• Газеты, часопісы і г.д.
  • Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым  Валянцін Акудовіч

    Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым

    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2023
    92.53 МБ
    •kick
    “Чаму заможнасць грамадства мерыцца колькасцю камп’ютараў на душу насельнікаў, а не колькасцю вячыстых дрэваў, рэсурсамі інтэлектуальнай інфармацыі, а не рэсурсамі пітной
    вады? Хаця кожнаму зразумела, што для падставовага існавання чалавека вада і дрэвы — рэчы куды больш істотныя за інфармацыю ды камп’ютары...
    Чаму спеласць інтэлекту апазнаецца праз веданне Рыльке і Вітгенштайна, а не праз веданне спрадвечных песень і міфаў свайго народа? Хаця няцяжка здагадацца, што спеўны досвед вясковай бабулькі не менш каштоўны для прасветы сутвы быцця, чым кафедральны досвед прафесара...
    Чаму веліч нацыі вызначаецца памерамі народаў, апалоненых яе войскамі і яе культурай, а не здольнасцю праз стагоддзі трымаць чужынны палон, упарта чакаючы пары свайго выбаўлення? Хаця ўжо дзве тысячы гадоў мы жывем у цывілізацыі Хрыста, які агалосіў цярпенне і пакору сярод вышэйшых каштоўнасцяў чалавека...
    Падобных “чаму”, як грушаў з дзічкі, можна натрэсці безліч, але нават згаданыя тут у апазіцыі “вада”, “дрэвы”, “вясковая культура”, “цярпенне” і “пакора”, калі з іх выбудаваць адпаведную сістэму каштоўнасцяў, явяць свету (і нам самім) Беларусь як адну з самых заможных краінаў Еўропы, а беларусаў — як вялікую еўрапейскую нацыю...
    Дык у чым праблема?
    А ў тым, што нават калі мы праробім гэтую працу і змайструем тоесную сваім багаццям сістэму ацэнак, то ані свет, ані мы самі — ніхто не заўважыць ні нашай велічы, ні нашай раскошы...
    Ніхто не заўважыць нас, бо тая карэкцыя зроку, што стагоддзямі фармавала каштоўнасную перспектыву бачання еўрапейскага чалавека, якраз і адбывалася праз высячэнне на паперу лясоў, атручванне мануфактурамі рэкаў, штукаванне спекулятыўных абстракцыяў, заваяванне плямёнаў і народаў... Праз усё тое, чаго ў нас амаль не было і што ў нас, лічы, не рабілася.
    Таму натуральна, што сонца гэтак скарэктаваных каштоўнасцяў запынілася не над намі, а над Парыжам, а мы апынуліся ў яго глыбокім цені, дзе марудна сноўдаемся
    з вечна задранымі да асвечанай гары бародамі, спатыкаемся на кожным кроку і паныла нэндзім: калі гэта “загляне сонца ў наша ваконца”?
    — Дык няўжо нам да скону гібець у гэтым золкім сутонні, няўжо адсюль няма ніякага выйсця на ясны белы свет? — неяк рашуча запытаўся сам у сябе.
    I сам сабе рашуча адказаў:
    — Няма!
    — Але ж нешта трэба рабіць.
    — Трэба, — пагадзіўся сам з сабою.
    — А што трэба?..
    I тут раптам вымавілася, як выдыхнулася:
    — Разбурыць Парыж.
    ...Тады я адразу і вырашыў, што мушу спехам напісаць эсэ з адпаведнай назвай, каб разгарнуць сваю эўрыстыку ў шыхты лагічна сашчэпленых сілагізмаў і тым самым давесці ўсім занураным у паныласць беларусам, што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж урэшце сваім цяжкім ценем спляжыць нас — дашчэнту.
    Дарэчы, я люблю Парыж, але... Але Беларусь я люблю болей. I таму, калі пытанне паўстала рубам — каму знікнуць, а каму быць заставацца, дык я, натуральна, выбраў Беларусь.
    Мэта была вызначаная, са сродкамі таксама асаблівых праблемаў не прадбачылася: мы маем адно з самых моцных войскаў у Еўропе (прынамсі, Усходняй), а калі ўлічыць, што наш вялікі саюзнік заўсёды гатовы ваяваць дзе заўгодна і з кім заўгодна (да таго ж ён кагадзе набыў у Чачэніі мадэрновы досвед бурэння гарадоў), то, ясная рэч, Парыжу ўжо нядоўга заставалася зіхацець у промнях нахабна спыненага ім сонца.
    Я нават ведаў, што мы зробім перадусім, як толькі руіны Парыжа хоць трохі астынуць...
    Найперш мы сфармуем калону трактароў “Беларусь” з прычэпамі, насыплем у прычэпы бульбы і выправім калону да Парыжа, каб засадзіць Елісейскія палі беларускай бульбай.
    Было ў мяне і шмат іншых цікавых подумак, якія я збіраўся выкласці ў тым эсэ, што мусіла папярэднічаць рэальным дзеям. Але не выклаў, і эсэ не паспеў напісаць, бо якраз пад той момант даведаўся ад свайго знаёмца, алжырскага габрэя па прозвішчы Дэрыда, што Парыж, вохці мне, ужо даўно разбураны і цяпер усе французскія постмадэрністы займаюцца дэканструкцыяй ягоных руінаў.
    Вядома, габрэі разумныя і дасведчаныя людзі, але вядома і тое, што цалкам даваць ім веры ніколі нельга. Таму я далікатна справіўся яшчэ ў іншых вядомых мне французаў (Ліятара, Барта, Дэлёза...) наконт лёсу Парыжа, і ўсе яны запэўнілі, што хоць Дэрыда і габрэй, аднак гэтым разам ён сказаў самую што ні ёсць чысцюткую праўду, і таму нам няма ніякай патрэбы скідваць на Парыж расейскія бомбы і садзіць на Елісейскіх палях беларускую бульбу.
    Неўзабаве я трымаў у руках кнігу Ліятара “Перапісаць сучаснасць”, у якой ён якраз і распавядаў пра гісторыю бурэння Парыжа і пра таго, хто гэткае змог прарабіць без грукату і пылу, а менавіта — пра Постмадэрн.
    Сёння пра збаўцу беларусаў ад прыгнёту Вялікага еўрапейскага наратыву (сталіцай якога і быў Парыж) усе хоць He­rnia ды чулі. Але раўнуючы з тым, што зрабіў Постмадэрн дзеля нашай шматпакутнай бацькаўшчыны, якая да гэтага гібела, упляжаная ў глебу цяжкім ценем Парыжа (а цяпер пакрысе выпростваецца пад лагодным сонейкам, што вісіць прама над намі), мы ведаем да прыкрага мала, і да таго ж нашае веданне цьмянае, як замурзанае дымам шкло, праз якое дзеці спрабуюць глядзець на сонца. Таму я, вызвалены ад абавязку агітаваць беларусаў за інтэрвенцыю Еўропы, вырашыў скарыстаць лішак часу на ўслаўленне героя, дзякуючы якому, мабыць, упершыню ў гісторыі людства кожны мае Сонца столькі, колькі яму дазваляе геаграфія, а не ідэалогія. А завуць таго героя Постмадэрн!”
    ***
    Акрамя самога факта з’яўлення (першага... беларускага... філасофскага...) часопіса і мноства вартых увагі — як аўтарскіх, так і перакладных — тэкстаў, “Фрагменты” вылучыліся яшчэ адной заўважнай ініцыятывай, якую зусім не лішне адцеміць. А менавіта кніжнай серыяй “Бібліятэка Фрагменты”.
    Першай літаратурнай серыяй кніжыц у той пачатковай Беларусі адзначыўся Алесь Аркуш. Называлася яна “Полацкае ляда”, хаця друкавала паэтычныя творы аўтараў з усёй Беларусі (Лявон Вольскі, Юры Гумянюк, Славамір Адамовіч...).
    Потым падобныя ініцыятывы здараліся яшчэ не аднойчы. Дарэчы, з шчыравання Алеся Анціпенкі займеў сваю серыю і Беларускі калегіюм. Бібліятэка “Беларускі калегіюм” рэпрэзентавала тэксты вядомых беларускіх інтэлектуалаў, што выкладалі ў нашай інстытуцыі.
    “Фрагментаўская” серыя ад іншых нічым асаблівым не вылучалася. Натуральна, яе аўтары былі a priori калі не геніяльнымі, дык відавочна таленавітымі. Аднак галоўным сэнсам падобных праектаў было друкаванне адметных кніжак, якія не маглі тады пабачыць свет праз дзяржаўныя выдавецтвы. У нашым выпадку гэта былі кнігі Дубаўца, Баярына, Разанава, Бабкова, Акудовіча, Санько, Барысевіча, Мілаша...
    А далей пра сумнае... Калі часопіс быўужоў самым росквіце, яго разам пакінулі Валерка Булгакаў і Андрэй Дынько. Да таго ж пакінулі неяк крыўдна для Ігара Бабкова. Прынамсі, менавіта так ён мне распавядаў, толькі я з таго расповеду цяпер, лічы, нічога не памятаю. А калі б і памятаў, дык не пераказаў бы. Залішне шмат набачыўся розных канфліктаў у творчых асяродках, каб шукаць у іх правых і вінаватых.
    Зрэшты, час увідавочніў, што на тую пару хлопцы ўжо выспелі, каб распачаць уласныя справы. I не абы-якія. Андрэй Дынько неўзабаве заступіць на месца Сяргея Дубаўца ў “Нашай Ніве’’ і дапаможа Валерку Булгакаву стварыць славуты часопіс “Архэ”.
    Да таго ж, а можа, перадусім, яны ўжо не бачылі для сябе перспектывы ў “Фрагментах” хаця б таму, што не верылі ў прыгожае будучае самога часопіса. Рэч у тым, што яго было каму рабіць, але не было каму чытаць. Потым я не аднойчы ад іх чуў, што яны хочуць ствараць выданні, якія будуць мець свайго і шматлікага чытача...
    А цяпер, апазнаўшы галоўную праблему часопіса, здаецца, надышоў час, каб вярнуцца назад і завершыць сюжэт — з новасібірскімі клоўнамі.
    Потым, калі часопіс згарнуўся, а анекдот застаўся, я неяк зусім выпадкова запытаўся сам у сябе: з чаго такая трывушча ў тым дурнаватым сюжэце? I мне нечакана дапамог Ніцшэ: “Згадаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп і змоўк. “Вось стаяць яны і смяюцца, — казаў ён свайму сэрцу, — не разумеюць мяне: не на іхнія вушы казань мая” (“Так сказаў Заратустра”).
    Выступаючы са сцэны, кожны з нас, відаць, не аднойчы ўпотайкі і ад самога сябе падумаў: “He на іхнія вушы казань мая”. I з гэтага зноў і зноў адчуў сябе клоўнам, які проста забаўляе публіку.
    Дарэчы, у гэтым няма ніякай абразы стасоўна публікі. Як і стасоўна ўласна беларускіх філосафаў. Каб патлумачыць, што я маю наўвеце, зноў звярнуся да Фрыдрыха Ніцшэ (“Філосафы ў трагічную эпоху Грэцыі”):
    “Слушна сказана, што народ вызначаецца не столькі сваімі вялікімі людзьмі, колькі спосабам, якім ён іх спазнае і ганаруе. У іншыя часы філосаф — выпадковы адзінотнік сярод чужароднага асяроддзя, які ці праслізгвае паўз яго, ці ўпарціцца з сціснутымі кулакамі. Толькі ў грэкаў філосаф — не выпадковая падзея.
    (...)
    Існуе неадольная залежнасць, якая задзіночвае філосафа з наяўнай культурай, — але што бывае, калі гэткай культуры няма і знаку? Тады філосаф — непажаданая і жахлівая камета, у той час, як пры больш спрыяльных абставінах ён зіхаціць што тая загалоўная
    зорка ў сонечнай сістэме. 3 гэтага грэкі і вітаюць філосафа, бо толькі ў іхён не камета”.
    Сваімі словамі кажучы, беларуская нацыянальная культура і па сёння не набрыняла такім кшталтам моцы ды вартасці, каб зважаць на філосафа не як на выпадковую камету, а як на істотную частку самой сябе, без якой яна заўсёды будзе ўглядацца ў неба пустымі і спалоханымі вачніцамі...
    Апошні нумар “Фрагментаў” пазначаны 2006 годам.
    Р. S. Доўгі час вокладкі для “Фрагментаў” ствараў мастак Андрэй Фядорчанка. Потым ён з’едзе ў Швейцарыю, дзе возьме шлюб з мясцовай жанчынай, і ўжо ніколі не вернецца, але не пазбавіцца настальгіі па бацькаўшчыне.
    Праміне няведама колькі год, і на свой фэйсбучны адрас я атрымаю ліст:
    “Беларуская фмлософня — самая жнвая наука, а беларускне фнлософы — самые органмчные с прнродой человека людн )). В “Эўрафоруме” лн, “Беларускім Калегіюме” лн, нлн напростой даче —онм нсточалн позптнв, энергню п свежне мден, много мдей. Наверное, потому, что тогда еіце была жпва надежда на скорые перемены в Беларусн, которым онн нскалм смыслы, готовнлн фундамент. Нскать смыслы — это мх професспя. Несколько лет, прожнтых рядом с Ігар Бабкоў, Ales Ancipienka, Valiantsin Akudovich, Siarhej Sanko, далн мне колоссальный ннтеллектуальный н творческнй нмпульс. После жпвых днскуссмй сопутствуюіцая пм водка становнлась нектаром, а немудреная закуска пз сала н огурцов превосходпла всякме там сушн с омарамн. За окнамн барабанмт дождь, а мы поем: “Няма таго, што раньш было..." Н ведь сглазплн! “Мяне (по Валентнну Акудовнчу) няма!” Но это не страшно, что “няма”! Я не фплософ, просто рядом был”.