Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
92.53 МБ
Недзе на сярэдзіне шляху згадалася, што і на вечарыне, і ў кватэры ружа заставалася без кроплі пітва. I пакуль тое яшчэ будзе, калі я вярнуся дадому?
Я затурбаваўся, агледзеў побач з асфальтам навальнічную калюжыну і паклаў туды ружу. А сам прысеў на партфель ды запаліў цыгарэту. Зразумела, адной цыгарэтай не абышлося, бо ружа — гэта ж не птушка, спехам сёрбаць ваду не можа.
Калі ўжо надумаў падымацца, з ночы выскачыў нейкі шалёны тралейбус, рэзка затармазіў побач, і здаровы малады мужык за стырном запытаўся:
— Табе куды? (Быццам гэта была таксоўка.)
— Ва Уручча.
—	Залазь, — махнуў рукой.
Агаломшаны нечаканай прапановай, я выхапіў з калюжыны мокрую ружу і ўскочыў у тралейбус.
Кіроўца зацята маўчаў. Я стаяў побач і таксама не мог знайсці аніводнага слоўца, каб хоць нешта сказаць. Так мы і ехалі, моўчкі ўзіраючыся ў ноч, якая, відавочна, збірала чарговую залеву. Толькі ўжо ў мікрараёне ён запытаўся, дзе маё жытло, і затрымаў вочы на ружы.
Мой дом быў каля самай дарогі, і тралейбус запыніўся роўна насупраць пад’езду. Я засунуў руку ў кішэню і выцягнуў усё, што там заставалася. Кіроўца, не ўзіраючыся, узяў грошы і выскачыў на асфальт, каб рассупоніць свайго жалезнага каня. Затым нейкім чынам перагнаў тралейбус на супрацьлеглы бок дарогі, зноў далучыў рогі да дратоў і з’ехаў у навальніцу... А я стаяў пад залевай, пакуль не вымак як цюцік, спрабуючы зразумець: што гэта было?
Добра разумею, мая рамантычная навелка ў маіх успамінах пра Беларускі калегіюм не зусім да месца. Але калі ў свой апошні час буду яго прыгадваць, то перадусім згадаю тую калюжыну, ружу і шалёны тралейбус, што з нейкай незразумелай прыхамаці вёз мяне праз навальнічную ноч дадому.
“ФРАГМЕНТЫ
Мы з Ігарам Бабковым сядзелі ў кватэры вядомага культуролага (і нашага выкладчыка) Ігара Вугліка, няспешна бралі кроплю ды разважалі пра пабытовы нацыяналізм Марціна Гайдэгера, дзіўным чынам задзіночаны з анталагічным фундаменталізмам.
Знянацку — у сваёй звычайнай манеры — Ігар Бабкоў кажа:
—	Валянцін, пэўна ж, Вы яшчэ не ведаеце, што будзеце галоўным рэдактарам філасофскага часопіса “Фрагменты”. Сродкі на выданне ўжо недалёка...
Прапанова была файная, толькі, як кажуць у такіх выпадках, — не да часу і не да месца.
Тады я меў для працы яшчэ літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” ў тыднёвіку “Культура”, аддзел культуралогіі і замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца”, аддзяленне “філасофія / літаратура”ўБеларускім калегіюме і палову рэдактарскай стаўкі ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (не кажучы пра ўсё не-сістэмнае). I ні ад чаго з гэтага пераліку не меў намеру адмаўляцца. Пра што і нагадаў Ігару Бабкову.
Але так яно атрымалася да лепшага. Тады з грамадскай арганізацыяй “Эўрафорум” якую стварылі Алег Дзярновіч з Ігарам Бабковым, супрацоўнічаў яшчэ зусім малады Валерка Булгакаў (як высветліцца праз гады, чалавек неверагоднай працаздольнасці і сціпласці). Ён і ўзваліў на сябе гэтую ношку — спачатку ў ролі адказнага сакратара, а затым і заступніка галоўнага рэдактара.
“ВОСЕНЬ’96” (так пазначаны выхад часопіса) сталася для нас знакавай падзеяй. Упершыню за ўсю гісторыю Беларусі быў выдрукаваны беларускімі словамі беларускі філасофскі часопіс.
Мы выхваляліся ім стрымана і годна, але выхваляліся дзе толькі маглі (і ці не найбольш у замежжах). Хаця тут адразу мушу ўдакладніць, што перадусім гэта была пахвальба не саміх сябе, а беларускай культуры як такой перад суседзямі. Бо нічога падобнага не мелі ні ўкраінцы, ні прыбалты.
У прадмове “АД РЭДАКЦЫІ” Ігар Бабкоў сярод іншага пісаў:
“Фрагмент — гэта частка, якая, тым не менш, паводзіць сябе як цэлае. Нашая ўласная сітуацыя — прыватная, экзістэнцыйная, нацыянальная, планетарная — не дае нам іншае альтэрнатывы. Вось ужо другое тысячагоддзе мы выбіраемся з Платонавай пячоры, і паўсюль — адно цені й цені ценяў. Апошняе стагоддзе мы нават не прыгадваем пра святло.
“Мы ўжо даўно не думаем”, — прамовіў у адным з сваіх спавешчанняў Марцін Гайдэгер.
“Ноч — лепшы час, каб верыць у святло”, — калісьці запісаў Платон.
Мы самі — фрагменты святла, калі адважваемся быць, думаць, будаваць — напоўніцу, з глыбіні сваёй істоты.
Нас падпільноўваюць ідэалогіі й біяграфіі, партыі і краіны, цывілізацыі і культуры. Мы праходзім праз іх, як цені і цені ценяў. Тое, што мы пакідаем тут, насуперак — адно фрагменты.
(...)
Зрэшты, мы збіраемся практыкаваць нетолькі ўзнёслы “дыскурс праўдзівага”. “Фрагменты” — першы беларускі квартальнік, прысвечаны мысленнюўсамых розных “рэалізацыях”, школах, практыках.
“Фрагменты” — гэта яшчэ і фрагменты самых розных жанраў — ад сціслага акадэмізаванага каментару да ідэалагічнай крытыкі, ад аб’ектывуючага аналізу да паэтавання над тайніцай Быцця.
(...)
Няма сэнсу пісаць пра патрэбу беларускай культуры ў такім выданні. Ёсць сэнс гэтую патрэбу абуджаць”.
Утрымаць заяўлены фармат квартальніка не атрымалася. Цягам дзесяці гадоў існавання “Фрагментаў” было выдадзена 11 нумароў. Аб’ём кожнага з іх таксама не трымаўся
нейкага вызначанага фармату. Часам нумары былі аж залішне важкімі — недзе пад 350 старонак. Як стасоўна перыядычнага філасофскага выдання, дык гэта відавочна збыткоўна (тым болей у праекцыі на беларускую сітуацыю). Цяпер зразумела, што такім латэнтным спосабам прачыналася будучая гігантаманія вялікага рэдактара і выдаўца Валеркі Булгакава. Апошняе ён і прадэманструе напоўніцу, калі пачне друкаваць уласны часопіс / подзвіг “Архэ” і кніжную бібліятэку пры ім.
“Фрагменты” друкавалі шмат перакладной філасофскай літаратуры. Яе было нават болей, чым тэкстаў уласных аўтараў. Але гэта не надта турбавала, бо раней у нас не было ні першага, ні другога. Таму ўсё тут было дарэчы, нават нешматлікія перадрукі з уласнай спадчыны...
А далей закарцела адцеміць адну як бы не прынцыповую, аднак вельмі сімпатычную цікавостку. Далёка не ўсе, але многія нумары адкрывалі тэматычныя эсэ Ігара Бабкова. I кожным разам гэта былі невялічкія цуды.
Дзеля прыкладу адзін з іх пакажу.
КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ
Яны мала ўва што вераць і ўжо напэўна нікому не служаць. Ніцшэ адважыўся назваць іх іхнім небяспечным найменнем: спакушальнікі. Яны сапраўды спакушаюць: лепш не быць кімсьці, чым адно здавацца, лепш быць нікім, чым роля Платонавых лялек у тэатры ценяў — лялек, матузкі ад якіх сёння торгаюць усе, хто толькі можа. “Чалавек выбірае хацець нішто, чым нічога не хацець”, — гаворыць спакушальнік. “Неўзабаве мы будзем адрознівацца адзін ад аднаго толькі воляй да супраціву сітуацыі Нідзе і Ніхто”, — працягвае Валянцін Акудовіч. “Істотна тое, што сама воля была выратаваная”, — каментуе Ніцшэ.
3 тых часоў нічога не змянілася. I мы зноў, тут і цяпер, вымушаныя паўтараць пытанні, зададзеныя больш за стагоддзе таму: “Што ў нас саміх імкнецца да праўды? Мы хочам праўды: чаму лепш не аблуды? He сумневу? He няведы? Хто з нас тут Эдып? Хто Сфінкс?”
"Філасофія беларускага шляху”, запачаткаваная Ігнатам Канчэўскім (Абдзіраловічам), амаль стагоддзе адбірала з Архіву еўрапейскага мыслення думкі ды ідэі, якія маглі б “асвятліць” дарогу. “Беларусь”, як праект выхаду з ценю адной з “магчымых нацыяў”, адбыўся. Мы прыйшлі. Ад сляпучага святла шмат каму хочацца зноў заплюшчыць вочы ды ўявіць сабе наступнае падарожжа. Хтосьці лічыць, што не дайшлі, хтосьці — што прыйшлі запозна і зусім не туды.
I толькі нешматлікія разумеюць, што мы так і засталіся сядзець у Платонавай пячоры. I сярод гэтых нямногіх зусім горстка адважваецца запытацца пра праўду.
У гэтай краіне іх увесь час блытаюць з кімсьці іншым. 3 прафесіяналамі і інтэлігентамі, з інжынерамі чалавечых душаў ці адраджальнікамі.
Яны не дзеляцца паводле мовы і геапалітычнай арыентацыі. Яны не дзеляцца на шчырых і няшчырых, на свядомых і несвядомых, на маніпулятараў і аб’екты маніпуляцыяў.
У гэтай краіне яны нікому не патрэбныя. Яны даспелі, каб называць сябе ўласным небяспечным найменнем: спакушальнікі.
***
Я не прымаў актыўнага ўдзелу ў канкрэтнай працы над часопісам, хаця напрыканцы яго існавання быў нават фармалізаваны, як “Заступнік галоўнага рэдактара”. Разам з тым хваляваўся за часопіс, быццам гэта было маё ўласнае выданне. Таму без мяне не абыходзілася ніводная прэзентацыя “Фрагментаў” ці то ў Мінску, ці то ў Гомелі, Магілёве, Гародні...
Натуральна, падчас вандровак ды выступаў хапала розных прыгодаў. Але калі мы згадваем тыя прэзентацыі, то чамусьці найперш цешымся з наступнага анекдота...
Перад паездкай у Гомель нехта з палітычных актывістаў папрасіў нас перадаць пакет у грамадскую арганізацыю, што месцілася ў гатэлі для цыркавых артыстаў. Паколькі заданне было канспіратыўным, то перад будынінай мы спахапіліся: як сябе прадставіць, калі нас запыняць на ўваходзе?
He памятаю — хто, толькі, можа, Алесь Анціпенка, а можа, Ігар Бабкоў прыдумаў легенду. Маўляў, мы тры клоўны з Новасібірска і прыехалі, каб дамовіцца наконт выступаў у Гомельскім цырку.
Потым не аднойчы мы прэзентавалі сябе ў розных вясёлых сітуацыях як клоўнаў з Новасібірску. I заўсёды гэта нас моцна весяліла.
Чаму так, аднойчы задумаўся я, але вынік сваёй аналітыкі агалошу пазней...
Мне ў тую пару няблага пісалася, і ладную (ці не найбольш філасафічную) частку той пісаніны я друкаваў у “Фрагментах”. Гэта былі вялікія памерам і метафізічна канцэптуальныя эсэ. Да таго ж шмат у чым эўрыстычныя. Сярод іх вылучу эсэ “Разбурыць Парыж” (яно дасць і назву другой кніжцы).
Мне падабаўся гэты тэкст, але ж не настолькі, каб я нават пад алкагольнай кропляй мог прымроіць, што яго стануць вывучаць у сур’ёзных акадэмічных інстытуцыях на аддзяленнях філасофіі (БДУ, ЕГУ, БДПУ ім. М. Танка і недзе яшчэ) і тым болей у некаторых ліцэях.
He ведаю, ці змушаюць дзе яшчэ студэнтаў чытаць “Разбурыць Парыж”? Можа, і не. Бо там шмат ухвалы постмадэрну, які на тую пару (2000 год) быў на вяршыні папулярнасці як вялікі інтэлектуальны стыль XX стагоддзя. А цяпер на яго збольшага забыліся. Як на мае глузды, дык дарэмна забыліся, бо постмадэрн першым апазнаў і выявіў глабалізм як універсальную парадыгму наступнага існавання чалавецтва. Затое з гэтай сітуацыі забыўлівасці я пачуваюся больш упэўнена, калі прапаную ў свае хронікі некалькі старонак з эсэ “Разбурыць Парыж”, надрукаванага ў “Фрагментах”.