Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Аднак бясконцая ратацыя ідэалагічных парадыгмаў некалі мусіла надакучыць. Іх сутвы і найменні як быццам выдавалі на рознае, але ўсе яны аднолькава не адказвалі на галоўнае пытанне: навошта ўсё і чалавек ва ўсім? I калі раней здавалася, ну вось, пераменім старую парадыгму на новую і нарэшце атрымаем адказ, дык у другой палове XX стагоддзя склалася трывалае разуменне, што ад усіх гэтых пераменаў ніякага плёну няма і, пэўна, ужо ніколі не будзе; ды ўвогуле, надалей трэба кінуць гэтую дурную звычку караскацца па вертыкалі ўгару ды наперад, бо не існуе ні верху, ні нізу, ні гісторыі (“Канец гісторыі” Фукуяма), ні часу (“Канец новага часу” Гвардзіні), ні чалавека (“Канецчалавека” Фуко)... Ёсцьадно паверхня, тэкст, архіў, рэшткі слядоў і павадка жыцця, якая ўсё блытае, змешвае, праглынае і ні ў якую пару не супакойваецца, бо няма нідзе тых берагоў, у лажніцу якіх яна калісьці магла б улегчыся...
Постмадэрн — гэта быццё без сэнсу быцця, быццё без якога-колечы фармуючага цэнтр Абсалюта, быццё без сярэдзіны і берагоў, быццё як татальнасць быцця...
***
Потым я даволі шмат і ў розных выданнях буду сваімі тэкстамі нагадваць пра постмадэрн. 3 гэтага сёй-той нават стане называць мяне бацькам беларускага постмадэрну. Хаця куды часцей пры згадцы майго прозвішча будзе гучаць толькі лаянкавая лексіка. Што і зразумела: постмадэрн і нацыяналізм, які тады панаваў у беларускамоўнай прасторы, — рашуча варожыя падзеі.
У тую пару мяне часта пыталіся: як пісаць постмадэрновыя тэксты? Найбольш цікавы выпадак здарыўся не дзе-небудзь, а ў маім хатнім пакойчыку.
Неяк дачка (тады яна вучылася ў 4-м класе) падышла да пісьмовага стала і папрасіла:
— Тата, навучы пісаць постмадэрновыя тэксты.
Я трохі разгубіўся. I таму, што ў чатырохкласніцы з’явілася жаданне пісаць постмадэрновыя тэксты, і таму, што я ніколі не думаў, як пішуцца тэксты, постмадэрновыя ці якія заўгодна іншыя. Для мяне як трава расце, так і пішуцца тэксты — ціха, неўпрыкмет, з прычыны саміх сябе.
Каб хоць трохі скаардынаваць свае думкі, пачаў здалёк:
— Ведаеш, Вераніка, перш чым пісаць постмадэрновыя тэксты, трэба навучыцца пісаць звычайныя вершыкі, казкі, апавяданні.
— Ну дык гэта ж будзе не хутка, — з сумам уздыхнула Вераніка.
Я зразумеў яе сум і вырашыў хоць як патлумачыць розніцу паміж звычайным і постмадэрновым тэкстам.
— Звычайны тэкст, — знайшоўся я, — гэта калі кажуць пра нешта ўсур’ёз, постмадэрновы — калі гэтую сур’ёзнасць перасмейваюць. Постмадэрновы тэкст, нават самы сур’ёзны, гэта
бясконцае перадражніванне таго, што ёсць, бо постмадэрніст не верыць, быццам тое, што ёсць, гэта праўда, гэта сапраўды тое, за што яно выдае сябе для чалавека...
Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у “Буквары” быў такі сказ: “Мама мыла раму”. Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэты сказ і, да прыкладу, пішаш:
Мама любіць
Рамы мыць.
Тата любіць
Шыбы біць.
“Мама мыла раму” — звычайны тэкст, а дражнілка, якую мы толькі што прыдумалі, — постмадэрновы. Хаця гэта, можа, і не лепшы прыклад. Давай пашукаем яшчэ што, болып выразнае. Скажам, ты калісьці вучыла на памяць верш Пімена Панчанкі “Герой”.
Злосна сказаў: “Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне”.
I лёг на змяіныя скруткі дроту.
I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў Прайшлі па яго спіне.
3 гледзішча сацрэалізму — бліскучая страфа (ды і ўвогуле бліскучая). I хаця ва ўсім вершы няма ні каліўца праўды і гэты “герой” цалкам прыдуманы паэтам, але якая рытарычная фігура — цуд! Другая страфа значна слабейшая, затое ў трэцяй зноў усё выдатна... Толькі мы адхіліліся. Значыць так, ты бярэш пачатак трэцяй страфы:
А ён свае косці з іржавых калючак Сваімі рукамі без стогну аддзёр.
I далей у тым жа самым вершаваным памеры, але па-свойму ператлумачваеш, чаму “герой” злез са скрутку дроту. Ну, пры-
кладам, ён убачыў, што бяжыць яшчэ дзвесце ботаў, гэта значыць новых сто ахвотнікаў па чужых спінах праз калючы дрот пералазіць. А яму і папярэднія абрыдлі, ён падняўся і сказаў: “Ды колькі можна па маёй спіне таўчыся”.
Вераніка ўсміхнулася і пайшла ў свой пакой, можа, звычайную казку пісаць, а можа — постмадэрновы тэкст. А я пачуўся ніякавата ад апошняга прыкладу. Хай сабе гэты герой Панчанкі — наскрозь паэтычная прыдумка, але самаахвярнасць чалавека і трагедыя вайны, якую гэты верш гіпертрафавана вырознівае, праўдзівыя, і ці варта такога, яшчэ зусім маладога чалавека вучыць постмадэрнай іроніі на прыкладах з запечанай крывёю?
Бадай, і не варта. Затое з гэтага выпадку я атрымаў магчымасць сфармуляваць сваё разуменне сутнаснай розніцы паміж традыцыйным і постмадэрновым пісьмом. Гэтая розніца (сутнасная) не ў дэцэнтрацыі тэксту і не ў дэканструкцыі яго, не ў адсутнасці “героя” ці “аўтара”, тым болей не ў фармальных прыёмах (у тым ліку і згаданай вышэй іроніі), а ў ішйай ролі самога слова.
У традыцыйным тэксце мастацкае слова спрабавала імітаваць Слова стваральніка свету. Бог сказаў: “Хай будзе святло”, — і святло з’явілася. 3 гэтага і традыцыйнае мастацкае слова імкнулася выявіць у сабе такую ж стваральную моц, яно жадала не толькі адлюстроўваць рэальнасць, але ствараць яе і быць ёю. I яшчэ, паколькі Бог (прынамсі, Хрыстос) уяўляў з сябе маральны імператыў, то і кожнае слова ўжо паводле свайго азначэння рабілася маральным, яно было цалкам зарыентаванае на той маральны канон, што адпачатку заставаўся латэнтна імплікаваны ў ім.
Інакш кажучы, у традыцыйным тэксце слова — заўсёды этычнае слова.
У постмадэрным тэксце слова значыць што заўгодна, аднак найменей тое, што азначае. Таму тут слова не этычнае, а выключна эстэтпычнае. Каб быць ужо зусім дакладным, дык
выславімся наступным чынам: у постмадэрне слова не маральнае, але і не амаральнае, яно — імаральнае.
Постмадэрнае слова не ведае, што такое боль, сумленне, адказнасць.
У традыцыйным тэксце “герой”, які свядома забіў дзіця, — рэальны забойца, якому ні іншыя героі тэксту, ні аўтар, ні чытач ніколі не даруюць. “Героі” постмадэрнага тэксту могуць нялічана рэзаць дзяцей на кавалкі дзень пры дні, і гэта будзе выклікаць у постмадэрновага чытача што заўгодна, толькі не агіду да герояў (і аўтара), бо постмадэрновы тэкст ведаць не ведае, што такое сапраўдная рэальнасць (тым болей — этычная рэальнасць), ён цалкам адбываецца ў сітуацыі гіперрэальнасці віртуальнай гульні.
Р. S. Здаецца, Сяргей Дубавец недзе напісаў, што хацеў бы быць апошнім салдатам, што загіне за незалежнасць Бацькаўшчыны.
А я, постмадэрніст, хацеў бы быць ботамі таго салдата, якія сцягне з задраных ног марадзёр і пойдзе ў іх да бліжэйшай вёскі на танцы.
***
Прыйсце постмадэрну ў пераважна вясковую на той час беларускую літаратуру спачатку было зразуметае як прыезд вандроўнага цырка ў глухое правінцыйнае селішча. Хай вычвараюцца, а мы парагочам з дурняў. Назаўтра яны з’едуць разам з грукатам алюмініевага тазіка, і зноў будзе чуваць спевы салоўкі ды бразгат вёдзер для малака.
Гэта постмадэрністаў і ратавала па першым часе ад татальнага астракізму. Хаця, відаць, болып спрыяльным для іх быў той факт, што жывая частка грамадства тады банальна прагнула пераменаў. Хоць якіх, хоць як. Толькі б не так, як было раней, гэта значыць — аніяк. Дык хай сабе скачуць і выенчваюць на сцэне нікому незразумелыя словы. Абы не панылая
аднастайнасць заўсёды ўсё таго ж самага. I гэта найбольш ратавала постмадэрністаў ад тухлых яек і гнілых памідораў. Зрэшты, у тыя гады нешта падобнае наўрад ці каго ўжо б напалохала.
Хаця, бадай, самае цікавае ў гэтай падзеі было тое, што, не паспеўшы засвоіць падставовыя канстанты постмадэрну, нашыя інтэлектуалы на ягоным подзе стварылі палемічны дыскурс, у якім пачалі прапаноўваць уласныя эстэтычнафіласофскія версіі літаратурнага пісьма ўжо пасля постмадэрну (ці наўзбоч яго). Найперш згадаю “Шызарэалізм” Юрася Барысевіча і “Транслагізм” Сержука Мінскевіча ды Алеся Туровіча. А яшчэ “Афрыканізм” Зміцера Вішнёва...
Далей — некалькі фрагментаў з артыкула Юрася Барысевіча “Шызатура і літафрэнія” (“ЗНО” № 24):
“...Ыеаіооу прніспрмтк йй хрмтрпт юіуіааыі хірбццвш 1Й2 яіааоюі еаіеооуою рбшмглц4т9 йй оотхрснс” — такімі загадкавымі словамі заканчваецца адно з апавяданняў падборкі літаратараў-дэбютантаў у “Нашай ніве” № 1/95. Наўрад ці сам аўтар (Р. Равяка) разумее іхні сэнс, але гэта і не істотна: сёння і больш празрыстыя тэксты пішуцца без асаблівай надзеі, штоіх будзехтосьці чытаць. (...)
Спад цікаўнасці да інтэлектуальнай літаратуры, які мы назіраем сёння, не забівае яе (па-ранейшаму пішуцца неблагія вершы, апавяданні і п’есы, выдаюцца ўсе старыя і некалькі новых часопісаў), але, парадаксальным чынам, робіць яе яшчэ больш элітарнай, вучыць нас пісацьужо не для ўсіх, а толькі для нямногіх. Літаратар сёння свабодны, як ніколі раней, бо ведае, што за напісанае не атрымае ні ордэна, ні кватэры, ні турэмнага тэрміну ці якога яшчэ прыстойнага ганарару. I гэта дае падставы, напрыклад, лідару ТВЛ Алесю Аркушу заклікаць да ператварэння прыгожага пісьменства ў свайго кшталту балет літараў і сімфанічную музыку гукаў, да канчатковага вызвалення яго ад ленінскага прынцыпу “народнасці” — ідэалагічнай машыны вытварэння “народных пісьменнікаў” (гл. “Ксеракс беларускі” № 3).
“Чым менш абывацеляў удзельнічае ў літаратурным працэсе (у якасці тых, хто піша або чытае) — тым менш “здаровага сэнсу”
пранікае ў напісанае. Літаратура сёння, не зважаючы на пэўную настальгію па вялікім чытачы, цешыцца сваёй свабодай ад яго, расцякаеццаморамдзівосныхэксперыментаўігалюцынацыяў. Напэўна, не дарма Юрась Пацюпа ў тым жа нумары “Ксераксу” атаясамляе сучасную літаратуру з таямнічай глюкаўкай: “Глюкаўка — прадукт працы, які не мае кошту пры каласальных затратах індывідуальнай працы. Яна — ідэальны шэдэўр, калі мастацкая творчасць — гэта вытворчасцьжыццёва непатрэбных рэчаў”.
У гэтым тэзісе мы знаходзім тлумачэнне адрознасці кансерватыўнага рэалізму ад рэвалюцыйнага шызапісьма: рукой вольнага літаратара водзіць не пачуццё грамадзянскага абавязку і не разлік на дастойную аплату сваёй працы, а сіла бессвядомага, абыякавага да ўсялякіх разлікаў і абавязкаў Жадання, пра якое Ж. Дэлёз і Ф. Гватары кажуць так: “Жаданне ігнаруе абмен, яно ведае толькі дарунак і крадзёж... Шызафрэнік перайшоў мяжу, за якую рэпрэсіўнае грамадства выдаляе вытворчасць жадання. Ён свабодны, безадказны, адзінокі і вясёлы Заратустра. Ён проста перастаў баяцца з’ехаць з глузду" (“Капіталізм і шызафрэнія”)”.