• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    Паколькі сумоўе было не толькі канцэптуальным, але і ёмістым, дык вылучу з яго ўсяго адну тэму. Што праўда, і яна тут будзе выглядаць залішне вялікай, толькі інакш у мяне аніяк не атрымлівалася.
    “nihil”: Ваша імя трывала звязваецца з радыкальнай нігілістычнай канстатацыяй: “мяне няма”. Гэтыя два словы сталіся амаль сімвалам сучаснасці. Няма і nihil, як судачыняюцца гэтыя паняткі? Ці маглі б вы перакласці nihil як няма?
    Няма і nihil — словы аднаго дыскурсу, але яны не тоесныя адно аднаму, у кожнага з іх свая генеза, свая семантыка, свой наратар. Слова “няма” прамаўляе анталогія (быццё), слова “nihil” прамаўляе экзістэнцыя (бытнае).
    Хаця, каб па-добраму, дык перад тым, як разводзіць ці лучыць паняткі з “патойбочнага” свету (няма, нішто, nihil, адсутнасць, нежытво, дэканструкцыя, нябыт, негатыў, невараць, і г. д. і да т. п.), трэба было б прарабіць вялікую працу па легітымізацыі статусу кожнай з падобных і блізкіх да іх лексемаў і дэмаркацыі іхніх межаў. Гэта значыць скласці слоўнік нігілізму, а пазней — грунтоўную энцыклапедыю. Бо пакуль тут спрэс анархія ды партызаншчына, і таму, напэўна, ніхто ніколі не ведае (я ў тым ліку), на якой прасторы дзе чыя ўлада.
    “nihil”: Акрамя згаданых слоўніка і энцыклапедыі, сярод вашых задумаў ёсць анталогія нігілізму. Якія постаці і тэксты вы мяркуеце ў яе ўлучыць?
    — Яе абрысы яшчэ не зусім выразныя, аднак у агульнай канфігурацыі яна ўжо склалася. Я нават ведаю той тэкст, якім будзе распачынацца энцыклапедыя нігілізму. Як гэта ні дзіўна, але яе запачаткуе радыкальна антынігілістычны тэкст — паэма Парменіда “Пра прыроду”, дзе сцвярджаецца, што ёсць толькі тое, што ёсць, а ніякага няма — няма. Уласна, анталогія нігілізму найперш I патрэбная дзеля таго, каб перасягнуць праклён Парменіда. Бо гэта толькі здаецца, што ён ужо даўно перасягнуты Кіркегарам, Бергсанам ці Гайдэгерам.
    “nihil”: Вашая анталогія будзе складацца з герояў і тэкстаў толькі заходняй філасофскай традыцыі?
    — Так, і гэта пакуль прынцыпова. Бо нават калі б мысленне Усходу мела тэксты, што як бы вырашалі для еўрапейскай ментальнасці праблему Нішто, дык я б не ўлучыў іх у гэты збор.
    “nihil”: Чаму? Магчыма, усходняя традыцыя ўжо мае адказ на вашае запытанне пра Няма. Ці не ўхіляецеся вы ад волі да праўды, ад волі не быць падманутым, адмаўляючыся ўспрымаць веды Усходу?
    — Ну, па-першае, гэта толькі нашае гіпатэтычнае меркаванне, быццам недзе ў спратах Усходу прыхаваны для нас суперкаштоўны
    філасофскі камень. Якраз наадварот. Нічога каштоўнага для сябе ў гэтым сэнсе мы, хутчэй за ўсё, там не знойдзем, бо хаця мысленне Усходу і мае сваіх філосафаў адсутнасці, але ў ментальнай парадыгме “жоўтага чалавека” праблема Няма адпачатку была здэактуалізаваная шэрагам канцэптуальных збочванняў ад цэнтру гэтай праблемы, сярод якіх і любімая намі ідэя рэінкарнацыі. Ну, скажыце, як можна ўсур’ёз быць заклапочаным наяўнасцю Нішто, калі цябе наперадзе чакае столькі жыццяў у самых розных формах і станах? He, калі па вялікім рахунку, дык гэта толькі наша праблема, у пэўным сэнсе сінанімічная выключна еўрапейскаму феномену пошуку Ісціны...
    “nihil”: Якія постаці з традыцыі беларускага мыслення маглі б знайсці месца ў гэтай анталогіі? Найбліжэйшым да вашага мыслення падаецца атэістычны філасофскі трактат Казіміра Лышчынскага, аднаго з першых вялікіх нігілістаў Еўропы. Трактат “Пра неіснаванне Бога” ўжо сваёй назвай сугучны вашым “Дыялогам з Богам”. Ці з’яўляецца Казімір Лышчынскі заснавальнікам традыцыі беларускага нігілізму?
    — Анталогія нігілізму бачыцца мне своеасаблівым тунэлем пад акіянам Ёсць, спраектаваным пракласці (ці хаця б прамаркіраваць) праход ад выспы экзістэнцыйнага “мяне няма” да мацерыка анталагічнага Нішто. I таму, як пакуль уяўляецца, вектар гэтага праекта не будзе скіраваны на ўласна "нігілістычныя" тэксты, на тэксты адмаўлення як прэзумпцыі. Але нігілістычнаму тэракту Казіміра Лышчынскага месца ў анталогіі абавязкова знойдзецца, бо гэта падзея не прафаннага, а сакральнага нігілізму, які адсоўвае ўбок Бацьку ўсіх сімулякраў (Бога), каб Той не засціў відарыс Няма...
    На вялікі жаль, ад тэксту Казіміра Лышчынскага ацалелі адно абрыўкі, і таму мне цяжка меркаваць пра падабенствы ягонага супраціву “хімеры” Бога (Лышчынскі) і майго кулачнага бою з ценем Слова. Дый увогуле, я тут хацеў бы пазбегнуць усялякіх параўнанняў, бо лічу атэістычны імператыў Казіміра Лышчынскага адной з самых буйных інтэлектуальных (і этычных) ініцыятываў еўрапейскага нігілізму, якая заўважна вылучалася з шматлікіх гарэзіяў і атэістычных авантураў як папярэдніх, гэтак і наступных эпохаў — да з’яўлення Ніцшэ. Пра надзвычайную nihil-актуальнасць гэтага тэксту сведчыць і лёс ягонага аўтара, якому ў 1689 годзе
    на Старым рынку Варшавы спачатку адсеклі галаву, а затым цела спалілі на вогнішчы.
    Але звернемся яшчэ да Казіміра Лышчынскага, з фігурай якога мы гатовыя звязаць пачаткі еўрапейскага нігілізму. Пэўна, кожны, хто не палянуецца, зможа ў гэтым месцы папікнуць нас за квазіпатрыятычны валюнтарызм. Тае бяды. Давайце на нейкі момант унікнем і знаку “навуковай карэктнасці”, каб заманіфеставаць прастору Беларусі як сакральны топас глабальных нігілістычных падзеяў ды рушэнняў і адначасна як бацькаўшчыну Вялікіх Нігілістаў, сярод якіх я далей найперш згадаю папярэдніка Лышчынскага — Мікалая Каперніка (існуе версія, што ягоныя продкі паходзілі недзе з будучых нашых земляў). Гэта сёння Мікалай Капернік уяўляецца толькі стваральнікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету, насамрэч ён перадусім быў “паўночным ветрам для спелых пладоў” (Ніцшэ), бо змог разбурыць і перайначыць тагачасную ментальную парадыгму ўсяго еўрапейскага чалавецтва.
    Вышэй я зусім не выпадкова працытаваў Ніцшэ, які паводле маці паходзіў з “польскага” (як ён сам сцвярджаў) роду Ніцкі. Але няхай “польскі род” Ніцшэ нас лішне не бянтэжыць, бо ўтую пару кожны, хто нейкім чынам быў завязаны на Рэч Паспалітую, лічыў сябе палякам, і таму выдатны паэт Алег Мінкін, узяўшы псеўданім Хфедара Ніцкі, магчыма, і не шматпамыліўся, стварыўшы алюзію паходжання Ніцшэ з беларускіх прастораў.
    Беларускасць Фёдара Дастаеўскага, здаецца, няма патрэбы даводзіць, як і яго прыналежнасць да вялікіх нігілістаў—за гэта найлепей сведчыць створаны ім цэлы шэраг метанігілістычных персанажаў (Стаўрогін, Іван Карамазаў, Кірылаў, Нячаеў, Смердзякоў...). А ёсць жа яшчэ Казімір Малевіч з яго дамінантным для мастацтва ўсяго дваццатага стагоддзя “Чорным квадратам”, Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) з “ліючайся формай” і канцавым слоганам “творачы — зруйнуем”, дамок 1-газ’езда РСДРП, скульразгарнулася наўсюзямную кулю Вялікая Рэвалюцыя, Чарнобыль, катэдж у Віскулях, дзе быў пастаўлены крыж на апошняй у свеце Імперыі... Урэшце, усяго тут не пералічыш, але, каб не выглядаць залішне сціплымі, не прамінем “мяне няма” В. Акудовіча і часопіс “nihil”...
    Дык ці не з’яўляецца ўся гісторыя прасторы Беларусі перманентным адмаўленнем усялякага Ёсць, своеасаблівай лабараторыяй
    і адначасна палігонам еўрапейскага нігілізму, і ці не варта было б нам перагледзець сваю гісторыю ў мінусавым злічэнні, у злічэнні стратаў, паразаў, нігілістычных рушэнняў і канвенцыяў? Можа, калі-небудзь мы напішам такую гісторыю, каб прасачыць генезу нашага шляху да явы Няма, і тады ўвачавідкі пераканаемся, які гэта быў вялікі і плённы шлях і ў якім адметным топасе ён адбываўся (пра што трапна выславіўся Ігар Бабкоў: “Беларусь — гэта прастора анталагічнага непакою”).
    “nihil”: Вы згадалі прозвішча Абдзіраловіча, з якім сёння часта звязваюць вытокі сучаснага беларускага мыслення. Ці з’яўляецца Ігнат Абдзіраловіч для вас папярэднікам, кропкай адліку ўласнага руху?
    — Ігнат Абдзіраловіч — скраень рэтраспектывы сучаснага нацыянальнага мыслення. Далей углыб мы можам казаць ужо толькі пра беларускае мысленне ці проста мысленне, якое адбывалася ў прасторы, што пазней атрымала назву беларускай прасторы. Дык вось, у модусе нацыянальна заангажаванага, беларускамоўнага мыслення Ігнату Абдзіраловічу з яго бліскучым лірыка-філасофскім эсэ “Адвечным шляхам” наканавана для ўсіх ягоных наступнікаў заставацца “кропкай адліку”, хаця мой уласны метафізічны светагляд складваўся без удзелу гэтага знакавага для беларусаў тэксту, прынамсі, без яго непасрэднага ўдзелу. Але з цягам гадоў я ўсё болей пачынаю цаніць ягоны геніяльны аксюмаран — “ліючаяся форма". У ім такі магутны патэнцыял, столькі разнастайных магчымасцяў (у самых супярэчлівых ракурсах) для нігілістычнага беларускага мыслення! Дарэчы, калі б я быў уладаром краіны Няма, дык за герб узяў бы “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча, за дэвіз — словы Ігната Абдзіраловіча “творачы — зруйнуем”, а за ідэалогію — ягоную ж “ліючуюся форму”. У прасторы Ёсць, бадай, ні праз што нельга бліжэй наблізіцца да Няма, чым праз “ліючуюся форму”, гэта значыць праз тое, што прысутнічае ў сваёй адсутнасці і адсутнічае ў сваёй прысутнасці. Ды і сама Беларусь, як і ўвесь беларускі шлях, найбольш адэкватна апісваецца гэтай формулай — ліючаяся форма...
    Р. S. Міне шмат год, і аднойчы Міхась Баярын, як бы ў працяг нашай гаворкі, напіша:
    “Часткай культуры з’яўляюцца запаветы — узоры будучыні. Айцыпачынальнікі беларускага праекта ўяўлялі сабе розныя вобразы Беларусі. I калі накласці іх як трафарэты на сучаснасць, можна ўбачыць, што яны збольшага завершаныя, мэты дасягнутыя.
    Гэта значыць, што беларускі час завяршаецца і патрабуе ўзнаўлення. Калі ж скончыцца эмоцыя самасці, з якой паўставаў беларускі праект, нас чакае нармалізацыя, еўрапейскі стандарт. I няма, мабыць, большага здзеку з еўрапейскай першаснасці і самасці, чым гэтая самакаланізацыя.
    Нам належыць узнавіць беларускі час. Перастварыць мову, пераўявіць краіну. I тады мы ўзгадваем пра яшчэ адзін узор Беларусі, які здаваўся раней нямысным і немагчымым. Запавет ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча — гэта ідэя, вартая быць марай нашага тысячагоддзя”.
    ***
    Здаецца, гэта было ўжо пасля выхаду трэцяга нумара часопіса “nihil”.
    Сустрэўшыся, Міхась сказаў, што пакідае часопіс.
    Майму здзіўленню не было меры.
    — Я даказаў сабе, што магу рабіць варты ўвагі часопіс, — патлумачыў. — I гэтага мне досыць.
    Сказаў так і праз нейкі час з’ехаў у Індыю (Непал у дадатак). Спачатку вандраваць, а затым вучыцца ў Санскрыцкім універсітэце Сампурнанда (Варанасі, Індыя).