• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    “У рэдакцыі газеты “Культура” сабраўся штаб правядзення паэтычнага канцэрта ў менскім парку культуры і адпачынку імя Горкага. Тут і паўсталі пытанні: “як назваць імпрэзу”, “якая будзе канцэпцыя”, і самае галоўнае — “хто мы”? Адказы знайсці было складана, тым больш літаратары не ведалі, перад якой публікай яны будуць выступаць. Але пытанні самі сабой зняліся, калі Зміцер Вішнёў прапанаваў
    у якасці заклічнага гонга выкарыстоўваць на сцэне рондаль — “бумбам” — проста біць у яго малатком.
    — Эўрыка, — усклікнуў аўтар гэтых радкоў, — Бум-Бам-Літ! (...) Калі твор не зробіць бум, то няхай ён зробіць бам.
    Акцыя была названая “Фарматворы Бум-Бам-Літу”, і хоць назва планавалася толькі на адну гэтую акцыю, дзіўнае слова “Бум-БамЛіт” замацавалася за ўсім рухам.
    Адсюль усё і пачалося. Хаця перад самім выступленнем пры дэталёвым аглядзе кватэры Сержа Мінскевіча ў ёй не было знойдзена непатрэбнага-патрэбнага рондаля, затое гаспадар заўважыў на балконе даўно забыты суседзямі пакамечаны алюмініевы тазік з чарназёмам. Тазік быў памыты, а на яго баках былі напісаны, падобна променям купальскагасонца, цыбатыя літары БУМ БАМ.
    Так паўстаў Бум-Бам-Літ”.
    Гэта ўвогуле цікава, чаму ў нейкую пару літаратурныя суполкі ды рухі растуць, як грыбы пасля дажджу, а потым мінаюць дзесяцігоддзі — і ніякага варушэння? У прыклад я мог бы звярнуцца да гісторыі еўрапейскай ці рускай літаратураў, але ў мяне і так зашмат літаратуразнаўства. Навідавоку хіба адна досыць устойлівая прыкмета: найчасцей такое здараецца на зломе эпохаў, і не абавязкова сацыяльна-палітычных, але і эстэтычных.
    У дзевяностых гадах (XX ст.) у нас, акрамя шырока вядомых “Тутэйшых", “Таварыства вольных літаратараў” і “Бум-Бам-Літа”, яшчэ трохі заявіла пра сябе суполка “Вулей” (лідар Антон Тарас) і, здаецца, “Вецер ды плынь” (лідары Ігар Бабкоў і Міхась Баярын). Апошнюю згадваю адно, каб трохі падвесяліць сябе ў гэты шэры і мокры лістападаўскі дзень...
    Відаць, пад уплывам публічнага поспеху Бум-Бам-Літа глыбока сімпатычныя мне Ігар з Міхасём таксама надумалі нешта падобнае выштукаваць, толькі з радыкальна іншай (элітарнай) праграмай. Яны сабралі невялічкую сціжму ахвочых, паехалі на ноч у Вязынку і ля вогнішча рэфлексавалі ды медытавалі скрозь алкагольнае паўсонне да ранку. А як вярнуліся ў Мінск і добра выспаліся, дык хутка забыліся і на плынь, і на вецер...
    'к'к'к
    Я ў Вязынку не змог паехаць, а вось на першы выступ Бум-БамЛіта ў парку імя рускага пісьменніка Горкага патрапіў. Што праўда, не без прымусу — бо ўжо тады моцна не любіў публічныя імпрэзы.
    Ну што тут сказаць — скрыня Пандоры адчынілася, і адтуль павылятала чорт ведама што. (Вочы мае б не бачылі і вушы не чулі.) Бо адна рэч, калі ты друкуеш страхалюдныя тэксты, якія нехта будзе чытаць у адлюдстве сам сабе, і зусім іншае, калі нешта падобнае слухаеш разам з размаітым натоўпам, зважаючы не столькі на выступоўцаў, колькі ўслухоўваючыся ў калектыўнае падсвядомае гэтага натоўпу.
    Хаця фармальна ўсё выглядала як мае быць: сцэна, канферанс, публіка — хто паводле абвестак, хто з адпачываючых... Разам з тым, усё было як не мае быць, пачынаючы ад грукату малатка ў пакамечаны тазік (потым малаток зменіць цыркавая булава жанглёраў)...
    Перадусім шмат незразумелых словаў, а яшчэ больш незразумелых сэнсаў ды рухаў... Відавочна, хлопцы і не мерыліся спадабацца публіцы. Тым болей — быць зразумелымі. А чаго яны хацелі, запрашаючы людзей і выступаючы перад імі? Напэўна, каб сказаць класічнае: шаноўныя, ужо “няма таго, што раньш было”. Новы час патрабуе новых формаў, словаў і сэнсаў. I мы іх шукаем... А вы не спяшайцеся нас ганіць, бо не толькі мысленню і паэтычным формам, але і вам самім ужо час змяняцца.
    Нягледзячы на ўвесь гэты літарацкі шабаш, публіка нават трохі пляскала ў ладкі. Нехта — таму, што на канцэртах трэба пляскаць, а хтосьці — вітаючы новую дзёрзкасць...
    Пасля канцэрта мы сядзелі на беразе Свіслачы з півам, і хлопцы абмяркоўвалі, як ім жыць далей. Сярод усяго іншага нехта запрапанаваў скласці маніфест Бум-Бам-Літа. Прапанова была слушная і таму ўсім спадабалася. Пакуль яны абмяркоўвалі тэзы, мне падумалася...
    — Слухайце, — сказаў я, — а чаму б кожнаму з слупоў БумБам-Літа не напісаць уласны маніфест, а я іх надрукую ў “ЗНО”. Такога нашэсця маніфестаў паводле адной літаратурнай падзеі яшчэ ніколі не было.
    Пасля маўклівай паўзы хлопцы хутка ажылі, вочы загарэліся, пляшкі з півам бадзёра стукнуліся адна аб адну. А як піва глынулася, я дадаў: тым болей, у кожнага постмадэрніста a priori ўласны постмадэрн.
    Слупы Бум-Бам-Літа: Барысевіч Юрась, Бахарэвіч Альгерд, Васанская Жанна, Вішнёў Зміцер, Гарачка Сева, Мінскевіч Сяржук, Сін Ілля, Патаранскі Сяргей, Туровіч Алесь... (Пазней да гэтага спісу прылучацца новыя героі, найперш згадаю Жыбуля Віктара, Морт Вальжыну, Кавалеўскага Арцёма...)
    Р. S. У згаданай вышэй кніжцы Сержа Мінскевіча “Я з Бум-БамЛіта” сцвярджаецца, што менавіта я прыдумаў калектыўную мянушку лідарам руху — “слупы”. Аднак гэта не зусім так. Напачатку хлопцы чамусьці называлі сябе па-руску “столбамн”, а я толькі нагадаў ім пра адказнасць перад роднай мовай. Такую драбязу быццам і не варта было чапляць, толькі перакладзенае слова, як і “тазік”, сталася вітрынным у лёсе гэтага руху.
    •kick
    Маніфесты былі надрукаваныя ў вераснёўскім нумары “ЗНО” за 1995 г. Яны захапілі тры паласы сшытка і ўжо толькі гэтым фактам як бы прадвызначылі маштаб падзеі. Але іх інавацыйная эўрыстыка не магла быць вымерана ніякім фармальным маштабам.
    Дзеля прэзентацыі ў мемуарах з усяго масіву тэкстаў я быў вымушаны адабраць толькі невялікую частку фрагментаў. Псіхалагічна гэта была цяжкая праца, бо за маім выбарам засталося куды болып не выбраным таго, што мусіла тут апынуцца. Цяжкай яна была яшчэ і таму, што, чым далей я ўчытваўся
    ў тыя даўнія тэксты, тым больш выразна ўсведамляў, наколькі з той пары змізарнела наша літаратурная інтэлектуалістыка.
    Але наастачу гэтага эпізоду трохі вясёлага...
    Позна ўвечары “сшытак” з маніфестамі быў звярстаны, і я паехаў ночыць (а хлопцы яшчэ засталіся ў рэдакцыі). He паспеў увайсці ў хату, як яны тэлефануюць і з рогатам паведамляюць, што ўпрасілі вярстальшчыка прыціснуць да суплёту маніфестаў абвестку (цытую паводле арыгіналу):
    БУМ — НАВІНА
    Калі гэты выпуск ЗНО быў ужо вярстаны, мембры (слупы, зрухары, бубнары і г. д.) Бум-Бам-Літа ўсеагульным грукатаннем вырашылі надаць Акудовічу Валянціну, слупу ад нараджэння, тытул БЕССМЯРОТНАГА ХРОСНАГА БАЦЬКІ БУМ-БАМ-ЛІТА, а таксама ганаровае права першачарговага бумкання ў Тазік новай літаратуры.
    Штаб ББЛ
    Праслухаўшы абвестку, я хацеў моцна абурыцца, але адно дыпламатычна выказаў глыбокі сумнеў у мэтазгоднасці яе публічнай агалоскі. Толькі хлопцы ўжо наперад вымудрылі, быццам вярстальнік сышоў дахаты і цяпер нічога нельга змяніць, бо трэба тэрмінова везці макет газеты ў друкарню...
    Натуральна, у той вечар я нават падумаць не мог, што гэты сітуацыйны жарт некалі станецца трывалым фактам маёй біяграфіі і яго (“Хросны бацька Бум-Бам-Літу”) раз-пораз стануць згадваць розныя літаратурныя крытыкі ды аглядальнікі, аналізуючы нечаканы феномен (не)прыгожага беларускага пісьменства. Я да гэтага настолькі прызвычаіўся, што пазней і сам не аднойчы ў артыкулах да розных даведнікаў нагадваў пра “хроснага бацьку” — праўда, не без стоенага прысмеху.
    Дарэчы, для мяне гэты статус апынуўся зручным яшчэ і таму, што, шчыльна хаўрусуючы з слупамі руху, я рашуча не пагадзіўся кааптавацца ў ягоны склад, паколькі што ў грамадскай дзейнасці, што ў творчасці мне болып натуральна фармалізавацца выключна вакол самога сябе. Але з статусу “хроснага бацькі” я атрымаў і даволі лішніх турботаў, бо, не зразумеўшы жарту, журналісты чапляліся да мяне ці не часцей, чым да якога з бумбамлітаўцаў паасобку.
    ***
    СЕРЖ ЖУК-МІНСКЕВІЧ. МАНІФЕСТ БУМ-БАМ-ЛІТА (фрагмент) Бум-Бам-Літ — гэта не аб’яднанне, не таварыства, не суполка, не саюз, гэта — рух. Рух дзейнай, жвавай беларускай літаратуры, творы якой імкнуцца зрабіць бум... А бум бывае розны: бум захаплення, бум пераймання, бум чаравання, бум сенсацыйнасці і адчування незвычайнага і нават бум неразумення... А калі ніякі з усіх бумаў для пэўнага абы-абыякавага зямляніна зусім і не бум, то тады... няхай гэта будзе (для яго) проста бам — воплеск паветра, — чым насамрэч і з’яўляецца любы прамоўлены твор літаратуры.
    Як усялякі вольны рух, Бум-Бам-Літ можа прыхопліваць усіх, хто захоча прыхапіцца, і можа выпускаць усіх, хто захоча адчапіцца. А ўдзельнікі “зрухары” — могуць ствараць у яго глыбінях свае адмысловыя плыні (кірункі творчасці), свае віры (літаб’яднанні). Іх творы могуць быць усялякімі: ад рэалістычных да інсінуацыйных, ад псіхалагічных да шызарэалістычных, ад прымітывісцкіх да транслагічных, ад сентыменталісцкіх да татальна эпатажных. Няма аніякіх абмежаванняў творавыяўлення, акрамя ўласнаабраных крытэрыяў самаацэнкі...
    ілля сін. маніфест х (скарочана)
    X з'яўляецца задзіночаннем людзей, якім надакучыла. Нудота — вось што забівае нас, але адначасова і падштурхоўвае да дзеяння, і мы нешта чынім, пішам творы і ствараем усялякія літаратурныя аб’яднанні ды партыі.
    Мэта X: 1. Уплыў яе сяброў на аб’ектыўнае становішча рэчаў. У гэтым дачыненні X з’яўляецца арганізацыяй не дэмакратычнай, а, хутчэй, аўта-таталітарнай, бо за мэту прымаецца неабмежаваны ўплыў нейкай абмежаванай колькасці асобаў на шырокія пласты грамадства.
    2.	Звяржэнне з пастаменту аб’ектыўных ісцінаўі замена іхсуб’ектыўнай бязглуздзіцай. Кожны чалавек мае права абсталёўваць свет на свой лад.
    3.	Здзек са святыняў (маральныя ўстоі, культура, іерархіі каштоўнасцяў і г. д.). Мы не сцвярджаем, што яны недасканалыя, але ўсё, што створана, мусіць быць дэканструяванае на ўзроўні асобы.
    Шляхі дасягнення: эпатаж і буйнамаштабныя правакацыі. Эпатаж — сродак самаабароны Асобы ў грамадстве эпохі постмадэрнізму.
    (...)
    X не можа мець пэўнай структуры і не прадугледжвае аніякіх кіраўнічых пасадаў. Індывідуальнасць кожнага з яе сяброў мусіць напоўніцу прымацца ўсімі. 3 гэтай жа прычыны арганізацыя не можа мець аніякае агульнапрынятае сімволікі і мастацкіх прынцыпаў.
    ЮРАСЬ БАРЫСЕВІЧ. ЛІТАРАТУРА 3 ПЕРШЫХ РУК (фрагмент)