Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Шчыра падзякаваўшы за гонар, я і нагадаў сумоўнікам пра “ЗНО”. Яны пра яго добра ведалі, хаця, пакуль у чарках заставаўся напой, не спыняліся даводзіць, што мне мусова далучыцца да новай “Крыніцы”.
На развітанне я паабяцаў усё тут прамоўленае ўзважыць...
Хаця ўзважваць не было чаго. Навошта мне цягнуцца некуды яшчэ, калі ў “Культуры” я маю ўсё, пра што раней і марыць не мог.
***
Дарэчы, праца яшчэ і ў “ЛіМе” лішне не задоўжылася. Разам з тым згадалася, што менавіта тут у розныя гады я надрукаваў ці не найбольш знакавых для сябе матэрыялаў (раўнуючы з іншымі перыёдыкамі). Адзін з іх, адсланіўшыся на момант ад “Крыніцы”, і хачу паказаць.
Здараюцца шчаслівыя тэксты, якія ў справе назапашвання сімвалічнага капіталу адыгрываюць для аўтара не меншую ролю, чым некаторыя кнігі. У маёй гісторыі менавіта так яно некалькі разоў і здаралася. Першым сярод падобных выпадкаў сталася эсэ “Вялікая Айчынная ці Другая сусветная?” (ЛіМ, 1992 г.). Разумею, што яно будзе вытыркацца з тут-кантэксту. Але паколькі мне шмат што з таго эсэ ўсё яшчэ бачыцца актуальным, то я адшкадую дзеля асобных фрагментаў з яго трохі месца.
“У размовах пра партызанку падчас апошняй вайны звычайна застаюцца ўбаку ці згадваюцца адно ўскосна прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены гісторыяй Беларусі факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім галоўнае. Нашы вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчарах і часам хапацца за стрэльбы? I яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі, ці такі выраз ёй надалі, зыходзячы з пэўных палітычных інтарэсаў?
Асабіста я схільны лічыць, што ідэя змагання з акупантамі небеларускага паходжання. Як на маё разуменне, дык у праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, не мела на той час, бо традыцыя барацьбы з іншаземцамі была перарваная для беларусаў у апакаліптычных войнах з маскоўцамі ўдругой паловеХУІІ стагоддзя (...).
Ды і ўвогуле, гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм — гэта аксюмаран. Калі б гэтая з'ява існавала папраўдзе, а не была толькі ідэалагічнай фігурай, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт.
Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяротнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.
Невыпадковаў мове беларусаў няма слова, якое б казала пра гэтую з’яву. Больш за тое, нават яе паасобныя праявы не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі “герой” у жывым вымаўленні гучыць не інакш як скептычна (...).
Вернемся да вылучанай раней тэзы: ідэя ўзброенага змагання з нямецкімі акупантамі не-беларускага паходжання.
Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з маскоўцамі, наша Бацькаўшчына ўжо была, у нейкім сэнсе, акупаваная Польшчай. А далей пацягнулася суцэльная эпоха перманентных акупацый: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а напачатку, у прамежках і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для нас, із цягам часу беларускі народужыўся зпрыгнётам, якужываецца чалавек з ціскам атмасферы.
Зноў жа звернем увагу, як сітуацыя бесперапыннага прыгнёту адбілася ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, яны звычайна кажуць: за палякамі, за немцамі, за саветамі. Мова народа ўжо не ўтрымлівае катэгорыі самастойнага існавання на сваёй зямлі. (...)
Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы гераічны імператыў — інтэлектуальная прафанацыя. Ніякі грамадскі інстытут не можа быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага стану і ладу, у якім існуе. Ён можа дэклараваць якія заўгодна маральныя пастулаты, абапірацца на якія
заўгодна высакародныя прынцыпы, але рэальна дзейнічаць будзе на тых, што сфармаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, карацей, падпарадкоўвалася маральнаму закону рэальнага існавання-бытавання. (...)
Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона пячорнага бога, жорсткага і памыслівага. Як быццам небыло дзвюхтысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыву, як быццам мы зноў вярнуліся ў дагісторыю.
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы Рэжце гітлерцаў паганых, Каб не ўскрэслі век яны.
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы, Кроў за кроў, а смерць за смерць. Янка Купала
Савецкая вайна 1941-1945 гг. для бальшыні беларусаў і па сёння застаецца святарным капішчам, куды збіраюцца толькі маліцца “co слезамн на глазах” — і нічога больш. Хаця за гэтыя гады надрукавана мноства артыкулаў і кніг, якія даводзяць, што нічога святарнага ў той вайне і блізу не было. Адно палітычнае паскудства ў апакаліптычных памерах. I ўсё роўна гэтаму не шмат хто дае веры, у чым не складана пераканацца 9 траўня хоць якога года, зазірнуўшы на плошчы беларускіх гарадоў і мястэчак.
А чвэрць стагоддзя таму маё эсэ выглядала нават не блюзнерствам, а публічным злачынствам. He стану згадваць усе тыя праклёны, што неўзабаве абрынуліся на мяне. Хіба вось толькі гэты...
Зусім выпадкова пачуў па радыё, як знакамітыя ветэраны вайны абмяркоўвалі маё эсэ. У нейкі момант адзін з іх
літаральна закрычаў: мінула 40 год пасля Перамогі, а Акудовіч усё яшчэ страляе ў нашыя спіны...
Што праўда, і падтрымлівалі мяне моцна. Хаця пераважна цішком...
***
Мяркую, што я чалавек досыць адказны. Прынамсі, абяцанае звычайна выконваю. А тут не хапала адвагі сказаць Някляеву кароткае слова: “He”. I я схаваўся ў моўчу.
Як ні дзіўна, радыкальная перамена ў той сітуацыі адбылася праз кароткую рэпліку Алеся Разанава, які ўжо раней даў згоду бурыць старую “Крыніцу”.
Неяк мы развітваліся ў цёмным пераходзе да метро і ўсё не маглі развітацца, бо я тлумачыў ды шматкроць ператлумачваў, чаму не магу пакінуць “Культуру”. А калі стаміўся ад сваіх словаў, Алесь Разанаў сказаў:
— Валянцін, без Вас я таксама не застануся ў “Крыніцы”.
I пайшоў.
Я быў настолькі агаломшаны тымі словамі, што, здаецца, і па сёння не магу ачомацца. Чаму ён так сказаў, з чаго?
Толькі як бы там ні было, пасля ягонай жорсткай рэплікі я пагадзіўся ў адной рэдакцыі працаваць на поўную стаўку, а ў другой — на палову. Тым болей, што яны месціліся непадалёку адна да другой, і за працоўны дзень можна было лёгка перабегчы некалькі разоў паміж імі...
А потым мы падступіліся да распрацоўкі канцэпцыі. Збіраліся ўсім хаўрусам раз-пораз колькі месяцаў запар і ўсё распрацоўвалі, распрацоўвалі, распрацоўвалі — пакуль у Някляева каньяк не скончыўся. Хаця мы яго ашчаджалі. За вечар звычайна не болей як дзве пляшкі адкаркоўвалі.
Рэч у тым, што ў бязладдзі канца васьмідзясятых — пачатку дзевяностых, калі грошы нічога не каштавалі, розныя фінансавыя аперацыі рабіліся праз бартар. За якія такія паслугі
старая “Крыніца” атрымала склеп з найлепшым грузінскім каньяком, мы, зразумела, не цікавіліся. Але нават у 1994 годзе заставалася яшчэ не апошняя скрыня...
Дарэчы, каньяк нам зусім не замінаў, а, хутчэй, адно падахвочваў да крытычных рэфлексій, і ўрэшце канцэпцыя атрымалася абсалютна арыгінальнай, прынамсі, у кантэксце айчыннага пісьменства. Нехта (можа, і я?) нават запрапанаваў надрукаваць на пачатку першага нумара тыя нашыя рэфлексіі ў суплёце персанальных эсэ. Так і зрабілі.
У сваім эсэ (“Пярэйсце”) я пісаў:
“Хацелася б яшчэ раз засцерагчы часопіс ад небяспекі трансфармацыі ў чарговы “літарацкі кангрэс’’, дзе на падставе парытэту стануць яднацца ўсе дзейнікі літарацкай грамады.
He яднацца, а вылучацца.
Вылучацца з агульнага — адметным, з савецкага — нацыянальным, з нацыянальнага — еўрапейскім, з еўрапейскага — праз самаідэнтыфікацыю — беларускім...
Апошняе — найскладаней, бо, як ні цяжка нам сёння ўвайсці ў культурны дыскурс Еўропы, вярнуцца з яго да саміх сябе будзе значна цяжэй”.
Калі казаць зусім коратка, то сутнасць канцэпцыі новай “Крыніцы” была ў тым, каб на нашых старонках натуральным чынам злучыць беларускую літаратуру з сусветнай (найперш з еўрапейскай) у агульны дыскурс — і наадварот. Такога ў нас раней не стваралася. Было ў гэтай канцэпцыі і тое, што яшчэ не рабілася нідзе. Тут найперш маю на ўвазе лексічна цэласную і абсалютна інавацыйную рубрыкацыю.
Мы сядзелі ўдвох з Алесем Разанавым і трудзілі глузды над гэтай самай рубрыкацыяй. Класічны часопісны падзел на прозу, паэзію, літаратурную крытыку і што-кольвек яшчэ ў дадатак намі адпрэчваўся, як само сабой зразумелае. Уласныя
прыдумкі амаль без абгаворвання таксама касаваліся адна за адной. Усё болей чулася бездапаможнай моўчы і ўсё меней жывых словаў. I тут нехта, здаецца, Алесь Разанаў (бо геній) сказаў:
- Я.
— Ты, — падхапіў я.
— Мы, — працягнуў ён.
I далей навыперадкі: Ён, Яны, Яно, Наш...
Відавочна, тут трэба хоць трохі патлумачыць. Рубрыка “Я" прэзентавала буйную, пераважна мысліўную, фігуру з айчыннага кантэксту (скажам, Кірылу Тураўскага). Пад “Мы” былі мы, гэта значыць тэксты тых, хто рабіў часопіс. Замежныя літаратары і філосафы апыналіся ў рубрыцы “Яны”. “Наш” — беларускія літаратары замежжа. Аднак самай актуальнай сталася рубрыка “Ты”. Сюды патрапляў адметны сучасны літаратар з сваімі тэкстамі. Акрамя таго, з ім рабілася разгорнутая гутарка і ў дадатак шэраг эсэ розных аўтараў, напісаных паводле ягонай творчасці і падзейнага жыцця.
Яшчэ большай праблемай апынуўся выбар жовы. На чым нам запыніцца: на цяперашняй гйкольнай мове ці на “Беларускай граматыцы для школаў”, у якой Браніслаў Тарашкевіч упершыню сфармуляваў правапісныя нормы беларускай літаратурнай мовы (“тарашкевіца”). У савецкай Беларусі “тарашкевіца” пратрымалася не лішне доўга. У 1926 годзе быў зацверджаны радыкальна новы правапіс (“наркамаўка”). Вось з ім актывісты новага Адраджэння і пачалі апантана змагацца, прапануючы вярнуць “тарашкевіцу”.