Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Быў у гэтай падзеі яшчэ адзін надзвычайны істотны момант. Кнігарня “Логвінаў” (разам з выдавецтвам) на ўсе вочы прадэманстравала, што пара саюзаў пісьменнікаў як завадатараў літарацкага жыцця прамінула. Далей загалоўная роля ў гэтым працэсе кладзецца на выдавецтвы (за што сведчыць і ўвесь еўрапейскі досвед).
***
Ігар публічна дэманстраваў сваю апалітычнасць. Калі мы клікалі яго на шэсце ці мітынг, ён заўсёды казаў тое самае: “Я выдавец, а не палітык. Гэта вы галыцьба, а мне трэба берагчы свою справу”.
У пару татальных рэпрэсій ягоная аргументацыя выглядала цалкам слушна. Таму ніхто з нас на яго і не наракаў, нават калі трымаў у галаве папулярны сілагізм супраціву: як ты не ідзеш у палітыку, дык яна прыходзіць да цябе сама.
Прыйшла і да Ігара.
Выдавецтва рабілася ўсё больш значнай (і важкай) падзеяй у культурным жыцці краіны. Яно вольна дыхала і мысліла метафізікай свабоды. Зразумела, гэта турбавала ўладу, першай справай якой было зацугляць усё, што не падлягае яе канонам.
Падставу, каб скасаваць выдавецтва, міністры шукалі доўга, а не знайшоўшы — банальна змахлявалі. Суд над выдавецтвам быў вычварэнствам, а вырак па-бандыцку жорсткім — 960 тысяч рублёў. Такіх грошай у беларускага выдаўца паводле азначэння не бывае, і цяпер чынавенства магло спаць спакойна. Але, як кажуць у такіх выпадках, яны не ведалі Ігара Логвінава. Ён звярнуўся па дапамогу да сваіх чытачоў і проста неабыякавых да гвалту людзей і арганізацый, як у Беларусі, так і за мяжой.
I здарыўся цуд! Нічога падобнага ў нас і блізу ніколі не было. За два месяцы патрэбныя грошы былі сабраныя.
Больш за тое. Праз нейкі час Ігар Логвінаў атрымаў прыз Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў, які з 2005 года ўручаецца
персоне ці арганізацыі “за ўзорную мужнасць у адстойванні свабоды выказвання і свабоды друку”.
У прэс-рэлізе чытаем:
“Ігар Логвінаў — значная асоба ў беларускай літаратуры і культуры. У выдавецтве было выдадзена звыш 700 выданняў — літаратура, гісторыя, палітыка, мастацтва, пераклады сусветна вядомых пісьменнікаў на беларускую мову. Беларуская мова часта дэманізуецца рэжымам Лукашэнкі як мова дысідэнтаў і апазіцыі, і той факт, што выданні Логвінава часта датычацца паўсядзённых рэаліяў Беларусі, успрымаецца як палітычная крытыка і апазіцыянерства.
У кастрычніку 2013 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла ліцэнзію Логвінава за “парушэнне правілаў ліцэнзавання” ў выдавецкай справе. Падставай для такога рашэння стала тое, што Логвінаў быў выдаўцом альбома “Беларусь. Прэс-фота — 2011” — каталога фатаграфій, які ўключае, напрыклад, фота збіцця пратэстоўца міліцыяй.
Спыненне ліцэнзіі выдавецтва Логвінава — гэта палітычная спроба ціску на творчага і адважнага выдаўца, намаганне заглушыць голас свабоды і адкрытасці ў Беларусі. Ігар Логвінаў абяцае працягваць выдаваць значныя творы па-беларуску, бо змагаецца за сваю справядлівасць і свабоду выказвання”.
Ігар таленавіты (месцамі нават геніяльны) выдавец. Таму ў прыклад наступная гісторыя. Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобеля, ён, лічы, адразу прыдумаў перакласці на беларускую мову ўсе пяць кніг цыкла ‘Таласы Утопіі”. I не ўроссып, а як цэласны праект з агульным дызайнам і новымі перакладчыкамі (сярод іх апынуўся і я). Задуму Ігара падтрымаў наш слынны мецэнат Віктар Бабарыка і ў дадатак прапанаваў забяспечыць гэтым “пяцікніжжам” усе бібліятэкі краіны. Пасля чаго праект набыў глабальны маштаб, прынамсі, як для нашай краіны.
На розных імпрэзах я не аднойчы публічна казаў, што пакуль беларускі бізнес не пачне зарабляць сабе грошы на нашых
кнігах (груба кажучы — на нас персанальна), датуль беларускія аўтары не зведаюць шчасця ад свайго кону.
Ігар быў бізнесоўцам, але, здаецца, не менш за грошы любіў выкшталцоныя кнігі і таленавітых аўтараў. Я не шмат памылюся, калі скажу, што бальшыня з найбольш адметнага ў літаратуры і мысленні той пары друкавалася ў яго выдавецтве і стаяла на паліцах кнігарні “Логвінаў”.
“Лінейка маіх аўтараў — гэта мае сябры”, — з прытоеным гонарам казаў ён журналістам. А ў іншай гаворцы ўдакладніў: “Кола паспяховых аўтараў акрэсленае і ўжо шмат гадоў не мяняецца. Г эта Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч”.
Ужо ж, напэўна, чытаючы мой хваласпеў Ігару, не адзін з літаратараў раз’юшыцца — і хаця б часткова будзе мець рацыю. Не-абавязковасць Ігара сталася мемам. He ведаю, ці хоць калі аднойчы ён выканаў сваю справу ў абяцаныя тэрміны. Выданне кнігі магло зацягвацца на гады, што ўжо тут казаць пра ганарары?! Сталыя аўтары пакрысе з гэтым звыкаліся і, забыўшыся на ранейшыя крыўды, зноў неслі свае рукапісы да Логвінава.
У мяне таксама хапала падобных гісторый, і адна з іх апынулася нават зафіксаванай у эпісталярным жанры. Таму я яе проста перапішу сюды.
Неяк, не вытрымаўшы бясконцых абяцанак Ігара выдаць на тым тыдні кнігу “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”, я пажаліўся Паўлу Касцюкевічу, супрацоўніку выдавецтва (і аднаму з лепшых сучасных празаікаў) ды папрасіў нагадаць пра мае пакуты Логвінаву.
“Ага, добра, — адказаў Павал, — толькі лепей, каб Вы яшчэ самі яму нагадалі”.
Тады я і напісаў Паўлу тое, што друкую ніжэй. I папрасіў яго перакінуць мой ліст свайму начальніку.
“Вітаю, Павал!
Я ведаю, што трэба нагадваць, аднак мне сорамна. Каб на маім месцы апынуўся, скажам, У. Арлоў (ці А. Хадановіч), дык ён сам-насам
атачыў бы выдаўца, як гурма лютых восаў, і раз-пораз джаліў яго ў рабацінне плоці, пакуль той з енкам не пабег бы выконваць абяцанае. А сябе я нават з восеньскай мухай не адважуся параўнаць...
Дарэчы, Павал, распавяду трохі пра інтымнае. Недзе перад майскімі святамі ўсе мае хваробы (латэнтныя таксама) раптам ды ў адначассе абрынуліся на мяне і звалілі ў ложак.
Дзень пры дні палатнеючы пад коўдрай, я не мог не згадаць М. Багдановіча ля сіняй бухты, якому паміраць было не страшна, бо ён ужо меў кнігу.
Як добра, трызніў я, было б выставіцца ў труне з кніжкай “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” на грудзях. Усе б глядзелі на вокладку працы Артура Вакарава, чыталі назву і шэптам казалі адзін аднаму: ну вось, нарэшце Акудовіч прачнецца ў краіне сваёй мары, дзе ўсюды спрэс і наўсцяж адно “няма”.
Але нічога такога не здарыцца, праз ліхаманку маркоціўся я. А будуць на грудзях звычайныя тры гваздзікі вядомых колераў... Апошнім да труны баязлівым бачком падсунецца I. Логвінаў. Ён доўга будзе ўзірацца ў тое месца, дзе мусіла быць кніга “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”, а потым на ўсю цішыню рытуальнай залы гучна абвесціць: “Как мне стыдно! Ой, как мне стыдно!”
Прагледзеўшы гэтую карціну мо якую сотню разоў, я пачаў шкадаваць свайго выдаўца. А хай бы я яшчэ пажыў, падумалася мне, каб толькі ён унікнуў такога сораму. I, падобна, так яно і станецца. Бо хоць пакуль я і не зусім акрыяў, але на гэты ліст моцы ўжо хапіла.
Ваш Вал!”
Наастачу адно перакажу сваё даўняе і пры гэтым неадчэпнае здумленне. Мы з Ігарам бадзяліся разам у замежжы, шматкроць плавалі на байдарках па рэках Беларусі, выпалілі безліч цыгарэт на ганку кнігарні “Логвінаў” і выпілі не адну пляшку каньяку ў самой кнігарні, а я так і не зразумеў — чаму ён сам не піша кнігі?
Філасофская адукацыя, глыбокі і эўрыстычны розум, каларытная мысліўнасць... Дык чаму?
He, я ў яго пытаўся. I здаралася, ён мне нават адказваў нешта. Але адказваў так, быццам хацеў тое нешта схаваць ад мяне. 3 гэтага, бывае, падумаю сам-насам: можа, у ім бізнесовец перамог філосафа?
Можа, і так. Толькі ці не лепш гэта для ўсіх нас?
He ведаю. Бо на такі ўмоўны запыт ніколі не можа быць пэўнага адказу.
***
Міхася (Міхаіла) Баярына не было з наліі ні на будоўлі Вавілонскай вежы, ні на рыштаваннях Горада Сонца. Хаця пазней ён і дэклараваў: “Уся мая дзейнасць ёсць ахвярай беларускай мове".
Зрэшты, падобнае мог сказаць шмат хто. Даволі згадаць хаця б вершы паэтаў ранейшай пары — ды і цяперашніх таксама. Толькі Міхася няма і побач з імі. Яму мала было мовы такой, якой яна ёсць. Таму ён уклаўся жыццём у стварэнне першамовы, таго, што называў (называе) беларускім санскрытам. Аднак пра гэта потым.
Міхась Баярын скончыў Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. Між іншым, разам з Іллёй Сінам. Неяк Ілля (ужо тады адзін з падставовых слупоў Бум-Бам-Літа) сказаў мне, што ў ліцэі ёсць яшчэ адзін таленавіты паэт — Міхась Баярын.
— Дык чаму Міхась не з вамі?
— Ён створаны для адзіноты.
— To хай пакажа мне свае вершы.
Міхась паслухаўся, паказаў, і я надрукаваў яго вершы спачатку ў “ЗНО”, а затым у “Крыніцы”. Пазней былі яшчэ публікацыі ў некалькіх выданнях, зборнік вершаў “Шалёны вертаградар” у калекцыі “Фрагментаў”, і пра хлопца неўзабаве загаварылі як пра маладога геніяльнага паэта. Толькі гаварылі нядоўга, бо Міхась кінуў пісаць вершы, патлумачыўшы мне, што сваю меру паэтычнай дасканаласці ён ужо асягнуў...
I стварыў часопіс “nihil” (2002).
Але перш чым казаць пра часопіс, колькі біяграфічных даведак, бо ў яго выпадку яны азначальныя. Міхась Баярын скончыў філфак БДУ (класічная філалогія), дзе вывучыў лаціну і старагрэцкую мову, а потым і выкладаў іху розных месцах. Захапляўся ўсходнімі адзінаборствамі і нейкі час нават працаваў трэнерам. Палітыкай, здаецца, не асабліва захапляўся, але падчас адной з віхурных маніфестацый быў арыштаваны і толькі цудам застаўся ва ўніверсітэце. Быў рэдактарам маёй першай кніжкі “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” і адначасна яе перакладчыкам з наркамаўкі на тарашкевіцу. Калі я пасля выхаду кніжкі замест “смяротнай лажніцы” ўбачыў у тэксце “смяротная лёжа”, то конча неўзлюбіў тарашкевіцу на ўсё пазасталае жыццё. (Дзякуй, Міхась, што дапамог хутчэй управіцца з гэтай навалаччу.)
***
Але вернемся да нашых баранаў, як любіў казаць адзін з герояў Рабле.
Перачытаўшы цяпер першы нумар часопіса (усяго іх будзе толькі чатыры), я наноў зразумеў, што гэта шэдэўр сярод перыядычных выданняў.
Чытач вольны не даваць мне веры на слове, аднак і кароткім пераказам тэкстаў паасобку я наўрад ці каго пераканаю. Таму лепей адшкадую трохі болей месца для гаворкі з Міхасём, якую ён ужо наперад запланаваў друкаваць у сваім будучым часопісе. Між іншым, мы таксама гутарылі ў маім склепе турысцкага начыння.