У гарах маё сэрца...
Уільям Сараян
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 1985
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Уільям
Сараян
У ГАРАХ
МАЁ СЭРЦА...
АПАВЯДАННІ
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1985
II (Амер)
С 20
Рэцэнзент Анатоль Клышка
Укладанне і прадмова Ірыны Сляповіч
Пераклад з англійскай мовы
Пераклад зроблены з выданняў:
The William Saroyan Reader: N. Y.: George Braziller, Inc.,— 1958.— 498 pp. Saroyan W. My name is Aram: Short Stories.— N. Y.: Harcourt,— 1940.—220 pp. Saroyan W. Selected Short Stories.— Moscow: Progress Publishers,— 1975.— 464 pp. Saroyan W. Little Children: Leipzig: The Albatros Verlag G. M. B. Н,— 1940.— 199 pp.
Сараян У.
C 20 У гарах маё сэрца...: Апавяданні / [Пер. з англ. мовы; уклад. і прадм. I. Сляповіч].— Мн.: Маст. літ., 1985.— 248 с., 1 л. партр.— (Б-ка замеж. прозы).
У nep.: 1 р. 30 к.
Апавяданні амерыканскага пісьменніка У. Сараяна (1908— 1981) —пра галечу і прыгнёт у свеце сучаснага цывілізаванага буржуазнага грамадства, дзе чалавек пастаўлены ў жорсткія ўмовы, якія скоўваюць яго волю, імкненні, жаданні.
4703000000—167
С М 302(05)—85 178—85
ББК 84.7 США
Н(Амер)
(g'Выдавецтва «Мастацкая ' літаратура», 1985.
«...ЗРАЗУМЕЦЬ I ПАКАЗАЦЬ
ЧАЛАВЕКА ЯК БРАТА»
У прагрэсіўнай амерыканскай літаратуры XX стагоддзя пачэснае месца займае Уільям Сараян, найлепшыя творы якога ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай класікі.
Уільям Сараян нарадзіўся ў 1908 годзе ў горадзе Фрэсна, штат Каліфорнія, у беднай сям’і армян-імігрантаў з Заходняй Арменіі. Нялёгкія былі маленства 1 юнацтва пісьменніка. Калі памёр бацька, які так і не знайшоў у Новым Свеце краіны сваёй мары, Уільяму не было і трох гадоў. Нейкі час ён разам з братам і сёстрамі жыў у сіроцкім прытулку, пакуль маці працавала, каб зарабіць на жыццё і з цягам часу забраць дзяцей дахаты. Горыч і боль ад страты бацькі і ад разлукі з маці — вось самыя моцныя перажыванні, вынесеныя будучым пісьменнікам з дзяцінства.
Вельмі рана давялося Уільяму Сараяну зведаць клопат пра хлеб надзённы і шукаць заробак, каб падтрымаць сям’ю. К васемнаццаці гадам (а пачаў ён працаваць, калі яму не было і сямі) Уільям ужо меў багаты жыццёвы вопыт разносчыка газет і чорнарабочага, служачага тэлеграфнай канторы і сезоннага рабочага на вінаградніках.
Сістэматычнай адукацыі ён не атрымаў. Вялікую ролю ў станаўленні Сараяна як асобы і як пісьменніка адыгралі кнігі. Яго светапогляд складаўся, як пазней пісаў сам пісьменнік, пад жыватворным уплывам Джэка Лондана, Гі дэ Мапасана, Льва Талстога, Максіма Горкага, Марка Твэна, Аўгуста Стрындберга, Шэрвуда Андэрсена.
У 1926 годзе Сараян пакідае Фрэсна і едзе ў СанФранцыска. Там ён працуе ў самых розных месцах. Гэта пара адкрыцця свету, пара самапазнання і самавызначэння. 3 гэтага часу ён канчаткова выбірае сабе літаратурную дарогу. Праз два гады Сараян пераязджае ў Нью-Йорк, дзе ў 1933 годзе ўбачыла свет яго першае апавяданне «Вучань цырульніка», надрукаванае ў штотыднёвіку амерыканскіх армян «Наегпіс» («Радзіма»), які выдаваўся на англійскай мове. А праз год адно з найбуйнейшых выдавецтваў краіны «Story» («Апавяданне») выпусціла зборнік Сараяна «Адважны юнак на лятучай трапецыі і іншыя апавяданні». Першыя надрукаваныя рэчы былі прыхільна сустрэты і чытачамі, і крытыкамі.
Амаль за пяць дзесяцігоддзяў плённай літаратурнай дзейнасці (памёр пісьменнік у 1981 годзе) 1 з-пад пяра Сараяна выйшла мноства твораў самых розных жанраў. Ён узбагаціў амерыканскую і сусветную літаратуры дзесяткамі аповесцяў і раманаў, з якіх аповесць «Чалавечая камедыя» і раман «Прыгоды Веслі Джэксана» добра знаёмыя савецкім чытачам.
Багатую спадчыну пакінуў і Сараян-драматург. Кожная яго новая п’еса заўсёды станавілася адметнай з’явай у жыцці тэатра дзякуючы сваёй навізне і раскаванасці пісьма, паэтычнасці і высакароднасці матываў. П’еса «Шлях вашага жыцця» была адзначана дзвюма найвышэйшымі літаратурнымі ўзнагародамі ЗША — прэміяй нью-йоркскіх крытыкаў і прэміяй Пулітцэра.
Вялікую цікавасць выклікаюць у чытача аўтабіяграфічныя кнігі пісьменніка: «Пісьмы з вуліцы Тэбу, 74», «Дні жыцця і смерці і ўцёкаў на Месяц» і іншыя, якія
1 Паводле завяшчання Уільяма Сараяна частка яго праху пахавана ў Арменіі, у вядомым ерэванскім Пантэоне. Пісьменнік шмат разоў прыязджаў на адроджаную зямлю сваіх продкаў, ганарыўся новым жыццём і дасягненнямі Арменіі ў сям’і братніх народаў СССР. Ён быў шчыры сябар нашай краіны.
ярка адлюстроўваюць яго багаты чалавсчы і пісьменніцкі вопыт. Гэта дзённікавыя запісы, мемуары, апавяданні, пісьмы, эсэ.
Усе творы Уільяма Сараяна прасякнуты любоўю і пашанай да чалавека, рэзкай крытыкай буржуазнага грамадства, пратэстам супраць вялікадзяржаўнага шавінізму і бесчалавечнасці войнаў, тонкім гумарам і лёгкай іроніяй.
Асаблівае месца ў творчасці Уільяма Сараяна займаюць апавяданні. «Жыццё невычарпальнае,— казаў ён,— а ў пісьменніка самая невычарпальная форма — апавяданне». Іх у пісьменніка сотні. У апавяданнях з любоўю гаворыцца пра зямлю Амерыкі, на якой парадзіўся Сараян, і пра зямлю яго продкаў — Арменію. Нездарма адна з яго кніг прысвечана «амерыканскай зямлі, англійскай мове і армянскаму духу».
Свае апавяданні Сараян будуе звычайна на матэрыяле простым, на першы погляд не вартым увагі. Але ён лічыць, што сапраўднага пісьменніка павінна цікавіць усё. На яго думку, кожная з’ява чалавечага жыцця вартая таго, каб стаць старонкай творчасці. Сараян піша лёгка і натуральла, дакладна і проста, і, што самае галоўнае, шчыра, прытрымліваючыся прынцыпу: чытач верыць таму, хто сапраўды іпчыры і дакладна ведае тое, пра што піша.
Каму ж прысвячае пісьменнік свае апавяданні? Часцей за ўсё людзям працы, людзям цяжкага жыцця і складанага лёсу. Іх трывогі і клопат даюць сюжэты яго апавяданням, іх пачуццямі жыве ён на старонках сваіх кніг, іх вачыма глядзіць ён на свет, іх моваю вядзе задушэўную размову з чытачом. Менавіта простага чалавека ён хоча «зразумець і паказаць як брата».
Яго самыя цікавыя героі — дзеці з уласцівай толькі ім шчырасцю, цікаўнасцю, жывой фантазіяй і дарослыя, якія, нягледзячы на гады і суровае жыццё, збераглі ў сабе найлепшыя рысы дзяцінства,— дзівакі, летуценнікі, паэты.
3 вялікай любоўю і цеплынёю напісаны старонкі пра асяроддзе дзяцінства і юнацтва пісьменніка — фрэсенскіх
армян і іншых «нястопрацэнтных» амерыканцаў, якія цяжка працавалі, шукалі ўдачы і долі, але якім не надта шчасціла ў краіне «ўсеагульнага росквіту».
Улюбёныя тэмы Сараяна-апавядальніка — тэмы чалавечай ізаляванасці і самотнасці ў сучасным буржуазным грамадстве, пабудаваным на грубым матэрыяльным разліку. У сваіх апавяданнях пісьменнік асуджае голы практыцызм і меркантыльнасць, эгаізм і душэўную чэрствасць, «славуты» амерыканскі лад жыцця і норавы буржуазнай Амерыкі, дзе пануе жорсткі жыццёвы прынцып — «кожны за сябе і дзеля сябе».
Сараян заўсёды лічыў і ў прадмове да аднаго са сваіх зборнікаў апавяданняў пісаў, што пісьменнік «ні ў якім выпадку не павінен дапускаць, каб гумар знік з яго жыцця і творчасці, бо гумар — гэта натуральны і патрэбны спадарожнік усяго жывога». Гумар яго мае самыя розныя адценні ў залежнасці ад таго, на каго ён скіраваны. Ён можа быць іранічны і нават саркастычны, калі гаворка ідзе пра чужыя пісьменніку з’явы, уласцівыя амерыканскаму ладу жыцця,— бездухоўнасць, страту чалавечага аблічча ў пагоні за багаццем, эгаізм, псеўдамастацтва, затхлае мяшчанства.
Але калі Сараян піша пра блізкае і адпаведнае яго натуры, тады гумар яго робіцца зусім іншы: добры, светлы, з адценнем спачування і жаданнем падбадзёрыць дарагіх яму людзей. Гумар у такіх выпадках — паратунак, выйсце з цяжкіх сітуацый, з душэўнага крызісу яго герояў.
Творы Сараяна-апавядальніка — творы жыццесцвярджальныя і глыбока дэмакратычныя. У гэтым іх вялікая прыцягальная сіла. У сваіх апавяданнях Уільям Сараян сцвярджае чалавечую годнасць, права кожнага на шчасце і волю, ён жадае людзям дабра, справядлівасці, міру, братэрства ўсіх нацый і рас. А гэта дае падставу спадзявацца і верыць, што сваімі творамі пісьменнік будзе выклікаць вялікую цікавасць і хваляваць сэрцы новых чытачоў.
Ірына Сляповіч
ПАЕЗДКА Ў ХЭНФАРД
Мусіў-такі аднойчы мой шалапутны дзядзька Джоргі сесці на веласіпед і выправіцца за дваццаць сем міль у Хэнфард, дзе, як казалі людзі, можна было знайсці працу. 3 ім паехаў і я, хоць спачатку думалі паслаць майго кузена Васка.
У нашай сям’і не любілі жаліцца, што сярод нас ёсць такі цяльпук і недапека, як дзядзька Джоргі, але разам з тым з вялікай радасцю атрэслі б ад яго рукі хоць на нейкі час. Калі б ён з’ехаў з нашага горада і ўладкаваўся на ўборцы кавуноў, было б проста цудоўна. I грошы зарабіў бы, і вочы б нікому не мазоліў. Вельмі важна было адправіць яго як мага далей.
— А каб ён спрах разам са сваёю цытраю! — сказаў дзед.— Калі вы прачытаеце ў якой кніжцы, што той, хто ад цямна да цямна сядзіць пад дрэвам, іграе на цытры і спявае,— добры і нечага варты чалавек, дык паверце мне, што пісьменнік, які піша пра гэта,— чалавек непрактычны. Грошы — вось што галоўнае. Хай з’ездзіць ды папацее як след пад сонцам.
— Гэта ты толькі цяпер так гаворыш,— сказала бабуля,— але паглядзім, што будзе праз тыдзень. Убачым, што ты будзеш казаць, як табе захочацца музыкі.
— Лухта! — узгарэўся дзед.— Калі вы прачытаеце ў якой кніжцы, быццам той, хто толькі і робіць, што спявае, і ёсць па-сапраўднаму шчаслівы чалавек, зна-
чыцца, пісьменнік — пусты фантазёр і наогул чалавек нікчэмны. Так што няхай Джоргі едзе. Да Хэнфарда дваццаць сем міль. He надта і далёка.
— Гэта ты цяпер так гаворыш,— вяла сваё бабуля,— а праз тры дні засумуеш. Я яшчэ ўбачу, як ты будзепі мітусіцца і кідацца, нібы той тыгр у клетцы. Хто-хто, а я дык уволю нагледжуся на ўсё гэта ды яшчэ і пасмяюся, на цябе пазіраючы.
— Ты — жанчына,— сказаў дзед.— Калі вы прачытаеце ў якой кніжцы з сотнямі старонак дробным шрыфтам, быццам жанчына — сапраўды цудоўнае стварэнне, значыцца, пішучы гэта, пісьменнік не думаў пра сваю жонку, а марыў пра нешта іншае. Няхай Джоргі едзе.
— Гэта проста значыць, што ты ўжо немалады,— зрабіла вывад бабуля.—• Вось і бурчыш.
Дзед абвёў позіркам пакой, дзе сабраліся яго дзеці і ўнукі.
— Такім чынам, ён паедзе ў Хэнфард на веласіпедзе,— пастанавіў ён.— А вы як мяркуеце?