Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Якраз пра ўблытанасць інтэлектуалаў у каламуць рэальнасці я і хацеў бы распавесці далей.
Святлана Алексіевіч у адным з сваіх інтэрв’ю сказала прыкладна наступнае: “На барыкадах немагчыма разгадаць загадку жыцця. Барыкада — гэта не месца для мастака”.
Неўзабаве на радыё “Свабода” Юры Дракахруст запытаўся, ці згодны я з такім меркаваннем. “Часткова спадарыня Святлана мае рацыю, — пагадзіўся я, — барыкада не месца для мастака. Але мастак — гэта не нейкі штучны голем, а чалавек у рэальным жыцці. I ў гэтага чалавека ёсць свая грамадзянская пазіцыя, калі яна, зразумела, у яго ёсць, нейкія ідэалы і каштоўнасці, якія ён гатовы аберагаць, а часам нават і бараніць на барыкадах. Інакш кажучы, на барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін”.
Пачынаючы ад згаданых раней знакамітых “Дзядоў”, на шматтысячных шэсцях ды мітынгах можна было сустрэць бальшыню нацыянальнай эліты: літаратары, філосафы, мастакі, музыкі... Каго тут толькі не было! Відаць, яны першыя адчулі ў сабе патрэбу грамадзянскага чыну, дашчэнту вынішчанага ў людзях за семдзесят год панавання камуністычнай улады.
Гэтак з аднаго боку, а з другога — вылез з бульбы нацыянальны чалавек, які раней, можа, і не ведаў, што хоча быць не толькі “пашпартным беларусам” (Сяржук Сакалоў-Воюш), а канкрэтным, такім жа канкрэтным, як француз ці швед. I калі над натоўпам залуналі бел-чырвона-белыя сцягі, а з мегафонаў загучала ўпэўненая беларуская мова, ён умомант зразумеў, чаго яму раней не хапала дзеля поўнага шчасця.
Лічы, за дваццаць год вулічнага супраціву спачатку камуністычным уладам, а затым народнаму дыктатару здарылася столькі драматычных і анекдатычных гісторый, што нават калі б усе беларускія інтэлектуалы салідарна пагадзіліся распавесці іх дзеля шматтомнай эпапеі, дык і тады гэта была б адно нішчымная частка. Таму я нават і думаць не думаю пра нейкую маштабную панараму. Ды і не з маімі здольнасцямі пра нешта такое думаць. Я толькі сыпану на старонкі гэтага друкапісу жменьку-другую персанальных успамінаў ды некалькі калектыўных рэфлексій, бо без апошніх якія гэта мемуары інтэлектуала?
Вясёлая гэта справа — змагацца з дыктатурай, як бавіцца на чортавым коле, калі баішся вышыні. I страшна да жудасці, і дух пераймае ад захаплення.
Палітычны каляндар вулічнага супраціву шмат год трымаўся на трох кітах: Дзень Волі (25 сакавіка), “Чарнобыльскі шлях” (26 красавіка) і “Дзяды” (пачатак лістапада). Яшчэ, прынамсі, paHeft, было даволі іншых вулічных забурэнняў з самых розных
сітуацыйных падзеяў, аднак не стану іх пералічваць, бо спіс непатрэбна задоўжыцца стасоўна мэтаў майго аповеду.
Ужо за некалькі дзён да чарговага шэсця пачыналася лёгкае хваляванне: якім будзе надвор’е, колькі народу збярэцца, стануць улады разганяць мітынгоўцаў ці гэтым разам абыдзецца? Але найбольш трывожыў “хапун”. I калі ён будзе, дык наколькі жорсткім? Тут між іншым згадалася, як аднойчы мы сыходзілі на Плошчу з рэдакцыі часопіса “Крыніца” і дзяўчаты з тэхнічнага аддзелу літаральна трымалі нас за рукі, каб не хадзілі, бо сёння дакладна будуць і лупцаваць, і хапаць.
— Вы ж таленавітыя, разумныя і нават мудрыя, — казалі яны, — дык што вам з гэтым натоўпам разам рабіць?!
Тады я з посмехам запытаўся:
— А хіба менш таленавітымі ды разумнымі былі Сартр ці Фуко, калі парыжскай вясной 1968 года стаялі на барыкадах?
Назаўтра калега, паплечнік і паэт Леанід Галубовіч сфармулюе ўжо сваю версію адказу на запыт дзяўчат:
“Мітынговасць зацягвае, як алкаголь. Кожны з нас пакутуе за Айчыну ўмерусваёйлюбовідаяе. Ідуўшматтысячнай калоне падбел-чырвонабелымі сцягамі і, пераадольваючы боль у страўніку, крычу разам зусімі: “Жыве Беларусь!” — ясна пры тым усведамляючы, што не жывем ні я, ні яна, a — хварэем, што час не лечыць нас, а набліжае агонію.
Але мы ствараем міф, бо ведаем, што толькі ў міфе адраджаецца з попелу птушка Фенікс...
Што нам дае гэта, апроч надзеі? Адчуванне ўласнага дачынення да стварэння міфу — ілюзіі нашага зямнога існавання.
Таму, трываючы больу страўніку, я крычу наўвесьСусвет: “Жыве Беларусь!” — укладаючы ў гэтыя словы адзін-адзіны сэнс: Госпадзе, я — грэшны раб Твой, злітуйся — даруй мне грахі мае...” (“Зацемкі з левай кішэні”).
Дарэчы, яшчэ адзін наш калега, літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч назаўтра не з’явіўся на працу ў рэдакцыю, бо, схоплены і збіты на горкі яблык амапаўцамі, нэндзіўся за кратамі...
***
Звычайна, прынамсі, на пачатку змагарнага чыну мы збіраліся адмысловым хаўрусам: Алесь Анціпенка, Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Бабкоў і я. Сустрэўшыся, адразу дамаўляліся, дзе спаткаемся пасля таго, як амапаўцы з міліцыянтамі разгоняць мітынгоўцаў. Тады мабільнікаў яшчэ не было, а ўцякаў звычайна кожны сам за сябе. (Так мелася болей шанцаў праслізнуць скрозь разрывы ў карных аблогах.) Шчасліва ўправіўшыся з уцёкамі, мы зноў хаўрусаваліся разам, каб адзначыць гэтую падзею. О, якой магутнай радасці была тая эмоцыя пасля перажытых хваляванняў ды страхаў!
Зразумела, калі ўлада не разганяла і не хапала, дык мы ўсё роўна потым рушылі ў нейкі офіс або кавярню, каб завершыць падзею некалькімі куфлямі піва ці чаркай-другой (трэцяй-чацвёртай) чаго-кольвек мацнейшага. Цягам лйрнай ліаніфестадыі да нас звычайна далучаліся сустрэтыя падчас шэсця сябры ды прыяцелі, і часам на піва збіралася даволі шмат народу.
Між іншым заўважу, што гэтыя грамадска-палітычныя акцыі давалі эфектыўную магчымасць выпадковых сустрэч з тымі, каго ўжо даўно не бачыў. I такіх выпадковасцяў кожны раз здаралася не адзін дзясятак. Больш за тое, многія і прыходзілі на палітычныя акцыі, не столькі каб змагацца за вольную волю, колькі каб паказаць сябе, што яны таксама ў трэндзе. Таму шэсце пераважна адбывалася ў фармаце броўнаўскага руху, бо шмат каму карцела выхваліцца перад найбольшай колькасцю знаёмцаў.
Што да постфактумных сябрынаў пасля шэсцяў — дык гэта, як кажуць, асобная гісторыя. Там столькі здаралася розных цікавостак! На гэты момант паперадзе ўсіх астатніх чамусьці згадалася адна вялікая піўніца ў Траецкім прадмесці.
He ў першы раз шэсце канцавалася мітынгам на сходах Опернага тэатра. Толькі мы ўжо даўно не слухалі палымяныя выступы палітыкаў (а што там было слухаць?), і таму як толькі адтапталі само шэсце, дык адразу пачалі маракаваць, у якой
з піўніцаў даць адпачынак стомленым нагам. А як вызначыліся ды завіталі, то я меў неверагодна пазітыўнае ўражанне. Піўніца была бітма набітая аднымі маніфестантамі, якія таксама да часу збеглі ад мітынговай нуды. I з гэтага няспынна, як вадаспад, шумела мова, феерверкам раз-пораз выбухала: “Жыве Беларусь!” — і суладна воклічам грукалі куфлі, расплюхваючы па драўляных сталешнях белую пену.
Тады падумалася, чаму б наступным разам на Дзень Волі заклікаць народ не на шэсце ды мітынг, а адразу ў піўніцы. I мне ўявілася, як а чацвёртай гадзіне 25 сакавіка наступнага года гэтыя тысячы і тысячы маніфестантаў запалоняць у цэнтры Мінска (і не толькі ў цэнтры) усе піўніцы, кавярні ды рэстарацыі і ўсюды вадаспадам будзе шумець мова, расквечаная воклічамі “Жыве Беларусь”.
Натуральна, нічога з гэтай маёй мары не атрымалася...
★ ★★
Жартуючы, часам казаў: за гады і гады мітынгаў, шэсцяў і да таго падобных акцыяў я, напэўна, стаптаў не адну пару чаравікаў, і калі б нашыя, хай сабе на некалькі дзён, атрымалі ўладу, дык спехам запатрабаваў бы хоць якой кампенсацыі: скажам, пару новых чаравікаў.
Толькі яны і дзіркі ад абаранка не атрымаюць, не тое што ўладу.
I зразумеў я гэта даўно, вельмі даўно (ды шмат разоў пра тое пісаў). Дык дзеля чаго тады цягаўся на Плошчу і нават цяпер, здараецца, абую тыя стаптаныя чаравікі?
Ноччу самае прыгожае — зорнае неба над галавой і святло ў акенцы тваёй хаты пасля доўгай дарогі. Днём — зграбны конь на квятастым поплаве і бел-чырвона-белыя сцягі над плошчай. А яшчэ людзі пад гэтымі сцягамі.
Да таго ж мне моцна падабаецца дыхаць халодным ветрам свабоды. Гэта зусім іншае, чым пачувацца вольным за пісьмовым
сталом у абкураным катуху. Тут толькі інтэлектуальная мужнасць, а на Плошчы жывая эмоцыя, ускрыленая ўласнай адвагай.
Хаця калі я кажу пра адвагу, то маю на ўвазе адвагу “выйсці на Плошчу” (Галіч), а не ўпартае стаянне супраць ашалелых ад нянавісці амапапаўцаў, каб скрываўленым іх дубінкамі зваліцца пад шчыты, а потым быць закінутым, як труп, у закратаваную гаргару.
Выступаючы на прэзентацыі “Слоўніка Свабоды” (2002 г.) перад шматлікімі ўдзельнікамі змагарнага супраціву, я прамовіў збыт крамольную рэч (асабліва як на той, яшчэ не пераможаны, час). А менавіта:
“Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (згадаем Спартака, Кастуся Каліноўскага, Чэ Гевару...), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Францыі, Расіі ці Кубы...
Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду.
Толькі не трэба блытаць чаканне з пасіўным перабываннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы. Чаканне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы з свабодай.
Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсцем свабоды на Беларусь, мацаваць і вялічыць прастору яе чакання. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў заваяванні свабоды, а ў стварэнні сітуацыі яе масавага чакання. I калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду — яна Беларусь не праміне!”
...Цікава, што ледзьве я паспеў скончыць сваю прамову, як з крэсла ўсхапіўся малады мужчына і раззлавана выгукнуў:
— Спадар Акудовіч, як вы можаце такое казаць? Вы ж філосаф!
★ ★★
За ўсе тыя гады і гады хаджэнняў у супраціў міліцыянты з амапаўцамі ні разу не скруцілі мне рукі. Ужо пасля ўдзелу ў першых шэсцях з “хапуном” яно неяк само сабой зразумелася, што калі ты не маеш намеру з уласнай волі патрапіць за краты, то забудзься на сорам. У тым сэнсе, што, як бяда ў злаякаснай форме канкрэтна наблізілася — уцякай. Ну, зусім не абавязкова адразу на злом галавы. Маючы некалькі вольных хвілінаў (у абодвух сэнсах), пачынай хуценька аналізаваць сітуацыю: вылічы, куды лепей адступацца, за які рог павярнуць, у які дворык схавацца. А калі ўжо становіцца ясным як божы дзень, што ўсё такое ганарлівае не ўратуе, дык тады зусім не саромся — давай драпака на ўсе ногі. Звычайна доўга за табой не бягуць, калі ты паводле прыкметаў не патрапляеш пад тых, каго “ціхарам” наказана схапіць у першую чаргу.