Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Дарэчы, наконт паводле прыкметаў.
П кастрычніка 1999 года адбыўся знакаміты “Марш Свабоды”. Што да колькасці ўдзельнікаў, дык гэта было адно з самых буйных шэсцяў апошняга часу. Толькі знакамітым “Марш Свабоды” стаўся праз іншы маштаб. На спуску вуліцы ля парку Горкага да ракі Свіслач калону маніфестантаў паспрабавалі запыніць выштукаваныя з некалькіх столак шыхты амону. А маніфестанты спыняцца не захацелі. I пачалася крывавая бойка. Да таго ж пад рукой апынулася зброя пралетарыяту — складзеная для замены ходніка плітка.
Усялякае здаралася і раней, і потым, але каб так білі і ганялі амапаўцаў, я болей ніколі не бачыў. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі назаўтра паведамлялі, што толькі ў шпіталі патрапіла больш за паўсотню прадстаўнікоў праваахоўных органаў...
Аднак я не маю намеру пераказваць тую падзею як такую. Я зусім пра іншае...
Мы з Алесем Аціпенкам, натуральна, таксама маніфеставалі.АпаколькісамнойбыўсынЦімох—тадыяшчэшкольнік, —дык
маці ўльтыматыўна наказала мне нікуды не лезці, тым болей не адпускаць сына ад сябе. 3 гэтага мы ўтрох запыніліся на самым пачатку спуску перад мостам і напята сачылі за грамадзянскай вайной па-беларуску, што разгортвалася метраў на сто ніжэй. Раптам побач рэзка затармазіла міліцэйская машына, з яе выскачылі міліцыянты і кінуліся наўпрост да нас.
“Нарэшце мяне таксама схопяць", — мільганула думка, бо не мог жа я бегчы на ўсе ногі, пакінуўшы сына. Але схапілі не мяне, а толькі аднаго Алеся і, жорстка скруціўшы, пацягнулі ў машыну...
Заўтра яго ўжо судзілі і неўзабаве адпусцілі з невялікім пакараннем. Аказваецца, Алеся зняволілі замест невядомага нам мужчыны ў падобнай скуранцы, які на горкі яблык збіў міліцэйскага капітана.
Карацей, майго сябра схапілі паводле прыкметаў, распаўсюджаных сярод “ціхароў”, якія і выклікалі групу захопу. А я гэтым сюжэтам скарыстаюся яшчэ дзеля таго, каб удакладніць сваю навуку вулічнага супраціву: так, не трэба саромецца ўцякаць дзеля самога сябе. Разам з тым ніхто ніколі не можа ведаць напэўна, што пасля выправы на Плошчу начаваць будзе ў роднай хаце пад пярынай, а не на голых турэмных нарах. Усе сітуацыі наперад ніколі не пралічыш. Таму я заўсёды адпаведна апранаўся і набіраў поўныя кішэні цыгарэтаў, а цяпер яшчэ туды ж піхаю розныя пігулкі, бо, як вядома, гады бяруць сваё.
Напісаўшы апошнія парады, весела пасміхнуўся. За гэтыя два дзесяцігоддзі супраціву народналіу дыктатару ён (супраціў) так засмеціў свядомасць, што ўжо нават не думаеш, быццам некалі ўсё будзе інакш.
Вулічныя падзеі даволі часта мелі працяг у самых розных палітычных (і не толькі) фарматах. А ўжо апісанай вышэй a priori было наканавана мець іх столькі, што ні ў які мех тыя фарматы не запхнеш.
Натуральна, адразу пасля “Маршу Свабоды” пачаліся масавыя арышты. Міколу Статкевіча, аднаго з галоўных завадатараў, арыштавалі сярод першых. А вось кіраўніцтва БНф аператыўна вырашыла сысці ў падполле. Праз колькі там часу хованак у іх наспела патрэба сустрэцца разам, каб абмеркаваць, як жыць далей. Тады яны прыдумалі сабрацца ў Вячаслава Ракіцкага як бы на дзень яго народзінаў (што ўжо прамінуў) і гучна адсвяткаваць (а ў зацішку ад гаманы правесці паседжанне Рады). Вячаслаў папрасіў мяне прыйсці раней (тады мы жылі побач), каб дапамагчы. Там ужо быў Вінцук Вячорка, які, аказваецца, і хаваўся ў Ракіцкага.
Народу пакрысе болела, ужо хутка трэба было сядаць за стол, як патэлефанавала жанчына і сказала, што купа нашых гасцей захрасла ў ліфце яшчэ на першым паверсе.
Зрабілася трывожна. Праз колькі хвілінаў Вячаслаў адвёў мяне ў вітальню і папрасіў:
— Валянцін, мне трэба заставацца тут. А ты спусціся па лесвіцы і паглядзі, што там да чаго.
Яшчэ спускаючыся, пачуў ваярскую песню, якую напятымі галасамі спявалі сябры Рады, схопленыя ў палон ліфтам. Я пастукаў у кабіну. Яны пачулі стук, і песня ўмомант загрымела, здаецца, на ўвесь дом. Нарэшце я дапетрыў: нашыя ваяры ўпэўненыя, што за дзвярыма іх чакаюць супрацоўнікі КДБ, якія і спланавалі гэтую аперацыю з ліфтам.
Тады я стаў грукатаць кулакамі ў дзверы і гучна пазнавацца-крычаць: гэта Валянцін Акудовіч, гэта Валянцін Акудовіч...
Дэманстрацыя мужнасці тут жа захлынулася. А пакуль праз дзверы мы абмяркоўвалі сітуацыю, дык з’явіўся і рамонтнік з начыннем. Толькі мы не сталі чакаць адрамантаванага ліфта, а як праход прыадкрыўся, дык па лесвіцы цугам паспяшалі наверх.
Прысаромленыя канспіратары, што ўздумалі кагалам ісці на таемную сходку, яшчэ нейкі час пачуваліся няёмка. Аднак напоі былі добрыя, сябрына з тадышніх палітычных славутасцяў
спагадлівая адзін да аднаго... Карацей, Рада БНФ абмеркавала ўсё, што хацела абмеркаваць, а мы ў гэты час прамаўлялі тосты. Я свой наўмысна падрыхтаваў і вывучыў дзеля гэтай сустрэчы. He палянуюся пераказаць яго яшчэ раз, бо надта ж запомніўся той канспіратыўны дзень народзінаў:
“Чалавеку толькі здаецца, штоён прагне Бога, грошай, свабоды. Насамрэч ён усюды і заўсёды прагне аднаго — утульнасці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна без Бога, нехта — без грошай, а хтосьці — без свабоды.
Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сцежку да Бога? — Падзячыць Богу за ўтульны прытулак у вечнасці.
А што перадусім зробіць жабрак, калі трохі назбірае грошай? — Прыдбае сабе цёплы катух.
А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі набудзе свабоду? Ён сядзе з сябрамі за стол і, падняўшы чарку, скажа:
За ўтульнасць быцця!
Чалавек не птушка. Ён не любіць бясконцасць прасторы і беспрытульнасць волі. Таму чалавек увесь час будуе сцены і акрэслівае межы.
Мяжа — гэта зусім не тое, што раз’ядноўвае людзей, мяжа — гэта тое, што атуляе чалавека ад скразнякоў бязмежжа.
Чалавек можа знайсці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупам робіцца і зацішней, і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь...
I што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не з любові да свабоды, самастойнасці ці чаго там яшчэ, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларуссю ад скразнякоў бязмежжа”.
★ ★★
He зусім выспаты, назаўтра я ўжо ехаў у роднае мястэчка Свіслач, што знаходзіцца за сем кіламетраў ад мяжы з Польшчай. Рэч у тым, што некалькі год таму гродзенскія краязнаўцы
на свіслацкіх могілках знайшлі магілу Віктара Каліноўскага, старэйшага брата Кастуся, які спеліў у ім прагу волі.
Пасля гэтага напрыканцы кастрычніка сюды штогод стаў збірацца народ, каб ушанаваць памяць пачынальнікаў беларускай справы. Звычайна найболей людзей было з Гродна і Мінска. Ды якія тут бывалі людзі! He падабаюцца мне пералікі, таму адно заўважу, што там я блізка пазнаёміўся з любым здавён Віктарам Шалкевічам.
Мы ехалі на машыне брата Юры. Але гэтым разам з намі яшчэ былі Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак і Лявон Баршчэўскі, які хаваўся ад уладаў на кватэры Арловых. Па дарозе завіталі да філосафа і паэта Алега Бембеля, што трымаў паслушэнства ў Жыровіцкім манастыры. Напрыканцы сустрэчы выпадкова згадалі візіт Лукашэнкі ў манастыр, і я моцна насварыўся на Алега.
Яшчэ раней, калі Юры Хадыка з Вячаславам Сіўчыкам больш за 20 сутак трымалі ў турме галадоўку, Аляксандр Лукашэнка, шукаючы, як залагодзіць абуранае грамадства, прыехаў у Жыровіцкі манастыр, і святары раскаталі перад ім дарожку. Пра гэта нават як бы ўхвальна распавёў Алег.
— Цар Ірад быў перад вамі, а вы яму крывавую дарожку пасцялілі і галовы перад ім схілілі, — раз’ятрана адгукнуўся я.
Відавочна, мая эмоцыя была залішняй. Праваслаўная царква заўсёды заставалася ўсяго толькі адным з інстытутаў дзяржавы. I паводзіла сябе адпаведна. Дык чаго тут ятрыцца?
Сябры далікатна прамаўчалі і не сталі мяне ўпікаць. Толькі нейкі час насцярожана пазіралі ў мой бок, паколькі раней не бачылі мяне ў стане шалёнай утрапёнасці. А такое, што праўда — гады ў рады, са мной здаралася. Напэўна, залішне шмат нянавісці, абурэння ды страхаў назбіралася за тыя дні, што пачыналіся з 17 кастрычніка.
Да бацькоў мы прыехалі падвячоркам. Нас ужо чакалі багаты стол і ўсхваляваныя тата з мамай ды сястрой. Такіх гасцей у іх яшчэ ніколі не было.
Як кажуць, мы добра пасядзелі, смачна павячэралі і дасхочу выспаліся. Назаўтра развітваючыся, бацькі атрымалі мноства шчырых кампліментаў ад шаноўных гасцей. Нават запомніліся словы Лявона: “Цяпер я ведаю, скуль у Вас такія сыны...”
Пад гэты час з Гродна і Мінска ў Свіслач ужо прыехалі два паўнюткія аўтобусы, а яшчэ шмат легкавікоў з розных месцаў. Згуртаваўшыся ў ладную калону, мы з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі да цэркаўкі на гары, no634 з якой была магіла Віктара Каліноўскага. Толькі рушылі да помніка, як з цэркаўкі шугануў натоўп раз’ятраных бабулек, якія, наглядзеўшыся па тэлевізіі пра крывавую бойню 17 кастрычніка, палічылі, што мы прыехалі ў Свіслач рабіць рэвалюцыю. Чамусьці найбольшую ўвагу ў іх выклікаў барадаты і санавіты Уладзімір Арлоў. Яны атачылі яго, махалі кулачкамі, а некаторыя сваімі торбачкамі нават спрабавалі хляснуць па славутым пісьменніку. Спачатку гэта выглядала смешна, аднак хутка мне зрабілася сумна. Гэтак жа сама пасля паўстання мужыкі лавілі па лясах касінераў Каліноўскага ды здавалі іх царскім уладам. I тады падумалася зусім скрушнае: паспаліты беларус ніколі не змагаўся з уладай, ён заўсёды змагаўся толькі з уласнымі героямі...
***
He ведаю, чаму так, але міжсобку мы рэдка згадваем сюжэты з гісторыі нашага былога вулічнага супраціву. А цяпер, калі праз уласнае заданне я быў змушаны вярнуцца ў тыя гады, дык драматычныя сітуацыі і смешныя анекдоты насунуліся гарластым натоўпам. Відаць, гэта шалёная энергетыка таго часу сваёй астачай на шматкі парвала татальную непразрыстасць маёй памяці. Толькі прабачце, успаміны, я цяпер належу не вам, а структуры і кампазіцыі аповеду, які чым далей, тым мацней выяўляе ўжо сваю ўладу. Канечне, я магу трохі пасваволіць, але хіба адно трохі...
Эмацыйна мне найболей шкада было б пакінуць без увагі эпізод з арыштам сына. Цімох быў у Маладым фронце Першамайскага раёна і разам з хаўруснікамі заклікаў да байкоту выбараў. Яго схапілі і судзілі. Ён быў яшчэ непаўналетнім, і турма яму не пагражала. Разам з тым была пагроза, горшая за колькі там сутак у камеры. Сын толькі што паступіў ва ўніверсітэт — туды, дзе вучаць за дзяржаўныя грошы. А каб яго адтуль адлічылі за “палітыку”, то нішчымныя бацькі не змаглі б яму дапамагчы вучыцца на платным аддзяленні хоць якой інстытуцыі.