• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    — Ідзі праспіся! — шыпеў Крэўчык на дзяка.
    — Лезь на званіцу! Чаго ўзбіўся на клірас? — рыпеў траскучым шопатам Ралькоўскі ды, зняважліва павярнуўшыся ў другі бок, задаваў сабе тон: «соль-сі-ре-сі-соль». Уз’ярытаваныя, яны часта штурхалі адзін аднаго пад бокі і забываліся адказваць на возгласы свяшчэнніка. Тагды стары, сівы наш попік, моцна кашлянуўшы, пачынаў сам сабе адказваць, церпяліва выжыдаючы, покі яны ўлагодзяцца. Дзяк быў далёка спрытнейшы ў спевах і часта наўмысля збіваў Крэўчыка з тону. А збіўшы таго з панталыку, зларадна пасміхаўся ды шыпеў на ўсю царкву:
    — Куды ж ты завёў, каб цябе сляпога вадзілі! Ці ж ты не чуеш, што трэба браць у актаву?!
    — Адчапіся ты са сваёю актаваю! — бараніўся Крэўчык.— Сам цягне, як воўк у Піліпаўку, а шчэ другіх папраўляе. Згіненне, даруй, Божа, цяжкі грэх!
    Людзі спачатку абураліся, а далей прывыклі ды спакойна чыталі кантычкі, не звяртаючы на тое, што вычваралася на клірасе.
    У той час, як Ралькоўскі выгукваў каля карчмы свае пякельныя словы, скрыгочучы зубамі, Сцёпка Латак, абхваціўшы голаў рукамі і хістаючыся з боку на бок, як жыд на багамоллі, нудна, як плач у чыстым полі, спяваў свае незлічоныя песні. Пачынаў ён іх ціха, а сканчаў яшчэ цішэй ды доўга сядзеў моўчкі, звесіўшы паміж калень ніколі не часаную голаў, мэрам углядаючыся ў тыя малюнкі, што выклікаліся песнямі. А памаўчаўшы, трос галавою ды зноў пачынаў:
    А хто дачок мае, Няхай навучае: Позна да карчомкі Гуляць не пускае.
    Яшчэ нядаўна Сцёпка Латак быў сталым, паважным дзецюком і павабным жаніхом. Дзеўкі лезлі к яму, як машкара на агонь, але ён адносіўся да іх, як певень да курэй.
    — Акыш, каб на вас арлэ! Чаго лезеце, як слата?! — часам крычаў ён на іх з нейкай патураючай зняважлівасцю. А дзяўчаты не адставалі. Тым часам толькі адна займала яго сэрца. Трапілася так, што пайшла яна ў горад у наймічкі ды недзе зацярушылася ў горадзе. Казалі, што ўпала ў распусту. Сцёпка пешкі хадзіў даведацца ў горад, а вярнуўшыся дамоў, стаў піць, гуляць і не вылазіць з карчмы. Бабы курылі яго рознымі зёлкамі, паілі настойкамі,
    пасылалі да знахароў і знахарак, нават раілі тайком паспавядацца ў ксяндза — ці не адверне, але нічога не памагала. Хлопец хадзіў як непрытомны. Ратунку не знайшлі ды адышліся. Так і застаўся ён сам з сабою, бо бацькі паўміралі яшчэ да гэтага выпадку. Любіць ён пагаварыць з Ралькоўскім аб сваёй згіблай палюбоўніцы, але той мала здавальняе яго запытанні.
    — Кінь, Сцёпка, назаляць! — адказваў яму Ралькоўскі.— Нічога я не ведаю. Пі, калі п’ецца, і нічога не думай. Вось я нарабіў сабе сваімі думкамі. У семінарыі вучыўся, да акадэміі хацелі паслаць, а потым выгналі мяне, як сабаку, за думкі мае, і апынуўся я ў карчме. Кінь, брат, свае думкі аб ёй. Будзем піць, а далей — памром і нічагутка гэтага не будзе...
    — Мне толькі жадаецца ведаць,— казаў Сцёпка,— хто яе падбіў на гэта і нашто яна гэта зрабіла?!
    — Гэ! Лягчэй табе будзе, ці што?! — адказваў дзяк,— Бо сцерва была, ты думаеш што лепшае?
    Дзяк пачынаў сердаваць, а Сцёпка адварочваўся, цяжка ўздыхаў ды зноў верадаваў свае раны песнямі:
    А Божа, мой Божа, Што цяпер за свет! Каго верне любіш, Таму праўды нет.
    Антось Лузун не паходзіў ні на дзяка, ні на Сцёпку Латака. Гэта быў чалавек іншага кшталту. Досыць сказаць, што рудыя вусы яго мелі такі задорлівы выгляд, мэрам хацелі сказаць усім добрым людзям:
    — Крані толькі майго гаспадара, дык пазнаеш ты, па чом хунт ліха!
    I людзі сцерагліся Лузуна і паважалі яго, як той бруд на трэсцы. Але натура Лузуна не мірылася з бясчыннасцю і вымагала актыўнага руху. Нягледзеячы на асцярожнасць людзей, ён такі трапляў недзе на свайго, бо шкурка на яго носе ніколі не зажывала, і часта яго сіне-барвовы нос аздабляўся папяроснай папераю, асабліва ў гарачы, спякотны час, як назалялі мухі. Сам ён тлумачыў незажыванне свайго носа тым, што ў яго пастаянна лужыцца шкурка, а людзі прадражнілі яго за гэтую брахню Лузуном. I цікава, не зважаючы на сваю ваяўнічую натуру, Лузун ніколі не біўся з таварышамі па пляшцы, хоць яму падчас і маркотна, мабыць, было з імі, бо да спеваў ён здольнасці не меў. У вольны ад гарэлкі час ён ціха сядзеў і нешта
    думаў, а прахапіўшыся ад думак, трос у паветры кулаком ды пагражаў некаму ворагу:
    — Ану, маршч у катух’ He маеш полнага права!..
    Што ён думаў? Бог яго ведае. Мабыць, распаляўся смяртэльнай помстай да тых, хто быў вінавайцам яго ніколі не зажываючага носа. Усю паўнату свае натуры Лузун выяўляў дома, ваюючы з жонкаю і дзяцьмі. Звычайна рабілася гэта пад поўнач, у той час, як траплялася яму вярнуцца дахаты. Гаспадарку ён кінуў даўно, разважыўшы, што ўжо сваё адрабіў, а цяпер павінны працаваць на яго дзеці. Дзеці былі яшчэ малыя, а таму ўсю гаспадарку вяла яго працавітая, паважаная ўсімі жонка, Мар’яна. А ён піў і гуляў, піў і ніколі не, каяўся і не заракаўся, як гэта робяць іншыя на пахмеллі. Ён п’янстваваў без жадных хітрыкаў і цягнуў у карчму ўсё, за што можна было выпіць: жыта, хлеб, хамут, дугу, хусткі, жончыны ўбранні, курэй і яйца. А вярнуўшыся часам пад поўнач дадому, біў гаршкі, ламаў качэргі і катаваў жонку, калі тая не ўспявала схавацца да суседзяў. Апошнімі часамі Мар’яна з большым сынам ухітрыліся звязваць яго вяроўкамі ды класці пад гюл. Ён роў там, як вяпрук, ды аж плакаў ад злосці. Дзеці, пахаваўшыся на печы, трымацелі ад страхоцця і не спалі да свету, покі не засыпаў бацька, змогшыся пад палом.
    Меў яшчэ Лузун маленькую сучку, Шульку. Бывала, угледзець Антося без Шулькі альбо Шульку без Антося было б надзвычайным з’яўленнем. Яны былі злучаны непарушным замілаваннем.
    Цяпер Шулькі няма. Яе задушыў пан Ралькоўскі дзвярыма, як казалі, наўмысля, бо ненавідзеў яе за памаўзлівасць і назалянне. Тым часам Антось Лузун еў з ёю з аднае міскі, слаў ёй пасцель, няньчыўся з ёю, як маці з дзіцем, і не расставаўся з ёю ані на момант. Дзе быў Антось — там была і яго Шулька. I хто яго ведае, чым больш праслаўляўся Антось: сваёю натураю ці гэтаю Шулькаю. Лузун тры дні плакаў па Шулыды, як задушыў яе пан Ралькоўскі, а потым зрабіў труну і пахаваў на ўздарожжы. Ён маніўся паставіць крыж, і толькі пагроза сялян, што паекардзяцца станавому, усцерагла Лузуна ад гэтага кроку.
    ДОМА
    I
    Змрокам татульку чакае ўся хата. Ужо лучнік разложан, запален агонь, а яго няма. Пара вячэраць. Сям’я сланяецца па хаце, як мухі ўвосень. Асабліва верадуе Катарына. Яна ўжо прыбралася, прычапурылася і не ўрымсціць, каб хутчэй павячэраць ды бегчы к дзяўчатам на прызбу або на вячоркі. Паўлюк гэтаксама, абуты ўжо ў боты, жадаў бы выйсці на вуліцу да хлопцаў. Петра, як гаспадар у хаце, трымае сябе павальней. Ён проста хоча есці і сапачыць — наверадзіўся за цэлы дзень. Нават каб трапілася, што ў Бірулі цікавая «сэсія» сягоння, дык ён бы не пайшоў. Міхаліна, яго жонка, не мудруючы доўга, без жадных там хітрыкаў, лажыцца на лаўцы «спагнаць крошку сон». Сон — яе вораг. Часам і вокам маргнуць не паспее, як зляжа ў ног свайго супастата. Дзеля таго яна заўсёды ў стане змагання з ім. Улетку бароніцца ад сну тым, што палошча твар халоднай вадою, а ўзімку — морыць яго верабінамі. I толькі ў вольную часіну «спаганяе сон» лежучы. Самы дасканалы спосаб — апошні, бо верабіну, напрыклад, трэба ўжываць бясконца: покі есць ды ныюць сківіцы ад кіслі, дык не спіць, а як перастала — зноў заснула...
    Ёсць у хаце ў нас яшчэ адна асоба, каторая жджэ не дажджэцца татулькі. Гэта — малы наш Юзік. Праўда, не вячоркі яго рупяць і не есці яму хочацца. бо ён павячэраў даўно — Юзік чакае гасцінца. Сон спавівае яго пачуцці, вочы зліпаюцца, векі цяжэюць, але ж ён не кладзецца. Каб не заснуць, як Міхаліна, дык ён шукае сабе забаўкі. 3 гэстаю мэтай залазіць на печ, лажыцца там з краю, падлажыўшы пад голаў халат ці кажушак, ды пачынае барабаніць аб столь кулакамі, перацінаючы ў тахт языком, як музыка на іскрыпцы. Робячы гэта, ён забівае двух зайцаў у адзін прысест: праганяе сон і дражніць Катарыну, каторая ўжо цеперся ўвіхаецца каля люстэрка.
    На хлопцаў роста, На дзяўчат кароста,—
    пачынае ён спярша борзда і весела, а потым змерна і з націскам, скрывіўшы набок губы і адбіваючы кулакамі тахту:
    Не вяліка й не мела, Як дубовая кара, Каб чуха-ліся, дралі-ся! На вячоркі спя-ша-лі-ся!
    Збоку гледзячы, можна падумаць, што Кацярына й вухам не вядзе — начхаць ёй на гэтага задзіру, а тым часам, праходзячы міма, яна стрымацца не можа, каб не ўшчыкнуць яго за кумпяк, хоць і сама потым не рада, бо Юзік крычыць на ўсю хату:
    — He лезь, калі цябе не чапаюць, бо горай буду!
    I дапраўды, пачынае горш, ды так, што аж матка прымушана ўмяшацца.
    He йдзі, не йдзі, дзеўча, ў поле,
    Бо там цябе казак сколе, Ды такою тычынаю, Што не будзеш...
    — Э-эй, леўка, што ён выслаўляе! — супыняе яго матка.— На што добрае — глузду не хопіць, а гэта — глядзі ты!..
    А Юзік здолен як на добрае, так і на благое. Ен дзесь чуў на вуліцы дый дадаў пры здарэнні. Сцяміўшы, што сказаў нешта брыдкае, ён чырванее, як рак, ды змаўкае.
    Расчыняюцца дзверы, і ў хату ўваходзіць татулька. Чакаюць яго ўсе, а прыходзіць ён неўспадзеўкі. Дзеля таго, мабыць, першы сустрачае яго кот, катораму Петра адсек кончык хваста, каб не пекла печайка на той выпадак, калі б ён, па недагляду ў хаце, пахлябтаў часам вады ці якое стравы. Знюхаўшы рыбу, кулем, гад, шугае з печы, потым задзярэ хвост, яўкае, трэцца аб ногі ды сквапна пазірае на мокрую торбу з рыбаю.
    — Псік! — адганяе яго татулька.— Абнадзіўся! Мышкаў табе мала ў каморы, ці што?
    Калі ёсць маленькая, дык татулька дае яму рыбку або дзве, а калі няма, дык крыкне яшчэ раз «апсік» ды пачынае распранацца.
    — А дзе ж гэта Юзік — спіць? — пытае тым часам татулька, наўмысля пазіраючы не ў той бок, дзе Юзік.
    — Вось я, татка, за сталом! — аказваецца Юзік, як Піліп з канапель. Ён трапіў ужо злезці з печы і сесці за стол.
    — Вунь дзе ты! — усміхаецца ў вусы татулька.— А я й не бачу ды думаю, што спіш...
    Юзік ведае, што татулька перш-наперш дастане з кішэні пачак махоркі, панюхае яе з аднае ноздры, потым з другое, чхане разоў колькі, а нарэшце страсяне галавою ды аддасць Петру, прамовіўшы:
    — Моцны ж, падла,— аж табе зорна ўваччу!
    Сам татулька не курыў, хоць і прабаваў змоладу наву-