Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2023
Нашае мысленне — згодна з еўрапейскай традыцыяй — заўсёды інтэнцыянальнае, гэта значыць скіраванае на нейкі аб’ект. Дык вось, разбурэнне інтэнцыянальнасці ёсць адным з рухаў на шляху
да Бога. I ў гэтай сітуацыі Бог падаецца як адсутны. Таму што нашая свядомасць робіцца татальна пустой. Гэта мае аналогію таксама і ў хрысціянстве. Калі Хрыстос кажа: “Пакінь маці і бацьку свайго і ідзі за мной", — Ён кажа: вызвалі месца ўнутры самога сябе, зрабі пустой сваю свядомасць, каб я ўвайшоў у яе. Я хачу сказаць, што ты, на маё разуменне, папросту перабольшваеш вагу пэўных станаў нашай свядомасці. I ў мяне да цябе пытанне. Вось мы казалі, што Ёсць як Бог не патрабуе ніякіх прэдыкатаў. А Няма таксама не патрабуе ніякіх прэдыкатаў? Тады чым адрозніваецца Няма ад Ёсць? I можа, тады Няма і ёсць Ёсць?
В. А.: Я разрозніваю Няма і Ёсць па адным надзвычай простым крытэры. Усё, што Ёсць, можа быць упісаным у нейкі фармат: фізічны, біялагічны, матэматычны, тапаграфічны, вербальны, інтэлектуальны... На скрайні выпадак — метафізічны. А Няма, Нішто мы не можам упісаць у хоць што, яны заўсёды застаюцца па-за формай. I для мяне ўсё больш выразна відавочніцца, што калі Бог ёсць, дык ён ёсць толькі ў Няма, як месцы, a priori пазбаўленым нават самой магчымасці формы...
Дарэчы, а што рабіць Богу ў Ёсць? У Ёсць я не бачу месца Богу! Нідзе, ні ў чым! У тым сэнсе, што ўсё тое, што Ёсць, — гэтыя дрэвы, камяні, дамкі, пляшка піва, якую ты п’еш, і пляшка піва, якую п’ю я, — для мяне ніякім чынам не патрабуюць прысутнасці побач Бога, як і яго наяўнасці ўвогуле. Усё гэта цалкам вытлумачаецца матэрыяльнасцю свету і штодзённым бытаваннем чалавека... Хіба адно акрамя кантыянскага імператыву маральнасці. Дый у гэтым выпадку, калі да станаўлення маральнасці Бог і мае нейкае дачыненне, дык, хутчэй, толькі праз сваё альтэр эга — Д’ябла.
А ўсё астатняе я магу прачытаць на звычайнай фізічнай мапе быцця, дзе Ён прысутнічае адно ў імёнах гарадоў і людзей. I толькі. Няма, Адсутнасць, Нішто вярэдзяць мне глузды: а можа, Ён там? Для мяне Няма — гэта адзінае алібі Бога, апошняя легітымацыя Ягонай магчымасці быць.
A. A.: А можна памеркаваць, што Адсутнае, Няма — гэта нейкая перадумова творчасці? I тады можна сказаць, што Бог творыць з Няма (з Нішто)?
В. А.: Якраз пра гэта і казаў Феафіл Антыяхійскі ў палеміцы з Платонам: “Што вялікага, калі Бог стварыў свет з нарыхтаванай
матэрыі? Майстар, як атрымае ад каго матэрыял, вырабляе з яго, што захоча. А магута Бога якраз і выяўляецца ў тым, што ён з нішто творыць, што захоча”.
Але мяне ў сувязі з тварэннем з Нішто турбуе не сама праблема творчасці, а тое, што Яго падсунула да гэтага творчага акта. Інакш кажучы, найперш мяне вярэдзіць, што Ён рабіў, калі сядзеў у Няма і нічога не рабіў (у сэнсе тварэння Ёсць)? Затым — з чаго гэта Ён выскачыў з таго Няма, як Піліп з канапель (і за шэсць дзён наляпіў тут, як пяльменяў, і сонцаў, і зораў, а да іх яшчэ зямельку нашу і двух людзей у астачу)? А калі аднойчы выскачыў, дык чаму потым болей не выскокваў? I самае галоўнае: на якую халеру ўсё гэта Яму было патрэбна?
Праўда, некаторыя з апошніх маіх пытанняў як быццам лёгка здымаюцца, да прыкладу, пантэізмам (зрэшты, як і шмат якімі іншымі тэалагічнымі фэнтэзі). Але калі Спіноза кажа, што Бог ва ўсім, што Ён поўна разліты, вось у гэтай травінцы, у той яблыньцы насупраць нас, у пляшцы з недапітым півам, дык нешта ўва мне моцна пярэчыць. Бо які сэнс сядзець Богу ў цыгарэце, якую я цяпер палю (хаця я выразна ўсведамляю, што чалавек і не павінен разумець боскія задумы)? Мне больш натуральна параўноўваць Бога з партызанам. Сядзеў сабе цішком у прыцемках Няма, а потым вызірнуў адтуль, агледзеўся і хуценька ўчыніў самы знакаміты ў гісторыі Сусвету тэракт, які цяпер мы называем Вялікім выбухам, — а пасля зноў схаваўся ў сваю Адсутнасць. Таму што функцыянальна Бог як той, хто ўсё можа, потым нідзе і ні ў чым канцэптуальна не аб’яўляўся.
A. А.: Ты прызначаеш Богам той матэрыял, з якога ён насамрэч стварыў гэты свет. Я ж не адмаўляю Няма! Я проста даводжу табе, што гэта не Бог. Сутнасць — калі можна так казаць — Бога якраз у тым, што ён Ёсць. А Няма — тое, што дазваляе Богу выявіць сваю прысутнасць. Таму што калі б Няма не было, дык як бы Бог выявіў сваю прысутнасць? Я ў прынцыпе гатовы пагадзіцца, што Няма — гэта адзін з галоўных “герояў” гісторыі пра Бога. Таму што цяжка памысліць свет, цяжка памысліць час, калі мы адмаўляем Няма. Як мы тады можам зразумець час? Як зразумець гісторыю? To бок ёсць гісторыя, і ёсць адвечная пазіцыя Няма.
В. А.: У мяне яшчэ да нашай размовы прыдумалася жартаўлівае пытанне: “Ці ёсць Бог на Марсе?” Пры ўсёй жартаўлівасці запыту, ён
сутнасны. Праз яго ў нашай гаворцы якраз і зручна перайсці ад першай — анталагічнай — часткі да другой, экзістэнцыйнай. Дык вось, пакуль не з’явіцца чалавек (дзе заўгодна), ці ёсць там Бог? А калі Бог усюды, дык што ён робіць на Марсе? Сядзіць у кратары і калупаецца ў носе? Ці што?
A. А.: Але без чалавека Бога няма для чалавека. Такая формула. I ў гэтым сэнсе хрысціянства прадэманстравала найвышэйшую каштоўнасць асобы. Дарэчы, адсюль зрабілася мажлівай і секулярная версія чалавека (еўрапейскі гуманізм). У гуманістычнай філасофіі Бог нібыта апынуўся лішнім... Цяпер да твайго пытання. Ці ёсць Бог на Марсе? Гэта нават не падлягае сур’ёзнаму абмеркаванню, бо адна з характарыстык Бога ва ўсіх рэлігіях — гэта ўсюдыіснасць. I гэтае глабальнае быццё Бога робіць абсалютна бессэнсоўным пытанне пра Ягонае месца. На Марсе, на Зямлі, у Смалявічах ці ў Мыцішчах. Бог аднолькава прысутнічае што ў Смалявічах, што на Марсе — гэта абсалютна не важна — дзе.
В. А.: Добра, але ты мне скажы, што Бог робіць у Смалявічах? I хіба ў Смалявічах гэткія зломкі, што без Бога самі не абыдуцца? Інакш кажучы, патлумач: у чым табе бачыцца функцыя Бога сёння?
A. А.: Вельмі проста. У індуізме Бог мае тры функцыі. I гэта, я думаю, будзе табе бліжэй за хрысціянскага Бога. Першая функцыя — стварэнне, пра што ўвесь час кажа хрысціянства і робіць толькі на гэтым акцэнт. Другая функцыя — разбурэнне, бо Бог штогод, як мы бачым на свае вочы, разбурае гэты свет, прыроду. I ўвесну ўсё адраджаецца. I, нарэшце, трэцяя функцыя Бога — падтрымліваць гэты свет. Тое самае мы знойдзем у шматлікіх міфалогіях і нават у хрысціянстве, праўда, не гэтак акцэнтавана. Вось калі кажуць, напрыклад: “На ўсё воля божая”, — гэта азначае, што Бог падтрымлівае гэты свет, што ён выяўляе сваю волю, каб нешта існавала. Каб нешта адбылося.
В. А.: Цікава, раней я лічыў, што вясна настае, калі сонейка высока ў нябёсы ўскараскаецца, а ты кажаш — з боскага шчыравання. Дык што, я нават у суседавым плоце гнілую штыкеціну не магу зламаць, калі Бог не дапаможа мне сваёй разбуральнай функцыяй?
A. А.: Дык я і кажу, што ў хрысціянстве гэта не дыферэнцыявана. Ты ўвесь час навязваеш Богу адну чалавечую праблему. Гэта праблемасамоты, адзіноты і бессэнсоўнасці. Тамуты і пытаешся: ‘А што Бог
робіць там, на Марсе?” Там жа сумна мусі быць? Людзей там няма, і піва няма. Дык што там Бог робіць без нас?
В. А.: Галоўнае тут — без нас!
A. А.: Бог падтрымлівае існаванне планеты Марс! Каб ты паглядзеў на неба, узрадаваўся і чарговы раз узгадаў Канта. Ты толькі ўдумайся на хвіліну, што Кант параўноўваў! Зорнае неба з мараллю. Анталогію з экзістэнцыяй. Чаму ён з аднолькавым піетэтам да ўсяго гэтага ставіўся? Таму што гэта і ёсць стыхійным абуджэннем рэлігійнага пачуцця. Вось і адказ. Што робіць Бог? Ён падтрымлівае гэтае неба.
В. А.: Раскажы пра гэтапінгвінам наАлясцы. Восьяны здзівяцца, бо адвеку лічылі, што і неба, і моры-акіяны, і ўсё астатняе існае трымаецца дзякуючы гравітацыі. А тут — бач ты, якая навіна.
A. А.: Бог ёсць творчая энергія. Хаця тут ёсць адна праблема: ці ўсведамляе сам сябе Бог? Калі Бог ёсць, яе можна разглядаць. А калі ты кажаш, што Бога няма...
В. А.: Я кажу цалкам іншае, а менавіта: калі Бог ёсць, дык найбольш верагодна, што цяпер Ён знаходзіць сябе ў дыскурсе Няма!
A. А.: Я небудузтабой спрачацца, таму штоты кажаш некаторыя рэчы, якія ёсць у рэлігійным досведзе. Бог можа “знікнуць” — ператварыцца ў Няма. Калі мы пачытаем тэксты вялікіх шукальнікаў Бога, святых айцоў, яны часам папросту ўпадалі ў наймацнейшую скруху, нават адчай. I гэта быў той стан, калі яны раптам усведамлялі, што Бога няма. Я сам стаў вернікам праз мантру “Бога няма". Я хадзіў тыднямі, як ашалелы, і казаў: “Бога няма”. Пакуль Ён мне нарэшце не адкрыўся. To бок “Бога няма” — адна з фундаментальных правакацый богашукальніцтва.
В. А.: Тут ты кажаш пра экзістэнцыйны вымер Бога, пра Бога як экзістэнцыйную праблему чалавека. А мяне гэта ўвогуле абыходзіць, бо мне цікава толькі анталагічнае: ці магчымы Бог як адсутнасць самога сябе?
A. А.: Мая задача — памерці перад тым, як Бог скажа: “Ты памёр!” У гэтым сэнсе я па-ранейшаму шукаю Бога, таму што хачу апярэдзіць уласную смерць. I Бог для мяне ёсць ключом да праблемы пераадолення смерці, праблемы адсутнасці.
В. А.: У мяне ёсць вядомая табе формула: “Бог — гэта аптымізацыя жаху небыцця”. Уласна кажучы, экзістэнцыйна Бог для
чалавека істотны нетым, што Ён раней зрабіўдля людзей, атым, што яшчэ зробіць, — дасць ім прытулак у вечнасці. Але ў вечнасці зусім іншы — не чалавечы — вымер. Чалавек створаны, каб цалкам, да апошняй рэшты, завяршыццаў гэтым сваім жыцці... Дарэчы, калі чалавек адслоніць ад сябе ідэю Бога, дык, магчыма, гэтым радыкальна павялічыць значэнне свайго ўласнага жыцця. Бо чалавек побач з Богам — мізэрны чалавек. А мізэрны чалавек не можа ўзяць адказнасць за гэты свет. Дый навошта яму яе браць, калі ёсць Бог? Калі Бог стварыў гэты свет, дык хай сам за яго і адказвае.
A. А.: Мне падаецца, што цяпер у цябе выявілася нейкая негатыўная энергетыка, якая супярэчыць пачатку нашай размовы, калі ты гэтак спакойна і мудра даказваў, што Бог ёсць Няма...
В. А.: Гэта папросту канфлікт паміж інтэлектуальнымі развагамі, дзе можа быць усё — у тым ліку і Бог, — і фактам асабістага экзістэнцыйнага выбару. Вось ты думаеш Бога — і жывеш Бога. А я думаю Бога — але жыву чалавека.
'Мадэратарам гутаркі быў Максім Жбанкоў.
•kick