Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Экзістэнцыйна гэтыя некалькі тыдняў былі ці не самымі складанымі ў маім жыцці. Разам з тым я ці не ўпершыню напоўніцу захапіўся сваім сынам. Тая мера годнасці, з якой ён трываў і арышт, і судзілішча, і ўсе астатнія выпрабаванні, выклікала ў мяне шчыры гонар за яго.
Як ні дзіўна, анекдатычных сітуацый у супраціве было ці не болей, чым драматычных. У дзень аб’яўленага яднання Беларусі з Расіяй (2 красавіка 1996 г.) пратэстоўцы апынуліся ў пастцы паміж двума шчыльнымі шэрагамі амапаўцаў, якія рухаліся па праспекце насустрач адны адным, а праходы ў двары былі paHeft заблакаваныя. Уцякаць не ставала куды, ды тут на вочы патрапіла прадуктовая крама. Заскочылі, таўчэмся ў чаканні: зойдуць арыштоўваць — не зойдуць? Тады я і кажу: хлопцы, давайце станем у чаргу за батонамі ці якім хлебам.
Пакуль пагроза мінула, нават некалькі батонаў набылі і пакаштавалі (смаку не памятаю)...
Адзін раз я ўсё ж такі фізічна “пацярпеў” у змаганні з крывавым рэжымам. На сканчэнні нейкага мітынгу Пазняк нам запрапанаваў ісці да будынка Беларускага тэлебачання і патрабаваць там эфіру (раней такое ўжо аднойчы было атрымалася). Пакуль дайшлі, там ужо падрыхтаваліся да сустрэчы. Амап, міліцыя — да халеры ўсяго ўсякага. Мы натоўпам пачалі ціснуць на іх, а яны лупцавалі нас дубінкамі. Я і не заўважыў, як апынуўся на самым перадзе. Натуральна, атрымаў дубінкай. Але не па галаве ці плячах, а па лытцы.
Потым цэлы тыдзень выхваляўся, быццам атрымаў не шнар, а ганаровую стужку з чырвоным надпісам за мужнасць.
***
Зрэшты, хопіць экзістэнцыйных драмаў і смяшлівых показак. Бо, як на пачатку раздзела логіка аповеду патрабавала рэфлексіі стасоўна феномену інтэлектуалізму, так цяпер яна чакае (зачакалася) гісторыі аб тым, як плошча сталася Плошчай, а тая, у сваю чаргу, зрабілася сінонімам (і сімвалам) усяго вулічнага супраціву.
Гэта здарылася ў сакавіку 2006 года, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Я і па сёння не магу зразумець, чаму наш народны дыктатар не забараніў гэтыя масавыя паслявыбарчыя сходы. Ён жа з іх амаль заўсёды меў з каптуром сур’ёзных палітычных праблемаў! Толькі не кажыце мне пра Канстытуцыю. Я не ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка хоць аднойчы прачытаў яе ад пачатку да канца. Хаця калі нават аднойчы і прачытаў, дык для яго палітычнай практыкі гэта было пустым марнаваннем часу. Што лічыў патрэбным забараняць, тое і забараняў, не зазіраючы ў святцы і не зважаючы ні на закон, ні на міжнародных назіральнікаў.
Разам з тым, не забараняючы гэтыя сходы выбаршчыкаў, ён кожны раз вельмі сур’ёзна да іх рыхтаваўся. Яшчэ задоўга да дня выбараў усе дзяржаўныя сродкі не толькі паскудна гідзілі апазіцыю, а яшчэ тупа запалохвалі грамадства крывавымі сцэнарамі, якія быццам ужо спланавалі ворагі Прэзідэнта.
Няма ахвоты нават пералічваць усе тыя ганебныя захады, што рабіла ўлада, каб змінімізаваць колькасць мітынгоўцаў на плошчы. I на гэты раз у яе шмат што атрымалася. Але галоўнае — яна напампавала горад страхам. Я наўмысна ехаў да Кастрычніцкай плошчы тралейбусам (раптам метро зачыняць) і ўзіраўся на вуліцы — там амаль не было людзей. Я ніколі не бачыў такім пустым Мінск...
Якім жа магутным было маё ўзрушэнне, калі сустрэў поўную плошчу народу. Спачатку нават вачам сваім не даў веры. Скуль яны тут узяліся?
У гэты вечар (19 сакавіка) на Кастрычніцкай было сапраўднае свята свабоды. Сюды, пераадолеўшы страх забароны публічнага збору, прыйшлі тысячы і тысячы людзей, каб пасля выбараў падтрымаць сваіх кандыдатаў.
Раптам і зніадкуль усчалася шалёная завея, аднак яна нікога не напалохала, хаця яе штучнае паходжанне выглядала найболып верагодным. Нечакана “мінскае кола філосафаў” разам з літаратарамі кінулася ў скокі і танчыла, пакуль завея гэтаксама раптам не сцішылася.
Толькі нядзеляй свята і скончылася, у панядзелак пачыналася ўжо палітыка. Таму ў панядзелак я не збіраўся на плошчу. Аднак увечары адзін за адным пачалі тэлефанаваць сямейнікі, каб паведаміць, што на плошчы ставяць намёты і яны маюць намер заставацца там да ранку. Хоцькі-няхоцькі давялося цягнуцца туды. Бо як такое можа быць, каб мужык грэўся пад пярынай, калі яго дзеці і жонка ўсю ноч мерзнуць на снезе. Праўда, потым так склалася, што недзе пасля гадзіны ночы я з дачкой і жонкай вярнуўся дахаты — а сын вярнуўся толькі назаўтра днём.
Праз дзень на занятках па філасофіі ў Беларускім калегіюме студэнтаў было значна меней, чым звычайна. Што не здзівіла. Бываюць дні, калі філасофія безнадзейна саступае жывому жыццю...
Адно павітаўся, як мяне адразу запыталіся пра мінскі “майдан”. Я перад лекцыямі зазірнуў туды, але мне найменей хацелася гаварыць на гэтую тэму. I вось чаму...
Я быў захоплены мужнасцю маладых людзей, што цяпер бадзёрыліся каля намётаў (ці ў намётах). Аднак разам з тым я разумеў, што Плошча трымаецца не столькі іх мужнасцю, колькі нейкай мудрагелістай прыдумкай улады, якой чамусьці пакуль патрэбна, каб ля ганку Дома прафсаюзаў нейкі час
пастаялі і намёты, і людзі. А як толькі ўладзе гэты гармідар станецца лішнім, на пляцы праз гадзіну будзе гуляць адно вецер, ганяючы папяровае шмаццё.
Мне не хацелася казаць пра ўсё гэта маладым людзям, якія ў той момант былі апанаваныя гераічным шалам, але я сказаў. Бо як патрэбная духоўная адвага, каб да ранку лічыць зоры над Плошчай, гэтаксама патрэбная інтэлектуальная адвага, каб, не хаваючыся праўды, ясна ўсведамляць, хто і што табе дазваляе праяўляць тут сваю мужнасць...
A 24 сакавіка, калі я яшчэ спаў, патэлефанаваў брат і коратка запытаўся:
— Ты дзе?
Брат працаваў побач з Плошчай, і я адразу ўсё зразумеў — там ужо пуста. Паўз маю волю мяне ахапіла ціхая радасць, паколькі так склалася, што гэтай ноччу з маёй сям’і на Плошчы нікога не было. Але потым зрабілася сорамна за сваё эгаістычнае шчасце. Бо ў тых, хто гэтай ноччу заставаўся на Плошчы, таксама былі бацькі, браты, сёстры... I ўсім ім цяпер балюча ды страшна, паколькі пад ранак намётавы лагер пабурылі, а ўсіх ягоных насельнікаў перасялілі за краты.
Магутнае рэха ад падзеяў на Плошчы ўзмацніў Дзень Волі (25 сакавіка), калі, нягледзячы на шматлікія арышты і разгромлены намётавы лагер, тысячы людзей сабраліся ў скверы Янкі Купалы. На мітынгу Аляксандр Казулін заклікаў згуртавацца ў калону і пайсці да турмы на Акрэсціна, каб патрабаваць вызвалення арыштаваных на Плошчы. He ўсе адгукнуліся, аднак падтрымаў таксама шмат хто. I там зноў была вайна. Упершыню спецслужбы скарысталі шумавыя гранаты, і па горадзе імгненна разнесліся чуткі, што ёсць забітыя (насамрэч іх не было)...
Вось праз усе гэтыя падзеі разам звычайная плошча сталася Плошчай. Такі яе статус афіцыйна нідзе не зафіксаваны, толькі
гэта ўжо не мае значэння. У прыклад скарыстаюся дыскусіяй “Плошча і Аўтар” у рэдакцыі часопіса “pARTisan” (2006, № 4). Мадэравала Вольга Шпарага. Між іншым, гэтая дыскусія толькі распачынала ў часопісе цэлы блок грунтоўных артыкулаў і эсэ, прысвечаных Плошчы.
I яшчэ пра тэхнічны момант. Паколькі гаворка задоўжылася на шэсць вялікіх часопісных старонак, то я адлюструю яе толькі ў фармаце кароткага канспекта.
Волыд Шпарага: Нумар часопіса прысвечаны тэме “Аўтар і Плошча”. Ключавая ідэя размовы: як увогуле Плошча ўплывае на аўтара і сам аўтар уплывае на Плошчу, ці прынцыповы ўплыў Плошчы на аўтара, ці адбываюцца з ім нейкія істотныя трансфармацыі, і наадварот — як ён можа трансфармаваць Плошчу?
Алесь Анціпенка: Я хацеў бы даведацца, чаму абраная такая тэма. Больш натуральна выглядаюць, скажам, плошча і герой, плошча і натоўп, плошча і асоба, плошча і палітык, а вось аўтар...
Максім Жбанкоў: Мяне таксама здзіўляе такая фармулёўка. Мне, напрыклад, больш цікава было б запытацца, ці быў аўтар у Плошчы, ці ёсць у яе аўтар, і ці ёсць зараз Плошча?
A. А.: Ці былі аўтары на Плошчы?
М. Ж.: Аўтары былі — але ці аўтары Плошчы?
A. А.: Напэўна, Вольга, вы маеце на ўвазе аўтара як чуйную асобу, як такога канструктара сацыяльных сэнсаў, які пабываў, скажам, у пэўнай унікальнай сітуацыі (а нашая Плошча была ўнікальнай сітуацыяй) і вынес адтуль не толькі досвед, але і фармулёўкі тых сэнсаў, якія паўсталі ў гэтай сітуацыі.
М. Ж.: Гэта было месца, дзе, як мне падаецца, якраз адбывалася тая самая славутая “смерць аўтара” (Р. Барт). Той жа Хадановіч, напрыклад, прыходзіў на Плошчу, і яна яго паглынала, ён яе не адбудоўваў, а рабіўся яе часткай. Былі там тыя ж хлопцы з “NRM” — з імібылотое самае. Былі Арлоў, Бартосік, шматхто быў... Мыўсе, дарэчы, таксаматам былі. Але ж мытуды прыходзілі не якаўтары, даякіх нехта звяртаецца па нейкую канцэптуальную дапамогу. Насамрэч у мяне было пачуццё, што я туды прыходзіў, як хлопчык у першы клас. Вучыцца вось гэтай, так бы мовіць, пазаканцэптуальнай энергетыцы.
В. Ш.: Мне здаецца, ёсць яшчэ адно вымярэнне публічнасці, што паўплывала на мяне. Цягам часу адбылася пэўная трансфармацыя перажыванняў, маёй уласнай творчасці, успрыняцця іншых аўтараў. Раптам усё гэта набыло новае значэнне менавіта публічна. Калі мы, убачыўшы адно аднаго на Плошчы, зразумелі, што ў нас, да прыкладу, чытачоў нашмат болей, чым мы меркавалі. Ці суаўтараў...
A. А.: Напэўна, трэбаадмысловаказаць прасацыяльнуюсутворчасць, пра сацыяльнае суаўтарства. He проста аўтар — той, які піша раман ці вершы, а менавіта сацыяльны аўтар. I якраз, можа быць, самае важнае для нас — новая генерацыя аўтараў, якая ўзнікла пасля гэтых падзеяў, пасля гэтых учынкаў.
Валянцін Акудовіч: Акрамя вас, Вольга, я не ведаю нікога з літаратараў ці філосафаў, у творчасці якіх Плошча нешта б перамяніла канцэптуальна, нават калі яны сітуацыйна адгукнуліся на гэтую падзею тыміцііншымітэкстамі...Штопраўда,Плошчанадзвычайактуалізавала адзін спецыфічна інтэрнэтаўскі жанр: у LiveJournal з’явілася цэлая плойма дзённікаў тых, хто быў на Плошчы, а пасля патрапіў у вязніцу. Гэтая літаратура (калі можна назваць яе літаратурай) тады відавочна пераўзыходзіла паводле запатрабаванасці ўсё ўласна мастацкае. I нават тыя выдатныя тэксты, што ствараліся з нагоды ўсіх гэтых падзей — скажам, вершы Сяргея Прылуцкага ці Андрэя Хадановіча, — у плане катарсісу, напэўна, саступалі турэмным дзённікам. Наіўная і непасрэдная фіксацыя рэальнасці Плошчы эмацыйна (і сэнсава) уздзейнічала куды мацней за хоць які прафесійны артэфакт. Аднак досыць хутка наўпроставая рэляцыя жывой плыні падзеяў вычарпала сябе. Што і натуральна. У адрозненне ад улаона мастацкага твора, публіцыстычны рэзануе адно з сітуацыйнымі эмоцыямі і, значыць, губляе сваю актуальнасць разам з пераменай сітуацыі.