Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Зрэшты, “Тутэйшыя” і не былі ўласна літарацкім згуртаваннем, у ім шмат заставалася ад “Майстроўні” і “Талакі” з іх культам нацыянальнай Беларусі, які дамінаваў над усімі канкрэтнымі формамі выяўлення гэтага культу. Таму не мастацкія артэфакты, а перадусім менавіта грамадска-палітычныя акцыі “Тутэйшых” набылі шырокі розгалас, выклікалі цікавасць і павагу шырокай публікі як на айчыне, так і ў замежных сродках мас-медыя.
Няма чаго і казаць, улада звярнула на ўсё гэта ўвагу і, не марудзячы, распрацавала захады дзеля разбурэння ўвогуле так і не сабраных у адно цэлае “Тутэйшых”. Спехам быў арганізаваны прыём у “члены” Саюза беларускіх пісьменнікаў Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Максіма Клімковіча, што, натуральна, унесла дадатны разлад і ў да таго не лішне трывалую супольнасць. Хаця, пэўна, найбольш істотным у непрыкметным
сыходзе “Тутэйшых” з вялікай публічнай сцэны было тое, што на гэтай сцэне з’явіліся новыя і болып яркія героі — шматлікія грамадскія аб’яднанні ды палітычныя партыі. Найперш — Беларускі Народны Фронт...
Але наастачу “Тутэйшыя” яшчэ паспелі грымнуць дзвярыма, ды так, што ўся краіна скаланулася. Натуральна, я маю на ўвазе арганізацыю святкавання “Дзядоў” у 1988 годзе.
Да гэтай падзеі мы неўзабаве вернемся, а пра нашых герояў яшчэ толькі скажу, што яны неўпрыкмет разышліся рознымі шляхамі і кожны ў свой бок, пакінуўшы па сабе міф пра “Тутэйшых”. Шчыра кажучы, яны і пры “жыцці” суполкі былі нічым яшчэ, акрамя як міфам, якога прагнула і праз гэтую сваю прагу само стварала раптам вызваленае ад доўгага таталітарнага калапсу беларускае грамадства.
***
Я да таго міфа не меў ніякага дачынення, паколькі, як і paHeft, заставаўся сам-насам у вартаўніцкіх катухах ці турысцкіх скляпеннях. Хаця з цікавасцю чытаў усё, што ўжо трохі дэмакратызаваная прэса пісала пра гэтых хлопцаў і дзяўчат.
Між іншым, душою я таксама быў з імі і адразу б далучыўся дзейна, толькі ніхто не клікаў, а самому было сорамна напрошвацца. Таму калі мне патэлефанаваў Леанід Дранько-Майсюк і прапанаваў сустрэцца каля брамы Маскоўскіх могілак, дык я ўмомант пагадзіўся.
“Тутэйшыя” ўжо не аднойчы (і летась) ладзілі святкаванне “Дзядоў”, пэўна, таму Мінгарсавет задаволіў іх заяўку на ўшанаванне продкаў сярод помнікаў Маскоўскіх могілак. Як моцна ён пра гэта неўзабаве пашкадуе! Бо за прамінулы год палітычная сітуацыя ў СССР радыкальна змянілася. Забастоўкі, мітынгі, стыхійныя пратэсты ды розныя іншыя забурэнні, не спыняючыся, скаланалі неабсяжныя прасторы камуністычнай імперыі. А прыбалты ўжо нават паспелі стварыць “Народныя франты”.
Відаць, за некалькі дзён да падзеі ўлады зразумелі, што на гэты раз збярэцца не звыклы хаўрус з некалькіх дзясяткаў нацыянальна заангажаваных маладзёнаў, а, пафасна кажучы, народ, і пачалі праз радыё, тэлевізію ды газеты запалохваць людзей.
Менавіта ў той дзень упершыню паводле тэхнічных прычынаў зачынілі метро (Маскоўскае). Магчыма, некага гэта і прыпалохала, але калі я выйшаў на праспект з сутарэнняў, дык абапал яго па ходніках шчыльным цугам цягнуліся і цягнуліся людзі. I, дзіва дзіўнае, спрэс чуліся беларускія словы...
Браму на могілкі наўмысна зачынілі. Шыхты міліцыянтаў і амапаўцаў з усіх бакоў сціскалі натоўп будучых “нацыяналістаў”, каб людзі падушылі самі сябе. Было па-сапраўднаму страшна, і карцела як-небудзь уцячы адсюль. Ад страху ды нянавісці народ выенчваў кагадзе дадзенае Алесем Адамовічам азначэнне Беларусі: “Ван-дэ-я, Ван-дэ-я!” (Зрэдчас гучала і больш зразумелае для ўсіх беларусаў: “Фа-шыс-ты, фа-шысты!..”). I тут скразняком пранеслася: цішэй, цішэй, Пазняк гаворыць... Тады я і папрасіў Леаніда Дранько-Майсюка залезці яму на плечы, каб пабачыць чалавека, які, толькі што вырваўшыся з міліцэйскага палону, не ўцёк дахаты, а дабрахоць вярнуўся ў самую гушчыню скрай небяспечных падзеяў...
У нейкі момант народ усё-ткі прарваў шчыльную аблогу раз’ятраных супрацівам праваахоўнікаў парадку. Пакуль мы з сябрам азіраліся на волі, ушчыльную прабег падлетак і шэптам паведаміў: “Ідзем на Курапаты”.
Калона недзе з тысячы чалавек выцягнулася па прасёлку ўзбоч кальцавой дарогі, а на самой кальцавой сінхронна і роўнавяліка рухалася калона з машынаў, дзе былі і закратаваныя вязніцы на колах, і “вадамёты”, і аўтобусы, бітма набітыя міліцыянтамі, амапаўцамі, вайскоўцамі.
Досыць хутка кіраўніцтва карнай аперацыяй канчаткова пераканалася, што людзі ідуць да Курапатаў. Тады механізаваная калона набрала хуткасць ды знікла, каб перагарадзіць дарогу “нефармалам” (пакуль яшчэ гэтак называлі будучых
“бэнээфаўцаў” і нацыяналістаў) на падыходзе да месца схаранення ахвяраў сталінскага тэрору... I тут Пазняк, акрамя мужнасці, прадэманстраваў і не абы-якія якасці стратэга. На першай выспе ён запыніў людзей, папрасіў сабрацца гуртам, апусціцца ўпрысядкі, каб было добра відаць выступоўцаў, і годна правесці мітынг.
Чырвонае сонца хілілася долу. 3 чыстага сіняга неба зрэдчас зляталі сняжынкі. Стаяла напятая цішыня. Свет знерухомеў, і ў гэтым нерухомым свеце на голай выспе прыселая сціжма людзей слухала Пазняка, які ўзвышаўся над усімі, як помнік самому сабе.
“Мы быццам вярнуліся ў біблейную пару, — падумалася мне. — I гэта не Пазняк, а прарок Майсей заклікае народ Ізраілю пабрацца з мужнасцю...”
Але хутка мне ўжо было не да біблейных аналогій, бо раптам здалёк пачуўся мерны тупат. Я азірнуўся — зверху на нас рухалася чорная сцяна (праз святло нізкага сонца насупраць карнікі мелі суцэльны чорны акрас). I тады мной апанавала відзежа: у адначассе я зразумеў, што пакуль мы не раструшчым гэтую чорную сцяну ў друз і пыл, датуль не мецьмем людскага жыцця.
Сцяна наблізілася ўшчыльную і пачала ссоўваць народ з выспы. Пазняк заклікаў да спакою, аднак шмат хто запанікаваў і кінуўся бегчы ў бок падлеску наўзбоч кальцавой дарогі.
Яшчэ ніхто не дабег туды, як з кустоўя выскачылі вайскоўцы (і калі яны паспелі там схавацца?!) ды пачалі біць і валіць уцекачоў на падмерзлую глебу (жанчынаў таксама — на маіх вачах)...
Потым, калі супраціў уладам выявіцца сістэмна і ўцякаць ад амапаўскіх дубінак станецца гэтаксама звыкла, як хавацца ад залевы, той уласны страх і тое захапленне мужнасцю іншага будуць падавацца трохі наіўнымі... Але тое будзе потым, калі шмат чаго перайначыцца і ў самім часе, і ў кожным з нас.
***
Атрымаўшы месца ў “Культуры”, я, дарослы мужык, не ведаў, як управіцца са сваім шчасцем. Відаць, залішне доўга я заставаўся там, дзе не трэба было заставацца. Але не толькі... Тут маімі паплечнікамі па працы сталіся Платон, Кіркегар, Ніцшэ, Шпенглер, Ясперс, Эка, Гумілёў (старэйшы), Мамардашвілі... Трохі пазней было вырашана, што не добра пакідаць абок увагі беларускіх герояў. Тоесную рубрыку назваў: “Суплёт ідэяў”. Надалей яна праз тыдзень чаргавалася з “Элітай”, а я тым самым пашырыў кола сваіх памагатых выбітнымі асобамі з айчыннага кантэксту: Волан, Лышчынскі, Абдзіраловіч (Канчэўскі), Крукоўскі, Конан...
Між іншым, у дадатак мне было даручана весці невялічкую рубрыку “Галерэя”. Гэта значыць — у кожным нумары я быў вінен прэзентаваць адну карціну сучаснага мастака і да таго ж мусіў напісаць пра яе невялічкае эсэ.
Вось дзе было страху! Я, лічы, ніколі не наведваў мастацкія галерэі і нават не чытаў рэцэнзій мастацтвазнаўцаў. Шчыра прызнаўся пра сваё невуцтва галоўнаму рэдактару, каб мне змянілі гэтую павіннасць на якую іншую. Вольга Іпатава паглядзела на мяне здзіўлена і, пасміхнуўшыся, сказала: “Яшчэ чаго прыдумалі, Валянцін? Як заманецца, так і пішыце”. Гэткім смешным чынам я зрабіўся яшчэ і мастацтвазнаўцам.
Згаданы анекдот не мае ніякага дачынення адносна той справы, якую тут спрабую разгарнуць. Але паколькі ён ужо вытыркнуўся, то я пераніцую сюды адзін з тых як бы мастацтвазнаўчых эсэйчыкаў (паводле карціны “Прарок” Гаўрыіла Вашчанкі). Да таго ж ён, здаецца, карэлюе з агульным мэседжам кнігі:
“Ісус, хай выбачаюць мне вернікі, не быў вялікім інтэлектуалам. Адсюльяго нелюбоўдафарысеяўікніжнікаў. Зрэшты, моцапрарокаўне ў адукаванасці і ўвішнасці розуму, бо ісціну яны спазнаюць сэрцам,
а выказваюць зацятасцю... Таму ўкрыжаваны Ісус яшчэ мог лямантаваць: “Ілі, Ілі! Лама савахвані?” (“Божа мой! Божа мой! Чаму ты мяне пакінуў?”).
Прарок мастака Вашчанкі — маўчыць. Яму няма да каго звяртацца ні з дакорам, ні з надзеяй. Ён a priori інтэлектуал, таму сам усё ведае: і тое, што было, і тое, што не адбудзецца. Праз гэта ў ягоных вачах такі невымоўны адчай.
Ён запаліў агонь змагання. Полымя шугае па ўсім абшары, рудое, як закарэлая кроў, полымя. Нарэшце тое мёртвае, што ён клікаў рушыць, знішчанае. I вось настаў момант, калі трэба весці людзей ад пякельнага агню некуды яшчэ.
А весці няма куды. Бо ён напералік ведае няздзейсненыя прароцтвы ўсіх тысячагоддзяў і з гэтага пакутліва ўсведамляе, што ані на зямлі, ані на нябёсах няма той абетаванай будучыні, да якой кіравалі яго папярэднікі.
Tyra. Роспач. Адчай.
Божа мой! Божа мой! Чамуты яго пакінуў?”
Газета “Культура” пабачыла свет напрыканцы 1991 года. Толькі яе з’яўленне не сталася падзеяй у беларускай культуры. Разам з тым нават сам факт таго, што дзяржаўнае выданне ад свайго пачатку было радыкальна адраджэнскім, безумоўна, меў вялізнае значэнне — прынамсі, для таго мноства народу, што працавала ў гэтай сферы. Але найперш дзеля функцыянераў самага рознага маштабу, ад якіх тады найперш і залежаў лёс беларушчыны.
А вось ужо сапраўднай падзеяй беларускай культуры зрабіўся тыднёвік “Наша Ніва”, які пабачыў свет у тым жа 1991 годзе, адно трохі раней. Хаця фармальна Сяргей Дубавец толькі аднавіў славутую “Нашу Ніву” Аляксандра Уласава, заснаваную яшчэ ў далёкім 1906 годзе, але насамрэч гэта было цалкам іншае выданне. Супермадэрновае, з арыгінальнай вёрсткай, нязвыклай разбіўкай на абзацы, нечаканымі назвамі
рубрык... Зрэшты, усе мастацкія ды тэхнічныя інавацыі не пералічыць. Ды і няма ў гэтым патрэбы, паколькі галоўная навіна была ў тым, пра што і як пісалі аўтары тыднёвіка. А яны пісалі праўду, якой мы тады не ведалі, і пісалі мовай, якой мы яшчэ не чулі. Хіба адзін я з артыкулам “Камунізм без берагоў” не патрапляў у гэтае інавацыйнае сугучча. Што і не дзіва...
Я накідаў свой з’едліва-крытычны тэкст для часопіса “Нёман”, абсалютна ясна ўсведамляючы, што яго там не надрукуюць. Дык чаго тады час марнаваў? А халера яго ведае. Такое са мной здаралася. Скажам, трохі раней на прапанову маскоўскай “Лнтературной газеты” распавесці пра гісторыю Беларусі і яе актуальную сучаснасць я такога ім нагаварыў... Згадаў усе войны нашых продкаў з маскоўцамі, спаленыя вёскі і пабураныя гарады, тысячы захопленых у палон і вывезеных у Масковію адмысловых рамеснікаў... А наконт сучаснасці прыдумаў, што цяпер мы толькі і марым пра Беларусь ад Балтыйскага мора да Урала.