такг часопіс самі на сябе ўзвальваем. Да таго ж хіба ты ўсё ў філасофіі разумееш? А я дык увогуле нічога не разумею. Раптам яны такое надрукуюць, што мы, не ўцяміўшы, потым не толькі пасады, але і волю страцім...
    Я паныла маўчаў — што тут было казаць?
    Раптам твар Вольгі Міхайлаўны трохі прасвятлеў:
    — Ведаеце, што мы прапануем наўзамен? Замест “Эліты” і “Суплёта ідэй” рабіць раз на месяц філасофскі дадатак у газету хоць сабе на шэсць, хоць на дванаццаць старонак. Колькі адужаеце — столькі міністр і паабяцаў прафінансаваць. Толькі штат павялічыць не можа. Таму разлічвайце на свае сілы.
    Р. S. Пра гэта трэба было сказаць раней... Бальшыня дыялогаў у маіх мемуарах, далікатна кажучы, зусім не стэнаграфічныя. Разам з тым яны і не літаратурная прыдумка. Нешта, блізу падобнае, было, а цяпер я проста рэканструюю парэшткі ўспамінаў суладна ўжо з адноўленым кантэкстам.
    ***
    Буду шчырым, адразу я быў не ў захапленні ад нечаканай магчымасці, бо не меў пэўнасці, што пацягну гэтую ношу самадзін. Толькі хлопцы (Разанаў з Бабковым) разам з Людмілай Крушынскай урэшце пераканалі закасаць рукавы. Хаця галоўным тут было іншае. Мяне ж таксама вабіла сама ідэя літаратурна-філасофскага сшытка, як папярэдняга канспекта будучага філасофскага часопіса.
    Аднак спачатку пра ўласна назву сшытка — “ЗНО”. Пэўна, не толькі чытачы, а шмат хто і з аўтараў па сёння не ведае, што стаіць за гэтымі трыма літарамі — нейкая абрэвіятура, сакральны знак ці выпадковае дурноцце?
    Hi першае, ні другое, ні трэцяе. А ўвогуле гэта была сапраўдная эпапея. Найперш мы распрацавалі метадалогію гюшуку назвы. 3 яе вынікала, што мы мусім выправіцца на пошукі адразу ў чатырох кірунках. Першы — малавядомыя беларускія словы, другі — лацінізмы (дамінанта, дыскурс і да т. п.), трэці — грэцкія словы (топас, эйдас і да т. п.), чацвёрты — што заўгодна, адно каб не як у людзей.
    О, гэта была праца дык праца. Два разы запар я перачытаў слоўца за слоўцам увесь слоўнік Вацлава Ластоўскага, а пасля тое самае перарабіў са слоўнікам замежных словаў. He памятаю, што непасрэдна чыталі мае хаўруснікі, але калі надышоў час падсумавання, то ў нас было столькі годных і прыгожых словаў, што іх, бадай, хапіла б на ўсе падобныя праекты еўрапейскага кантынента. А нам дык не хапіла. Кожнае прэзентаванае слоўца нечым муляла, нечым не задавальняла, нечым само сябе дыскрэдытавала.
    Настаў момант, калі мне падалося, што лягчэй у пушчы знайсці авечку, якую даўно з’елі ваўкі, чым вартую назву для нашага сшытка.
    Міналі дні, першы выпуск быў, лічы, падрыхтаваны, а назвы як не было, так і няма. Роспач ды адчай...
    I вось тут ранкам заходзіць у рэдакцыю Алесь Разанаў. Вочы гараць, твар праменіцца натхненнем — быццам яго сёння анёлы ўмывалі. I адразу з дзвярэй урачыста паведамляе:
    — Знайшоў!
    — He можа быць, — кажу, каб не сурочыць.
    Разанаў, як Цыцэрон перад рымскім сенатам, ускідвае руку і ўрачыста паведамляе:
    — Зно.
    Я ўвачавідкі ніякавею. Што зно? Чаму зно? Навошта зно?
    Разанаў не адразу разумее, што я нічога не разумею, а зразумеўшы, пачынае тлумачыць.
    Я не ўпэўнены, што дзесьці знойдзецца чалавек, здольны пераказаць тое, што кажа Алесь Разанаў. А калі такі чалавек
    ёсць, то гэта ўжо напэўна не я. Таму далей буду карыстацца ўласнай версіяй разанаўскага тлумачэння. Спрошчана яна выглядае так: Разанаў ператрос усе беларускія хронікі ды ўвесь сучасны лексікон і высветліў (ці вылічыў), што ў фанетычнай аснове калі не большасці, то вельмі многіх сутнастваральных і дынамічных словаў знаходзяцца гэтыя тры гукі (-з-, -н-о-), натуральна, у розных спалучэннях і не заўсёды ў поўным складзе (звон, дно, воз, зноў і г. д і да т. п.).
    Шчыра кажучы, лагічная аргументацыя разанаўскага тлумачэння не так ужо і моцна мяне пераканала, але я не мог не даць веры ягонаму вуху.
    Паверце мне, у Разанава геніяльнае вуха.
    Разанаў чуе слова ў яго яшчэ вільготнай, трапяткой прааснове: можа быць, у вушных ракавінах Разанава (як у марскіх — мора) увесь час шуміць, пераліваючыся, магма тых першагукаў, з якіх потым і ўзнікаюць словы. Зрэшты, як у яго гэта адбываецца, не істотна. Але што ёсць (вуха), тое ёсць.
    Так — зно — сталася “ЗНО”. Яно досыць міралюбна суіснавала з газетай (як дамініён з метраполіяй), рабіла тое, што лічыла патрэбным, аднак пры гэтым улічвала, што ягоная свабода досыць умоўная і абараняць гэтую свабоду ад чынавенства даводзіцца не таму, хто рыхтуе сшытак, а таму, хто адказвае за ўвесь тыднёвік.
    ***
    Першы выпуск “ЗНО” пабачыў свет у траўні 1993 г. Графічны вобраз сшытка стварыла наш таленавіты дызайнер Наталля Овад. А зварот да чытача прымусіў мяне напісаць Алесь Разанаў. He маючы іншага выйсця, я і накрэмзаў усялякага рознага аж на цэлую старонку (як на сённяшні розум, дык добрую палову выкінуў бы з палёгкай). Але ж апошні фрагмент хацеў бы працытаваць:
    “Шаноўны чытач!
    Літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” пры газеце “Культура” мае на мэце:
    — актуалізаваць айчынны досвед інтэлектуальнай творчасці;
    — спрыяць вылучэнню з універсальнага зместу ўласнай філасофіі ў формах, тоесных беларускаму досведу;
    — стварыць адпаведны кантэкст для тых літаратурных і філасофскіх тэкстаў, што пакуль вымушаныя шукаць выпадковага прытулку ў традыцыйных выданнях ці ўвогуле не могуць знайсці свайго друкара;
    — падтрымаць інтэлектуальную эсэістыку на шляхах станаўлення жанру;
    — папулярызаваць лепшыя здабыткі еўрапейскай і сусветнай гуманістыкі.
    Мы будзем вітаць паэзію сэнсаў і сэнсатворную паэзію.
    He станем пераконваць чытача, што неўзабаве ўсё пажаданае спраўдзіцца. Лепей нагадаем беларускую прымаўку: рабі, што можаш, і хай будзе, як будзе”.
    Мы былі ўзрушаныя. Уся рэдакцыя. I тыя, хто не меў ніякага дачынення да “ЗНО”, не менш за астатніх. Газета ў адначассе вырасла ў два разы — з васьмі да шаснаццаці палос. Аднаго гэтага было дастаткова для салодкага хвалявання (цяпер было што ў руках патрымаць). Толькі галоўная радасць паходзіла з іншага. Усе разумелі, што ніколі раней нічога такога ў нашай публічнай прасторы не было. Беларускае перыядычнае выданне прэзентавала сябе як філасофскае!
    Сентыментальна гартаю той першы выпуск. Распачынаюць яго (пасля маёй прадмовы) “Нататкі з нічыйнай зямлі” Алеся Разанава. Лішне казаць, што яны наскрозь мысліўныя. Наступная паласа за Ігарам Бабковым. Яго канцэптуальны трактат “Беларуская традыцыя: на зломе сэнсаў” будзе мець працяг яшчэ ў двух нумарах. Далей я пераказваю гутарку з нашым славутым перакладчыкам Васілём Сёмухай пра адметнасці перакладу філасофскай літаратуры. У сп. Васіля ўжо была
    падрыхтаваная да друку кніга Фрыдрыха Ніцшэ “Так казаў Заратустра”. Ладную частку з яе мы пазычылі для “ЗНО”. Затым экзістэнцыйныя “Версэты” празаіка Уладзіміра Арлова. А паэт Леанід Дранько-Майсюк, наадварот, прапанаваў вялікі ўрывак з ego-essai “Стомленасць Парыжам”, якое пазней цалкам надрукуе часопіс “Крыніца”. Дарэчы, эсэ будзе мець шалёны поспех. Апошнім у выпуску быў тэкст таленавітай паэткі (і на той час супрацоўніцы рэдакцыі) Галіны Булыка, якая прааналізавала філасофскую складовую знакамітага навукоўцы і мысляра Іллі Прыгожына. А канцавала сшытак карціна “Віртуальная прастора” Юры Герасіменкі.
    Потым Ігар Бабкоў выкладзе гэтую падзею ў наступнай оптыцы:
    “Разам з Акудовічам і Разанавым у газеце “Культура” мы ствараем літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, і праз яго Акудовіч прапускае ўсю постмадэрнісцкую моладзь.