• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    стаяў, як вар’ят, бліскаў вачыма, як воўк, і не ведаў, бядак, адкуль што бралося. Старшыня, каторы таксама прыехаў на разборку, сядзеў ужо на вазу ды торкаў лейчынамі, каб уцячы, мабыць, а вураднік, падцяўшы шаблю, як сабака хвост ад страху, ціскаўся по-пад вуголлю ды нешта міргаў старшыне. Але той нічагутка, мабыць, не бачыў ад страху. Тым часам народ валіў, як вада ў навальніцу.
    — Годзе! — крычалі навокала.— Годзе здзекавацца, даволі смакталі нашую кроў!..
    — Прэч! Далоў!
    — Бунт! Страляць! — крыкнуў прыстаў, згубіўшы прытомнасць.
    — Які бунт?! Нашто палохаць чорта ў балоце! Убірайся ты к чортавай матары!
    — А вось я яму пастраляю, пачакай трошкі! — крычаў нехта з натоўпу.— Пусці, расхініся, народ!..
    Як не здурэў прыстаў ад страху, як не туманіў глузду яму зняважаны гонар яго, як не шалеў ён ад пачуцця ўласнага бяссілля, але сцяміў, што гэта піва непярэліўкі і трэба паслухаць інстынкту, даўно валаўшага павярнуць аглоблі наўцёкі. А праканаўшыся, што трэба ўцякаць ад ўчынку ўласнага глупства, ён раптам абмяк, пасавеў і сагнуўся. Пацёк пот у яго па твару, валасы ліплі на лбе; палеты схіліліся і звіслі на ніз, як у мокрае курыцы крылля. Задам, не спускаючы воч з натоўпу, ён прапхнуўся да брычкі, дзе ўжо сядзеў вураднік са старшынёю, сеў, як мяшок, ды даў махні-драла. А ўслед за ім, як маханне шапак і хустачак пры адыходку цягніка, нясліся жарты й смех, жаночыя «літанні» і дзіцячы плач...
    Усё гэта Юзік успомніў. 1 цяпер, угледзеўшы маскаля з блішчастымі, як у прыстава, гузікамі, Юзік схаваўся за шула ды стаў цікаваць: што ён там робіць, успёршыся на пярыла? А маскаль (салдат) трымаў пад пахаю сякеру ды пыхкаў цыгарку.
    Цыгарка ўжо дагарала, але ён, мабыць, не накурыўся, бо не кідаў. Шчыльна трымаючы недагарак у кіпцях, ён выцягваў губы, як бы пнучыся пацалаваць нечы твар у паветры, асцярожна падносіў недагарак да вуснаў, смачна смактаў ды ўздыхаў на ўсе грудзі, пускаючы дым у тры рагі — з рота і з ноздраў. Гэтак зрабіў ён раз, другі і трэці, а на чацверты раз не ўдалося: цыгарка згарэла і пасыпалася.
    Маскаль, мусіць, апёк сабе кіпці і губы, бо раптам хуркнуў і плюнуў; потым затрос пальцы ў паветры ды, рас-
    цёршы абчасам рэшты цыгаркі, стаў брыдка лаяцца. Юзік спалохаўся ды даў драла дадому.
    Нягледзячы на няўдачу, тым часам гэтая падарож, ад хаты да вучылішча і ад вучылішча да хаты, мела свае добрыя скуткі: Юзік працерабіў сабе сцежку да школы і набраўся адвагі. У другі раз ён быў смялейшы, тым больш што і на ганку нікога не было. Тагды ён, як следна, трапіў да клясы і меў там з настаўнікам цікавую размову, a якую — хутка пабачым.
    II
    Юзік даўно ўжо зайздросна паглядаў на тых хлопцаў, што бегалі ў школку: яму жадалася мець уласныя кнігі. А ў вучняў заўсёды процьма ўсялякіх кніжак, пёрак, алоўкаў і паперы. Усе яны ўвечар, прыйшоўшы дадому, пачынаюць нешта пісаць і чытаюць; потым нешта ўсё лічаць, рахуюць і з кніжак малюнкі рысуюць. А яму так хочацца пагартаць кніжку, паглядзець рысункаў, папісаць алоўкам альбо пёркам па паперцы. Дык яму не даюць, шкадуюць або баяцца, каб не падзёр кніжкі ды не папсаваў пёрка. А ён, даліпан жа, ніколі б гэтага не зрабіў! Было такое здарэнне, дык — калі? Ён быў тагды зусім яшчэ маленькі і дурны ды не ведаў, як што і да чаго.
    Гэты выпадак трапіўся з ім летась на Каляды, тагды, як прыязджаў з семінарыі Антось наш на вакацыі. Антосю заманулася нешта парысаваць. Матка заслала стол чыстым абрусам, выцерла яму лаву ля стала, а сама лягла сапачыць на печы. Дома нікога не было. Адзін толькі Юзік сядзеў на палу ды рабіў сабе скрыпку з лучыны. Антось разлажыўся на стале, дастаў алоўкі, паперы, скрылікі хварбы ў жоўценькай, з чорным вечкам скрыначцы; выняў лінейкі, пёркі, стрынгалі, як батлейчыкі, з блішчастымі вострымі ножкамі, ды, нахіліўшыся над папераю, стаў нешта маляваць, развёўшы хварбу ў малюпаценькіх белых талерачках. Пакрэмзаўшы крыху, Антось кудысь адвінуўся — мабыць, выйшаў на двор, а Юзік тым часам, кінуўшы скрыпку, ускочыў за стол, схапіў борздзенька аловак у руку ды давай шмараваць па шурпатай тоўстай паперцы. На паперцы быў нарысаваны якісь стаўбунец і намалёвана гвязда ў розныя колеры. Юзік да іх не дакрануўся, каб не запэцкаць, а шмараваў алоўкам знізу, пад гвяздаю. Накрэмзаўшы кучкаў пяць кашы, ён маніўся ўжо скончыць ды
    йсці дарабляць сваю скрыпку, але зажадалася яму стрымацца, каб нарысаваць зверху крывульку. Дзеля лепшага выканання, каб чарней вывесці хвосцік у гэтай крывульцы, дык ён паправіў другою рукою аловак у руцэ, нахіліўся бліжэй да столу, выцягнуў шыю, высалапіў язычок ды так моцна шмаргануў збоку налева, што аловак луснуў і адваліўся. Нарабіўшы бяды, ён азірнуўся і раптам пачуў, як застукала сэрца і пагарачэла ўсярэдзіне. Што рабіць? He чакаючы доўга, ён прутка скочыў на зямлю, узлез на тапчан, пералез цераз матку ды прытаіўся на печы за комінам.
    У гэты момант рыпнулі дзверы і — увайшоў Антось. Той быў пры добрым настроі і, уваходзячы ў хату, спяваў, а спяваючы, намагаўся ўзяць самую тоўстую актаву. «Пастары граюць,— спяваў Антось,— цуда, цуда паведаюць. Хрыстос радзіўся, Бог ваплаціўся!» — скончыў ён, зачыняючы хату. Сеўшы за стол, ён сцепануўся ад холаду знадворку, зрабіў сабе цыгару ды зірнуў на паперы... потым на хату ды зноў на паперы. Цыгара патухла і прыліпла к губе. Антось устаў, аперся аб стол і, стоячы гэтак, паводзіў галавою то з хаты на паперу, то з папераў на хату. Уся постаць яго выяўляла адно дзіва і запытанне. Цуд, ды годзе! I нікога, здаецца, у хаце не было, а тым часам... цікавасць!
    Каб Антось знаём быў са спірытызмам, дык бы навоч пераканаўся, што «ёсць на свеце нешта такое, мой дружа Гараціо, чаго й не снілі мудрацы».
    Тым часам ад напружання, ці ад жары, ці проста ад пылу на печы, у Юзіка запяршэла ў горле і заказытала ў носе. Ён не стрымаўся і — чхнуў на ўсю хату... Выйшла простае тлумачэнне таёмнага з’яўлення...
    Але ж гэта было даўно, і цяпер Юзік сам добра ведае, што рабіць так не можна і кепска. Цяпер такое глупства ён ніколі не зробіць, бо ўжо не маленькі і не дурненькі...
    А дома, апарт польскай Бібліі, у парудзелых чорных вокладках кантычак, з абразікамі ўсярэдзіне, Юзік жадных кніжак не бачыў. Антось мае шмат кніжак, але ж ён гэтаксама не дае паглядзець і хавае ў скрынцы. Хіба часам увечар, як збяруцца да нас суседзі, пачытае «Сёмку», каторы адратаваў людзей, спыніўшы цягнік, трымаючы ў руцэ, заміж сігналу, выкачаную ў сваю кроў хустку; або яшчэ «Гутарку Паўлюка», каторая надта прыкладна і смешна напісана. Чытаў ён раз пра тое, як маскаль вядзьмара падашукаў. Вот дзе было смеху!
    Вядзьмар быў на вяселлі і вельмі хваліўся, што ён што захоча, тое і зробіць. Людзі яго баяліся, наравілі, як той скуле, і паважалі, не раўнуючы, як той бруд на трэсцы. Вось маскаль слухаў, слухаў, а далей і кажа: «Гэ! Што ты за вядзьмар?! Вот я вядзьмар дык вядзьмар! Захачу — дык зараз зраблю, каб табе вочы на лоб павылазілі».— «А ну, зрабі!» — кажа вядзьмар. «Добра!» — адказаў маскаль ды стаў гатавацца да чарадзейства. Дзеля гэтага наліў шклянку гарэлкі, паказаў ведзьмару ды запытаў: «Бачыш, што гэта?» — «Бачу,— кажа вядзьмар,— гарэлка».— «Ну, вот і дзякаваць Богу. А цяпер стрывай крошку, васпане, я мушу паваражыць»,— сказаў маскаль ды, адвярнуўшыся, усыпаў у шклянку табакі. А ўсыпаўшы, размяшаў яе ды падаў ведзьмару, кажучы: «На, пі, але ўсю да кроплі, бо задушу!» Той пакаштаваў ды паставіў на стол. «Пі!» — грукнуў маскаль кулаком. Вядзьмар мусіў выпіць, ды аж вочы вытарашчыў. А далей ў лямант: «Ратуйце, добрыя людзі, усё нутро маё загарэлася!» I пачало ванітаваць яго з усіх шлункаў яго...
    Потым доўга людзі рагаталі, успамінаючы той ці іншы выраз з аповесці, ды аж за жываты хапаліся...
    Да гэтага часу Юзік здавальняўся тым, што калі-нікалі гартаў кантычкі, і толькі таго. Бібліі ён не чапаў, бо яна дарма што важкая, як цэгла, а рысункаў не мела. Рысункі былі ў дзвёх толькі кантычках: у адной сярод тэксту, на звычайных лісціках, а ў другой — асобныя маляваныя абразкі на розныя здарэнні з жыцця Езуса.
    Кантычкі разам з Бібліяй ляжалі высока на бэльцы і, каб дастаць іх, дык трэба збудаваць рыштаванне. Праўда, можна было спароць, як спорваюць гнёзды, але Юзік баяўся, бо ў кантычках татулька клаў свае акуляры, спораш — паб’еш, хай іх цяміць! Іншае рады не было, як прымасціцца, зрабіць сабе рыштаванне. Дзеля гэтага, дачакаўшы нядзелькі ці свята якога і высачыўшы, што ўсе паразыходзіліся з хаты, адна матка ляжа на печ сапачыць, насунуўшы намітку на вочы,— Юзік ставіць пад бэлькай зуслон, на зуслон — калодачку, а на верх залазіць сам ды, стаўшы на дыбачкі, шарыць па бэльцы рукою, покі не знойдзе кантычкі. Калодачка хісталася, ногі дрыжэлі і — як ён трымаўся, каб не абазвечыцца, то Бог яго ведае! Але што? Па гнёзды ён лазіў і не на гэтакую вышыню і — нічагутка. Дрыжыць, леўка, калоціцца, а лезе...
    Ціха ў хаце, адзін кот мурмэча на лаўцы. Хата прыбрана, чыста замецена. На абразох — фіранкі, на сценах —
    доўгія ручнікі. Стол засланы абрусам, а на стале, з краю — кастры блінцоў пад белым настольнікам. 3 печы смачна патыхае верашчакай.
    Матка спіць. Ціха. Чуваць, як лётаюць мухі. У кутку за сталом сядзіць Юзік. Ён нахіліўся на стол і ціха шамоча папераю. Гэта ён гартае кантычкі, дастаўшы іх з бэлькі, ды глядзіць рысункі. He адзін раз ён бачыў гэтыя рысункі, а ўсё цікава! Ён ужо ведае, што, дзе і на якім баку будзе; з іншымі рысункамі ён нават размаўляе, як са старымі добрымі знаёмымі. Адгарнуўшы, напрыклад, лісцік з рысункам, дзе апостал Петра трымае рыбу на вудзе, Юзік знаёма пасміхаецца ды звяртаецца да рыбы запанібрата:
    — А ты й досі на вудзе? He адарвалася? Мо-о-цна ён цябе трымае за гарляк!
    А вот таму маскалю, што стаіць з пікай каля крыжа, Юзік прашараваў пальчыкам вочы за тое, што той, як тлумачыў татулька, пракалоў Хрысту грудзі. Потым татулька сварыўся, бо разам з вачыма прашараваліся і літары на другім баку, але Юзік не каяўся, бо надта ж быў сярдзіты на таго маскаля.
    3 гэтых рысункаў у кантычках Юзік дазнаўся, што Пан Езус нарадзіўся ў стадоле на сене, разам з быдлам, дзеля гэтага й досі, на ўспамін Хрыста, засцілаюць сенам стол на Куццю. Татулька расказваў яму, што ў той час, як Езус нарадзіўся ў Батлееме, дык з’явілася гвязда на небе і прывяла к Хрысту трох каралёў на прывітанне. Затым і цяпер ходзяць з гвяздою на Каляды і робяць батлеяў. А калі Пан Езус хрысціўся, дык на галоўку яго зляцеў з неба голуб. «Дзеля гэтага,— дадаваў татулька,— на Правады пускаюць галубка ў паветра».