Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
“Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на BaBax і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі
грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота — усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. “А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, — сам у сябе запытаўся чалавек пасля доўгай дарогі, — а яго, напэўна, няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?” Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. I вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца плячыма да выпаленай печы”.
У пэўным сэнсе эсэ “Сцяг” таксама належыць да экзістэнцыйнага дыскурсу. Прынамсі, так бывае заўсёды, калі чалавек успрымае сцяг эмацыйна. Разам з тым у выпадку бел-чырвона-белага сцяга гэтае эмацыйнае латэнтна злучанае з анталагічным. I злучанае надзвычай глыбока ды грунтоўна. Аб чым і нагадвае Міхал:
“Сустваральнікам нашага сцяга стаўся архітэктар, паэт, грамадскі дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Гэта ён зрабіў накід бел-чырвонабелага, задаўягоныя прапорцыі, каларыстыку і шырынюстужак, фактычна падсумаваўшы і матэрыялізаваўшы тое, што назапасілі наш геральдычны чын, літургічная традыцыя і народнае мастацтва. Чырвань на белым тчэцца, не абрываецца ад часоў дахрысціянскіх, праз Сярэднявечча, Рэнесанс, барока і рамантызм, чырвонай стужкай перацякае з ручніка на харугву, з харугвы на тарчу, штандар, сцяг".
Я ўпершыню пабачыў жывыя бел-чырвона-белыя сцягі ў 1988 годзе, калі на “Дзяды” карнікі расцерушылі натоўп ля зачыненай брамы Маскоўскіх могілак і мы пайшлі за Пазняком
уздоўж кальцавой дарогі на Курапаты. У нейкі момант Пазняк запыніў шэсце на ўзгорку і прапанаваў усім прысесці, каб было чуваць выступоўцаў. Тады і з’явіліся два невялікія белчырвона-белыя сцягі. Пабачыўшы іх, я яшчэ больш напалохаўся (гэта быў мой першы публічны супраціў уладам) — і нават пры сабе абурыўся: навошта лішне правакаваць карнікаў, якія нас ужо атачалі з усіх бакоў?
Відаць, меў рацыю, паколькі адразу, як па сігнале, на нас абрынуліся амапаўцы, міліцыянты, а потым і вайскоўцы. От было страху, хаця і такога напалу бязмернай экзальтацыі я ніколі paHeft не меў. Як быццам у гэты час адбыўся нейкі тэктанічны зрух, і праз глыбокія разломы ночы палілося чыстае святло.
У першы год вулічнай дэмакратыі я наведваў мітынгі, каб пачуць тое, што ў крыклівы голас ніколі раней не казалі — адно паўшэптам. Толькі мітынговыя словы надзіва хутка зашмальцаваліся, і наступныя, лічы, два дзесяцігоддзі я хадзіў на шэсці толькі дзеля таго, каб цешыцца з мора бел-чырвонабелых сцягоў. Была ў іх лунанні нейкая неверагодна прыўкрасная магія. Але з чаго яна бярэцца, я не мог сабе патлумачыць.
А цяпер зноў пачытаем Міхала:
“Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта з пункту гледжання каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае такі аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло. Ён урачысты, пазітыўны, вітальны. Чырвоны і белы — колеры Хрыстовы, таму гэта боль і пакута, перамога над смерцю і Любоў. Аднак не толькі і не столькі эстэтычнымі катэгорыямі вымяраецца вартасць сцяга, перадусім яна вымяраецца нашымі перамогамі і годнымі ўчынкамі. Вымяраецца нашымі краявідамі, паданнямі і міфамі, нашым мінулым і той будучыняй, якую мы ствараем цяпер”.
Палітычная сітуацыя ў краіне разгортвалася такім нечаканым і, калі заўгодна, дзівосным чынам, што досыць хутка
бел-чырвона-белы зрабіўся дзяржаўным сцягам. Ён упрыгожыў усе адміністрацыйныя будынкі, і ў беларускіх гарадах ды мястэчках паболела святла.
Я не прамінаў вокам ніводнага з тых сцягоў — куды б ні ішоў ці ні ехаў. Таму не мог не зважаць, што бальшыня нашых грамадзянаў якраз там, дзе я падымаў галаву дагары, апускае вочы долу. Яны яго не хацелі бачыць. Гэта было скрушнае назіранне. Бо я вельмі хутка здагадаўся, што нашае свята — не іх свята. Болып за тое, бел-чырвона-белы моцна трывожыў бальшыню паспалітых, яны бачылі ў ім знак бяды. Залішне ён быў прамяністы, ганарлівы, бачны і з зямлі, і з нябёсаў. 3 такім, як прыйдзе бяда, не схаваешся не толькі ў балотах, а нават і ў пушчы.
На іх шчасце, улада хутка перайначылася, і прамяністыя сцягі паскідалі ў бруд. Толькі далёка не ўсім гэтая перамена была ў радасць. Многіх, вельмі многіх яна абурыла. I тады пачалася вайна за Сцяг, якая працягваецца па сёння. Колькі людзей праз гэтую вайну апынулася за кратамі, колькі ўмылася ўласнай крывёю...
Неяк падумалася, а за чырвона-зялёны (г. зн. цяперашні) ці адзін чалавек хаця б кропельку крыві праліў? Ну хіба якая швачка на фабрыцы, дзе гэтыя сцягі шыюць, палец пад голку сунула.
А завершыць гэтыя рэфлексіі я хацеў бы пачаткам эсэ Міхала:
"15 чэрвеня року 1219 дацкія біскупы маліліся на гары Таампеа. Яны прасілі Уладара Усявышняга дапамагчы і ўратаваць дацкае войска, якое з апошняе моцы стрымлівала атакі эстаў. Бог пачуў малітвы, і проста з нябёсаў да ног дацкага караля зляцеў вялікі кавалак чырвонага палатна з белым крыжам пасярэдзіне. Пабачыўшы боскі знак, дацкія рыцары перайшлі ў наступ і разбілі войскі эстаў. Так нарадзіўся “Dannebrog”, дацкі сцяг, найстарэйшы дзяржаўны сцяг на свеце з усіх, што існуюць сёння”.
I яшчэ два сказы з тэксту Міхала:
“Караля данаў звалі Вальдэмар Другі Пераможны. Ён быў сынам караля Вальдэмара Першага і Сафіі Менскай, дачкі менскага князя Валадара Глебавіча і Рыксы Баляславаўны”.
***
Далей я разгубіўся. Паводле задумы наступнае эсэ мусі быць апошнім. Толькі на чым запыніцца, маючы столькі яшчэ нескарыстанага багацця?
Шчыра кажучы, я б заплюшчыў вочы і выхапіў “Сала”. Цудоўнае эсэ з весялінкай. Да таго ж зусім не абстрактнае. Міхал увесь час спажываў сала, паколькі меў нейкую загану ў арганізме, якая не дазваляла яму набіраць вагу. А мяне мая лішняя вага засмучала, што зусім не замінала напоўніцу ласавацца тым салам, што Міхал купляў на “Камароўцы”...
Тут, відаць, можна згадаць і адзін вясёлы сюжэт. Неяк журналістка, канцуючы гаворку, запыталася:
— Ці ёсць у вас мара?
— Ёсць, — адказаў я. — Быць такім стромкім і такім таленавітым, як Міхал Анемпадыстаў.
Я пажартаваў, а яна надрукавала.
Але вернемся да праблемы. Як бы мне ні смакаваў тэкст пра сала, аднак завершваць ім скрушныя ўспаміны было б не да месца. Урэшце я спыніўся на эсэ “Песня” — і ўжо без аніякіх сумневаў. Бо забыцца на геніяльныя песенныя тэксты Міхала выглядала б неяк нават дзіўна. Тым болей, што і ўсё ягонае эсэ “Песня” прыхавана карэлюецца з персанальным лёсам самога паэта.
“Песня, — пачынае Міхал, — гэта вельмі проста: бярэш і прыдумваеш, ці, калі казаць мовай літаратурнай, “пішаш”. Перадусім мяне цікавяць песні, дзе словы граюць такую ж важную ролю, як і музыка, з якіх “слова не выкінеш”. Яшчэ болей мяне цікавіць феномен “суперпесні”, то бок такой песні, якая не толькі слухаецца, але і спяваецца, перакладаецца і засвойваецца іншымі культурамі. Наўрад ці хто зможа ўцямна патлумачыць, чаму здараецца так, што адна песня
“заходзіць” у масавую свядомасць і робіцца сімвалам свайго часу, а іншая, з выдатным тэкстам, музыкай і аранжыроўкай, — не. У гэтай адсутнасці адказу ёсць свой сэнс: у нашым рацыянальным свеце яшчэ застаюцца невытлумачаныя таямніцы, мажліва, апошнія”.
У працытаваным фрагменце я б найперш звярнуў увагу на два наступныя моманты. А менавіта на тое, што для Міхала словы ў песні адыгрываюць не менш значную ролю, чым музыка, і на феномен суперпесні. Як на мой розум, дык у рок-музыцы (амаль як і ў бардаўскім песнятворыве) словы ўвогуле значаць болей, чым мелодыя. Хай хто паспрабуе на музыку якой знакамітай “песні Міхала” стварыць іншы тэкст, і мы паглядзім, ці хоць што вартае з таго атрымаецца?
Другі момант патрабуе больш складанай рэфлексіі. Міхал зачароўваў сваёй далікатнасцю і адначасна дзівіў сціпласцю ў тым сэнсе, што зусім не рабіў акцэнту на сваіх шэдэўрах. Hi публічна, ні ў сяброўскай гамане. Хаця гэта не азначае, што ён не быў амбітным фацэтам і ані не здагадваўся пра свой зорны талент.
Здагадваўся, толькі, відаць, не зусім быў пэўны ў сваіх здагадках. I таму паспрабаваў прааналізаваць тайніцу “суперпесні” з утоеным спадзяваннем, што нешта з ягонага наробку таксама можа патрапіць у гэтую намінацыю?
Міхал даволі грунтоўна апісаў біяграфіі і бунтарныя “суперпесні” Леанарда Коэна, Пітэра Сігера, Боба Дылана... Найбольш мяне ў гэтым даследаванні весяліла тое, што ў жыццёвай ці творчай біяграфіі кожнага з іх Міхал заўважаў і акцэнтаваў беларускі след — хай часам і ледзьве прыкметны.
Натуральна, Міхал не мог абмінуць увагай і айчынны песенны дыскурс.
“Канечне, мне вельмі хацелася напісаць і пра нашую “суперпесню”, якую таксама перакладаюць на іншыя мовы і спяваюць па ўсім свеце. Перабіраючы розныя варыянты, я прыгадаў народную Тарэла сосна”, якую мы спяваем разам з украінцамі. Гэта, безумоўна,
геніяльны твор і выдатная публіцыстыка часоў казацкіх бунтаў. Яшчэ — паланез “Развітанне з Радзімай”, які нядаўна займеў словы, на жаль, на стагоддзе запозна, каб зрабіцца “суперпесняй” на ўсіх землях Рэчы Паспалітае. I нарэшце прыгадаў “Бывайце здаровы” Адама Русака і Ісака Любана. Гэтая апошняя, перакладзеная, ідэалагічна падпраўленая і праспяваная па-руску, зрабілася візітоўкай адной шостай часткі сушы, а не так даўно вярнулася на радзіму ў сваім першапачатковым выглядзе і пачуваецца тут так, як мусіць пачувацца, — то бок як дома.
Мажліва, нашыя “суперпесні” яшчэ будуць напісаныя, мажліва, яныўжонапісаныяітолькічакаюцьнагоды, кабпрагучацьнапоўніцу...”