• Газеты, часопісы і г.д.
  • У гарах маё сэрца...  Уільям Сараян

    У гарах маё сэрца...

    Уільям Сараян

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 248с.
    Мінск 1985
    54.42 МБ
    Мы з братам Грыкорам разглядалі малюнак Парыжа ў той самы дзень, калі ён прыйшоў дадому з гэтымі двума тамінамі.
    Ён перагарнуў старонку, і раптам перад намі адкрыўся гэты цудоўны свет, намаляваны з вялікай вышыні. Мой брат Грыкор прачытаў слова пад малюнкам.
    — Парыж,— сказаў ён.
    I паглядзеў на мяне.
    — I праўда, Парыж,— згадзіўся я.
    Я ведаў, што гэта Парыж яшчэ да таго, як прачытаў подпіс.
    — Калі-небудзь я паеду туды,— сказаў я.
    Я любіў ацірацца на таварнай станцыі Санта-Фэ, і мне часта даводзілася бачыць, як валацугі ўскоквалі на хаду ў таварняк, ні з кім не развітаўшыся.
    Аднаго разу, за некалькі месяцаў да таго, як мой брат Грыкор прынёс дадому тыя кніжкі, я таксама ўскочыў на хаду ў таварны цягнік. Гэта была платформа, гружаная дробным, з курынае яйцо, каменнем аднекуль з гор С’ера-Невады. Я сеў на самую вялікую купу і пачаў глядзець па баках. Свет, які прабягаў Mi-
    ма, быў вельмі прыгожы і вельмі журботны. 3 кожнай хвілінай я ўсё далей ад’язджаў ад дому. Цягнік вёз мяне ў адзін з самых вялікіх і таямнічых гарадоў свету, і мне зрабілася вусцішна. Мне і рупела туды трапіць, але было страшна. Толькі раз, на адно імгненне, страх адпусціў мяне. У густой траве, каля самага чыгуначнага палатна, стаяла карова і пазірала на цягнік, і калі я ўбачыў гэтую карову і адчуў яе нямое здзіўленне, паважнасць і сілу, я і сам на нейкую секунду стаў моцны і бясстрашны. Але ўжо ў наступную мінуту мяне зноў ахапіла паніка. Цягнік ішоў занадта хутка, каб саскочыць на хаду. У імгненне вока я перажыў такое гора, якога б хапіла на ўсё жыццё. Я страціў свой дом: і пакоі, і ложкі, і сталы, і крэслы. Я ніколі не ўбачу ні майго брата Грыкора, ні маці, ні сясцёр, ні тысячу іншых знаёмых. I я заплакаў: мне здавалася, што цягнік не спыніцца, пакуль не прыедзе ў адзін з самых вялікіх гарадоў свету, далёка ад дому, і закіне мяне ў чужы свет.
    Аднак цягнік спыніўся ў Малазе. Я саскочыў з платформы і папраставаў дадому. Дарога была доўгая, сем міляў. Неўзабаве я пабег. Калі сцямнела, мяне апанаваў той страх перад светам, той страх перад зямлёю, што знаёмы кожнаму хлопчыку, які застаецца адзін далёка ад роднага кута. Я баяўся, што ніколі не траплю дадому. Я бег, пакуль не выбіўся з сіл. Добра помню журботныя гукі начы — строкат цвыркуноў, кваканне жаб, спевы птушак; помню пах астылай зямлі і раўнадушша навакольнага свету, у якім панавала цемра.
    Дрэвы, якія ў дзённым святле былі прыгожыя і надзейныя, у мораку ночы зрабіліся пачварныя і страшныя. Вакол мяне кружлялі начныя цені, такія непадобныя да добрых ценяў дня, што даюць магчымасць толькі мацней адчуць рэальнасць усіх рэчаў, якія маюць і плоць, і форму. Вакол было цёмна, ціха і пуста.
    Але больш за ўсё мяне напалохала раптоўная адарванасць ад усяго знаёмага. Закінутасць. Няпэўнасць. Непрыкаянасць. Дрэва перастала быць дрэвам. Яно зрабілася страшным сімвалам нейкай трагедыі, якая разбівае сэрца і зводзіць з розуму.
    Я адчуваў жудасную адарванасць ад усяго свету. Я баяўся, што ніколі не дайду да дому. Людзі мяне не страшылі. У салунах нашага горада, дзе я прадаваў газеты, мне трапляліся самыя горшыя тыпы, але і тыя, здаралася, бывалі добрыя і нават паблажлівыя да мяне, быццам і яны некалі адчулі і ўсё яшчэ памяталі такую самую небяспеку. Я баяўся нежывых рэчаў. Іх цёмную сілу. Злую і ўсемагутную. Мяне пужаў нейкі незразумелы і непапраўны распад усёй маёй істоты, які разбураў мяне з такой самай хуткасцю, з якой парывы ветру ломяць галіны дрэва. I я баяўся, што нешта жудаснае ўвойдзе да мяне ўсярэдзіну і ў імгненне вока знішчыць усё тое, што звязвае ў адно цэлае кожную часцінку маёй душы і цела, што яно, гэта жудаснае, ператрушчыць у пыл усю чалавечую пароду. Кожны хлопчык, якому здаралася апынуцца аднаму ўначы далёка ад дому, напэўна перажыў гэта.
    I ўсё ж я шчасліва дабраўся дадому. Нікому не мог я расказаць, што здарылася, бо і сам добра не ведаў.
    Я быў рады, што вярнуўся. Вялікія гарады свету адступілі ад мяне. Яны здабылі далячынь, якую можна вымераць толькі ў марах.
    Разглядаючы чароўны малюнак Парыжа, такі далёкі ў нашых марах, я ўспомніў тую ноч і адчуванне непрыкаянасці. Але разам з тым я сказаў майму брату Грыкору, што калі-небудзь пабываю ў вялікіх гарадах свету. Прыйдзе час, і я сам пагуляю па вуліцах маёй мары — вуліцах непамерна далёкага свету.
    Мой брат Грыкор прынёс дадому дзве вялікія кнігі пра генерала Гранта, які падарожнічаў вакол свету ў 1877 годзе. У жніўні 1919 года, праз сорак два гады
    пасля падарожжа генерала Гранта, мы з братам Грыкорам пачалі сваё падарожжа вакол свету і ў глыбіні часу. Мы даведаліся пра свет той пары, калі наш бацька яшчэ маленькім хлопчыкам жыў на старой радзіме, задоўга да таго як пачалося наша новае жыццё ў Каліфорніі. Дзве кнігі — і сотні ілюстрацый пра шматлікія гарады свету зрабіліся часткай нашага дому, часткай нашага жыцця. Зімой і летам, увесну і ўвосень мы з братам Грыкорам падарожнічалі вакол свету з генералам Грантам, седзячы за сталом у нашай гасцінай.
    ВАЙНА
    Вайна дакацілася і да нас. Нас пераконвалі не есці занадта многа, нішто дарэмна не марнаваць, усё зрабілася каштоўнае. Угаворвалі купляць ваенныя маркі. Мы пасылалі на вайну тысячы салдатаў цераз Атлантычны акіян, а гэта каштавала грошы. Нас заклікалі зарабляць грошы і купляць ваенныя маркі, дваццаць пяць цэнтаў штука. Міс Гама казала, што мы, дзеці, такія самыя салдаты, як і людзі ў вайсковай форме. Наладжваліся парады. Мы бачылі, як маршыруюць салдаты. Мы бачылі, як яны садзяцца ў цягнікі на Паўднёвым Ціхаакіянскім вакзале. Мы чулі, як галосяць там іхнія маткі і сёстры.
    Германія была злачынная страна. Немцы сціралі з карты свету цэлыя дзяржавы. Лясы, палеткі, гарады — усё знішчалі цяжкія снарады. Нават у Атлантычным акіяне Германія ўчыняла злачынствы: загінула «Лузітанія». Яе патапіла нямецкая падводная лодка.
    Пра ўсё гэта дзецям сніліся сны. Я ледзь не крануўся з розуму, думаючы пра «Лузітанію».
    Я пачаў ненавідзець. Што і казаць, немцы былі злачынцы. Яны былі не такія, як мы. Мы бачылі іх у
    фільме «Цэлься—агонь!» з удзелам Чарлі Чапліна. У кінатэатры мы аж падскоквалі на крэслах і гучна віталі Чарлі, героя вайны. Здаралася, Чарлі памыляўся, але ў рэшце рэшт перамагаў. Мы бачылі на экране кайзера і абсвіствалі яго. Ён быў Германія. А Чарлі строіў кепікі з яго. Мы ўсю дарогу рагаталі, але нам было ніякавата. Мы разумелі, што да чаго; няхай сабе гэта і камедыя, але нас не абдурыш.
    Кайзер быў самы вялікі ліхадзей на свеце, і мы яго ненавідзелі.
    Яна панавала ўсюды, гэтая нянавісць. У мяне быў стрыечны брат, маленькі хлопчык, які зваўся Сімон. Як толькі ён навучыўся гаварыць, дык адразу выпаліў:
    — Я кайзеру галаву адсяку!
    Ніхто не вучыў яго ненавідзець кайзера. Гэта лётала ў паветры.
    Мы, чалавек пяць хлапчукоў, узлазілі на дрэва, што расло на нашым двары, і, седзячы на галінах, выдумлялі розныя спосабы, як знішчыць кайзера. Адзін хлопчык быў асабліва вынаходлівы, вышукваючы катаванні. Зваўся ён Альберт Сэвін. Ён быў добры цяльпук і няўдака, але стаў самы лепшы вынаходнік катаванняў у нашым наваколлі.
    Галоўнай мэтай яго катаванняў было давесці кайзера амаль да смерці, потым даць яму перадыхнуць і зноў пачаць катаваць, яшчэ больш жорстка. Такім чынам кайзер паміраў тысячы разоў і ўсё ж заставаўся жывы, каб яго можна было катаваць з самага пачатку. Самая лёгкая смяротная кара, якую мы яму прыдумалі, быў расстрэл. Але гэта было занадта проста. Ніхто не хацеў, каб ён памёр гэтак лёгка. Усе хлопцы жадалі яму спярша памучыцца як след за тыя пакуты, што ён прыносіў людзям.
    Некаторыя нашы выдумкі былі вельмі пацешныя. Мы ўспаміналі Чарлі Чапліна і выдумлялі смешныя
    катаванні, усялякія сюрпрызы і гэтак далей. Напрыклад, мы запрашаем кайзера на ўрачысты банкет і прапаноўваем яму сесці ў вялікае крэсла. А папраўдзе гэта крэсла электрычнае. Кайзер сядзіць сабе, акладаецца і нічога не падазрае, і раптам мы ўключаем ток. Але не адразу на ўсю сілу, каб яго спапяліць,— не, мы дадаем ток пакрысе. I ўсе, хто знаходзіцца ў зале, абкружаюць кайзера, строяць яму міны, нагадваюць пра «Лузітанію». Я не памятаю, хто з нас прыдумаў гэтае катаванне, але добра памятаю дзень, калі яго прыдумалі.
    Гэта быў ясны летні дзень, і ў нас на дрэве было вельмі весела. Некалькі гадзін запар мы падрабязна абмяркоўвалі розныя спосабы катаваць чалавека, але так, каб не замучыць яго да смерці.
    Па суседству з намі, на Сан-Пабла-стрыт, жыла ў сваім доме адна нямецкая сям’я. Гэта былі цудоўныя людзі, вельмі прыстойныя і простыя. Яны мелі сына, якога звалі Герман, прыблізна ў адных гадах з маім братам Грыкорам. Хлопец ціхі, крыху дзікаваты. Гаварыў ён з ледзь прыкметным нямецкім акцэнтам, хоць і нарадзіўся ў нашай даліне.
    Калі мы завялі гаворку пра катаванне кайзера, я таксама прымаў у ёй удзел, але лічыў, што гэта гульня, а напраўду мы ж ні да каго не збіраемся быць жорсткімі. Але там былі і іншыя хлопцы, старэйшыя за мяне; яны так разышліся, што ім карцела што-небудзь гэтакае ўчворыць. Нехта ўспомніў Германа. Ведаеце, ёсць такія хлопцы — вылітыя іхнія бацькі. I вось гэты цяльпук Альберт Сэвін і яшчэ адзін, Эдгар Райф, пачалі распальваць нянавісць да Германа, які не зрабіў нікому нічога благога.
    Пачалося гэтае здарэнне на арэхавым дрэве, але неўзабаве перайшло межы нашага двара. Натоўп хлапчукоў, чалавек дзесяць, рашылі расправіцца з Германам. Мой брат Грыкор пайшоў за імі, павалокся і я.
    Я не хацеў Герману зла, але не мог уседзець у хаце. Я адчуваў, што проста памру, калі застануся дома і нічога не ўбачу. Мой брат Грыкор ішоў побач са мною, за старэйшымі хлопцамі. Уласна кажучы, мы не ўдзельнічалі ў гэтай гісторыі, але калі ўжо ўсё пачалося ў нас на двары, дык мы хацелі ўбачыць, чым яно скончыцца.
    Хлапечы гамуз прыйшоў на Сан-Пабла-стрыт. Эдгар Райф падышоў да Германавага дома і пастукаў у дзверы. Астатнія стаялі на тым баку вуліцы і чакалі. Дзверы адчыніла маці. Эдгар Райф пагаварыў з ёй хвіліну і вярнуўся да хлопцаў.
    — Яго няма дома,— паведаміў Эдгар.— Маці кажа, што ён пайшоў у горад. Вось-вось вернецца.
    Мой брат Грыкор сказаў па-армянску:
    — Хоць бы ён зараз не прыходзіў.
    Але Герман прыйшоў. Нехта ўбачыў, як ён ідзе па вуліцы, і ўсе кінуліся да яго.