Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Сёння ўжо нават не магчыма ўявіць сабе, што беларуская літаратура на той час (канец 80-х — пачатак 90-х), лічы, не мела гарадской прозы, паэзіі... — ды чаго яна толькі не мела?! У вялікіх гарадах яна па-ранейшаму заставалася вясковай літаратурай, што праўда, багатай і разнастайнай. Але актыўная ўрбанізацыя рашуча запатрабавала іншага кшталту. Найперш новай мовы, новых формаў, скрытых раней тэмаў і праблемаў. Сярод разнастайных адсутнасцяў я тут запынюся толькі на бруталізацыі і сексуалізацыі літаратуры, бо роля Адама Глобуса тут выключная. Акрамя ўсяго іншага на гэтую тэму, ён напісаў дзве кнігі “Дамавікамерона” дзе аголеная да апошняга сексуальнасць бясконца рухала схопленыя жарсцю целы. Да таго ж усё гэтае нашэсце бессаромнасці было падмацаванае адпаведнымі малюнкамі Глобуса-мастака.
Для прынцыпова цнатлівай нашай вясковай літаратуры гэта было неверагодным узрушэннем!
Прамінулі гады. У эпоху панавання парнаграфіі, калі вітрынным сексам ужо нікога не агаломшыш, я вяртаюся да свайго даўняга эсэ “Наўзбоч Дамавікамерона”, каб перачытаць наноў
тое, што ў тую яшчэ цнатлівую пару было заслоненае ад чытача ятрай плоці.
“Самая вялікая каштоўнасць, якая ёсць у чалавеку, — гэта тая жывёліна, што жыве ў ім... Прынамсі, яшчэ жыве.
Раней гэтая жывёліна займала амаль напоўніцу ўсяго чалавека, але тысячагоддзі цывілізацыйнага фарматавання неўпрыкмет адсунулі яе ў самы ягоны под, загналі ў сутарэнні чэрава і краёвую плоць. Яшчэ трохі, і ёй не застанецца месца і там, у рэзервацыі краеня.
Як ужо толькі казалася, калісьці гэтай жывёліны ў чалавеку было шмат, а чалавека зусім мала. Маленькаму чалавеку было няўтульна ў вялікім целе жывёлы, і яму тады вельмі хацелася чалавечага, як мага болей чалавечага...
Спакваля чалавек атрымаў тое, аб чым мроіў, але за жаданым не заўважыў, што разам з тым ён страціў. А страціў ён тую магутную жывёліну, якая несла яго скрозь тысячагоддзі небыцця ва ўсё новае быццё.
Хто панясе чалавека далей ужо скрозь іншыя тысячагоддзі? Тое распешчанае выгодамі цывілізацыі зверанятка, што яшчэ неяк знаходзіць сабе месца ў чалавеку? Але калі не яно, дык і нішто іншае. Вось чаму нават гэтае анемічнае зверанё цяпер пачынае выяўляцца для чалавека большай каштоўнасцю, чым усё ўласна чалавечае, усё створанае гэтымі гамерамі, рэмбрантамі, бетховенамі, эдысонамі, джойсамі, абдзіраловічамі...
Я не ведаю, чаму не пра што яшчэ, а менавіта пра жывёльнасць чалавека як пра абсалютную для яго каштоўнасць падумалася мне, калі я прагарнуў апошнюю старонку “Дамавікамерона” і выйшаў на гаўбец, каб пацешыцца з вялізнай калматай хмары, якую пярун гнаў у бок майго жытла.
Пэўна, Адам Глобус, складаючы свае брутальныя навелкі, меў на мэце што заўгодна, толькі не апалагетыку “скаціны”, і тым не менш я, трохі адсланіўшыся ад тэкстаў, думаў не пра тое “нізкае”, што татальна апанавала прастору двух “Дамавікамеронаў”, а, наадварот, пра нешта “высокае”, пра нешта значна вышэйшае і за Платонавы вершні эйдас эйдасаў — Дабро, і за Плоцінава ўсюдыіснае Адзінае,
і за Хрыстовую неабсяжную Любоў, — і гэтае нешта, больш высокае за ўсё вышыннае, месцілася не дзесьці наверсе ўсяго існага, не ў нейкай абсалютнай чысціні ды цноце ідэальнага, а ў самым подзе, хавалася за брудам, гноем, смуродам, быццам бы нават правакуючы сітуацыю табу, як самую надзейную хованку для найбольш каштоўнага скарба чалавека...
Гэтае “нешта больш высокае за ўсё вышыннае” розныя людзі называлі па-рознаму: Шапенгаўэр — воляй да жыцця, Ніцшэ — воляй да панавання, Фрэйд — лібіда, Гайдэгер — воляй да волі, Дэлёз і Гватары — машынай жаданняў...
Але, як бы хто ні называў тое, што ляжыць у асноведзі жывога жыцця і ўвесь час рухае яго, найлепей выяўляе сутнасць гэтага руху мужчына, які гвалціць жанчыну. Менавіта гвалціць — не просіць яе, не ўлашчвае, а бярэ сам; бярэ жорстка, бязлітасна, магчыма, нават без асаблівай асалоды, а толькі таму, што так трэба.
Вось пра гэтае “так трэба” я і думаў, углядаючыся ў расцярэбленую сечкамі бліскавіцаў хмару і разважаючы, што хаця кожная са ста дваццаці дзвюх навелаў падвоенага “Дамавікамерона” мае свайго “персанальнага” героя, але па сутнасці герой тут адзін: гэта выпацканая ў сперме і экскрэментах магутная жывёліна з цягліцаў ды хэнці, якая бязлітасна, жорстка і, калі заўгодна, абыякава сто дваццаць два разы гвалціць адну і тую самую жанчыну (нават калі па сюжэце і не гвалціць, і не жанчыну...) толькі таму, што так трэба, што гэтага перманентнага гвалту патрабуе нешта больш значнае і магутнае і за Дабро Платона, і за ЛюбоўХрыста...
Чалавек — гэта перадусім дадатак да свайго чэлеса.
Чэлес (у стане эрэкцыі) — тая дамінанта, якая вызначае каардынаты ўласна чалавека і арганізуе яго ў пэўную падзею быцця.
Пра сваю ролю як дадатку да чэлеса чалавек даведаўся даўно, аднак гэтае веданне яму настолькі было не даспадобы, што ён яго не толькі затабуяваў, але на гэтае табу яшчэ панаскідаў безліч адмысловых міфаў і самых розных прыгожыхсловаў (кшталту “эрас”, “любоў”, “каханне”...) ды іншых вытанчаных прыдумак, каб толькі ніхто і ніколі не даведаўся праўды. А калі ў гэтым цвілым рыззі і спарахнелым ламаччы нехта наважваўся поркацца, каб пацікавіцца, што там спадысподу, дык адразу ўсчыняўся несусветны гвалт: не руш святыні. I так было, пакуль не знайшоўся чалавек, абыякавы да ляманту. Звалі
таго чалавека Зігмунд Фрэйд. ‘Тэтыя любоўныя інстынкты называюцца ў псіхааналізе a potiori і па сутнасці з’яўляюцца сексуальнымі памкненнямі. Большая частка інтэлігенцыі ўспрыняла такое мяно як абразу і адплаціла за гэта тым, што папракнула псіхааналіз у пансексуалізме. Хто лічыць, што сексуальнасць утрымлівае ў сабе нешта брыдкае і прыніжаючае чалавечую прыроду, хай ужывае больш шляхетныя назовы: эрас і эротыка. Я мог бы сам гэта зрабіць ад самага пачатку і тады пазбег бы шматлікіх абвінавачванняў. Аднак я не хацеў гэтага, бо па магчымасці ўнікаў патурання ўласнай слабасці. Нельга наперад ведаць, куды завядзе гэты шлях: спярша саступаюць у адносінах словаў, а затым паступова і стасоўна сутнасці. Я не бачу якой-кольвек заслугі ў тым, каб саромецца сексуальнасці: грэцкае слова “эрас”, якое павінна змякчыць сорам, урэшце не што іншае, як пераклад слова “каханне”; і напрыканцы, “хто мае цярпенне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць”.
Магчыма, некаму падасца, што гэтая вялікая цытата тут не зусім да месца, але мне яна вельмі патрэбная, і, пэўна, я нават не здолею скарыстацца ўсім яе патэнцыялам, каб больш выразна выказаць нешта для мяне істотнае ў гаворцы з нагоды “Дамавікамерона” Адама Глобуса.
Каб напісаць “Дамавікамерон”, трэба не саромецца ляманту і быць абыякавым да енку абражаных. Гэтак па-першае. Па-другое, у абсалютнай большасці навелаў Глобус, гэтаксама як і Фрэйд, мог бы “змякчыць” нейкія словы, іншыя памяняць на больш “прыгожыя” ці абысціся эўфемізмамі, а лішнюю брутальнасць сітуацый загнаць у падтэкст, укласці ў шматзначныя паўзы, урэшце — абмінуць, як абмінае гэта ўся беларуская літаратура спакон веку, і тады мы мелі б два зборнікі звычайных навелаў. Але Адам Глобус не пайшоў аблудным шляхам, хаця, пэўна ж, зусім не таму, што ён, як і Фрэйд, прагнуў нічым не прыхарошанай ісціны (якая там “ісціна” ў літаратуры). Інтэнцыі да гранічнай сексуалізацыі звычайных навелаў трэба шукаць у нечым іншым. У чым? Сам аўтар аднойчы сказаў, што яму хацелася, каб у беларускай літаратуры была хоць адна кніга, якую трэба хаваць ад дзяцей. (Дарэчы, амаль усё, што піша Адам Глобус, яму ад
некага даводзіцца хаваць: ад мамы — “Толькі не гавары маёй маме”, адсуседзяўі сваякоў —“Койданава”, аддзяцей — “Дамавікамерон”...)
Адам Глобус увогуле паводле прыроды свайго пісьма не эратычны (жаночы, цёплы, акварэльны, дыялагічны, пасіўны...), а сексуальны (мужчынскі, халодны, графічны, маналагічны, агрэсіўны...) пісьменнік. У “Дамавікамероне” гэта бачна найбольш выразна.
Мужчына эратычны настолькі, наколькі эротыка дапамагае яму здзейсніцца сексуальна. Толькі герой Адама Глобуса амаль не мае патрэбы ў эратычным, паколькі ён мужчына ў абсалютным значэнні. Эратычныя гульні ён пакідае сексуальным недамеркам, а сам здзяйсняе сваю хэнць адкрыта, адразу і напоўніцу, бо воля да жыцця і панавання не мае патрэбы хавацца і не можа чакаць. Як сведчанне гэтаму той факт, што пераважная большасць навелаў “Дамавікамерона” арганізуецца голым сексуальным актам, нахабна вызваленым з-пад эратычнага покрыва таемнасці (так вызваляецца з-пад кажуха рухавік на дэманстратыўным стэндзе).
Вызначыўшы за сутнасць героя яго агрэсіўную сексуальнасць, Адам Глобус вярнуў у кантэкст беларускай літаратуры мужчыну (а можа, дакладней было б сказаць, што ён стварыў прэцэдэнт мужчыны ў беларускай літаратуры, бо ці быў увогуле ў нашай вечна румзаючай паэзіі і прозе мужчына?). I гэта не істотна, у чым (кім) ён персаналізуецца: зданях, пачварахцідосыцьпрыстойныхэстэтах ды інтэлектуалах. (У Глобуса нават “Смерць — мужчына”.)
Але падобна, што гэтая падзея нас не надта ўсцешыла. За апошнія стагоддзі мы настолькі прызвычаіліся абыходзіцца без мужчыны, так налаўчыліся замяняць ягоную адсутнасць нейкім рамантычным сімулякрам, што гэты эгаістычна-жорсткі, прагматычна-бязлітасны, сексуальна-нахабны тып нас добра-такі напалохаў, бо мы калі і чакалі прышэсця на Беларусь Мужчыны, дык, пэўна ж, ён мроіўся нам зусім іншым. Беларускі мужчына мусіў быць большым прывідам за сам прывід, нечым накшталт ружовай аблачыны ў нагавіцах ад французскага куцюр’е, але з беларускім лэйблам на худым азадку.
А можа, мы “Дамавікамерон” не ад дзяцей хаваем, а ад саміх сябе, бо баімся даведацца, што не толькі смерць, а і жыццё — мужчына? I гэты мужчына-жыццё зусім не падобны натыя здані і прывіды, сярод якіх нам так утульна было нэндзіцца жыццём і да якіх так соладка цяперсыходзіцьу невараць. Сыходзіцьусім разам, усёй Беларуссю...
Пярун нарэшце прыгнаў хмару да майго гаўбца, але і тут, ужо ля самай зямлі, ён, не стамляючыся, раз-пораз успорваў яе цела бліскавіцамі маланак. Пачыналася залева. Я зачыніў дзверы на гаўбец”.
***
Творчы наробак Адама Глобуса настолькі агромністы і значны для нацыянальнай культуры, што я не адважваюся яго нават кранаць. Ведаю, што, як толькі скрану хоць што, дык ён увесь абрынецца лавінай, і ад мяне нават вушэй не будзе відаць.