Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
I далей: “Еўрапейскія дыскурсы (за рэдкімі выключэннямі, да прыкладу — Артэга-і-Гасэт) успрымаюцца як нешта, што нясе ў сабе метадалогію прымусовага і герархізуючага розуму, што ёсць не чым іншым, як культурным імперыялізмам, які характарызуецца татальнасцю, закрытасцю, аднамернасцю, маналагічнасцю”.
Асабіста для мяне, ужо як літаратара, надзвычай істотнымі былі і наступныя фрагменты: “...пабудаванасць самой “ФЛС” як прынцыпова адкрытай, свабоднай (у выбары асноваў і тэмаў) напаўэсэісцкай рэфлексіі, цесна звязанай з лацінаамерыканскай літаратурай”.
“Больш за тое, некаторыя творы гэтак званага “новага лацінаамерыканскага рамана” (“магічнага рэалізму”) выглядаюць як ілюстрацыі ці нават арыгінальныя “навароты” ў “ФЛС” (М. Астурыяс, К. Фуэнтэс, Г. Маркес ды інш.)”.
Рэч у тым, што эсэістычнасць (літаратурнасць) ад самага пачатку заклалася як базавая форма маіх спробаў мыследзейнасці. Але прыкладна тое ж самае было ў Ігара Бабкова, Максіма Жбанкова, Адама Глобуса, Юрася Барысевіча, Сяргея Дубаўца... I таму заканстытуяваны эсэістычна-літаратурны досвед лацінаамерыканскай філасофіі стаўся выразным знакам падтрымкі нашых высілкаў ісці ўласным шляхам. I калі адзіночыцца з еўрапейскім кантэкстам, то ўжо з яго “некласічным варыянтам” (пачынаючы з Ніцшэ).
Трэці эпізод з жыццяпісу Уладзіміра, які я хачу нагадаць, таксама звязаны з Паўднёвай Амерыкай, але ўжо не з яе філасофскім дыскурсам, а з сацыяльна-культурным. Вядома, што нашчадкі гішпанцаў там, незалежна ад іх жадання, менаваліся крэоламі і адносна метраполіі лічыліся чалавекамі ніжэйшага гатунку...
Дык вось, абсалютна нечакана ўкраінец Мікола Рабчук скарыстаўся гэтым феноменам, каб пераінтэрпрэтаваць яго стасоўна ўкраінскай сітуацыі. Ён пазначыў метафарай крэольства тую частку ўкраінскага грамадства, якая, палітычна арыентуючыся на незалежнасць краіны, па сутнасці не прыняла ідэю ўкраінскасді. Метафара моцна ўразіла ўкраінскіх думаннікаў, а следам і беларускіх публіцыстаў. Яны пачалі прыстасоўваць яе да ўласнай сітуацыі і гуляліся з ёй, пакуль не надакучыла. (Сёння тую інтэлектуальную забаўку ўжо мала хто згадае.)
Наш сябра Уладзімір, наслухаўшыся тых прафанацый, не вытрываў і пачаў пісаць тэкст, каб патлумачыць недарэкам, што тут насамрэч да чаго. I напісаў.
Але нешта ў ім развярэдзілася такое, што ён з гэтага парывання стварыў галоўны тэкст (трактат) свайго жыцця.
Безумоўна, гэта класіка. Прынамсі, пакуль мы не маем, і яшчэ невядома, ці будзем мець, больш поўнага, глыбокага ды ўсёахопнага тэксту, які б настолькі ўніверсальна і крэатыўна аналізаваў ды інтэрпрэтаваў у гістарычнай дынаміцы праблему суадноснасці нацыянальных ускраін з цэнтрам метраполіі. I хаця фармальна аўтар асягае праблему ва ўсёй яе татальнасці, не цяжка заўважыць, што перадусім гэта тэкст пра Беларусь і для беларусаў.
У іншым месцы ды часе я б разгарнуў аналітыку гэтага шэдэўра не на адзін дзясятак старонак, аднак тут і цяпер ужо і так моцна задоўжыўся. Таму раю самім прачытаць і ацаніць тэкст Уладзіміра Абушэнкі “Крэольства і праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі” (“Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня”. Санкт-Петербург: “Невскнй Простор”, 2003).
Р. S. У нашых водных вандроўках па рэках айчыны Уладзімір заўсёды плаваў са мной у адной байдарцы, і спалі мы ўдвох у маім старэнькім намёце яшчэ з брызентавай эпохі спартовага турызму. Свой выбар партнёра ён тлумачыў проста: а дзе яшчэ я змагу з Акудовічам нагаварыцца? I сапраўды, у нас не было звычкі сустракацца ў горадзе сам-насам, нягледзячы на неабдымную сімпатыю адзін да аднаго і агульныя справы, хаця я не стамляўся чапляцца да яго, каб ён хутчэй падрыхтаваў сваю беларускамоўную кніжыцу для серыі Беларускага калегіюма, а ён заўсёды адказваў адно і тое ж: спачатку напішу кніжыцу пра цябе. (He паспеў ні адно зрабіць, ні другое).
3 мноства эпізодаў той валацужнай пары перадусім просіцца быць згаданым гэты. Бураломная рэчка Котра. У каманды нечакана скончыліся хлеб і гарэлка. Мы з Уладзімірам селі на байдарку і пераплылі рэчку да бліжэйшай вёскі. Набылі хлеба і — пашчасціла — нябеснага смаку гарэлкі, вырабленай у Налібоцкай пушчы. Адну пляшку адлічылі сабе ды за вёскай на выгане прылеглі пад пракаветным дубам. Глядзелі
ў высокі-высокі блакіт з анёльскімі пёркамі аблачынак, аб нечым сцішана размаўлялі, і нам абодвум было так хораша, быццам мы ўжо ў Бога за пазухай.
Але рушым далей. На чарзе магутных дойлідаў у мяне Валерка Булгакаў. Хаця, калі мы пазнаёміліся, ён ніяк не выглядаў на дойліда, тым болей — магутнага.
Неяк падчас аднаго з шматлюдных мітынгаў апазіцыі ля Опернага тэатра да мяне падышоў яшчэ зусім малады хлопец і сказаў, што прачытаў усе нумары літаратурна-філасофскага сшытка “ЗНО” (тыднёвік “Культура”) і хацеў бы далучыцца да хаўрусу нашых аўтараў. Можа перакладаць з нямецкай філасофскую літаратуру.
Я ўзрадаваўся, і мы дамовіліся, што на пробу ён падрыхтуе адну з лекцыяў Зігмунда Фрэйда (паводле Валеркі — “Фройда”). Праз нейкі час ён завітаў у рэдакцыю “Культуры” з гатовым тэкстам. Збольшага пераклад быў няблага зроблены, але — вохці мне...
Тут мусова трохі збочыць. На тую пару сярод свядомых беларусаў назіраўся росквіт “тарашкевіцы” — найперш у тым сэнсе, што “тарашкевіц” было шмат, і кожны з літаратараў, калі не ленаваўся, меў свой персанальны варыянт граматыкі Тарашкевіча. Валерка захапіўся бясконцымі моўнымі выкрутасамі Янкі Станкевіча, якога цудоўны паэт Жылка назваў “шашалем беларускай мовы”. Гэта значыць, спачатку патрэбныя былі немалыя высілкі, каб расчытаць Станкевіча, а потым ужо заглыбіцца ў Фрэйда (таксама не самага празрыстага з мысляроў).
Хаця на тую пару ў “ЗНО” была граматычная вольніца (бедныя карэктары), але я стаў прасіць Валерку хоць трохі сцішыць піянерскі імпэт, каб не адвярнуць ад тэксту і так нешматлікага чытача. Толькі Валерка ўпарта трымаўся свайго, не раўнуючы як той анекдатычны партызан. Хаця такое мне думалася адно
на пачатку знаёмства. Бо праз наступныя гады я зразумеў, што яго ўпартасць (упёртасць) не капрызлівая прыхамаць, а вызначальная рыса характару (кону). Абраўшы шлях — ён не збочвае.
Вось ужо два дзесяцігоддзі Валерка Булгакаў выдае часопіс “Архэ” (заснавальнік Андрэй Дынько). Пасля “Фрагментаў” (даўно зніклых) гэта самае яркае і адметнае інтэлектуальнае выданне нашай краіны. За гэты час на старонках “Архэ” адзначыўся ці не кожны, хто меў схільнасць да мысліўных рэфлексій (а многія дык шматкроць).
На сённяшні час мы маем 160 важкіх і інтэлектуальна грунтоўных нумароў часопіса. Надзвычай істотнымі для беларускай культуры сталіся і кнігі (фаліянты), выдадзеныя паасобку (ужо маем 94 асобнікі). Некалькі з маіх любімых пералічу: Янка Станкевіч (2 тамы), Антон Адамовіч, Юры Туронак, Адам Бабарэка (2 тамы), Алег Латышонак...
He спынілі майго героя і рэпрэсіі ўладаў. У 2009 годзе часопіс патрапіў пад закон аб экстрэмізме. Валерка на нейкі час нават схаваўся ў Вільню, дзе мы з Алесем Анціпенкам яго выпадкова сустрэлі. (А так бы, можа, і не згадаў той эпізод з рэпрэсіямі, бо тады іх было не злічыць.) Аднак усё неяк абышлося — хаця і не без стратаў.
Ужо даўно і зусім натуральна Валерка Булгакаў параўнаўся мне з Ежы Гедройцам (дарэчы, народжаным у Мінску), які колькі дзесяцігоддзяў выдаваў слынны польскі часопіс “Культура” ў эміграцыі (Францыя). I хаця фармальна мы заставаліся ў сваёй краіне, але адносна дзяржавы таксама былі эмігрантамі. I тое, як Валерка ўсе гэтыя гады ўпарта, без праклёнаў і стомы рабіў ды рабіў сваю справу, мяне заўсёды поўніла радасцю. Ёсць жа такія людзі / чалавекі!
А на заканчэнне гэтага фрагмента адзін нечаканы і для мяне самога эпізод. Перагортваючы архівы, я зусім выпадкова натрапіў на тэксцік аўтарства маладога Валеркі Булгакава пад назвай “Словы В. Акудовіча “мяне няма” і беларуска-расейская інтэграцыя (“Наша Ніва”, 1999 г.).
“Эсэ беларускага філосафа В. Акудовіча “Хто я? альбо Мяне не было, няма, не будзе” якраз і прыцягвае ўвагу пераламленнем велічыні першапачатковага камунікацыйнага паслання ў прызме яго ўспрымання рэцыпіентамі. Вырванае адтуль з кантэксту (нагадаем, што ў сваім доследзе Акудовіч аналізуе дыскурсійныя фармацыі, закранае пытанні экзістэнцыі чалавека ў сучасным свеце, і праца мае выразна нігілістычныя падтэксты “канца чалавека і чалавецтва”), вульгарна пераасэнсаванае і нават адвольна дадуманае выказванне “мяне няма”, за якім нібыта стаіць аўтарства В. Акудовіча, неспадзявана часта замільгацела на старонках беларускага друку.
Такая частасць ужыванняў красамоўна сведчыць аб тым, што гэтым словам надаецца новы непаўторны сэнс. “Мяне няма”, прамоўленае ва ўмовах палітычнай рэакцыі, калі існаванне нацыі зноў пастаўлена пад сумнеў, гучыць як калектыўны выдых, як канстатацыя паразы, як адмова ад якіх-любя дзеянняў на ўмацаванне незалежнасці.
Параноя расейскай інтэлігенцыі “што рабіць?” і “хто вінаваты?” праз стагоддзе згукнулася ціхім беларускім “мяне няма”.
***
Дарэчы, Валерка ці не першым вырваў маё “мяне няма” з метафізічнага кантэксту і ўлучыў яго ў кантэкст сацыяльна-палітычны. Потым такое будзе сустракацца досыць часта, і я з гэтым ужо даўно змірыўся...
Што праўда, ягоная інтэрпрэтацыя “мяне няма” абсалютна супрацьлеглая маёй уласнай візіі гэтай канцэптуальнай метафары, якую прыкладна ў той самы час я ўпершыню агучыў у эфіры радыё “Свабода” (“Няма”):
“Парменід сцвярджаў, што ёсць адно тое, што ёсць, і ніякага няма — няма, але чалавек на свае вочы бачыць, як усё былое пакрысе некуды знікае. Вось чаму ў кожнай мове значыцца слова “няма”, але, бадай, ніводнае з іх не параўнаецца з нашым... I не спяшайцеся мяне ўпікаць за местачковы патрыятызм. Залішне шмат беларускае “няма” ўвабрала ў сябе таго, што не здарылася, не адбылося,
не знайшлося. Залішне шмат у ім таго, што добра распачыналася, але спакваля знікла дазвання ў невараці.
Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. I цяпер мы багатыя на “няма” як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу і, магчыма, зноў не будзе сваёй дзяржавы. Ды і пра саміхбеларусаўхто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсць, ці то іх няма?..
Аднак хто ведае, можа, слова “няма” ўвабрала ў сябе не толькі нашу долю, але і наш лёс? Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца праз Няма, якое мы выношваем усярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагоддзе. Колькі за гэты час вусцішнае Нішто праглынула імперыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося, а мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тысячагоддзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае Няма як самы надзейны шлях праз час і быццё”.