— Кружыўся, нябога, на месцы, як змалку ў стойцы або ў бегуну сярод хаты... Тады мо і ўцяміць, ды будзе па часе. Шукаючы долі, згубіў сваё шчасце! Назаўтра, ранютка ўстаўшы, першым дзелам Анцік пабег да сяброў пазухаваць і пахваліцца. I ўсюды, куды ні заходзіў ён, малыя зайздросна глядзелі й маўчалі, а старыя дзівіліся і хвалілі. — Уга, уга! Дзяцюк, ды годзе! — падхвальвалі людзі. Дзеля лепшага агляду яго ставілі задам, варочалі перадам, прасілі прайсціся па хаце, потым спынялі ды загадвалі ўзяцца ў бокі. Анцік маўчком вырабляў усе выкрутасы, толькі чмыхаў носам і сарамліва міргаў вачыма. Яму аж нядобра і ўсіх шкода рабілася, што вот ён, а не хто іншы, стаў зэсам агульнай увагі. Ён бы бажаў, каб кожын меў гэткія порткі ды не зайздросціў яму, а разам з ім смяяўся, радзеў, весяліўся... У іншай хаце мацалі корт на портках, пыталі, ці дорага каштуе, дзе набіралі — у Мыркі ці ў Іцкі, а распытаўшыся, азіралі здалёк ды, успляснуўшы рукамі, уголас казалі: — А, а! Вот бо дзе хараство! Ці не жаніць цябе бацька сабраўся?! Нацяк на жаніцьбу трошкі не да ладу адчуваўся ў вусе, але Анцік не прыслухоўваўся і не звяртаў увагі. Сеўшы дзенебудзь на лаве або проста стоячы збоку ля столу, ён пазіраў на ўсіх поглядам чалавека, катораму раптам адчыніўся свет Божы, і ён угледзеў рэчы, якіх досі ніколі не бачыў... Ды не доўга цешыўся Анцік. Нехта пазайздросціў яму, брыдкім вокам зірнуў і здзівіў яго порткі. He меў ён шчасця спажыць іх як следна, стрэла іх прыкрая доля, і згінулі яны ад брыдкай ганебнай смерці на пяты дзянёк свайго жыцця. Як часта смех наш канчаецца плачам! Як часта нашы ўцехі, ласашчы на дне прыгорклы і прыгарэлы! Зазвычай, што прыемна пачнецца, дык скончыцца сумна й нядобра. Мэрам хтось сочыць за намі, зайздросціць ды, спакусіўшы, рагоча, сыпнуўшы ў кубак жаданага трунку жменю чамяру... Кожная рэч, як вядома, патрабуе датэмпнага і разумнага ўжывання, бо ў іншым разе выйдзе не карысць і ўцеха, а смех і гора. Гэта датыча ўсіх і ўсяго — старога і малога, адзежы і начыння. За прыклад нам будзе Шуськаў Габрусь. Хлопец ён сталы, не блазан дзяцюк, а вось як узяўся, за што не ўмеў дый не трэба было брацца, то яшчэ й досі саромеецца на вуліцу выйсці. Людзі ходзяць, гуляюць, смяюцца, а ен сядзіць дзе-небудзь у запечку ды турбуе голаў, ломіць мазгі над пытаннем, што лепей: дзесяць болек на носе ці панскія порткі навыпуск? Чалавек ён някепскі — шкада дзецюка, а йшчэ горш будзе шкода, калі не сцяміць начхаць на абое, бо абое рабое. Габрусь даўно жадаў мець крамныя порткі. Бывала, ідзе паўз вокны семінарыі, семінарысты ў чорных портках навыпуск, дык ён як шыбы не выпхне: уваткне нос, цікуе, глядзіць, пацінаецца ды аж цмокае ад хараства і зайздрасці. Семінарыст пройдзе, схаваецца, а ён адхіснецца ад вакна, цяжка ўздыхне, схісяне галавою ды безнадзейна прамовіць: — Хараство! He дасцё веры, глядзець было млосна, збоку шкада было хлопца. Дзяцюк вачавідкі сохнуў, марнеў. Каб змога, здаецца, сам бы купіў або ўкраў дзе — хай іх высмаліць з гэтымі панскімі порткамі,— абы дзяцюк не нудзіўся гэтак, не марнаваў свайго жыцця. Урэшце фартуна,— на што ўжо бязлітасная, запанслівая кабета,— а й тая злітавалася, і яна абярнулася тварам да хлопца, пасміхнулася і пашкадавала. Мабыць жа, і ў яе сціснулася сэрца ад жалю, бо на Уласа ўвечар Габрусь трымаў папяровы пакунак, адкуль выглядалі крамныя порткі ў палоскі, ды пытаў кожнага, хто захадзіў у хату: — Як васан гадае, дорага каштуе вось гэтакая рэч? He, не,— вы скажаце,— як на вашу гадку?.. Ня ведаеця? Га... вот жа бачыця! Гэта, брат, ня шворань купіць, а тыж ж думаў як?! I Габрусь цмокаў, міргаў і смяяўся, але цаны не казаў. Ён то клаў порткі на стол, то ізноў браў у рукі, разгортваў, вешаў, цешыўся ды зноў складаў, зноў абгортваў паперкай і завязваў ніткай. Нарэшце аддаў мацеры схаваць, а тая занесла ў камору ды замкнула ў кублі. Але Габрусь яшчэ доўга не мог супакоіцца. Зашчаміўшы рукі за карк, ён крочыў па хаце, марыў, пасміхаўся ды сам сябе цешыў у думках, як будуць зайздросціць яму, дзівіцца і хваліць. Было шкода, што ўжо вечар і позна, што нельга прыбрацца ды выйсці на вуліцу, пайсці на вячоркі. Як бы шчары зірнула Анелька! У Габруся сэрца вяла і салодка дрыжэла. Ён увесь абмяк, як кісель ад вады, і думаў: «Не, цяпер брэшаш, Анелька! Годзе табе шкіліць і выскаляцца! He мінеш ты маіх рук, вазьму, як рыбку на беразе...» А покі што пахаджаў ён па хаце ды на паўгубы перацінаў: Ці я табе не жана, Ці я цябе не ўшчуваў, Ці не гаспадыня? Ці я не сварыўся?! Тры дні дома не была,— Бізуном раз лупцаваў, Есці не варыла. Тры да-да, дай-да! Краўчыха Агата гэтаксама на Уласа была на месце і бачыла, як Габрусь таргаваўся. Назаўтра, забегшы да нас пазычыць агню, яна нам сказала, што Габрусь заплаціў за свае порткі чатыры злоты і шаснаццаць грошы. Дачакаўшы першага свята, Габрусь прыбраўся, аглядзеўся ў люстэрку ды выйшаў на спацыр. Было яшчэ рана, нават не званілі ў царкве... Спацыр — пекная рэч, і спацыраваць ніколі не шкодзіць. Гэта карысна для здароўя, а дактары — дык заўсёды раяць пагуляць часіну па вольным паветры. Але калі ты ўзяўся спацыраваць, дык спацыруй на здароўе і трымайся, будзь ласкаў, надуманай мэты. Так жа сама трэба памятаць, што кепска той робіць, хто, задраўшы нос, удзень зоры лічыць. Зоры няхай будуць зоры, а ты не забывайся пад ногі глядзець. Капейкі мо й не знойдзеш, дык, напэўна, не спаткнешся ды не гупнеш, як гляк, вобземлю. A то вось — ці ж гэта хораша? — пытаюць дзеткі ў мацеры: — Мамка! Хто табе губу разбіў? — Ат, ехаў разявака некі, ды аглобляю ў рот... Дык ласне кожнаму ўталкуеш? Вот і Габрусь, і не дурны хлопец, здаецца, а тым часам кроку не ступіў, каб не спыніцца ды не азірнуць сябе з усіх бакоў. Яму здавалася, што порткі ціснуць, задзіраюцца, лезуць уверх, фалдуюцца і не ляжаць, як трэба. Дык ён нагінаўся, тузаў, абцягваў, разгладжваў складкі, папраўляў паясніцу ды, азірнуўшыся, памаленьку крочыў далей. Такім робам дайшоў да студні. Там трапіў на лёд, паслізнуўся, не ўстоіў і бразнуўся вобземлю. Рэч вядомая, далікатны корт порткаў не вытрымаў: порткі трэснулі і разляцеліся. Якраз дзеўкі чэрпалі ваду, і іх рогат, як гром, неўспадзёўкі, аглушыў Габруся дарэшты. Каб была тут гразь — ён бы, напэўна, тройчы перавярнуўся назло ўсяму свету. Але пад ім быў лёд; ён ляжаў, як жэрдка, пасярод вуліцы, заплюшчыў вочы і не хацеў уставаць. Тым часам Анелькасакатуха не чакала. Яна кінула вёдры ды, ухапіўшыся за жывот, як пенька не трэсне, рагатала над самым вухам Габруся. — Уставай, Габрусь, няхай цябе цяміць,— крычала яна,— коні наедуць! Габрусь крошку папяўся, прыстаў, потым сеў, павёў непрытомна вачыма, заківаў галавою ды распачліва прамовіў: — Вот табе і партэ-эчкі! Анціку — дык ліха надарылася з іншага боку. Матка мэрам што ведала, як казала, прымяраючы порткі: — Глядзі, сынок, шануйся! Даглядай, абы-дзе не кідай... Дык што ж ты зробіш? Суджанага не мінеш, а што прамінула — не вернеш... Покі курэўся хмель новай навіны, Анціку было хвацка ў портках — прынамсі, не чуўся, каб дзе што муляла або замінала. Потым... Вот кажуць, што порткі — спрытная рэч, не замінаюць, а Анціку яны вот дзе сядзелі. Перш-наперш гэтыя гузікі з падцяжкамі... Яны адляталі кожнага дня, а той масянжавы, напрыклад, згубіўся назаўтра. He раз прыходзілася затуляць рукамі і трымаць у руках, покі не знаходзіла матка часу прышыць яму новыя. He раз на бягу порткі спускаліся, путалі ногі і — Анцік ляцеў вобземлю і разбіваў сабе нос. Пробаваў бацька рабіць яму гузікі з дзерава. Гэтыя гузікі не прышываюцца, а іх прывязваюць да паясніцы шпагатаю, пракалоўшы дзве дзіркі верацяном. Нічога не памагала — гузікі ламаліся, а шпагат заставаўся. У канцы порткі пачалі брындацца, мокнуць, карэць і дапякаць у гульнях. Бывала, заганяеш свінку, даўней хоць падолам прыкрыеш, а ў портках трасцу змахлюеш. А вот як Каўгар высцебаў яго крапіваю за грушкі — хто ж быў вінен, калі не порткі? Ён саўсім ужо ўцёк, дык чорт надаў зачапіцца за кол калошаю. I то ж, падла, б’ецца — праз тры дні пякло, як махнушаю*. Дык на час гульняў, а то й так пад гарачы час, Анцік скідаў к чортавай матары порткі ды вешаў дзе-небудзь паблізку на плоце. Гэтак жа зрабіў ён і на той раз, як трапіў на іх дворны кнораз (кнур). Гэты кнораз жыве гадоў дзесяць і, мусі, нямашака ваўкоў на яго ў лесе. I не колюць яго, і не рэжуць яго, і чорт іх ведае, што яны думаюць сабе. He баіцца ён нікога й нічога. Ломіць платы, варочае парканы, лазіць у шкоду, і няма на яго справы на свеце. Хадзілі скардзіцца, але аконам і вухам не вядзе. — Загарадзі,— кажа,— лепей — не ўлезе! Гарадзілі і чаго ні чынілі, дык хіба жалезам, бо й мур яго не стрымае. Летась увосень залез к Чурыле ў капусту і зматлашыў дазвання. Рассердаваны Чурыла хацеў застрэліць, нават стрэльбу набіў, але дзядзька Мацюта адрадзіў. — Няхай ён,— кажа,— сам лепей здохне, а ты стрэльбу кінь і не чапайся... Вось гэты кнораз сцягнуў з плота Анцікавы порткі * Махнуша — недагарэлае палена. і пашматаў на кусочкі, а чырвоную паясніцу з падцяжкамі завалок к Чурыле на сметнік. Анцік горка плакаў, а ў хаце шкілілі. — Дык як ты згубіў свае порткі? — Каб жа згубіў, a то свінні з’елі! — Бадай ты скіс, сынку, бадай ты! — дадаў і бацька.— Што ж цяпер рабіць? За цябе ж ніводная дзеўка замуж не пойдзе. Назаўтра матка наўмысля засталася дома ды пашыла яму новыя порткі — з новага, моцнага, як скурат, шарачку. Цяпер яна не баялася, што Анцік згубіць. Апавяданне без назвы ЯЎХІМ ПЛАШКА Татулька наш —скарбовы рыбак і кіраўнічы ў рыбацтве, мэрам той сотнік ці ротман* у плытніцтве. Ён любіць свой талент і талянтуе рыбацтвам даўно, як запамятаць. Увесь двор наш, платы, усе жэрдкі пад стрэхамі абчэплены розным рыбацкім начыннем. Але не шукайце, бо няма ў нас трох рыбацкіх рэчаў: тапчана, бродня і вудаў. Гэтым начыннем татулька ганьбуе і не вельмі шануе таго, хто мае яго. — Вудаю,— кажа ён,— ловіць гультай, тапчаном — дурань, а броднем — бабы. Вось Цыбаты Яўхім, або Плашка, чалавек і не кепскі, а татулька не ўзлюбіў яго за тапчан, як чорт знае завошта. Яўхім надта густуе свежую рыбу, і пад святы дзень хібіць не можа, каб не збегаў у тонь ці ў Нёмнішча.