• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Цікава, што і народ у істоце сваёй разумее гэта і выказаў гэта ў сваіх песнях і казках. Мы ведаем, што народ беларускі, змагаючыся з гістарычнымі злыднямі сваімі, страціў апошнія сілы ды мэрам заснуў летаргічным сном. I мабыць, у гэты страшны час цішы і нацыянальнага ўціску, стварылася казка пра забітага брата. Апавядаецца яна не ўлетку, як свет Божы грае і красуе, і не ўзімку, калі мароз і завіруха, а ў час вялікага посту, напрадвесні, напярэдадні новага жыцця.
    He грай, дудачка, не грай!
    Майго сэрца не ўражай.
    Мяне брацяйкі забілі,
    Нож мне ў сэрцайка ўсадзілі, Чаранком вочы накрылі.
    Брацяйкі — гэта Польшча і Масква, пад панаваннем каторых жыла Беларусь... I апавядаецца ў казцы гэтай, дзе дастаць тых лекаў, дзе можна расстарацца тае вады жывучай і гаючай, каб адратаваць забітага брата.
    Для нас, сучасных дзяцей Беларусі, тымі лекамі, тою вадою жывучаю і гаючаю ёсць нашая беларуская мова, пісьменства і асвета на грунце роднай культуры.
    Толькі мова і засталася ў народа нашага ва ўсе яго злыдні, толькі яна, моў тая дудачка ў казцы, грала і прамаўляла ўсяму свету, што жыў яшчэ наш народ, і жыць ён хоча, і жыць ён можа, і жыць ён будзе. Адна яна, нашая родная мова, асталася памяткаю даўнейшай славы Беларусі і служыць нам неўміручай надзеяй на будучы росквіт, а цяпер нясе народу свет свядомасці нацыянальнай, палітычнай і грамадзянскай.
    Гістарычная няўхільнасць
    Прайшло 125 гадоў з таго часу, як Міншчына разам з прылеглымі да яе землямі была прылучана да Масквы. Гэта было ў 1793 годзе, пры першым раздзеле Польшчы. Другія часткі Беларусі, як Магілёўшчына, Віцебшчына і інш., былі прылучаны раней, пры першым раздзеле быўшай Рэчы Паспалітай, у 1772 г.
    21 (8) лютага нямецкая армія ўвайшла ў горад Мінск, у гэтае сапраўднае сэрца Белай Русі, заняла Міншчыну і тым палажыла канец маскоўскаму панаванню.
    За ўвесь час маскоўскай улады, многапакутная старонка нашая не бачыла светлага дня ні гадзіны. Маскоўскі ўрад лучыў нас не брацкім яднаннем і воляй, а нацыянальным гнібеннем, гвалтам і няволяй. Ён не лічыўся з нашай нацыянальнай самабытнасцю і панявераў нашай гістарычнай прошласцю. Спачатку ён глядзеў на нас як на палякаў, а далей залучыў да свайго велікарускага народу і груба душыў усе зачаткі нацыянальнай свядомасці і развіцця нацыянальных сіл. Нацыянальнае гнібенне і азіяцкая па-
    літыка абмаскалівання шырокай хваляю разліліся па нашаму краю. Край напоўніўся спецыяльнымі чыноўнікаміабрусіцелямі: была хітра выкарыстана рэлігійная розніца і паланізацыя шляхецкіх станаў; семінарыі, гімназіі, ніжэйшыя школы — усё было скіравана на тое, каб задушыць у народзе ўсё роднае, беларускае, і навярнуць на маскоўскі лад. Падчас грубы маскоўскі жандар стаў прыдавацца народу нейкім абаронцам і заступнікам...
    Лепшыя і святлейшыя людзі, выйшаўшыя з народу, бачылі гэты страшны гвалт і падашуканства і, шукаючы паратунку, думалі, што ў нашым нацыянальным прыгнябенню вінават не народ велікарускі, а яго азіяцкі ўрад. I падаўшы братэрскую руку велікарускай інтэлігенцыі, яны адважна рынуліся на бой з праклятым царызмам, цвёрда верачы, што разам з палітычнай воляй знойдуць сабе і нацыянальны паратунак. Гадалася, што тады народ наш без перашкоды стане на роўную нагу са сваім большым па ліку братам, велікарусам.
    Але цяжка зняверыліся...
    Рэвалюцыя парвала кайданы палітычнай няволі. Здавалася, што народы Расіі сталі напярэдадні новага сацыяльнага жыцця і нацыянальнага росквіту. Здавалася, што ўжо нічога не перашкаджае злучыцца народам Расіі ў адну згодную таварыскую сям’ю. Тым часам пры свеце палітычнай волі выявілася, што велікарускі народ устаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік. Зваліўшы самадзяржавіе, ён праз сваіх міністраў-сацыялістаў рашуча заявіў, што не адкажацца ад свайго нацыянальнага панавання. Карыстаючы з народнай цемнаты, павадыры маскоўскай дэмакратыі, згуртаваныя ў рады работніцкіх, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, дзеля лягчэйшага ўтрымання свайго ўладарства абазвалі нацыянальны рух буржуазным і контррэвалюцыйным і сталі крывёю і жалезам бараніць сваё панаванне. Так была задушана Украіна, разагнаны першы Усебеларускі З’езд і знішчаны ўсе цэнтральныя беларускія арганізацыі. Батый пашкадаваў хараства слаўнага Кіева, але не злітавалася над ім рука некультурнай маскоўскай дэмакратыі. Наёмныя банды бальшавізму не спыніліся ні перад чым, каб утрымаць сваё нацыянальнае ўладарства...
    Так быў паложан канец брацкаму яднанню славянскіх народаў Расіі. Але паспаліты, просты народ яшчэ доўга верыў бы ў братэрскае пачуцце велікарускай дэмакратыі, каб яна сваімі самабытна-маскоўскімі сацыяльнымі ўчын-
    камі не апаганіла ўсіх дэмакратычных прынцыпаў. А бязладдзе, голад і агульная разруха дарэсцілі апошнюю кроплю надзеі...
    I вось сталася, што сталася. Пры ўтвораным палажэнні, народ моўчкі і пакорна, з патаемнай надзеяй на паратунак іншага гатунку, стрэў акупацыю роднага краю праз нямецкае войска. «Была без радасці любоў, разлука стала без печалі...»
    I гэты паратунак іншага гатунку ўстаў перад намі ва ўвесь свой рост, ва ўсім яго гістарычным значэнні.
    Цэнтр старай арыентацыі адсунуўся ў гістарычную прошласць. Раптам не стала і разбілася магчымасць на федэратыўны звязак пры старым палітычным цэнтры. Зніклі надзеі на далёка сягаючыя сацыяльныя перамены пры старой разбітай арыентацыі. Засталося адно — моцнае і непарушнае, як само жыццё і яго светлая будучыня. Гэта — дзяржаўная незалежнасць нашай многапакутнай бацькаўшчыны Беларусі. Тут і толькі тут наш паратунак ад нацыянальнага, палітычнага і сацыяльнага палону.
    Захаванне цэлакупнасці і нацыянальнай самабытнасці нашага народу, развіццё яго эканамічнага дабрабыту і грамадзянскага ладу павінны стаць першымі заданнямі ў нашай палітычнай чыннасці і далейшай будзённай працы...
    Народ і інтэлігенцыя
    Нацыянальны рух — справа культурнага парадку. Простаму, паспалітаму народу трудна ўразумець, дзеля чаго гэты нацыянальны рух, нашто яму тая мова, з каторай кпяць і смяюцца.
    Нацыянальнае адраджэнне — справа культурнага разумення. У справе нацыянальнага адраджэння патрэбна разуменне цэлага, а не частковага. Тут трэба ахапіць тое, што калісь будзе, што свеціцца ў далёкай будучыні, а не дыміцца ў сучаснасці. Трэба любіць дальнага, а не бліжняга і быць закаханым у цэлае, а не частковае. Трэба меркавацца з творчасцю, а не працавітасцю.
    Зусім справядліва, што і без нацыянальнага адраджэння паспаліты народ можна зрабіць сытым і давольным. Але не адным хлебам жыў бывае чалавек. Аддаўшы ўшанаванне
    целу перад духам, мы чынім гвалт над натураю. Занядбаны дух засумуе смяртэльна і знішчыць і цела.
    Шмат каму гадалася, што, даўшы народу дабрабыт матэрыяльны, лягчэй абудзіць у ім і нацыянальнае. Але памыліліся. Прыняўшы зямлю, народ упарта не прымаў нацыянальнага.
    Народ у масе сваёй элемент пасіўны. Народ аб’ект, а не суб’ект. Народ — матэрыял для творчасці сілы ініцыятыўнай, інтэлігентнай. Праўда, у народзе ўсё культура, прагрэс, хараство, але пастольку, паскольку гэта праяўляецца ў творчасці яго сіл актуальных, яго інтэлігенцыі. Глыба мармуру праяўляе хараство, калі над ёй папрацуе сіла творчая — скульптар-мастак, і праявіць у ім сваю думкуідэю.
    Для масы народнай усё роўна, над якім пачаткам жыць, абы—добра, сыта і пакойна. Праўда, народ робіць гісторыю, але не сам, а пад кіраўніцтвам кагосьці. Вада круціць калёса ў млыне, але тады, калі творчая сіла прыстасуе да гэтага патрэбныя прылады.
    Трэба кінуць думку, што абуджаная маса сама пачне рухаць ідэю нацыянальных заданняў. Народ рухаецца з прычын матэрыяльных, патрэбамі цела. Ідэю нацыянальную трэба выпланаваць у матэрыяльным. Трэба тварыць культуру і яе здабыткі зацвярджаць і ўмацоўваць у народзе.
    Для заданняў нацыянальнага адраджэння трэба арганізаваць інтэлігенцыю. Для інтэлігенцыі патрэбы духу маюць сілу абавязковасці, як для масаў патрэбы матэрыяльныя. I толькі сярод інтэлігенцыі ідэя нацыянальнага адраджэння набярэ сілы, значэння і жыццёвай прымусовасці. А здабыткі творчай сілы інтэлігенцыі народ прыме, як прыняў ён хрысціянства, рэфарматарства і рэвалюцыю. Бо інтэлігенцыя — яго дух, яго розум, яго ўласны інстынкт жыцця. Інтэлігенцыя не можа тварыць таго, што не карысна народу — ясней кажучы, інтэлігенцыя заўсёды творыць волю свайго народу, калі мае на ўвазе патрэбы цэлага, а не частковага, патрэбы нацыі, а не яго асобнага стану. Сціслае здавальненне патрэб ці інтарэсу часткі, таго ці іншага стану нацыі, прыводзіць да катастрофы.
    He забываючы справункаў абыходку будзённага, інтэлігенцыя Беларусі павінна запаліцца агнём агульнай, планамернай працы на грунце культурна-нацыянальга росквіту сваёй бацькаўшчыны.
    Мы перш за ўсё беларусы, і ўжо потым сацыялісты ці не
    сацыялісты, дэмакраты ці не дэмакраты, кансервацісты ці не кансервацісты.
    Захаваўшы сваю нацыю і адбудаваўшы сваю хату, мы здолеем завесці ў сябе парадак адпаведны і нашаму сумленню, і нашаму пракананню. Хто не дбае аб нацыі, той смяртэльна хвор або самагубца, бо не можна гатавацца да жыцця і не дбаць аб самой крыніцы жыцця.
    Хто кажа, што любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць — той лжэц. Хто любіць народ, а мовы яго ці культуры яго не прымае, той падашуканец. Служыце народу, а не людзям, любіце нацыю, а не стан яго...
    Мір і Беларусь
    У нядзелю, 3(18) сакавіка, у Берасці падпісаны міравы трактат паміж цэнтральнымі дзяржавамі і Вялікаросіей. Такім чынам, бальшавіцкі велікарускі ўрад прымушан быў згадзіцца на тыя варункі міру, якія былі запрапанаваны германцамі. Формула — ні міру, ні вайны — не збавіла ад ганебнага міру. Мала таго, скарыўшыся перад пераможцам, бальшавікі абавязаліся нядаўна памірыцца з Украінскаю Народнай Рэспублікай і вывесці сваё войска і чырвоную гвардзію з Украіны і Фінляндзіі. Ратаваўшыя цэлы свет, самі сябе выратаваць не спрамагліся.
    На моцы падпісанага трактату Расія страціла ўсе тыя невелікарускія землі, якія былі прылучаны мячом і дыпламатыяй да даўнейшага Маскоўскага Княства. Страчана Арменія, адпала ад Расіі Фінляндзія, землі Надбалтыйскія, Украіна, Польшча, Літва і заходняя частка Беларусі. Усходняя Беларусь, акупаваная пры апошнім наступленні — як Міншчына, палова Магілёўшчыны і Віцебшчыны, павэдлуг варункаў міру, фармальна застаюцца пры Вялікаросіі, а фактычна яны будуць заняты нямецкім войскам да тых пор, покі не ўтворыцца агульнаеўрапейскі мір або не скончыцца расійская дэмабілізацыя. Абшары, забраныя немцамі да апошняга наступлення і быўшыя колісь пад уладаю Расіі, больш да Расіі належаць не будуць, і Расія не мае права ўмешвацца да ўнутраных спраў тых мясцовасцяў.