Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Тут я запыню Міхала, каб потым не вяртацца здалёк.
Некалі я ўжо казаў, што для беларускай нацыі рок-музыка дзевяностых была тым самым, што ў сваю пару для нямецкай нацыі оперы Вагнера. Розніца адно ў тым, што Вагнер на ўсю моц гучыць і па сёння, а нашу песню ўлада заглушыла яшчэ ў тых жа дзевяностых.
Відаць, менавіта гэта меў наўвеце Міхал у згаданых вышэй словах.
Я цалкам згодны: і напісаныя, і чакаюць. Адна з такіх песень — яго “Простыя словы”. Я б нават прапанаваў зрабіць яе гімнам, толькі не гімнам Дзяржавы, а ўсіх паспалітых беларусаў, якія больш за перамогі ды поспехі шануюць утульнасць быцця.
Простыя словы,
Простыя рэчы: Хлеб на стале, Полымя ў печы.
Гэта так проста,
Гэта так добра,
Як з галавою
Залезці пад коўдру
Прыцемкам сінім
Зімовай парою
У доме бацькоўскім Ўсё так знаёма.
Ёсць, чым сагрэцца,
Ёсць, дзе схавацца, У доме бацькоўскім, У матчынай хаце.
Усё так надзейна,
Усё так грунтоўна, Што тут дадаць? Хіба што нічога.
Можна жыць далей, Дзень прыйдзе новы. Дабранач, паненкі!
Дабранач, панове!
***
Андрэй Хадановіч неяк сказаў мне: “Што б я ні рабіў, чым бы ні займаўся, найперш я — паэт”.
Хто б запярэчыў? Але для мяне ён у сваім цэлым нешта значна большае за паэта. Андрэй Хадановіч — падзея нашай мыследзейнай сучаснасці. Менавіта таму мае хронікі ніяк не могуць без яго абысціся.
А што да паэзіі як такой, дык я пра яе шмат пісаў у надзвычай цікавым праекце ўкраінцаў і беларусаў “Зв’язокрозрмв”/ “Сувязьразрыў” (2006). Гэта ёмісты зборнік паэтаў (12 на 12) з паралельнымі перакладамі на беларускую і ўкраінскую мовы. Натуральна, завадатарам з беларускага боку быў Андрэй Хадановіч.
Дык вось, Андрэй запрапанаваў мне скласці прадмову да беларускага блока. Я пагадзіўся з умовай, што буду пісаць, як думаю сам, а не як пішуць звычайна.
— Таму Вам і прапаную, — запэўніў Андрэй.
He залянуюся перадрукаваць пачатак таго, у арыгінале досыць вялікага, эсэ, якое раней не меў магчымасці публічна прысвяціць Андрэю Хадановічу.
“Той, хто ўмее нешта рабіць, — робіць, а хто нічога не ўмее — піша вершы. Суадносіны першых і другіх на нашай зямлі нескладана вылічыць, калі мы прыпомнім, што Беларусь традыцыйна называюць “краінай паэтаў”. Вядома, якое там жыццё ў краіне, дзе няма ні бізнесоўцаў, ні эканамістаў, ні палітыкаў, а спрэс паэты... Але я тут не пра жыццё, а пра паэзію — іх нават у Беларусі атаясняць робіцца ўсё больш праблематычна. Прынамсі, “бізнес-план” песняра пачатку XX стагоддзя з цэлым народам гутарку весці на пачатку веку наступнага выклікае адно сарамлівы посмех. Хаця далей не прамінем згадкай, што ў сваю пару заданне класіка было амаль рэалізаванае, калі за камуністамі паэта прызначылі выконваць ролю атэістычнага дэміурга ўсяго секулярызаванага дыскурсу, калі толькі яму аднаму было дазволена зазіраць у катакомбы нябёсаў (дзе ў марудзе вечнасці спеляцца блакітныя эйдасы), каб пасля бадзёра апавядаць народу пра шолах моўчы...
Ах, які пераменлівы наш свет, якое хісткае пад ім трывалішча! Яшчэ за нашай памяццю на галаве паэта быў лаўровы німб, а цяпер там клабук блазна, яшчэ ўчора ён піў на брударшафт з уладарамі свету, а сёння ўжо пахмяляецца сярод бамжоў на сметніку культуры, яшчэ кагадзе цараваўу дзяржаве прыгожага пісьменства, а сёння блукае інфернальнай зданню па руінах краіны, дзе ніхто не жыве...
Аднак не варта лішне нурыцца. Урэшце, сітуацыя “паэзіі без паэта” (не блытаць са “смерцю аўтара”) мае і пэўныя выгоды — прыкладам, яна вызваляе паэта ад адказнасці перад грамадствам (маўляў, калі ты на мяне не звяртаеш увагі, дык і я цябе ведаць не ведаю)”.
***
I ўсё ж такі яшчэ трохі пра паэзію. Паводле часавага вымярэння, паэт Андрэй Хадановіч пачынаўся з эпохі Бум-Бам-Літа, але ён не хацеў нічога з ім мець агульнага. Магчыма, таму, што сам у сабе прадчуваў сваю эпоху.
Яго паэтычны росквіт быў імклівым і святочным. Таму на яго выступы спяшаліся паглядзець усхваляваныя натоўпы, як на веснавую квецень сентыментальныя японцы. Высокі, прыгожы, самаіранічны і паблажліва скептычны да хоць якой кепскасці. Вершы Андрэя трымалі замілаванне на тварах слухачоў праз усю сустрэчу.
Недзе тады я пісаў, што праз паэзію Андрэя Хадановіча беларусы зноў пачалі чытаць і слухаць сваіх паэтаў.
На вялікі жаль, гэты час абуджэння не здоўжыўся. Ужо досыць даўно выдавецтвы друкуюць паэтычныя кніжыцы адно за грошы саміх аўтараў, а тыя потым не ведаюць, куды гэтыя кніжыцы падзець. Бо нават на паэтычныя вечарыны прыходзіць адно нейкі тузін слухачоў (у лепшым выпадку).
•kick
Хадановіч мог бы быць сінонімам дзейнага руху, каб прозвішчы сінанімізаваліся. Здавалася, што ён адначасна ўдзельнічае ці не ва ўсіх літаратурных імпрэзах не толькі краіны, але і шмат дзе па-за яе межамі. Таму зусім не выпадкова, што яшчэ даволі маладым чалавекам яго абралі старшынёй беларускага ПЭНцэнтра. Імклівы час пакажа, што гэта быў прарочы выбар (калі не памыляюся, з прапановы Уладзіміра Някляева).
Адвеку сонны ПЭН з гэтай падзеі прачнуўся і працёр вочы. Вохці мне, сказаў ПЭН, вакол столькі справаў ды магчымасцяў, а мы спім.
Андрэя перабіралі на пасаду некалькі тэрмінаў, агулам ён узначальваў ПЭН з 2008 па 2017 год. I гэта быў час насамрэч плённай працы. Я тут не маю намеру пераназываць увесь той наробак — усё роўна ніхто не дасць веры. Згадаю адно некалькі найбольш важкіх праектаў. Разам з Саюзам пісьменнікаў ПЭН (праз удзел польскай амбасады) стварыў самую значную прэмію ў літаратурнай Беларусі — імя Ежы Гедройца, а пазней прыдумаў (таксама разам з Саюзам) вельмі сімпатычны
міжнародны фестываль у гонар Міхася Стральцова “Сена на асфальце”. Да шэрагу значных падзей я б залічыў і “Дом творчасці” ў Л ітве для маладых беларускіх літаратараў. А яшчэ ў тым жа “звязе з Саюзам” — літаратурную прэмію “Дэбют” (мецэнат Павал Бераговіч)...
Аднак рушым далей.
***
Дзіўная ў мяне звычка цягам гэтых няспешных хронік часам перацытоўваць самога сябе. Ну дык і хай сабе. Распавядаючы пра часопіс “Крыніца”, я пісаў:
“Аднойчы ў рэдакцыі аб’явіўся тады яшчэ мала каму вядомы Андрэй Хадановіч і сказаў, што хацеў бы далучыцца да стварэння постацяў замежнікаў. I не проста выказаў жаданне, а прапанаваў і адпрацаваў цэлую праграму: Бадлер, Ейтс, Малармэ, Паўнд, Апалінер...
Было б відавочным перабольшваннем казаць, што ўжо тады я прадбачыў — Андрэю наканавана быць заснавальнікам новай школы беларускага перакладу. Хаця той імпэт ды майстэрства, з якімі гэты малады хлопец падхапіўся рэалізоўваць сваю праграму, казалі пра адметныя магчымасці і не абы-які версіфікацыйны патэнцыял...”
Сёння пра гэта можна пачуць з самых розных вуснаў, але фармальны зачын гэтай школы я схільны звязваць з Беларускім калегіюмам, дзе пры аддзяленні “філасофія/літаратура” была арганізаваная “Перакладніцкая майстроўня Андрэя Хадановіча”, якая праіснавала досыць доўга.
Цудоўна гэта апісала Марыя (Марыйка) Мартысевіч:
“У пясочніцы корпаюцца паэты. Мы, перакладчыкі, акупавалі жалезную горку і ўпарта з'язджаем па ёй, раз-пораз балюча адбіваючы сабе азадкі. Часам азіраюся і з радасцю бачу: чарга да горкі ўсё расце. Многім рупліўцам, якія толькі ўступаюць у нашую культуру, Хадановіч проста і ясна адказаў на пытанне, "навошта” перакладаць.
Засталіся пытанні “што” і “як” — справа густу і тэхнікі. Дзве апошнія рэчы мы і кшталтуем у перакладчыцкай майстэрні Беларускага Калегіюму. Mae бацькі лічаць, што занятак цягам трох гадзінаў — гэта ненармальна. I напраўду: тое, што адбываецца падчас абмеркавання перакладаў, нармальным акадэмічным працэсам не назавеш. Але, па-мойму, гэта і ёсць школа, калі вы разумееце, пра што я”.
Але ж не толькі перакладчыкі зведалі жыватворны ўплыў Андрэя. Цэлая генерацыя маладых паэтаў таксама глядзела на яго, як старагрэцкія падшыванцы на Апалона. (Ужо ў стылістыцы нашага тысячагоддзя тая ж Марыйка назвала Андрэя “літаратурным піянерважатым”.)
***
Роля перакладчыкаў у інтэлектуальнай гісторыі беларускага часу надзвычай істотная. I, зразумела, не з майго героя яна пачыналася. Я толькі да месца яшчэ раз згадаю вялікага класіка Васіля Сёмуху, неверагодна плённага Лявона Баршчэўскага, вытанчанага сібарыта Сяргея Шупу...
Разам з тым нічога падобнага да той навалы перакладной літаратуры, якую мы бачым у апошнія гады, ніколі раней не назіралася.
Толькі далей я радыкальна зламаю канструкцыю аповеду, каб у колькі словаў сказаць сёе-тое аб прыватным.
Прыўкрасная гісторыя маіх стасункаў з Андрэем бязладна разбэрсаная як па абшарах Айчыны, так і за яе межамі. Нам здаралася спаць у адным намёце і не аднойчы плаваць у адной байдарцы, спяваць ля вогнішча пад гітару песні Хадановіча, Акуджавы, Коэна, чытаць лекцыі ў Беларускім калегіюме і люта змагацца ў журы прэміі “Дэбют” з Генадзем Бураўкіным, каб пераможцам быў абраны Андрэй Адамовіч з яго хуліганістамудрым зборнікам вершаў “Дзень паэзіі смерці дзень”.
Дарэчы, пра вандроўкі на байдарках. Пасля сплаву па палескай рэчцы Сцвіга ў Андрэя напісаўся наступны верш.
ПАЛЕСКІ ЦЫРУЛЬНІК
В. А.
Сонца яму на скуры малюе зоркі і свастыкі, а ён, паслаўшы апёкі да самай яснай халеры, аказвае найвышэйшую класу мастацкай гімнастыкі, калі размотвае стужкай рулон туалетнай паперы.
Плыве за вадою й зрабіўся крыху цырульнікам, бо неабачлівым рыбкам галовы стрыжэ да шыек, хвасты падстрыгае русалкам, палескі унікум, ператвараючы іх у спартсменак-параалімпіек.
Воўну з аблокаў стрыжэ і сплаўляе паверхняй ракі, а рэшткі ўначы сабе цягне ў намёт пад голаў;
смак хлеба, якім ён корміць мясцовых дзяўчат з рукі, аддае сродкам ад камароў — зрынутых з неба анёлаў.
Ён ведае, дзе бярозкі растуць скрозь старыя пні, нібы на голае цела мераюць фенечкі і маністы.
Калі ён заходзіць мыцца ў раку, у мыльнай пене сляпні канаюць, быццам замерзлыя ў горных снягох альпіністы.
Гарэлку ператварае ўначы ў навальнічны сок, які цячэ лістотаю дуба ў жывым электрычным праменні, і кроплі здаюцца сухімі, як жоўты палескі пясок, быццам сябры і сяброўкі кінулі з неба па жмені.
Натуральна, я і кранаць не буду тое мноства агульных выступаў на рознага фармату культурніцкіх імпрэзах. Лепш напрыканцы згадаю адну палітычную падзею.
He ведаю, як у іншых, а ў маіх стасунках з Андрэем палітыка, здаецца, увогуле не прысутнічала — нават у звыклых на тую пару абгаворах улады пры сустрэчах. Дык вось...