чыцца. «Але як пачало мяне ванітаваць,— расказваў ён,— дык затрашчалі ўсе шлункі мае. Я думаў, што жылы з мяне выцягне, хай ты згары, хай ты! А курыў я мох, зрабіўшы люльку з бульбіны...» Распрануўшыся, татулька нешта хавае ў жмені ды, залажыўшы руку за спіну, падыходзіць да стала і садзіцца каля Юзіка. — Злавіў я, сынку, зайчыка,— кажа ён перш, як аддаць гасцінца,— злавіў я зайчыка — ось там, каля крынічкі ў кустох. Хацеў прынесці дадому ды аддаць матцы на смажаніну. Аж ён кажа мне: «Не забівай мяне, чалавеча! Змілуйся нада мною: пусці мяне ў зялёны гаёк, у цёмны лясок, да кустоў гусценькіх, да дзетак маленькіх! За гэта я дам табе шмат пекных гасцінцаў, а ты занясі свайму маленькаму...» — Юзіку! — падказвае Юзік і смяецца. Татулька жартуе, але зайчыха, як жывая, стаіць уваччу, і Юзік бачыць нават, як яна плача ад гора, апусціўшы доўгія вушкі. Яму робіцца шкода і неяк прыемна. Атрымаўшы гасцінца, ён удзячна цалуе руку, а татулька гладзіць яго па галоўцы ды, адмераўшы да столі рукою, кажа: — Вялікі расці! II Юзік уцеха татулькі. Ён вельмі любіць яго, але патураць — не патурае. Нават не песціць і ніколі не цалуе, каб не асвойтаўся, як ён кажа, ды не страціў пашаны да бацькі. Юзіку ўжо гадкоў пяць, але выглядае ён болыным. Колькі яму год, Юзік нікому не кажа і нават не любіць, калі хто й запытае. — Табе мо сто год,— адказвае ён, зірнуўшы спадлоб’я,— а я ж не пытаю, не лезу ў вочы. Чаму ён гэта робіць і дзеля чаго яму таіцца — Бог яго ведае. Гэта некі яго ўласны, таемны рахунак, каторы мае звязак з вучэннем, бо не раз ён дапытваўся, колькі трэба год, каб прынялі ў вучылішча. Яму сказалі, што трэба семвосем год, а ён яшчэ малы для навукі. Трэба яшчэ расці ды набірацца розуму. У звязку з гэтым Юзік нешта й надумаў. Юзік вялікі ласун. Матка песціць яго і нацешыцца не можа. Каб прымеў, дык яна, здаецца, на дрожджах гадавала б яго і немаведама, што б аддала і зрабіла, каб ён хутчэй рос ды станавіўся на ўласныя ногі. «Нікому я ўжо не патрэбна,— часта гаворыць яна яму,— нікому, мой коцю! А табе патрэбна, ой як патрэбна! Тыя ўжо пажаніліся, павыходзілі замуж ці так, дзякаваць Богу, пазнаходзілі сабе талент ў жыцці — астаўся толькі ты, мой любы нялетка. А я ўжо старая, ой, старая! Ногі мае не ходзяць, спіна не гнецца і сама ўся ледзьве цэгаю. Хавай Божа, памру — хто ж дагледзіць цябе, сірату? Хто расчэша тваю галоўку? Хто прывітае, хто так шчыра прыгорне, абніме, як родная маці!» I матчыны вочы мімаволі ўзнімаюцца ўгору, а вусны шапочуць малітву. Юзіку робіцца шкода і хочацца плакаць. Ен ведае, што далей матка пачне гаварыць пра сваю смерць, пра смяртэльнае белае плацце, а потым расплачацца, дадаючы сабе жалю, ды будзе цалаваць яго, прыгартаючы к грудзям. У такіх выпадках ён мяркуе ўцячы хутчэй на вуліцу, бо саромееца, каб не падгледзелі хлопцы ды не прасмяялі яго «пестуном». Татулька гэтаксама не спускае думкі аб ём. У вольную часіну сядзе каля яго, распачне гаворку ды спагадае. — Падгадую цябе, аддам да навукі,— разважае татулька,— пастаўлю цябе на ногі і — тагды спакойна памру. — Як, тата, памрэш? — пытаецца Юзік, шырока раскрыўшы свае вачаняты. Ён бачыў дзядзьку Матэву ў труне і смерці баіцца. — Зіхану — дый па ўсём! — адказвае татулька. — I цябе, тата, ніколі на свеце болей не будзе? — пытае Юзік, ківаючы ад дзіва галоўкай. — He будзе, сынку. Гэта я праўду кажу. Закапаюць, згнію і асот на мне вырасце. — Чаму, тата, асот? — Чаму? А што ж лепшае вырасце на костках старога чалавека?! — А навошта, тата, Бог дае смерць? — He ведаю! He хочу лгаць, сынок, не ведаю. Вось пойдзеш у навуку, дык мо сам дазнаешся з кніжак... А вучыцца трэба, конча трэ,сынку,— няма на што спадзявацца. Як адбярэ князь «пусткі», дык я не ведаю, што будзем рабіць! А чуваць — адбярэ, лесам хоча засаджваць. У Юзіка свой рой думак, і ён распытуе далей: — Тата! А калі Бога моцна папрасіць, дык Бог смерці не дасць, не дасць, тата? — He, сынку! Прасілі і чаго ні чынілі — не памагае. Прыйдзе час — маўчок! Дый што? На што старому жыць? Вунь Хлёрка стары — не жыве, а спіць, толькі ў хаце замінае. — А чаму, тата, Хлёрка стары не хоча ўміраць? — Бо Бог смерці не дае. Мусіць, памёр бы, каб смерць прыйшла. Доўгага веку чалавек, з пранцузам ваяваў... — А я, татачка, ніколі не памру. Буду ўсё жыць да жыць,— кажа Юзік, уздыхнуўшы на ўсе грудзі,— і цябе з мамаю шкадаваць. Вот як шкадаваць! — дадае ён, счаміўшы ад шчырасці зубкі і прыціснуўшы да грудзей рукі. III Павячэраўшы, татулька пастаянна кладзецца на пол, падкінуўшы пад голаў падушку ці што, а Юзіку загадвае раззуць яму лапці. Дзеля таго, каб зручней было раззуваць, дык ён спускае ногі на падлогу. Юзік садзіцца каля ног на кукішкі ды пачынае длубацца з мокрымі слізкімі аборамі. Аборы не развязваюцца, вузлы ад макраты заціснуліся, канца не знайдзеш. Юзік кідае вокам на стол, ці няма дзе паблізку нажа. На яго погляд тут лепшае рады няма, як узяць нож ды разрэзаць вузел, але татулька, адгадаўшы намеры яго, навучае: — Ты зубкамі, зубкамі, a то мне аборы папсуеш! Юзік нагінаецца ніжэй, дзярпае кіпцямі па вузлу, адлучаючы адзін кончык аборкі ад другога, а татулька тым часам распачынае гаворку на любыя яму біблейныя тэматы. — Калі ты гэтакі, сынку, разумны,— кажа ён, ласкава пазіраючы на яго русявую галоўку,— калі, кажу, ты гэтакі разумны, дык скажы мне, за што Якуб больш за ўсіх любіў Язэпа — ага? — Нёш не скажу! Бо ён быў самы маленькі ў хаце,— адказвае Юзік. — Добра, хоць і не саўсім! А завошта браты не ўзлюбілі яго? Вось гэтага, напэўна, не скажаш? — Бо яны зайздросцілі яму за лепшае ўбранне. — I гэта добра! Ну, а цябе любяць браты ці не? На гэтае запытанне Юзік адказвае не зразу. Ён спярша перабірае ў галаве, ці не зрабіў хто крыўды яму і ці не выдзер хто часам за вушы. Але не скаргу ён мае на мэце, не жаліцца татульцы ён хоча. Яго, бач, натура такая, што патрабуе падчас пачуваць сябе пагарджаным, бязвінна абражаным, сіратой-беспрытульніцай. Каму добра жыць, таму здзеку хочацца. I калі што-колечы трапіцца — а гэта часта здаралася — дык Юзік шморгае носам, пачуваючы салодкі козыт ад набягаючых слёз, ды сумна адказвае: — He, не любяць! Гэтаксама зайздросцяць ды мяркуюць, каб як прадаць мяне жыдам на мацу... — Ха-ха-ха! — рагоча татулька.— Хто ж цябе прадасць — Петра, ці што? Ну, й дурань! Там было добра, даладне, а гэта ты скепсціў. Дзе ж бо ты бачыў, каб дзяцей ды прадавалі на мацу?! Ты ж думаеш, леўка, што — калі жыд, дык і Бэрка? He, казаў я табе і яшчэ раз кажу: сам ты маленькі, а дурань на-адта велькі! Юзік абражаецца. Ён сапе носам, варушыцца і нешта мармыча. — Чаго ж ты маўчыш? — пытае татулька.— Марыкуеш, ці што? — Вялік пень, але дурань! — адказвае ён, варавіта зірнуўшы на татульку. А далей хапае лапці ў рукі ды ўцякае на печ. — А гад жа ты! А бадай жа ты скіс, сынку, бадай ты! Ха-ха-ха! — рагоча татулька.— Чуеш, маці, што ён кажа на бацьку? На язык, гад,востры, вось паглядзім, як будзеш вучыцца. Ці не гэтак, як Сёмкаў Плён: пытаюць у дурня, дзе жыве цар, а ён і кажа: у Клецку!.. У хаце смяюцца. ПАДАРОЖ ДА НАВУКІ I Ніхто ў хаце не ведаў, што Юзік двойчы ўжо памыкаўся вучыцца і абодва разы ўкрадкам, нікому нічога не сказаўшы. У першую падарож да навукі яму не пашанцавала. У школе на ганку стаяў некі маскаль у чорным, з блішчастымі гузікамі, сурдуце. Апрач таго, на галаве маскаль меў шапку з чырвонымі кантамі пры белай чэсцы на аколышку. Юзік спалохаўся. Гэтакія гузікі і чэску ён бачыў у прыстава з вураднікам у той час, як тыя прыязджалі на разборку пасля пажару. Юзік гэта памятае. Прыехаўшы тагды, прыстаў першым дзелам завалаў прынесці драбіны, а далей ускочыў к Вальку на страху ды давай матлашыць абчасамі кадаўбы ў комінах. Паразбіваўшы іх, як табе кажу, ён сшугнуў на зямлю ды, у баяўнічым запале, стаў таптаць нагамі чарапы ад разбітых кадаўбоў, што паскідаліся са страхі. — He рабі гэтакай коміны, не рабі! Рабі з цэглы, рабі з цэглы! — лямантаваў ён, топчучы нагамі чарапы з такою злосцю, мэрам пад нагамі ў яго ляжаў сам гаспадар пабітых комінаў. Разматлаўшы усё на маленькія друзгі, ён памкнуўся быў да другое хаты, але ў той момант трапілася нешта, чаго прыстаў не чакаў. Валька Карусь бліснуў вачыма, выгнуў шыю, як бык перад бойкай, ды, выцягнуўшы ўперад рукі, цвёрда, але лагодна, прамовіў: — He спяшай, не спяшайся, пане прыстаў!.. А быў той час нашага жыцця, калі раптам трахнуў пярун у паветры і загойдаўся грунт пад нагамі. Неба ўкрылася чорнымі хмарамі, а паветра дыхнула магутнаю верай у волю і шчасце народа. Людзі радзелі, шчасліва смяяліся; як на Вялікдзень, братэрскі віталіся, і віншаваў чужак чужаніцу. Грудзі ўздымаліся высока і смела, калацілася сэрца святою трывогай, а свет выглядаў як прыбраная хата ў свята і повен быў ласкі і шчасця, як сэрца нявесты, ідучай насустрач каханку! Гэта быў той незабытны час жыцця, калі ржавыя кайданы з бразгам і звонам разляцеліся ў бакі, а над трухлявым гмахам людскай няволі закурэўся пыл парахні і руйнавання. Паўстаў народ, прачнуўся адвечны гаротнік, падняў вочы, поўныя жалю і скаргі, і, у прадчуванні лепшае долі, задрыжаў, сцепануўся ды з клічам у запечаных смагаю вуснах — жыцце ці смерць! — схваціў загрудкі пана адвечнага гора, пакуты й няволі... — He спяшайся, кажу, пане прыстаў! — казаў Валька спакойна і лагодна.— He спяшайся, кажу,— увярэдзішся!.. — Что?! — Паехала сто, пайдзі дагані — будзе твае! — адказаў Валька прыставу.— Ты чаго тут расхадзіўся гэтак? Чаго ты раз’еўся, каб цябе пранцы раз’елі?! Ці не шлёгнуў ты дзеля смеласці? — Арэс-с-таваць! — гукнуў прыстаў, падняўшы губы, і арлом азірнуўся навокала, чапаючы шаблю рукою. — Каго арыштаваць?! — падскочыла Вальчыха.— За што арыштаваць, абармот ты нялюдскі?! Ты думаеш, што ўшпігаваў свае грудзі, каб цябе кароста шпігавала, гэтымі блішчастымі гузікамі, дык я спалохалася? Нашто ж ты кадаўбы пабіў, каб цябе Пан Бог з пяруна пабіў, каб цябе?! Нашто ты пасек іх, каб цябе скачыхі секлі; нашто ты паглуміў іх?! А Божухна мілы, а людцы мае! — кінуўшы прыстава, загаласіла Вальчыха.— А хто ў Бога веруе — сюды!!! ... Панаходзілі людзі. Натоўп аступіў прыстава. Прыстаў