Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Паводле Камю, у абсурднага чалавека ёсць толькі адна вартая яго справа — вылучыцца з татальнасці сумнеўнага быцця, каб вымкнуць сябе з роўнядзі абычайнасці ў максімум самога сябе. А гэта магчыма адно праз творчасць, ды не абы-якую, шараговую, а праз творчасць як бунт супраць абсурду нічыйнага існавання.
“На вайне альбо гінуць, альбо выжываюць. Гэтак і з абсурдам: ім даводзіцца дыхаць, зазнаваць ягоныя ўрокі і ўцялесніваць іх. У гэтым сэнсе творчасць ёсць найвышэйшай радасцю абсурду”.
Інакш кажучы, у свеце, які ўжо не мае Вярхоўнага Заканадаўцы, адзіным гаспадаром застаецца творца — сам-насам. 3 гэтага яму і няма вялікай патрэбы ведаць, скуль і дзеля чаго паўстаў гэты абсурдны без пачатку ды краеня свет. Істотна толькі адно: тут у кожнага ёсць магчымасць здзейсніцца ў творчым парыванні і тым самым з нечага стварыць нешта.
Абсурдная ў сваіх пачатках воля да жыцця ўсяго падстава волі дзеля творчасці. Яшчэ нічога не створана, яшчэ ўсё толькі гліна, пакуль ты сам не возьмеш яе, колькі схопіш, і не злепіш свой сусвет, у выяве якога прычына цябе будзе ягоным сэнсам і сутнасцю.
Быццё — гэта абсурд і творчасць. I нічога болей. Нідзе. Ніколі.
“Працаваць і тварыць нідля чаго, узяць з нічога, ведаць, што ў створанага табой няма будучыні, бачыць, як у адзін цудоўны дзень яно будзе разбураным, і ўсведамляць пры тым, што, па сутнасці, гэта таксама не істотна, як і будаваць на стагоддзі, — вось цяжкая мудрасць, якую ўхваляе абсурдная думка”.
Філасофія абсурду — гэта філасофія вяршыні, дзе ўжо нічога болей няма, акрамя таго, што ўжо ёсць.
Я нарадзіўся і асталеў на вяршыні ў паўзе страты ўсіх сэнсаў. Аднойчы ў сне я бачыў, як Сізіф падымаецца па схіле гары. Я ведаў, што неўзабаве ён будзе вяртацца, і, калеючы ад нерухомасці на могільніку сэнсаў, зайздросціў: Сізіф шчаслівы!
Пракляцце таго, хто абраны вяршыняй, — яму няма куды рухацца далей.
Немагчыма нічога стварыць, каб стварыць назаўжды. Здаецца, упершыню гэтая наіўная максіма самахоць склалася ў мяне яшчэ ў маладыя гады падчас чытання Эклезіяста.
Потым я мноства разоў сустракаўся з нечым падобным у розных кнігах ды кантэкстах і таму неўпрыкмет прызвычаіўся жыць з гэтай развагай як з метафізікай штодзённасці. Аднак неаднойчы панылая вярэда спахоплівалася, і я зноў пакутліва разважаў, чаму гэта чалавек, які нараджаецца, жыве і памірае, зусім не думае, як некалі памрэ (абнуліцца) і ўвесь гэты свет, дзе ён нарадзіўся, жыў і памёр.
Сёння я ўжо ведаю, што раней адказу на гэтае запытанне не было паводле азначэння. I таму пакрысе чалавек увогуле перастаў сабе тлуміць галаву на гэты конт.
Трэба было дачакацца нашай эпохі, каб зноў прачнулася тая адвечная вярэда, аднак з вынікам ужо ў адваротнай рэтраспектыве. А менавіта: Свет нікуды не падзенецца, але застанецца без чалавека...
Больш за тое, будучыня ўжо сёння перастала належаць чалавеку. Яе наступную кампазіцыю цяпер стварае Нешта іншае, і пакуль не зусім зразумела, дзеля каго і чаго. Можа, і ні для каго, і ні для чаго. А проста так — дзеля механічнага варушэння тэхнічных канструктаў у блізкіх і далёкіх сузор’ях.
Карацей, у будучым чалавеку наўрад ці знойдзецца месца ў ролі чалавека.
***
Усе папярэднія цывілізацыі былі ўшчыльную звязаныя са словам і з усіх бакоў атуленыя словам. Усё зробленае і ўбачанае чалавекам перакладалася ім на словы і вытлумачвалася словамі.
Біблейнай мовай кажучы, “...Слова было Бог”. (Геніяльна дакладная максіма!)
I раптам здарылася нешта неверагоднае. Як Піліп з канапель, наперад Слова выскачыла Лічба ды запанавала, што тая саранча, якая на нашых вачах нішчыць усё зяленіва жыцця.
Цяпер менавіта Лічба становіцца абсалютнай дамінацыяй ужо іншай, і не зусім чалавечай, цывілізацыі. Але ж гэта яшчэ толькі пачатак пачаткаў. Ну хто раней мог падумаць, што некалі
бацькі нават блізу не змогуць уявіць, у якім свеце будуць жыць іхнія дзеці, а тым болей унукі?!
Карацей, мы з вамі прысутнічаем пры фармаванні цалкам Новай эры, радыкальна адрознай ад усяго таго, што было вядома раней. I галоўнае ў гэтай навіне тое, што ранейшы чалавек цяпер выглядае не надта патрэбным наскрозь алічбаванаму свету. (Калі толькі не становіцца прыдаткам Лічбы, як раб станавіўся прыдаткам свайго гаспадара.) I гэта ўсяго пачатак... Але з яго ўжо вынікае, што чалавек незаўважна апынаецца спінай да будучыні. Назаўжды.
— Як так?
— Рэч у тым, што гэта ж ужо будзе не наша, не чалавечая будучыня.
— Дык які сэнс існавання ў бясконцай таўталогіі мінулага, стоячы спінай да будучыні?
— Мінулае чалавека не толькі магічна прыўкраснае, яно большае за хоць якую вечнасць. Мы залішне спяшаліся, прамінаючы яго ў пагоні за будучым. Цяпер, апынуўшыся без апошняга, можна без спеху і дасхочу наглядзецца на тое, што мы не паспелі ўбачыць і прадумаць раней...
Зразумела, неяк людства прыстасуецца і да новых, скрозь тэхналагічных, абставінаў, толькі ўжо ніхто пра яго не скажа: “Чалавек — гэта гучыць годна”. Таму далей чалавеку нічога не застанецца, акрамя таго, што ён стварыў і назапасіў раней — ва ўсе свае гераічныя эпохі.
Зрэшты, хай тады кожны вырашае сам, як яму быць. Я вось ужо цяпер на палімпсесце пракаветнага лёсу беларусаў пераказаў інтэлектуальную гісторыю нашай сучаснасці. Таму разварот і працяг думання ў бок мінуўшчыны мяне задаволіць цалкам, каб не шкадаваць пра страту варожай усяму жывому будучыні.
***
Між іншым, праца над кнігай доўжылася больш як два гады, і з яе я набраўся радасці на ўвесь свой астатні век. Бо кожны
дзень і кожную бяссонную ноч жыў у абдымках з неверагодна таленавітымі людзьмі.
He жыццё, а нейкія райскія “куіцн”.
Разам з тым якраз з гэткай радасці канчаткова сфармавалася маё разуменне таго ўсёабдымнага драматызму, у які на нашых вачах сплывае чалавецтва.
Але з гэтага разумення я не маю і наймалейшай хэнці, каб завершыць сваю працу глабальным песімізмам. Бо нават калі аднойчы чалавечы Свет і сапраўды ляснецца даастачы, то гэта зусім не падстава румзаць сёння.
Таму мяне цешыць, што засталося колькі нявыказаных словаў пра той час, калі яшчэ былі жывымі ўсе героі маёй будучай кнігі, аб якой я калісьці раней і думаць не думаў.
Зразумела, усе яны былі таленавітымі, хаця як асобы моцна рознымі. Раней я пісаў ужо, што Бог не такі шчодры, каб аднаму чалавеку даваць і шмат творчага таленту, і таленту чалавека. Якраз з браку апошняга часам здараліся розныя прыкрасці, і гэта мяне моцна засмучала. Але ў глабальным кантэксце тых справаў, што мы разам тады спраўджвалі, гэтыя прыкрасці выглядалі драбязой.
Здаралася, у вольную хвіліну я з інфернальнай трывогай думаў, што ўсіх гэтых любых мне чалавекаў у мяне магло і не быць (з самых розных падставаў, ад глабальных да персанальных).
— Дык былі б іншыя, можа, яшчэ і лепшыя і больш таленавітыя, — заўважыць мне хоць хто.
— He хачу! — замахаю рукамі істэрычна.
He хачу!
***
Гэтая кніга шмат пра што, але найперш яна пра стваральнікаў. Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які аднойчы паэт назваў мая краіна. 3 дня ў дзень
яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень зноў скоціцца долу. А значыць — трэба вяртацца да пачатку.
I мы вяртаемся.
Пакуль я працаваў над кнігай, мне некалькі разоў сніўся Сізіф. Пра адзін сон, метафізічны, я ўжо мімаходзь згадваў. А цяпер пра рэалгстычны...
Стомленыя пад’ёмам на вяршыню, мы спыніліся адпачыць наўзбоч ледзь заўважнай сцяжыны. Неўзабаве, не вітаючыся, нас прамінуў Сізіф. Ён выглядаў падобным да мяне, з барадой і лысінай, толькі без акуляраў. I яшчэ ў яго замест спартовага заплечніка быў адмысловы камень, які надзіва зручна прылягаў да яго спіны...
Калі я прачнуўся, то падумаў, што сам быў трохі Сізіфам амаль чвэрць стагоддзя. Ну, не штодня быў, але кожны год выпраўляўся ў горы, каб падымацца на перавалы ды вяршыні, а потым пераможна вяртацца ва ўлонне Бацькаўшчыны. (Болей за тое, раз-пораз здаралася, што на год па два-тры разы выпраўляўся туды, дзе пасуцца аблокі.)
Няма чаго тут прыхарошваць: упадабляцца Сізіфу — справа не з самых лёгкіх. Асабліва калі на пачатку маршруту заплечнік важыць, амаль як мех бульбы, і цягнуць яго трэба ўгару да змяркання. Потым не тое што ног пад сабой не чуеш, а і самога сябе, паколькі ўсё, што цяпер у тваім швэдры і нагавіцах, ані не належыць табе, а толькі стоме.
Хаця не стану і лішне жаліцца, быццам кожны божы дзень вочы на лобе ад знямогі. Горы — яны розныя. А і самыя стромкія не ўсюды тырчком да неба стаяць. Заўсёды знойдзецца месца, дзе можна адкэкхацца і спатоліць свой упарты дух нябеснай прыгажосцю, прыгажэй за якую нідзе і ніколі не бывае.
Толькі і заставацца на вяршыні надоўга мне ніколі не хацелася. Нават умоўна.
Чуеш, камень наканавання прагрукатаў долу. Трэба вяртацца.
ЗМЕСТ
Зачын 3
Літаратурны інстытут 13
Катухі, скляпенні і тыднёвік “Культура” 29
Літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” 67
Бум-Бам-Літ 101
Інтэлектуалы і Плошча 120
Крыніца і Крыніца 144
Прысвячэнні сябрам 198
Беларускі калегіюм 202
“Фрагменты” 230
Мы сустрэліся на будоўлі Вавілонскай вежы 247
На рыштаваннях горада Сонца 305
Камень Сізіфа (Замест эпілога) 391
Валянцін Акудовіч
ТРЭБА ЎЯВІЦЬ СІЗІФА ШЧАСЛІВЫМ
Хронікі беларускага інтэлектуала
Рэдактарка Ульяна Хоміч
Карэктарка Ніка Арлова
Выдавец Lohvinau Publisching House
Daugeliskio 11-124, Vilnius, Lithuania www.lohvinau.by
У РАНЕЙШЫЯ ЭПОХІ БЕЛАРУСАМ БЫЛО ДАЗВОЛЕНА СПЯВАЦЬ ПЕСНІ, ПЕРАКАЗВАЦЬ КАЗКІ, ТАНЦАВАЦЬ УЛЮБЁНЫЯ ТАНЦЫ, МАЛЯВАЦЬ АБРАЗЫ ДЫ КАРЦІНЫ...
АЛЕ ІМ БЫЛО ЗАБАРОНЕНА МЫСЛІЦЬ.
I ГЭТАЯ ЗАБАРОНА БЫЛАТАТАЛЬНАЙ.
I ТОЛЬКІ ПАСЛЯ ПАЎСТАННЯ НЕЗАЛЕЖНАЙ ДЗЯРЖАВЫ ПРЫГНЁТАМ СТРЫМАНАЯ ПРАГА МЫСЛЕННЯ ВЫБУХНУЛА 3 НЕВЕРАГОДНАЙ МОЦЦУ.
ПРА ГЭТУЮ ПАДЗЕЮ ДЫ ЯЕ ГЕРОЯЎ I РАСПАВЯДАЕ КНІГА “ТРЭБА ЎЯВІЦЬ СІЗІФА ШЧАСЛІВЫМ”.
ГЭТА ГІСТОРЫЯ ПАЎСТАВАННЯ ДЫСЖУРСА БЕЛАРУСКАГА МЫСЛЕННЯ ЯК ТАКОГА (I НЕКАТОРЫЯ ЗАЛІЧАЦЬ ГЭТУЮ КНІГУ ДА ЖАНРА МЕМУАРАЎ).
Аогвінаў