• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Такім чынам, у XIII веку цэнтр беларускай дзяржаўнасці перанёсся ў новае месца, у цяперашнюю Меншчыну, з сталіцаю ў Навагрудку, каторая з часам пераносілася пад напорам варожых сіл далей на захад — спачатку ў Крэва, потым у Трокі і, нарэшце, у Вільню. У гэты час Беларуская Дзяржава атрымала найменне Вялікага Княства ЛітоўскаРускага (Беларускага) і ўяўляла з сябе магутную дзяржаву, абхапляўшую ў сябе ўсе землі беларускія, Літву, Латвію і Украіну па рацэ Дняпру. Беларускі народ стаў дзяржаўным народам у Вялікім Княстве Літоўска-Рускім, а Літва, па сваёй малачысленнасці, не мела ніякага дзяржаўнага значэння. У самой Літве вышэйшы стан людзей ужываў беларускую мову і права, вырабленае ў Беларускіх землях. Перавага беларусаў у гэтай дзяржаве была і лічэбная і якасцевая: у той час нашы продкі мелі ўжо высокую дзяржаўнасць і літаратуру, вялі шырокія гандлёвыя зносіны з немцамі, тагды як ліцвіны да злучэння з Русью не мелі ні дзяржавы, ні пісьменнасці, не вялі гандлю і, наогул, уяўлялі сабой народ, стаяўшы на вельмі нізкай ступені развіцця. Лічэбная перавага Беларускага народу ў складзе гэтай дзяржавы будзе для нас ясна, калі мы прыпомнім,
    * Глядзі кніжку Бантыйі-Каменскага «Перепнска между Росснею н Польшею», ч. 1. С. 124. (Заўвага Я. Лёсіка.)
    што ў нашы часы ліцвіны — маленькі народ, а тагды, апрача таго, насяленне Літвы жыло яшчэ вельмі рэдка, ураскідную.
    Мова беларуская стала ў Вялікім Княстве БеларускаЛітоўскім моваю дзяржаўнаю: «а пісар земскі маець паруску літарамі і словы рускімі ўсе лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы».
    Па-беларуску пісаліся ўсе законы (Літоўскі статут), афіцыяльныя і судовыя дакументы, міжнародныя акты і ўсе летапісы княства. Слова літоўскі мела значэнне тэрміну геаграфічнага, тэрытарыяльнага. Беларусы панавалі і палітычна, і духоўна, і культурна.
    Цяжкія адносіны спачатку з нямецкім рыцарствам, а потым з Маскоўскім Княствам прымушалі Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае шукаць хаўрусу з суседняю Польшчай. Першае злучэнне з Польскім каралеўствам адбылося ў 1386 г., пры вялікім князе Ягайле. Гэта была так званая асабовая унія 1385—1386 гг. Але яна фактычнага злучэння з Польшчай не зрабіла. Дасягнуўшы свае мэты ў змаганні з крыжакамі, калі ў 1410 г. немцы былі разбіты пад Грунвальдам, Беларуска-Літоўскае Княства засталося і далей асобнаю дзяржаваю. I толькі ў другой палавіне XVI сталецця, у 1569 г., упаўнаважаныя народаў Беларуска-Літоўскага Княства падпісалі на Люблінскім Сойме унію (злучэнне). Прычына гэтаму была тая, што, паўстаўшае ў час татаршчыны і акрэпшае пасля вызвалення з пад татарскага іга, Маскоўскае Княства стала прэтэндаваць на беларускія землі, распачаўшы цэлы рад войнаў.
    Маскоўская дзяржава развівалася ў кірунку манархічнага абсалютызму і прыняло нарэшце форму неабмежаванай манархіі, на чале каторай стаў наследственны манарх, неагранічаны ўладар і загадчык. Ен вольна распараджаўся і жыццём, і іменнем сваіх падданых, а яны, датычна яго, мелі адны толькі абавязкі, не маючы ніякага права. Тым часам, Беларуска-Літоўскае Княства зрабілася канстытуцыйнай дзяржавай, на чале каторай стаяў выбраны на сойме вялікі князь. Ён ужо з канца XIV веку звязаў сябе рознымі хартыямі, каторыя выдаваў сваім падданым як усяго гаспадарства, так і асобным яго часткам.
    На моцы гэтых хартыяў беларуска-літоўскі гаспадар (князь) з канца XV веку быў ужо не самадзяржаўны ўладар, а абмежаваны радаю і згодаю паноў-рады, а з часу выдання статутаў 1529 і 1566 гг. і ўхваламі ўсіх станаў шляхты, скліканых на Вялікі Вальны Сойм.
    Такім чынам, у змаганні Масковіі з Беларуска-Літоўскім Княствам бароліся два прынцыпы: прынцып самадзяржавія і абсалютызму з прынцыпам канстытуцыяналізму. Гісторыя сведчыць, што ў гэтым змаганні арганізацыя, пабудаваная на прынцыпе абсалютызму, брала перавагу, і Беларуска-Літоўскае Княства, каб абараніцца ад Масковіі, каторая нясла з сабою абсалютызм і татарскае барбарства, змушана было падпісаць трактат злучэння з Польшчай, аб каторым успаміналася вышэй. Але павэдлуг Люблінскай вуніі абедзве дзяржавы, Беларусь-Літва і Польшча, злучаліся ў адну рэспубліку на падставе роўнасці. Кожны край захаваў сваё войска, свае фінансы, сваё судовае і мясцовае самасправаванне, толькі з супольным соймам для абедзвюх старон.
    Але гэты хаўрус, адсунуўшы на нейкі час маскоўскую небяспеку, быў згубай як для Польшчы, так і для БеларусіЛітвы. Палякі не здавольніліся актам хаўрусу, а сталі намагацца апалячыць і акаталічыць праваслаўнае насяленне Літвы-Беларусі. Пачалася рэлігійна-нацыянальная барацьба. Націск паланізму і каталіцызму прымусіў згуртавацца проціў яго праваслаўнае насяленне. Але паланізацыя ўсё ж такі патрапіла зрабіць сваё дзела. Большая частка шляхты і вяльможнага панства перайшла з праваслаўя або з лютэранства, каторае ў той час мела вялікае пашырэнне на Беларусі, у каталіцтва. Пераход у каталіцтва станавіўся разам з тым і пераходам у стан польскай культуры і мовы. Багатыя станы пакідалі свой народ, сваю мову, веру і культуру, прымалі каталіцтва і апалячваліся тым больш, што за гэта яны надзяляліся рознымі прывілеямі. Але меськае мяшчанства моцна трымалася за сваю нацыянальнасць і веру. Сялянства толькі пад прымусам прымала каталіцтва. Усе сілы багатай культурнай нацыі аддаваліся на барацьбу рэлігійную і нацыянальную. Каб пагадзіць і ўціхамірыць гэтую страшэнную варажнечу, у 1696 г. быў падпісан акт царкоўнай уніі, або злучэння праваслаўнай царквы з каталіцкай. 3 гэтага часу уніяцтва стала нацыянальнай верай беларускага насялення. Уніяцтва бараніла народ ад паланізацыі і каталіцтва і ўмацоўвала нацыянальную беларускую культуру. Пры уніяцкіх царквах і манастырах закладаліся беларускія школы, а самае набажэнства адпраўлялася па-беларуску.
    Але паланізацыя мела свой поспех. Польская культура і мова запанавалі сярод вышэйшых станаў грамадзянства, каторыя такім чынам адрываліся ад рэшты народу. Дайшло
    да таго, што з другой паловы XVII веку нават беларуская мова пачала выціскацца з судоў, з урадавых устаноў, з законаў і замянялася языком лацінскім або языком польскім. Каля 1697 году Літоўскі статут быў перакладзены на польскі язык, якабы затым, што беларуская мова недаступна генію польскаму. Разумеецца, пры такіх варунках беларускае насяленне не магло прыхільна ставіцца да ўтворанага саюзу з Польшчай, з тою Польшчай, каторая несла з сабою не дапамогу проціў Масковіі, а нацыянальную смерць.
    Скончылася тым, што ў канцы XVIII сталецця злучаная польска-літоўска-беларуская рэспубліка, вядомая пад агульным найменнем Рэч Паспалітая, была зруйнавана. Яна была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі, як Прусія, Аўстрыя і Расія. Беларусь была аканчацельна прылучана да Расіі ў 1793 г. на моцы згоды, падпісанай у Горадні. Гэтую згоду падпісала маскоўская царыца Кацярына II як ад сябе, так і ад сваіх наследнікаў, дакляруючы захаваць на вечныя часы ў прылучаных да Расіі беларускіх землях усе правы і вольнасці павэдлуг звычаяў і прывілеяў гэтага краю. Але ўрачыстыя абяцанкі, што даваліся беларускаму народу, не былі датрыманы, бо самадзяржаўная Расія і не гадала спаўняць тое, што абяцала перад усім светам. Праўдзівыя мэты Расіі ў адносінах да Беларусі можна бачыць у лісце царыцы Кацярыны II да графа Разумоўскага, у каторым яна гаворыць аб паступовай русіфікацыі. На другі год па прылучэнні Беларусі да Расіі пачаліся абмежаванні правоў і вольнасцяў беларускага народу. У 1795 г. пашырылі на Беларусь моц закону, выданага Пятром I у 1720 г. для Украіны,і забаранілі друкаваць у беларускай мове Пісьмо Святое і рэлігійныя кніжкі. Пачаўся ўціск нацыянальнай беларускай уніяцкай царквы: царкоўныя маёнтнасці былі канфіскаваны, уніяцкія манастыры зачыняліся, царкоўныя кніжкі «літоўскага друку», як называлі маскоўцы, паліліся, уніяцкіх свяшчэннікаў каралі, ссылалі ў Сібір або ў глыб Маскоўшчыны, уніятаў гвалтам наварачалі ў праваслаўе і т. д. Нарэшце цар Мікалай 1 у 1839 г. маніфестам абвясціў грэка-каталіцкую (уніяцкую) веру неіснуючай і зацвердзіў гвалтоўны наварот уніятаў да праваслаўнай маскоўскай царквы. У гэтым жа самым часе ён забараніў царкоўныя казанні і выкладанне навук у школах па-беларуску. Як рэакцыя, пачаўся масавы пераход уніятаў у каталіцтва. У 1864 г. было наогул забаронена друкаваць кніжкі ў беларускай мове.
    Расійскі ўрад, жадаючы ў палітычных мэтах русіфіцыраваць беларусаў, дакладаў вялікіх захадаў да таго, каб абмаскаліць беларускі народ праз маскоўскую школу, царкву і вайсковую службу. Апрача таго, Беларусь была напоўнена маскоўскімі чыноўнікамі і папамі, каторым расійскі Сінод да апошняга часу плаціў падвойную пенсію як «місіянерам». Лічба школаў, пачынаючы з 1840 г., зменшылася на чвэрць. Паншчына сялян была асабліва змоцнена на Беларусі. Селянін быў прыкуты да зямлі, а пан атрымаў права караць подданага і нават ссылаць у Сібір. Надаючы гэтакіх правоў над сялянамі панам, расійскі ўрад дасягаў двух мэтаў: з аднаго боку, паны праймаліся спачуццём да новага ўраду, а з другога — маскоўскаму царызму лёгка было давесці спакутанаму народу, што яго гора выходзіць ад «польскіх» паноў і што збаўленне сваё ён можа знасці толькі ў прыхільнасці да Маскоўшчыны. Рэч у тым, што ў гэтыя часы большая частка вышэйшага беларускага стану (шляхецтва) прыняло польскукі культуру. Такім чынам, беларускі народ разбіваўся на два страшна варожыя станы, а русіфікатарская школа адбірала ў народу і яго інтэлігенцыю.
    Ад 1793 г. да 1905 г. выйшлі толькі два-тры выданні ў беларускай мове, і хаця пасля першай расійскай рэвалюцыі ў 1905 г. абмежаванні для друку былі скасаваны, але расійская ўлада дакладала ўсіх старанняў да таго, каб умацаваць за сабою Беларусь шляхам прышчаплення велікарускай культуры. He гледзячы на страшэнны гвалт і прыгняценне, думка аб культурна-нацыянальнай і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ніколі не ўмірала сярод беларускага грамадзянства. У пачатку прамінулага сталецця культурна-нацыянальны рух набірае арганізаванага характару і пачынае хутка расці і пашырацца. Нездавальненне расійскім панаваннем узмацняецца і выбухае ў паўстаннях, каторыя адбіліся з асаблівай сілай на Беларусі ў 30-х і 60-х гадах прамінулага сталецця. Уцалелыя паўстанцы зпаміж інтэлігенцыі, адхінаючыся ад Масквы, аканчацельна пераходзілі на бок паднявольнай Польшчы і гінулі для беларускага народу ў польскай культуры, але стагнаўшы ў няволі народ высылаў на змаганне за сваю самабытнасць усё новых і новых людзей. У 80-х гадах пачынаецца чыста дэмакратычны рух проціў расійскага панавання. Рух гэты пашыраўся спачатку сярод народнай масы ў форме культурна-нацыянальнага адраджэння. Утварылася новая беларуская літаратура і перыядычны друк,