Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
***
Уласна, кнігі (тэксты) і ёсць тым, праз што апазнаюцца кшталт ды сэнс творчага наробку, а значыць, і самога жыцця
інтэлектуала. А яшчэ тыя крытычныя рэфлексіі іншых аўтараў, што выдрукаваныя кнігі суправаджаюць. Таму я маю намер прэзентаваць у хроніках хоць што з сваіх кніг, улучна з іх крытыкай — часам і рэзка адмоўнай.
Здаецца, я ўжо згадваў, што першую сваю кнігу надрукаваў у 48 год. Фармальна так яно і было. Хаця насамрэч надрукаваў яе не я, а Ігар Бабкоў. На той час я зусім не думаў пра нешта такое. У апошнія гады мае тэксты шмат друкавалі як у дзяржаўных, так і ў незалежных выданнях, і мяне гэта цалкам задавальняла. Пагатоў гэта былі не толькі даволі тыражныя, а і паважныя выданні. I таму ўласная кніга накладам у 300-500 асобнікаў, якую яшчэ трэба будзе неяк манетызаваць, мяне цікавіла не болей, чым сабаку голая костка.
— На якую халеру мне гэта патрэбна? — сказаў я Ігару, калі ён прапанаваў падрыхтаваць рукапіс кнігі для серыі “Бібліятэка Фрагменты”.
I што б потым Ігар ні казаў, я не слухаўся. Толькі аднойчы ён вымудрыў наступнае:
— Пачакайце, Валянцін, хіба мы робім часопісы ды кнігі дзеля саміх сябе? He. Мы іх робім, каб мацаваць і шырыць дыскурс сучаснага беларускага мыслення. Таму не думайце, што гэта вашая кніга, а думайце, што гэта проста яшчэ адна цагліна на будоўлі Вавілонскай вежы ў беларускай інтэрпрэтацыі.
Ну, пра Вавілонскую вежу гэта я сам зараз прыдумаў. Хаця словы пра тое, што гэтая кніга не для мяне, а дзеля нашай агульнай справы, моцна развярэдзілі. Да таго ж мне, лічы, нічога і рабіць не трэба было. Адно адабраць розныя выданні з лепшымі, на мой погляд, ужо друкаванымі тэкстамі і прынесці тыя выданні ў офіс “Эўрафорума”. А яны самі перадрукуюць у кнігу вылучаныя мной тэксты.
Спачатку я называў яе скрай лаканічна: “Мяне няма”. Алесю Разанаву такая лаканічнасць падалася збыткоўнай, і ён прапанаваўускладніць структуру назвы. Я нейкі час вагаўся, аднакурэшце прыдумаў: “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”.
Потым Ігар Бабкоў будзе жартаваць, што кніга харошая, а вось назва нікуды не вартая. Бо хто ні пабачыць на вокладцы “Мяне няма...”, дык адразу і адкладзе яе ўбок. Маўляў, што там чытаць — няма і няма...
Між іншым, назва кнігі не была зусім арыгінальнай у тым сэнсе, што раней у часопісе “Крыніца” было надрукаванае маё вялікае эсэ, якое называлася “Мяне няма, не было, не будзе”.
Згадваецца, як неўзабаве пасля выхаду эсэ ў вялікім кабінеце рэдакцыі часопіса назбіралася ладная гурма народу і ўсе абмяркоўвалі вось гэтае “мяне няма”. Я нешта тлумачыў пра метафізічную ідэю адсутнасці, як раптам адчуў моцны кухталь у шыю — аж прыгнуўся. I адразу пачуў за спінай вясёлы голас Алеся Разанава:
— Валянцін, Вас жа няма. Дык чаго Вы ўгінаецеся?!
Згадаўшы тую бурлескавую гісторыю, не магу абмінуць яшчэ адну. Калі кніга ўжо вярсталася нашым выдатным філосафам Сержуком Санько, я патэлефанаваў яму, каб змяніць назву эсэ “Піраміда Хеопса за руінамі Мірскага замка” на “Чарговы Бабілён на руінах геаграфіі”.
— Няма праблемаў, — запэўніў Сяржук.
Праблемаў і сапраўды не павінна было быць, але рэч у тым, што Сержуку мусова трэба было звярстаць маю кніжку ў пераднавагоднюю ноч. Таму ў адсутнасці Дзеда Мароза з Снягуркай ён сам сябе патроху весяліў. Між іншым, не заснуў і з справай управіўся, толькі потым, гартаючы сваю кніжку, я ўбачыў, што адно і тое ж эсэ было надрукаванае двойчы пад рознымі назвамі.
Што цікава, калі нехта з чытачоў і звяртаў увагу на гэткую загадкавую падвойнасць, то моцна не дзівіўся. Маўляў, постмадэрністы яшчэ не такое вычвараюць...
Дарэчы, Ігараў жарт наконт назвы застаўся толькі жартам. Бо менавіта назва і справакавала не абы-якую цікавасць да выдання. Хаця расчытаць яе напоўніцу не шмат у каго атрымалася, паколькі беларускія аўтары раней так (і такога) не пісалі.
3 усіх крытычных рэфлексій, якія за два дзесяцігоддзі ў мностве прагучалі паводле гэтай кнігі, я выбраў толькі дзве. Першая належыць Алесю Разанаву, бо гэта Разанаў.
БЛІЦ-ВОДГУК НА КНІГУ ВАЛЯНЦІНА АКУДОВІЧА "МЯНЕ НЯМА" Ў ТЫДНЁВІКУ “ЛІМ"
“Тое, што В. А. кажа, ім жа самім мусіць удакладняцца. Гэта яшчэ пачатак гаворкі, з канца, але пачатак. I як канец — вываратак пачатку, а скрыжаванне — выварат раздарожжа, так і пастулат “мяне няма” — выварат пастулата “я ёсць”. Дыскурс экзістэнцыі перайначваецца ў экзістэнцыю дыскурсу.
Зрэшты, справа не ў саміх пастулатах, а ў тым, што яны здольны намацаць, схапіць, высветліць, растлумачыць і актывізаваць у рэчаіснасці, а для гэтага, хочаш не хочаш, цэнтр цяжару мусіць перанесціся з апірышча на крок.
I хочаш не хочаш, a В. А. даводзіцца дбаць пра каардынаты і казаць, як мяне няма, чаму мяне няма, для чаго мяне няма. Але “мяне няма”, якое мае каардынаты, гэта ўжо не зусім “мяне няма”, гэта, па сутнасці, хоць з другога боку, ужо тое самае, што і “я ёсць”, якое распазнае, як я ёсць, чаму я ёсць, для чаго я ёсць.
У нечым, ці не ў самым вызначальным, В. А. ідзе ўслед за Ніцшэ і паэтыку ніцшэўскага нігілізму даводзіць да прыступу ніцшэўскага радыкалізму. Так ён выяўляе сябе, так ён вядзе сваю гульню. I гэтая гульня кажа, што нігілізм не выдумка і не сваволя філосафаў, а непазбежны плён самаістотнага мыслення, якое бярэцца вырашаць (і вырашае) тое, што здольнае здзяйсняцца адно духам.
Чым мне падабаюцца дыскурсы В. А, дык гэта франтальным зваротам да кардынальных метафізічных пытанняў, чым не падабаюцца — дык амаль тым жа: сваімі шматслоўнасцю і катэгарычнасцю. Мабыць, на карысцьдыскурсу былоб, калі б В. А. казаўне “апошняе”, а “перадапошняе” слова.
В. А. адважна кідаецца ў глыбіню і з шумам разгортвае вакол сябе ўсё, што захопліваюць рухі.
Але ён гэтак плыве.
Для ўсіх нас істотна, што ў беларуска-культуралагічным абсягу ёсць гэтакі плывец”.
3 другім аўтарам я таксама не меў выбару. Пётра Рудкоўскі нарабіў паводле маіх кніг столькі грунтоўнай (і жорсткай) крытыкі ў розных выданнях, што абмінуць увагай яго тытанічную працу я ніяк не мог. Тут была хіба іншая праблема. У тэкстах Пётры такое мноства цікавостак, што я доўгі час не ведаў, на якой з іх запыніцца. Урэшце вырашыў рэпрэзентаваць пачатак артыкула.
"МЯНЕ НЯМА” — РОЗДУМ ІНКВІЗІТАРА НА РУІНАХ АКУДОВІЧА — Пасля прачытання кнігі Валянціна Акудовіча
“Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”
Менск, 1995
Бо ў гармоніі праўды левыя і правыя сілы маюць долю сваю.
Успаміны св. Яна (апокрыф)
Акудовіча няма, але інквізіцыя ёсць. Не-існаванне ерэтыка — гэта найбольш сур’ёзная праблема для інквізіцыі, таму стаўлю сабе два заданні: 1 — знайсці ерэтыка; 2 — высветліць, што ёсць паміж інквізітарам і ерэтыком. Нагода выдатная — дзесяцігоддзе выхаду ў свет слаўнага ўжо Акудовічавага дзецішча: “Мяне няма”.
Менавіта ў сферы “паміж” інквізіцыя можа найбольш поўна рэалізаваць сваё пакліканне, якое заключана ў яе назве: inquisitio — вышукванне, даследаванне, ад inquirere — шукаць, дапытвацца. У сферы “паміж” найболей справаў, якія патрабуюць інквізіцыйных росшукаў.
Акудовічава забава арганізавана паводле прынцыпаў канструкцыі і дэканструкцыі. “Руіны” выконваюць функцыю рэгулятарнай ідэі, прычым “рэгулятарнасць” тутпалягае насамрэч на дэрэгуляцыі, адыходзе ад усялякае regula. “Руіны” маюць на мэце раз-ладзіць, раз-губіць логацэнтрычны інтэлект, які пагарджае ўсялякімі руінамі і пазбягае бязладдзя.
Тым не менш аўтар займаецца і будаваннем: будуе тэарэтычную мадэль пад назовам “архіпелаг Беларусь”, хоць яму самому, мабыць,
здаецца, што ён знаходзіць гэты архіпелаг сярод руінаў. Акудовіч таксама сварыцца з Богам, і гэтая сварка мае сапраўды разбуральны характар: вынікам яе ёсць разбурэнне вобразу Бога, “Словабога”, як ён кажа. Ну, ёсць яшчэ пару іншых забаваў (канструкцый-дэканструкцый) у кнізе, але яны занадта бяскрыўдныя, каб маглі зацікавіць інквізіцыю. Таму павандруем трохі па “руінах Бога” і “руінах чалавека”.
1
Чалавек не мае сутнасці. Ён нявечны. Жыццё яго пазбаўлена сэнсу. Яму наканавана толькі “адбыць быццё”. Чалавек не мае якойсьці “найвышэйшай” вартасці. Як утрапёна ні пераконвалі б прапаведнікіаптымісты, “я — гэта семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру”.
Гэты крайні антыгуманізм Акудовіча спалучаецца з візіяй канца: “Час чалавека сканчаецца — у самых розных сэнсах. / ў сэнсе часу, дарэчы, таксама”. А “смерці чалавека” папярэднічае “смерць Бога”, смерць падставы сэнсу. I ў гэтай прорве нігілізму і абсурду філосаф будуе вобраз факультатыўнага бога для чыста прыватных патрэбаў — Этнас. “Архіпелаг Беларусь”. А так увогуле — Бог памёр, пад намі — нішто, над намі — нішто, і “Я-чалавек — нішто, якое з’яўляецца з ніадкуль / знікае ўнікуды”.
Гэтая выснова грунтуецца на “археалогіі” — філасофскім асэнсаванні чалавечае гісторыі. Мінуў перыяд панавання Татэму, Міфу, і йдзе да завяршэння панаванне Тэксту. Разам са смерцю Тэксту памірае і Бог. Крайні антыгуманізм і крайні атэізм — вось вынік археалагічных даследзінаў Акудовіча. I тут закралася ў мяне паняверка: вынік ці прычына?
Акудовіч сварыцца з Богам, і добра. 3 Богам сварыліся і Майсей, і Ёў, і амаль усе прарокі. У Кнізе Ісаі Бог сам гаворыць: “Хадзеце і спрачайцеся са Мной” (1:18). Але Акудовічава сварка нейкая вульгарная і маналагічная. Акудовіч дакарае Бога за тое, што забараніў Адаму й Еве займацца сексам, заяўляе, што Яго ўцелаўленне — доказ паталагічнага стану, а смерць на крыжы — праява садамазахізму. Каб апісаць усе злачынствы Бога, кажа Акудовіч, трэба было б высекчы ўсе дрэвы, ды і таго не хапіла б. Божыя злачынствы пераўзыходзяць злачынствы Сталіна, і людзям трэба б не чакаць другога прыйсця, а паслаць Богу позву ў суд (толькі невядома, куды пісаць). Такога Бога Акудовіч бачыць у Бібліі, зборніку тэкстаў
пра Бога. Увесь час мысляр застаецца верны перакананню, што Бог тоесны з Тэкстам, Бог не існуе па-за Тэкстам.
Адкуль Акудовіч ведае, што Бога па-за тэкстам няма? Адкуль ён ведае, што пасля смерці — смерць? Ці ён ужо быў памёршы, даведаўся, што нічога пасля смерці няма, і цяпер ласкава нам гэта аб’явіў?
(“Архэ”)
Р. S. Каб ведаў, дзе набрацца грошай, то сабраў бы ўсю аналітыку маіх тэкстаў Пётры Рудкоўскага да купы і выдаў асобнай кніжыцай. Магчыма, напрыканцы нават уклаўся б у крытыку крытыкі апанента і надаваў бы яму трохі інтэлектуальных кухталёў, толькі зусім не дзеля помсты, а каб такім спосабам падзячыць за ўвагу да маёй ня/сціплай асобы.