Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Завершыць гэты фрагмент хацеў бы вяртаннем да ягонага пачатку, каб шчыра запытацца ў самога сябе: а насамрэч ці была (ёсць) у мяне хоць якая роля ў гэтай гісторыі з Бум-БамЛітам, акрамя міфапаэтычнага “хроснага бацькі”? — Бадай што, была (ёсць). Гэта роля адваката Бум-Бам-Літа. I хаця публічна мне не лішне часта даводзілася выступаць у ягоную абарону, але ў такім азначэнні найболей праўды...
На гэтым я пакідаю Бум-Бам-Літ. Пакідаю ў пару яго росквіту. Наперадзе яшчэ о-го-го колькі ўсяго. I славутага, і прыкрага. Можа, яшчэ некалі будзе ў мяне раздзел “Бум-Бам-Літ у працяг”, а можа, і не. Бо залішне шмат чаго просіцца быць згаданым. Нават не ведаю, за што хапацца. Час быў такі — навальнічны. Як з рога ўсё сыпалася адразу, і ўсё падавалася не проста значным — фантастычным...
ІНТЭЛЕКТУАЛЫ I ПЛОШЧА
Інтэлектуалы таксама людзі, і нішто чалавечае іх не абмінае. У завею яны абстаўляюць каўнер, у спякоту хаваюць нос пад брылём, зімой чакаюць калядаў, а ўвесну — калі жанчыны распрануцца. Хаця, адрозна ад іншых, інтэлектуалы пры гэтым яшчэ думаюць “трохі пра вечнае” (Янка Брыль). Ну, не абавязкова пра ўласна вечнае, аднак у кожным разе пра тое, што не ўбачыш вокам. Што можна спазнаць адно нястомным думаннем.
Калі па-добраму, дык яшчэ на самым пачатку сваіх крэмзаў мне трэба было дэканструяваць панятак “інтэлектуал”, каб кожнаму было бачна, што я разумею пад гэтым лацінізмам. Толькі неяк не склалася раней. Таму паспрабую зараз...
Адкрываючы сайт Belintellektuals.com, арганізатары прапанавалі мне дыскусію на тэму “Чым ёсць інтэлектуал?”. Фрагментамі з яе я і распачну раздзел, прысвечаны загалоўным героям нашага часу.
Аляксандр Адамянц: Слова “інтэлектуал” адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту... 3 гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра “беларускіх інтэлектуалаў”? Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу? Магчыма, для нашага беларуска-расейскага культурнага арэала больш арганічным выступае слова “інтэлігенцыя”?
Валянцін Акудовіч: У мяне алергія на даведкавую літаратуру. Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі “інтэлектуал" і “інтэлігент” тлумачальныя слоўнікі. Сам я іх розніцу вызнаю гранічна проста. Інтэлектуал — гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент — этычная. Класічны расейскі інтэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў
этычным імператывам. Але паколькі этычнае як цэлае ўжо даўно апынулася наўсцяж інтэграваныму тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі.
Зрэшты, у дэфініцыі “інтэлектуал” цяпер таксама праблемаў з каптуром. Паколькі ў шырокім сэнсе інтэлектуал — гэта той, хто займаецца разумовай (інтэлектуальнай) працай, дык ужо сёння інтэлектуалам можна назваць калі не кожнага, дык кожнага другога. А з улікам таго, што колькасць фізічнай працы, як толькі фізічнай, неўзабаве апынецца блізу нуля, дык перспектываў у гэтай дэфініцыі таксама не бачна. Але паколькі ў беларусаў яе раней не было, а знайшлася адно кагадзе, дык для сябе я яе абараніў мерай эўрыстыкі, каб як найдалей развесці інтэлектуалаў, якія займаюцца “механічнай” разумовай працай, адтых, для каго інтэлектуальная дзейнасць ёсць формай эўрыстычнай творчасці.
Вольга Шпарага: У адным з сваіх эсэ вы сцвярджаеце, што той, хто заангажаваны лёсам Беларусі, мусіць перадусім вызначыць праблемай самога сябе, стаць самастойным суб’ектам беларускай прасторы. Інакш кажучы, вызначаць сабе ў задачу не паслугаванне нейкай Ідэі, да прыкладу, нацыянальнай, а крытычнае стаўленне да гэтай Ідэі і да самога сябе як да яе носьбіта (нават калі праз гэта давядзецца адмовіцца ад Ідэі...). Для мяне гэтая ваша тэза і азначае заклік стаць інтэлектуалам. Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? I ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?
В. А.: Інтэлектуалаў (і ў маім, эўрыстычным, разуменні) у нас даволі. Прынамсі, тыя асяродкі, у якіх я пераважна знаходжу сябе, складаюцца менавіта з іх. Магчыма, і залішне самаўпэўнена, але сябе я таксама тарную з інтэлектуаламі. Як жа яшчэ назваць чалавека, які здольны закахацца ў прыгожую думку, як у прыгожую жанчыну? А можа, і яшчэ мацней!..
Што праўда, сёння адбываецца татальная мінімізацыя ролі інтэлектуала. Гэтаму свету інтэлектуал як інтэлектуал зрабіўся, лічы, не патрэбным. Яму даволі палітыка, паліттэхнолага і журналіста... Толькі нягледзячы на відавочнасць гэтай тэндэнцыі, мне ўяўляецца надзвычай істотным, каб у Беларусі выразна акрэсліўся яркі, адметны і эўрыстычны інтэлектуальны дыскурс. Без яго Беларусь будзе заставацца няпоўнай. Моцна няпоўнай.
В. Ш.: Так сталася, што ў еўрапейскай культуры, прынамсі, да эпохі постмадэрну, інтэлектуаламі былі высокаадукаваныя людзі. Аднак інтэлектуаламі іх рабіла не толькі адукацыя, а разуменне неабходнасці свайго актыўнага ўлучэння ў тыя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. У гэтым сэнсе традыцыйным для еўрапейскага інтэлектуала быў удзел у палітыцы (аб гэтым, у прыватнасці, нагадвае і М. Фуко). Хаця недзе з 60-х сітуацыя на Захадзе мяняецца, і гэта звязана з тым, паводле Фуко, што Macaw робіцца непатрэбнай кіруючая роля інтэлектуала, паколькі цяпер яны і без падказак пачынаюць разумець, што адбываецца вакол... У звязку з гэтым у мяне будуць наступныя пытанні: ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай; ці абавязкова мусіць інтэлектуал быць гуманітарыем і філосафам; у якіх стасунках, на ваш погляд, сёння знаходзяцца філасофія і палітыка?
В. А.: Тут я, хутчэй, салідарызуюся з тым Фуко, які фіксуе страту інтэлектуалам сваёй ролі, чым з вамі, Вольга. Насамрэч у сучаснай рэальнасці інтэлектуал і ягоная праца не патрэбныя ні ўладзе, ні масаваму чалавеку. Хутчэй, наадварот — яны ім толькі замінаюць. Калі каму сёння хоць часткова і патрэбны інтэлектуальны плён, дык гэта паліттэхнолагам (яшчэ раз нагадаем паноўную трыяду: палітык, паліттэхнолаг, журналіст), якія зрэдзьчас ім карыстаюцца для сваіх зусім не інтэлектуальных мэтаў. I таму на вашае запытанне: “Ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай?” — я без сумневу адказваю: толькі там яму і месца. А калі інтэлектуал ідзе ў палітыку, дык ён перастае быць інтэлектуалам. Дакладней, ён сам мусіць выкінуць на сметнік увесь свой інтэлектуалізм, бо яму як палітыку гэта будзе адно замінаць. 3 вядомых мне беларускіх інтэлектуалаў толькі Уладзімір Мацкевіч спрабаваў удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Хаця я зусім не ўпэўнены, што ягоны інтэлектуалізм яму там дапамагаў.
В. Ш.: I ўсё ж такі, калі інтэлектуал не ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе наўпрост, дык ці трэба яму пазбягаць і крытыкі гэтай барацьбы, дакладней — тых кантэкстаў, у якіх гэтая барацьба адбываецца? Інакш кажучы, ці патрэбна інтэлектуалу крытыкаваць сацыяльнае і палітычнае?
В. А.: Вольга, я бачу, што вам вельмі карціць, каб я сказаў: так, інтэлектуалу неабходна аналізаваць, крытычна асэнсоўваць, а яшчэ лепей — ствараць новую палітычную рэальнасць. Але ж праблема
не стаіць гэткім чынам: трэба ці не трэба? Праблема якраз у тым, што сучаснаму беларускаму інтэлектуалу ад гэтага занятку не выкруціцца — хіба адно збегшы ў вартаўнікі ці вар'яты. Бо калі ён жадае быць публічна запатрабаваным хаця б у пэўных колах грамадства і пры гэтым яшчэ зарабляць грошы з свайго інтэлекту, дык яму адно і застаецца займацца альбо аналітычнай журналістыкай (здаецца, атрымаўся аксюмаран), паліттэхналогіяй ці непасрэдна палітыкай (і першае, і другое, і трэцяе, як ужо казалася, кастрыруе ў ім уласна інтэлектуала).
Нідзе болей і нікому інтэлектуал сёння не патрэбны і задарма. Таму дыскурс палітыкі, як глухая беларуская багна, ужо амаль праглынуў шэраг найболыц адметных беларускіх інтэлектуалаў. Да прыкладу, пералічу хоць колькі прозвішчаў, згаданых похапкам: Алесь Анціпенка, Уладзімір Абушэнка, Лявон Баршчэўскі, Валерка Булгакаў, Аляксандр Грыцанаў, Сяргей Дубавец, Юрый Дракахруст, Андрэй Дынько, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Фядута...
Мой уласны выпадак не шмат розніцца ад іншых. Усёй сваёй сутвай я заангажаваны ў тое, што прыблізна можна пазначыць як метафізіка адсутнасці. Аднак вось ужо колькі год не магу ўцячы ў тую адсутнасць, бо нікому, акрамя мяне самога, метафізіка сёння не патрэбная. А вось калі згаджаюся выказвацца пра сацыяльнапалітычнае, дык цягнуць ваўсебакі: і ўчасопіс, іўгазету, і на радыё... Ды часам яшчэ і капейчыну заплацяць за “крытыку сацыяльнага і палітычнага”. А з трансцэндэнтнага не памятаю, каб хоць адзін нішчымны грошык калі вываліўся.
В. Ш.: I як на ўсе сучасныя праблемы можам рэагаваць мы, інтэлектуалы?
В. А.: Тут займеннік “мы” наўрад ці будзе дарэчы, бо працоўнае месца інтэлектуала знаходзіцца ў адзіноце. I таму калі і ёсць у інтэлектуалаў нейкая агульная задача — дык гэта пашыраць і вялічыць дыскурс інтэлектуалізму... “Аднак жа ўсё існуе, каб быць прыдатным дзеля нечага”, — заўважыце Вы. Ну так. Толькі каб не было інтэлектуальнага дыскурсу, дык ці адбыліся б мы з вамі як інтэлектуалы, азначыць ці адбыліся б іўвогуле? Можа, інтэлектуалізм паўстаў і сфармаваўся як дыскурс зусім не дзеля “нечага”, а толькі для “некага". Можа, ён і існуе адно дзеля таго, каб было куды прыйсці
і было дзе застацца тым, каму кон уплёў у зялёнае вецце жыцця папяровую стужку інтэлектуалізму?
Зрэшты, а чым яшчэ ёсць і само жыццё, як не ўсяго толькі месцам, куды можна прыйсці і дзе можна застацца на нейкі час?
***
Гэтай дыскусіі ўжо шмат год. Што і казаць, за прамінулую пару рамантызму ўва мне значна паменела. I каштоўнасць інтэлектуалізму як такога ўжо не бачыцца настолькі бясспрэчнай, як раней. Разам з тым наша інтэлектуальная рэвалюцыя паранейшаму ўяўляецца мне феерычнай падзеяй. I сама па сабе, і як магчымасць нарэшце спатоліць прагу мыслення, ад якога мы былі адлучаныя невядома колькі часу. Але найбольш актуальным у ёй было тое, што без крытычнай рэфлексіі і самарэфлексіі мы заставаліся неспазнанымі дзеля саміх сябе і з гэтага як бы недапраяўленымі для астатняга свету. Між іншым, з гэтай сітуацыі непрааналізаванасці і неадрэфлексаванасці Беларусі ў пачатковыя гады незалежнасці атрымалі шэраг вельмі сур’ёзных сацыяльна-палітычных праблемаў ды канфліктаў...