Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
92.53 МБ
Напачатку гэтая ідэя мне таксама падабалася, і таму ў “ЗНО” было вырашана, што кожны аўтар сам выбірае сабе люву (бедныя карэктары). Я і цяпер маю пэўны сантымент да “тарашкевіцы” за яе натуральны філасофскі слоўнік, за яе набліжанасць да нізінных ландшафтаў, у якіх хаваюцца туманы і балоты, за яе метафізічную таемнасць і анталагічную моўчу.
Але, калі ў рэдакцыі пачалося галасаванне (паколькі дыскусіі зацягнуліся, а згоды не было), я ўжо выступаў болыв
“супраць”, чым “за”. Бо ўжо пачаў адчуваць, што гэтая ініцыятыва паводле сваёй сутвы ёсць вялікай правакацыяй супраць беларускай мовы як такой. 3 іншай пазіцыі не прымаў “тарашкевіцу” і Алесь Разанаў. Ён лічыў, што нават “наркамаўка” залішне мяккая стасоўна натуральнай фанетыкі нашай мовы, а што тады казаць пра “тарашкевіцу” з яе бясконцымі мяккімі знакамі і да таго падобным.
Самым зацятым абаронцам “тарашкевіцы” выявіўся Уладзімір Арлоў. Пасля першых адкрытых галасаванняў, якія не вызначылі пераможцу, ён прапанаваў падпольнае галасаванне. Мы нарэзалі паперы, і кожны свой “таемны голас” кінуў у капялюш. Уладзімір спадзяваўся, што праз такі спосаб нехта з баязліўцаў дадасць свой голас на карысць “тарашкевіцы”. Толькі атрымалася наадварот.
—	Продкі вам не даруюць, — сувора сказаўУладзімір і забраў нашыя паперчыны ў свой архіў.
***
Яшчэ з часоў “перабудовы” ў айчынную палітыку патрапіла ладная сціжма энергічных філолагаў, падмацаваная літаратарамі, журналістамі і проста гуманітарыямі, для якіх лінгвістычныя праблемы выявіліся таксама не чужымі. Толькі ў адрозненне ад іншых краінаў, дзе падобнага тыпу палітыкі хутка выпетрыліся з палітычнага жыцця, у нас яны (верагодна, з прычыны задоўжанай папулярнасці “моўна-этнаграфічнай” канцэпцыі нацыяналізму) затрымаліся на ладны кавалак часу. Адсюль мовазнаўчыя праблемы, як натуральна актуальныя для палітыкаў-філолагаў, праз апазіцыйныя СМІ, суполкі і супольнасці перараслі ў палітычныя. I хаця для бальшыні шараговых валанцёраў апазіцыі і з унармаванай беларускай мовай хапала праблемаў, яны мусілі засвойваць “тарашкевіцу”, каб забяспечыць сябе радыкальнай апазіцыйнасцю.
Больш за тое, у пару пад’ёму нацыянал-дэмакратычнага руху, завабленыя паноўнай модай на адраджэнне чаго заўгодна,
да “тарашкевіцы” пачалі хіліцца і шэраг дзяржаўных выданняў (“Бярозка”, “Мастацтва”, “Культура”...). Здавалася, яшчэ трохі — і “тарашкевіца” пераможа “наркамаўку” ды запануе спрэс.
He запанавала — бо была спароджаная не патрэбамі ўласна соцыуму, а пэўнай палітычнай сітуацыяй. I як толькі сітуацыя перамянілася, палітыкі-філолагі са сваімі філалагічнымі праблемамі апынуліся на самым ускрайку грамадскага жыцця. Праўда, нельга сказаць, што там жа апынулася і “тарашкевіца”. За немалы час актуальнага дамінавання апазіцыйнасці праз яе на беларушчыну навярнулася некалькі генерацыяў маладых людзей, якія ў горадзе іншай роднай мовы, акрамя як арганізаванай правапісам Тарашкевіча, ужо не ведалі (найперш — не чулі). Для іх гэткая беларуская мова была адзіна правільная, тым болей, што ідэолагі адраджэння не ленаваліся раз-пораз падкрэсліваць ейную ісцінную сапраўднасць, нагадваючы пра рэпрэсіўную сутву “наркамаўкі”, яе зрусіфікаванасць, засаветаванасць і да т. п.
Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных “тарашкевіцай” філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй у кантэксце ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў-філолагаў, якія надзвычай вострую і складаную сапраўды палгтычную праблему беларускай мовы як вялікага цэлага раздрабілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.
У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная крыза і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кнігаў Брыля, Караткевіча, Быкава, праграмаў радыё і тэлебачання, дадаткова ўскладняць праблему яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку, — да гэтага трэба было яшчэ дадумацца.
Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе адпачатку нелегальна запанавала
“тарашкевіца”, летам 2003 года са студэнтамі педуніверсітэта ездзіла ў фальклорную экспедыцыю. А калі вярнулася, дык з сарамлівым посмехам зазначыла:
— Ведаеш, тата, у вёсках нашу беларускую мову ніхто не разумее.
— Натуральна, — буркатнуў я. — Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай — мову.
Тэза залішне эмацыйная і таму не надта справядлівая. Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы” ў народ, бясспрэчна, пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычынасамой сітуацыі, зразумела, паходзіла не з канфлікту правапісаў.
***
Калі ў мяне атрымлівалася завітаць у мястэчка Свіслач, дзе я нарадзіўся і пасталеў, дык нябожчык бацька зазвычай сустракаў словамі: “Беларус прыехаў”. Ён не казаў “сын”, “пісьменнік”, “мянчук”, урэшце — “валацуга”. Усё астатняе не было для яго вартай увагі адметнасцю, раўнуючы з тым, што я — беларус.
3 гэтага вітання я трохі злаваўся, і часам мне карцела запытацца:
— А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?
Але не пытаўся, паколькі разумеў: бацька мае рацыю. Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне “беларус” у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага — да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама з сябе ні пра што не кажа.
Быць беларусам на Беларусі — гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага місіянерам новай веры, для кагосьці — варожым прыблудам, а для ўсіх
астатніх — такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова на Беларусі ёсць не чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ — эстэтычным актам).
Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас — зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве.
Уласна, быць беларусам — гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым спектаклі без пачатку і канца... Гэта жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая місіянерская доля не мусіць быць перапыненай, і на помніку тваё імя і прозвішча абавязкова напішуць на матчынай мове.
Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет — паступаць у тэхнічную вучэльню аж пад Маскву. Праз два тыдні я вярнуўся дахаты без студэнцкага білета, але з неблагой расейскай гаворкай (на тую пару я ўжо ад пуза быў наеты расейскай літаратурай, і ў расейскамоўным асяродку мая лінгвістычная інверсія адбылася без аніякіх высілкаў з майго боку). На бацькаўшчыне я, хутчэй, па інерцыі, хаця і не без пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-руску. Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчаслівай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё “оканье”.
I толькі праз шмат год, ужо ў пару “перабудовы”, неяк згадаўшы тую сітуацыю, я зразумеў: прычынай захаплення і зайздрасці былі зусім не мае лінгвістычныя здольнасці, а здавён сфармаванае ўсведамленне, што ў чалавека, які лёгка развітваецца са сваёй мовай, ёсць варыянты лепшай за беларускую долі...
Дарэчы, мая маці сталася самай прывілеяванай краўчыхай мястэчка не толькі з сваіх прафесійных здольнасцяў, але і з моўных. Паколькі ўсё мясцовае начальства бы ло з прысланых
сюды пасля вайны расейцаў (ці добра абруселых беларусаў), дык яна хуценька засвоіла рускую мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную кліентуру.
Карацей кажучы, для беларусаў тутэйшая мова з даўніх давён была тым ганебным таўром, якое кожны мусіў з сябе вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі ён імкнуўся падвысіць свой сацыяльны статус.
•kick
Першы нумар новага часопіса, што не дзіва, выклікаў цікавасць. Хаця ажыятажу не было. А самай частай эмоцыяй выявілася непаразуменне... Для яго хапала самых розных падставаў, аднак паперадзе іх, безумоўна, была наступная: як можна агулам у адну лінейку друкаваць Алеся Асташонка, Міхаіла Бахціна, Франсуа Рабле, Галіну Булыка, Самуэля Бэкета... Дзе той Бэкет, і дзе тая Булыка?!
Ва ўласна літарацкім асяроддзі гэтае непаразуменне падвышалася раздражнёнасцю, маўляў, ніхто не адмаўляе, што Булыка — таленавітая паэтка, аднак колькі ў нас больш заслужаных празаікаў і паэтаў, каб прэзентаваць прыгожае беларускае пісьменства ў першым нумары?
У гэтым яны мелі рацыю, толькі заўважу (весела), што з постаццю больш “заслужанага” негатыўных эмоцыяў, напэўна, было б яшчэ болей. Такая ўжо прырода мастацкага таленту — яго без зайздрасці, здаецца, і не бывае.
Дарэчы, у тым, часткова і сітуацыйным, выбары постаці ніхто тады не расчытаў патаемнага знаку. Менавіта Галіна Булыка стане галоўным рэдактарам “Крыніцы” пасля Уладзіміра Някляева.
А вось адзін верш з той паэтычнай нізкі...
ЮВЕЛІР
Калі навечна вызваліў ён грані,
Калі з кутоў бліскучы пыл скрышыў,
Калі таварны стаў прыродны камень, Сышло натхненне з майстравай душы.
Аправіць адмыслова і багата, Схавае ў аксамітны футарал... Імкнуцца долу спелыя караты, Як пачуццё, якога не чакаў.
I блісне дыямент на раздарожжы Малой дваінкай існасці зямной, I ў лужыне абудзіцца...
Дык, можа,
Ён да натуры вернецца самой?
I ў летуценнай ювелірнай форме, У жудаснай дакладнасці кута Паспее пакрывіцца слепа-чорны, Усюдыісны
Цень ад капыта?
Пасля выхаду першага нумара неяк зазірнуў у кабінет Някляева. Каля яго стала сядзеў Павал Якубовіч (здаецца, тады ўжо галоўны рэдактар “Савецкай Беларусі”). Яны з нечага моцна весяліліся.
— О, Валянцін! — радасна ўсклікнуў Павал Ізотавіч. — А мы тут цябе вывучаем. I нічога не разумеем. Паслухай, — і ён працытаваў некалькі радкоў з майго кароткага эсэ пра паэзію Галіны Булыка. Натуральна, я ўжо не памятаю, з чаго яны рагаталі канкрэтна, таму абнаяўлю той невялічкі тэкст.
“(...) Галіна Булыка небяспечна наблізілася да нябёсаў...