• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    ***
    Toe, што я не зважаў на чытача як чытача, а думаў адно пра канцэптуальныя змены ў нашай культуры, праз некалькі год пачало давацца ў знакі. Выданне, разлічанае на масавую публіку (прынамсі, у задуме), мусіла дбаць пра адпаведны наклад. I хаця літаратурна-філасофскі сшытак фармальна не замінаў гэтаму, бо быў толькі дадаткам і выходзіў раз на месяц, але і наўрад ці спрыяў.
    Неяк мы ладзілі сустрэчу з французскай амбасадай і з гонарам развесілі на сценах старонкі “ЗНО” з грунтоўнымі перакладамі Фуко, Дэлёза, Ліятара, Леві-Строса, Дэбрэя...
    Амбасадар і ягоная світа тады моцна дзівіліся: у нас такое немагчыма, каб складаныя філасофскія тэксты друкаваліся ў грамадскім выданні, створаным для масавага чалавека. Потым я не аднойчы выхваляўся, маўляў, “ЗНО” робіць тое, што дзівіць нават французаў. I толькі значна пазней зразумеў, што хваліцца не было чаго, паколькі шараговага чытача газеты, сфармаванага канонам расійска-савецкай культуры, усё гэтае незразумельства, ды на беларускай мове, толькі прыніжала і, напэўна, тым яшчэ і абражала.
    Цяпер мне не складана зразумець, што ў кулуарах міністэрства “праблема “ЗНО” пачала абмяркоўвацца значна раней, чым быў зроблены канчатковы вырак — трэба пазбаўляцца ад сшытка. I толькі калі з’ехала ў ЗША галоўны рэдактар Вольга Іпатава і нам прызначылі новага міністра, пра гэта пачалі казаць уголас. Хаця, відаць, начальнікам чагосьці не хапала, нейкага пераканаўчага аргумента, паколькі праект не выглядаў шараговай з’явай, каб яго касаваць з нейкай няўцямнай прыхамаці.
    I тут...
    Якраз у гэты час Ігар Бабкоў з Валеркам Булгакавым стварылі першы беларускі філасофскі часопіс “Фрагменты”. Пра гэтую, у інтэлектуальным сэнсе вялікую, падзею яшчэ будзе асобная гаворка. А вось стасоўна “праблемы “ЗНО” часопіс
    апынуўся тым важкім і апошнім аргументам для начальнікаў, каб скасаваць ужо даўно толькі “мой” праект.
    — Валянцін, — сказалі мне начальнікі, — цяпер, калі ёсць філасофскі часопіс, усё тое, што Вы робіце ў тыднёвіку, будзе больш натуральна і правільна рабіць у “фрагментах”. А Вам мы прапануем месца першага намесніка галоўнага рэдактара і штомесяц дзве паласы ў газеце дзеля тэкстаў, якія маглі б вабіць і шараговага чытача...
    Так “ЗНО” сталася гісторыяй.
    Дарэчы, я забыўся адзначыць. Кожны нумар літаратурнафіласофскага сшытка канцаваў афіцыйны рэліз:
    Рада “ЗНО”: Валянцін Акудовіч (адказны за выпуск), Алесь Разанаў, Ігар Бабкоў, Юрась Барысевіч, Валерка Булгакаў, Сяргей Мінскевіч.
    Р. S. Я рэдка ўплішчваў у “ЗНО” свае тэксты. Сярод нешматлікіх быў і той, што высветліў перспектыву майго здумлення на ўсё будучае. Якраз тады мяне захапіла і панесла праз гады тайніца ніштпо, няма, адсутнасці. Як гэта можа быць — не быць? I ўсе мае кнігі ў той ці іншай меры будуць пошукам адказу на гэты метафізічны запыт. А пачынаўся шлях у нікуды з тэксту “Мяне няма”, надрукаванага ў “ЗНО”. Ён ніяк не ўкладаўся ў кантэкст маёй гісторыі пра літаратурна-філасофскі сшытак, хаця быў народжаны гэтай гісторыяй. Таму я вылучыў яго ўпаасобку.
    Зрэшты, ён і мусіць быць упаасобку ад усяго, што я напісаў.
    МЯНЕ НЯМА
    Тое, што ёсць, таго ўжо не будзе.
    Я ёсць — значыць, мяне ўжо не будзе. Ніколі. Нідзе.
    Мяне ніколі болей не будзе!
    Быццё — гэта месца, дзе збіраюцца канаць назаўсёды ўсе магчымасці быцця. Татальны могільнікусяго, што мела волю быць.
    Вусціш быцця ў тым, што быць больш трагічна, чым не быць. Бо быць — гэта ўжо быць, а не быць — гэта толькі яшчэ не быць.
    У быць адзіны сэнс — болей не быць. Нідзе. Ніколі.
    Гэтаму метапесімістычнаму разуменню быцця як татальнага анігілятара ўсяго, што было вымкнутым у быццё, стае ў апазіцыю метааптымістычная ідэя быцця як месца, дзе ўсё, што з’яўляецца быць, застаецца назаўсёды або ў вечным кругавароце, або ў несупынных працэсах трансмутацый...
    Але і той, хто кажа, што ўсё несмяротнасць, і той, хто кажа, што ўсё смяротнасць, пражываюцьаднолькаваежыццё. I, напэўна, пасля смерці яны не разыходзяцца ў розныя бакі — адзін у вечнае Нешта, другі ў вечнае Нішто, — а трапляюць у нейкую адну наканаванасць. У наканаванасць адсутнасці таго, што было.
    Праклён быцця — яно адбірае быццё.
    Неяк бацька паскардзіўся маці:
    — Пражыў жыццё, а навошта жыў? Ужо смерць не за гарамі, а навошта жыў?..
    — Куды ад смерці падзенешся? 3 варонамі не паляціш! — адказала маці.
    Абыякавасць быцця стасоўна мяне і мая любой да яго — вось на чым я ўкрыжаваны да скону. Хаця больш дакладна будзе казаць не пра маю непатрэбнасць быццю, а пра неабавязковасць менавіта мяне ў быцці. Бо сказаць, што быццю непатрэбны чалавек як феномен быцця (да якога, зразумела, дастасаваны і я), было б залішне безадказна.
    Чалавек увогуле, чалавек як феномен быцця, пэўна ж, для нечага патрэбны быццю. Прынамсі, цяжка, амаль немагчыма пагадзіцца, што феномен чалавека паўстаў з выпадковага збегу акалічнасцяў фізічнага свету, што чалавек сваім цэлым нічым большым за гэтае цэлае не абгрунтаваны, ніякай трансцэндэнтнай задумай не абумоўлены.
    Занадта буйна, мудрагеліста, вытанчана арганізаваны быццё для чалавека, сам чалавек і той фенаменальна багаты і фантастычна згарманізаваны свет цывілізацыі, які чалавекстварыў, каб лічыць усё гэта толькі няўцямнымі прыгодамі законаўтэрмадынамікі...
    Феномен чалавека і я-чалавек — гэта рашуча розныя падзеі. Калі карыстацца фальклорным параўнаннем, то феномен чалавека — гэта дрэва (дрэва жыцця), а я-чалавек — лісток на тым дрэве. I хаця лісток немагчымы без дрэва, у лістка і дрэва дзве розныя
    сутнасці, два розныя зместы быцця і, верагодна, два розныя зместы ўбыцці.
    Я сам — лісток, і неўзабаве восень. Дрэву яшчэ быць і быць, і кожную вясну на ім будзе шапацець новая лістота. А я ўсё часцей паглядаю на дол. Адтуль пад ранак ужо цягне холадам, і я пачынаю здагадвацца, што ў лістка і дрэва зусім розныя далягляды: дрэву наканаваны лёс, лістку — толькі доля.
    Можа, яно і добра, што ад вясны да восені лісток мысліць і пачувае сябе дрэвам.
    Можа, яно і добра, што я-чалавек тоесніць сябе з феноменам чалавека, бо з гэтага ён мае хоць нейкі аптымізм быцця.
    Мною жыццё не вершыцца, — кажа ён. I яму лягчэй адыходзіць у невараць. Але не толькі знікаць у небыцці — быць у быцці яму лягчэй і весялей, калі ён атаесамляе сябе з усёй гісторыяй людства, з усёй культурай і цывілізацыяй, з усім мысленнем і з усім эмацыйным досведам. Які я вялікі і магутны, які я разумны і здольны, — думае задзіночаны з усім людскім я-чалавек і пачувае сябе трохі бясконцым і трохі вечным...
    Праз дарогу ад хаты, дзе я нарадзіўся і асталеў, за высокім каменным мурам пачыналіся старыя, зарослыя могілкі. Як толькі мне было дазволена перабягаць праз дарогу, увесь вольны час я бавіў з сябрукамі на могілках. Яны былі для нас дзіцячай пляцоўкай, садком, піянерлагерам, стадыёнам... Там мы гуляліўхованкі, індзейцаў, футбол, карты. Пазней там сустракаліся і гулялі з дзяўчатамі. На ўжо ледзь прыкметных магільных капцах добра спелі суніцы. Яны былі буйнымі і салодкімі. Больш буйнымі і салодкімі за звычайныя — ці гэта нам толькі здавалася, бо патрэбная была пэўная адвага, каб ласавацца ягадамі з капцоў над дамавінамі, хай сабе і спарахнелымі.
    Могілкам было некалькі стагоддзяў, і пад нашымі нагамі спрэс пластаваўся чалавечы прах. Але калі не лічыць рэшткаў збуцвелых каменных крыжоў ды плітаў і рудых ад іржы жалезных агароджаў, запакаваных у густое кустоўе, то гэтае месца нічым не рознілася ад старога парку ці вячыстага лесу, паколькі ўжо ніхто не памятаў пра тых — пад дзірваном...
    Хто тут быў, а хто не быў? Нехта быў — гэта адзінае, што мы ведалі. Бадай, нават не Нехта, а ўсяго толькі Нешта... Нешта было тут, адбывалася, і ў гэтым адбыванні Нечага неяк прысутнічалі тыя,
    над сатлелым прахам якіх цяпер раскінулі свае шаты ліпы, ясені ды грабы.
    Напэўна, мне не трэба было гойсаць па напластаванні праху, скакаць праз здзірванелыя магільныя капцы, есці жменяй сакавітыя суніцы, мілавацца з дзяўчынай на заімшэлых магільных плітах... Напэўна, мне не трэба было перабягаць дарогу на могілкі, і тады я разам з другімі суцяшаў бы сябе, што не знікну дазвання ў невараці, а нейкім чынам перабяруся ў адвечнае быццё...
    Але я залішне доўга бавіўся на старых могілках, каб не памятаць, ува што згортваецца жыццё чалавека, чым і дзе яно вершыцца. I таму, калі закарцела спытацца пра самае кранальнае — што ёсць быццё, хто ёсць ты, і ці знойдзецца ў цябе нешта, праз што ты апасля не згубішся ў небыцці, я ўжо ведаў пачатак адказу: быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на надмагільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары.
    Заставалася апазнаць працяг гэтага ведання. Але чым далей я паглыбляўся ў росшукі, тым больш ясна разумеў, што ўсё болей губляю тое, што шукаю. А потым і зусім згубіў. I ў які бок ні аглядаўся, куды ні зазіраў, — няма мяне.
    Чалавека можна прыдумаць — ды нельга знайсці. Без ліхтара ці з ліхтаром. Здаецца, гэта адзінае, што я зразумеў, скрэмзаўшы столькі паперы.
    Нельга знайсці тое, чаго няма. Марна шукаць я-чалавека ў нейкіх яшчэ вымерах, акрамя тых, што можна памацаць пальцамі. Я-чалавек заўсёды па-за кантэкстам сакральнага, ён цалкам месціцца ў прасторы рэальнага і ўвесь дарэшты вычэрпваецца экзістэнцыйным адбываннем тут-быцця.
    БУМ-БАМ-Л IT
    Пасля стварэння літаратурна-філасофскага сшытка “ЗНО” ў рэдакцыю “Культуры” пацягнуўся розны нефарматны народ. Бо хаця час ужо быў адносна вольны і з’явіліся незалежныя выданні, але іх інтэнцыі пераважна кіраваліся ці на разбурэнне савецкіх стэрэатыпаў, ці на фармаванне стэрэатыпаў нацыянальнага Адраджэння. А тут запрашалі да нязмушанага мыслення і нічым не скутай творчасці. Да таго ж гэта была не нейкая самаробная брашурка (якіх тады ўжо хапала), а паважнае дзяржаўнае выданне з шырокім чытацкім кантэкстам.
    Так пакрысе на старонках сшытка асвойталіся Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч, Валерка Булгакаў, Сяржук Мінскевіч, Алесь Туровіч, Усевалад Гарачка і шмат хто яшчэ. (Дарэчы, ладная частка з іх потым у розныя гады будзе працаваць у рэдакцыі “Культуры”, а Ілля Сін нават стане галоўным рэдактарам.)
    Натуральна, акрамя ўласных тэкстаў, маладых геніяў вабіла і жывая публічная прастора. На розных пляцоўках яны чыталі сваю прозу, дэкламавалі вершы, спявалі песні... Усё гэта разам якраз і зрабілася падставай новага і ці не самага яркага літаратурнага руху беларускай сучаснасці... Вось як апісвае гэты пралог Сяржук Мінскевіч у сваёй кнізе “Я з Бум-Бам-Літа” (між іншым, выдатнай кнізе):