Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
А далей я паспрабую ўнікнуць, наколькі гэта будзе магчыма, пытанняў уласна навучальнага працэсу. (Я ж не метадычку пішу.) Толькі наперад яшчэ заўважу, што, каб лішне не вытыркацца на вочы ўладам, аддзяленні неўпрыкмет разасобіліся міжсобку, і кожнае сам-насам жыло сваім уласным жыццём. “Пахаваліся, як мыш пад венік”, — часам з’едліва пакепваў я.
Таму, хоць гэты раздзел называецца “Беларускі калегіюм”, але па сутнасці тут будзе расповед пра аддзяленне “філасофія/літаратура”, кіраўніцтва якім праз некалькі год працы мне ў спадчыну пакінуў Ігар Бабкоў.
Для беларускай прасторы наша аддзяленне — унікальны праект у розных сэнсах. Перадусім гэта злучэнне літаратуры з філасофіяй у гамагенны дыскурс як агульную прастору для інтэлектуальных рэфлексій і эстэтычных артэфактаў. Падругое, спакваля аддзяленне ператварылася ў г. зв. творчае. Інакш кажучы, да нас пераважна сталі прыходзіць за навукай стварэння тэкстаў тыя, хто ўжо пачаў пісаць вершы, прозу, філасофскія эсэ і да т. п.
Калі апліканты на сумоўі мне тлумачылі, што завіталі да нас, каб болей навучыцца філасофіі і літаратуры, дык я зазвычай казаў: пэўна, вы будзеце моцна здзіўленыя, бо, па сутнасці, мы тут нічому не вучым, акрамя як нязмушанаму мысленню і вольнай творчасці. А паколькі такім рэчам паводле чужых тэкстаў не навучыш, то мы запрашаем выкладаць выключна тых, хто сваім жыццёвым чынам і творчым плёнам засведчыў, што і з першым, і з другім знаёмы не з чужых кніжак, а з персанальнага досведу.
Мяркую, што ніводная, нават самая буйная інстытуцыя краіны не мела такога феерычнага складу таленавітых і яркіх
выкладчыкаў. Пры ўсёй маёй прыкрасці да пералікаў, тут мушу саступіць сам сабе і хаця б трохі назваць тых, хто ў розныя гады ці наскрозь праз два дзесяцігоддзі трымаў вольны і творчы дух аддзялення. Яшчэ толькі заўважу, што тут у адным агуле будуць і тыя, хто ладзіў толькі асобныя майстар-класы, і тыя, хто чытаў курсы лекцый ці арганізоўваў семінары ды калёквіумы...
Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Ірына Дубянецкая, Ігар Бабкоў, Міхал Анемпадыстаў, Алесь Анціпенка, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Грыцанаў, Адам Глобус, Максім Жбанкоў, Андрэй Хадановіч, Сяржук Санько, Сяргей Харэўскі, Сяргей Дубавец, Пятро Васючэнка...
Бадай, яшчэ далучу сюды і згадку пра адмысловую праграму, якая прэзентавала майстар-класы галоўных рэдактараў незалежных выданняў “Архэ”, “Нашай нівы”, “Дзеяслова", “Партызана”, “Тэкстаў”, “Палітычнай сферы” (Валер Булгакаў, Андрэй Дынько, Барыс Пятровіч, Артур Клінаў, Зміцер Вішнёў, Андрэй Казакевіч).
Р. S. Тут неабходна яшчэ раз адзначыць, што мой кандуіт тычыцца выключна аддзялення “філасофія / літаратура”. А яшчэ ж былі “журналістыка” ды “найноўшая гісторыя”. I там свае сузор’і выкладчыкаў былі не менш багатымі.
★ ★★
Калі я быў у добрым гуморы, дык на тых жа сумоўях казаў, што Беларускі калегіюм перадусім эгаістычны праект. Проста нам моцна закарцела, каб нас сталася болей, як мага болей. Таму асноўная задача прафесуры — гэта інтэнсіўнае перастварэнне студэнтаў у нашых калегаў, каб супольна пашыраць і вялічыць інтэлектуальна-эстэтычны дыскурс Беларусі.
Разам з тым усе мае гуллівыя азначэнні зусім не адмаўлялі і навучанне ў традыцыйным сэнсе. У нас заўсёды былі ўнікальныя выкладчыкі з бліскучымі акадэмічнымі курсамі.
(У прыклад згадаю хаця б Ірыну Дубянецкую, доктара філасофіі і доктара сакральнай тэалогіі.)
Але я тут трохі болей спынюся на тым, чаго не было нідзе, акрамя як у нас. А менавіта на спецкурсе “Чытанне / пісанне тэксту”. Гэта былі калектыўныя рэфлексіі паводле тэкстаў, якія прэзентавалі вялікія філасофскія ды мастацкія стылі апошніх эпохаў. I не столькі каб пазнаёміцца з імі, колькі каб праз іх аналітыку самім вучыцца мысліць і ствараць. Груба кажучы, Ніцшэ, Разанаў ці Фуко былі для нас нечым накшталт трэнажораў, на якіх мы трэніравалі цягліцы ўласнага мыслення.
Першыя словы, якімі я распачынаў нашыя калектыўныя забавы, былі такімі:
— Калі вы пагаджаецеся з тым, што я кажу, то вы не мысліце. Сваёй згодай вы адно мацуеце маю думку. Мне гэта прыемна, толькі мне гэта не патрэбна. Я ўвесь час буду чакаць вашай нязгоды. I з аўтарам тэксту, які мы расчытваем, і з маімі інтэрпрэтацыямі ды рэфлексіямі з той жа ці якой іншай нагоды.
— Зразумела, — казаў я далей, — сама з сябе нязгода яшчэ не ёсць мысленнем. Зусім яшчэ не ёсць ім. Аднак, пачаўшы рух у кірунку адмаўлення, магчыма, аднойчы вы ад радасці спалохана прамовіце: “Эўрыка!”
Прасцей кажучы, каб зрабіць крок наперад, трэба адштурхнуць ад сябе зямлю. Тое ж і ў мысленні. I ніяк інакш...
Другая заўсёдная максіма гучала так:
— Мысленне — гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць. Менавіта мужнасць, а не энцыклапедычная веда, дасканалая метадалагічная падрыхтоўка, абазнанасць у тэме і да т. п. Усяго гэтага можа быць даволі, каб стаць кандыдатам ці доктарам філасофскіх навук. Толькі не філосафам. Рэч у тым, што разпораз мысліць бывае страшна. Вельмі страшна. I каб не спалохацца ўласнага страху, не ўхіліцца ад яго, патрэбная не абыякая інтэлектуальная мужнасць. А без яе ўсё астатняе марна.
Трэцяя максіма ўжо і не зусім максіма, а, хутчэй, параграф з інтэлектуальных паводзінаў:
— Са сваімі багамі (Богам) у аўдыторыю не заходзіць. Пакідайце іх разам з верхняй апраткай ля дзвярэй аўдыторыі. Інакш можа атрымацца, што падчас якой жарснай інтэлектуальнай палемікі вашага бога тут стануць ганяць, што той футбольны мячык па полі.
А пасля паўзы ўдакладняў:
— Між іншым, гэтаксама будзе слушна, як нашаму студэнту надаюць у каршэнь, калі ён у Саборы замест таго, каб паўтараць словы малітвы, стане гучна цытаваць антыхрыста Ніцшэ.
Прамінулітыя часы, калі Богусюды і заўсёды быўяк Бог. Цяпер нешта такое далёка не ўсюды і не заўсёды. Але ў фундаментальных месцах Яго сакралізацыі, відаць, будзе разумна паводзіць сябе так, быццам нічога не змянілася. Хаця б дзеля ўдзячнасці Яму за тое, што Ён тысячагоддзямі трымаў у цэласнасці ўвесь наш сусвет, пакуль не выгадаваўся ўжо зусім іншы чалавек, які цяпер можа абыходзіцца і без Ягонай падтрымкі.
***
Пэўна ж, самай адметнай падзеяй для кожнага студэнта аддзялення было публічнае абмеркаванне адмыслова напісаных для гэтага эсэ. Я прыдумаў табліцу ацэнак (паводле пяцібальнай сістэмы), і пасля прачытання эсэ кожны з слухачоў павінен быў агучыць свае адзнакі асобна за мову, стыль, кампазіцыю, мысленне ды эсэістычнасць.
Вясёлая была забава і карысная, асабліва для тых, хто насамрэч марыў ствараць тэксты, якія потым звернуць на яго ўвагу ўсёй чытацкай грамады.
Толькі далей не зусім пра гэта...
Поркаючыся ў абы-як збэрсаных архівах, зусім выпадкова сустрэў запіс пра адзін з такіх заняткаў, пазначаны 2006 годам. I закарцела перанесці яго сюды...
“Сёння на семінары мы аналізуем эсэ Марыны Дварэцкай і Вольгі Шашок. Марына абрала сабе тэмай Мінск ды напісала пра
свой мегаполіс весела і здзекліва. Але за іроніяй няцяжка расчытаць тугу па ідэальным горадзе, які можна было б шчыра любіць і якім можна было б, не тоячыся, ганарыцца.
Эсэ Вольгі — прастора напятай самоты. Усё яно — сцішаны адчай нацыянальна абранага чалавека, які балюча і трывожна адчувае сваю вылучанасць з чужароднай бальшыні. Дзяўчына ўжо наперад прадбачыць увесь цяжар беларускага шляху і як бы рыхтуе сябе да гераічнай самоты, якая будзе доўжыцца праз усё жыццё.
Я слухаю развагі маладых людзей, а сам думаю трохі аб іншым. У свой час мне заманіла скласці кнігу з аповедаў тых, хто свядома прыйшоў у беларушчыну і застаўся тут назаўжды. Але гэтыя гісторыі мусілі кранаць толькі адзін момант. А менавіта, як чалавек стаў на беларускі шлях, што яго сюды штурханула ці паклікала? 3 таго, што я ведаў, у кожным выпадку гэта была зусім іншая гісторыя, не падобная на другія.
Сабраныя ў мноства, — думалася мне, — яны, магчыма, маглі б распавесці нешта істотнае і пра нас саміх, і пра нашу краіну. Тую даўнюю хэнць я і дагэтуль не спраўдзіў. Таму вельмі ўдзячны Севярыну Квяткоўскаму, які з уласнай прыдумкі рэалізаваў падобны праект: “Як стаць беларусам?”
Аднак кожны раз, калі ўглядаюся ў тых, хто паступае навучацца ў Беларускі калегіюм, здумляюся: чаму яны абралі Беларусь як справу свайго жыцця? Альбо інакш: чаму менавіта іх абрала Беларусь, каб выявіць уласную самасць?
I ніколі не знаходжу на сваё здумленне пэўнага адказу. У пакліканні Беларуссю заўсёды ёсць нешта містычнае”.
•к-к-к
Ніхто не змушаў студэнтаў пісаць эсэ пра “занядбаную бацькаўшчыну”. У выбары тэмы ўвогуле ніякага задання не было. Я толькі не стамляўся нагадваць, што ў асноведзі эсэ мусібыць самая балючая і самая актуальная для іх вярэда. Як выявілася праз студэнцкую эсэістыку, тады, у першае дзесяцігоддзе існавання калегіюма, лічы, для ўсіх студэнтаў такой вярэдай і была сама Беларусь з яе трагічным лёсам.
Цікава, што пазней Беларусь як такая ўжо амаль перастане хваляваць моладзь, хаця сітуацыя ў краіне асабліва не зменіцца. Нешта зменіцца ў саміх маладых людзях. Цяпер іх захапілі розныя лакальныя праблематыкі ці ўласныя экзістэнцыйныя мітрэнгі.
3 той пазнейшай пары ніяк не забывалася эсэ Юлі Цімафеевай “Як я не пайшла ў Тыбет”. Дакладней, не столькі само эсэ, колькі рэакцыя аўтаркі на свой тэкст. Адчытаўшы, Юля разрыдалася. Гучна, з адчаем, напоўніцу. “Нешта з гэтай дзяўчыны мусіць атрымацца”, — падумалася тады.
Прамінулі гады, і насамрэч атрымалася. У значнай меры з яе ініцыятывы будзе створаны электронны часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, які па-добраму здзівіць многіх. Гэта было высокапрафесійнае перакладніцкае выданне, якога Беларусь яшчэ не мела. А праз колькі год Юля моцна ўразіла мяне яшчэ раз. Яна пачала друкаваць вершы. Моцныя, глыбокія, калі заўгодна, анталагічныя. Да таго ж прафесійна засвоіла фотамастацтва.
Я запытаўся ў Юлі, ці не засталося ў яе тое даўняе эсэ. Засталося...
ЯКЯ НЕПАЙШЛАЎТЫБЕТ
Аднойчы я не пайшла ў Тыбет. Пайсці туды мы вырашылі разам з мужам перад самым вяселлем. У тую светлую марозную сакавіцкую раніцу, калі ён прыехаў, каб днём пабрацца шлюбам. Гэта нам бачылася выйсцем з той побытавай шэрасці, якая чакала напера_ дзе, калі кожны дзень будзе падобны адзін да аднаго: праца, вячэра, тэлевізар, ложак. I каб пазбегнуць гэтай аднастайнасці, што пануе ў жыццях большасці людзей, мы вырашылі выправіцца ў “краіну Усходу”. Тыбет для нас, як і для многіх еўрапейцаў, бачыўся той краінай святасці, якую не засмецілі навукова-тэхнічны прагрэс і глабалізацыя. Прынамсі, калі туды і валілі статкі неўтаймаваных турыстаў, то выспы некранутай мудрасці і спакою яшчэ засталіся. У гэтым мы былі ўпэўненыя.