• Газеты, часопісы і г.д.
  • У гарах маё сэрца...  Уільям Сараян

    У гарах маё сэрца...

    Уільям Сараян

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 248с.
    Мінск 1985
    54.42 МБ
    Я марыў толькі пра Эму Хэйнс, якая сядзела цераз праход.
    А місіс Хагерці торгала мяне за вуха, каб я расплюшчыў вочы.
    Аднаго дня я палажыў галаву на рукі і заснуў як забіты проста ў класе. Місіс Хагерці мяне разбудзіла. Яна была страшна злая, і я разумею яе.
    — Малады чалавек,— сказала яна,— тут не гасцініца, а клас.
    Я кляваў носам прыкладна да паловы чацвёртай і тады нарэшце прачынаўся.
    Пасля заняткаў я выбягаў са школы, ускокваў на веласіпед, нёсся ў горад, забягаў у тэлеграфную кантору, надзяваў сваю куртку і шапку і прымаўся за работу.
    Дайшло да таго, што я зусім з’абыякавеў да вучобы. Я садзіўся за парту і ўжо праз пару хвілін спаў, ведаючы, што Эма Хэйнс недзе тут, побач.
    Аднаго разу, калі я прачнуўся і сядзеў пазяхаючы на ўвесь рот, я заўважыў, што яна пазірае на мяне.
    Пасля школы я ўбачыў, як яна ідзе па калідоры з дзяўчынкай, у якой таксама быў багаты тата. Але бацька Эмы Хэйнс быў, бадай што, ці не самы багаты чалавек у горадзе. I чаму я закахаўся ў яе, так і не ведаю. Можа, таму, што яна была такая пешчаная і ад яе надзіва прьіемна пахла. Я пазнаў бы яе пах, напэўна, за цэлы квартал. Дык вось, пайшоў я за імі па калідоры, бо рашыў пагаварыць з ёю. Дагэтуль я не вымавіў да яе аніводнага слова. Дагнаў я Эму з багатай дзяўчынкай, яны спыніліся і чакалі, што я ім скажу, але калі я хацеў адкрыць рот, чую — звяло сківіцы. Абедзве дзяўчынкі ўзлаваліся, асабліва Эма, чмыхнулі і пайшлі, і было чуваць, як яны бэсцяць некаторых хлопцаў з нашай школы, у тым ліку і мяне.
    У той вечар стаяў такі мароз — аж зоры трымцелі, а на вуліцах было цёмна як ніколі. Што гэта была за пакута разносіць тэлеграмы ў маленькія хаткі на цёмных вуліцах, ды яшчэ зімою, калі ўсе разумныя людзі сядзяць дома, каля цёплай печы. Адзін бог ведае, як мне было пагана! I Эма Хэйнс так абыходзіцца са мною! Гэта было горш за ўсё. Мне здавалася, я памру, калі яна не зразумее, які я малайчына, што раз’язджаю на веласіпедзе ўсю ноч па цёмных вуліцах у апраметнай цемры, мяне пужаюць сабакі, дамоў не відаць, усё скута марозам. Я памру, калі Эма Хэйнс не прызнае мяне і не адорыць сваім сытым цяплом. Калі яна і далей будзе гэтак са мною абыходзіцца, дык аднае начы я проста лягу спаць і ніколі ўжо не прачнуся.
    У школе я пачаў часцей на яе заглядацца, але яе адносіны ўсё пагаршаліся. Яна нават і не думала на мяне глядзець. Тады я палажыў да яе на парту любоўную запіску. Там было напісана: «Эма, я цябе кахаю. Дзьюі».
    Яна аддала запіску місіс Хагерці, і тая спыталася:
    — Малады чалавек, гэта вы напісалі гэтае жахлівае пасланне?
    — Я, мэм,— прызнаўся я.
    — Ідзіце да дырэктара,— загадала яна.
    Я пайшоў.
    Містэр Боўлер, дырэктар, быў сапраўдны волат.
    — Гэта праўда, хлопча? — спытаўся ён.— Ты напісаў гэтую запіску?
    — Я, сэр,— адказаў я.
    — Хіба ты не разумееш, хто такая Эма Хэйнс? — сказаў ён і дадаў: —Ці, можа, разумееш?
    — Ну,— пачаў я,— мне вядома, што ў яе бацькі безліч дамоў і магазінаў у горадзе і шмат ферм у вёсцы. Я ведаю, што ён багаты.
    — I ўсё-такі напісаў ёй запіску?
    — Напісаў, сэр,— пацвердзіў я.
    — Гэта адзін з самых чуллівых любоўных лістоў нашага часу,— адзначыў дырэктар.— Але ўсё роўна я мушу цябе пакараць. Да канца дня будзеш маім ардынарцам. Я занадта стаміўся, каб уваліць табе як след.
    I я выконваў абавязкі ардынарца містэра Боўлера да канца дня. Ён паслаў мяне за шэсць кварталаў ад школы, да Пабста, купіць два бутэрброды з шынкай і дзве бутэлькі клубнічнай шыпучкі і прымусіў мяне з’есці адзін бутэрброд і выпіць бутэльку шыпучкі.
    — А цяпер,— сказаў ён,— я ўсё-такі лічу сваім абавязкам сказаць табе — кінь ты сваё каханне да Эмы Хэйнс.
    — Чаму?
    — Бо гэта смешна. Яна дачка багатага чалавека. А ты сын бедняка. Нічога ў цябе не выйдзе.
    Гэта быў моцны ўдар, але я падумаў, што містэр Боўлер мае рацыю.
    — Можа, яна кахае мяне, толькі не здагадваецца,— сказаў я.
    — На гэта разлічваць не трэба,— адказаў містэр Боўлер.— Выкінь ты яе з галавы, і ўсё. Бо іначай на-
    жывеш кучу непрыемнасцей. От жа ўбілася табе напісаць ёй любоўную запіску! Ну, навошта?
    — Я кахаю яе,— растлумачыў я.
    — Ну, што ж,— сказаў ён,— напісана добра.
    Зіма была доўгая, і ў газеце пісалі, што гэта самая халодная зіма з 1854 года. Я доўга яшчэ кахаў Эму Хэйнс, бачыў, як яна катаецца ў шыкоўных аўтамабілях з сынкамі багатых бацькоў, і мне здавалася, я памру з гора.
    Гэта было накшталт маёй кульгавасці. Бальзам Слоўна ад кахання мяне вылечыць не мог, але вылечыць магло нешта іншае — час, які быў, на маю думку, своеасаблівы бальзам Слоўна.
    Аднаго вясновага дня, калі свяціла сонца і ўсё на свеце было сагрэта яго промнямі, я адчуў, што вылечыўся.
    Я ехаў на веласіпедзе па горадзе і раптам убачыў Эму Хэйнс у шыкоўным зялёным «бьюіку» побач з самым вядомым на свеце мамчыным сынком Эверэтам Роўдсам.
    Мне трапілася цудоўная магчымасць паставіць Эму Хэйнс на месца. Ці яна дурная — не любіць гэтакага малойца, як я, пасля майго прызнання, і раз’язджаць з такім сасунком, як Эверэт Роўдс? Я дагнаў іх і выдаў языком і вуснамі нейкі такі моцны гук, што было чуваць за цэлы квартал, а потым паехаў сабе па вуліцы, вырабляючы акрабатычныя трукі.
    Я зразумеў, што мне не трэба ніякія паршывыя завочныя курсы па якіх бы там ні было прадметах. Нага мая зусім паздаравела. Самая халодная зіма з 1854 ro­fla скончылася. I ад кахання да Эмы Хэйнс я таксама пазбавіўся.
    У гонар гэтых вялікіх перамог я і прадэманстраваў грандыёзнае фігурнае катанне на веласіпедзе.
    TAM, АДКУЛЬ Я РОДАМ,
    ЛЮДЗІ ВЕТЛІВЫЯ
    Аднае раніцы, калі я зайшоў у кантору, наша бухгалтарка надзявала капялюшык, а з вачэй у яе капалі слёзы. На дварэ стаяў красавік, і напляваць мне было на тое, што я ўсяго толькі клерк з акладам пятнаццаць долараў у тыдзень у задрыпанай пахавальнай кампаніі. Хіба не было ў мяне новага капелюша і новых гамашаў, і хіба не адпраўляла Паўднёвая Ціхаакіянская чыгуначная кампанія спецыяльныя цягнікі з асабліва нізкімі цэнамі ў Мантарэй кожны тыдзень, і хіба я не збіраўся заўтра ехаць у Мантарэй? Хіба не еду я заўтра на паўвостраў?
    Я збіраўся папрацаваць у суботу да абеду, потым з’есці шыкозную адбіўную за пятнаццаць цэнтаў у рэстаранчыку ў Чарлі, а пасля бегчы на станцыю Паўднёвай Ціхаакіянскай, што на рагу вуліц Трэцяй і Канцавой, купіць білет на спецрэйс выхаднога дня да Мантарэя і назад і сесці ў цягнік, каб быць вольным, як птушка, ад суботы аж да раніцы панядзелка. Яшчэ я збіраўся купіць нумар «Вячэрняй суботняй пошты» і ўсю дарогу да Мантарэя чытаць апавяданні.
    Аднак, калі я зайшоў у кантору, місіс Джылплі, Ha­ma бухгалтарка, надзявала капялюшык і плашч, а з вачэй у яе каціліся слёзы.
    Я перастаў насвістваць і глянуў па баках. Усё было спакойна. Дзверы ў кабінет містэра Уілі былі прачынены, і я парашыў, што ён за сталом. А больш нікога не было відаць. Гадзіннік, якога звычайна і не чуеш зусім, гучна цікаў і паказваў дваццаць мінут на дзевятую.
    — Добрай раніцы, місіс Джылплі! — павітаўся я.
    — Добрай раніцы, Джо! — адказала яна.
    Звычайна я адразу ж ішоў да шафы, вешаў капялюш і праходзіў да стала, але тут сцяміў, што нешта
    здарылася, і парашыў, што будзе няветліва проста так прайсці, павесіць капялюш, сесці за стол і нават не пацікавіцца, што ж адбылося і чаму місіс Джылплі апранаецца і плача. Місіс Джылплі была старая дама, вусатая, прыгорбленая, з высахлымі маршчыністымі рукамі, і ніхто яе не любіў, але на дварэ стаяў красавік, а на мне былі новы капялюш і новыя гамашы і я прапрацаваў з місіс Джылплі з верасня да красавіка, усю зіму, і хоць я не мог сказаць, што так ужо надта любіў яе і не мог з яе нацешыцца, але яна была лагодная бабулька, і я не мог проста так павесіць капялюш і ўзяцца за работу. Я павінен быў пагаварыць з ёю.
    — Місіс Джылплі,— сказаў я,— што-небудзь здарылася?
    Яна паказала на прачыненыя дзверы асабістага кабінета містэра Уілі і зрабіла мне знак, каб я маўчаў, павесіў капялюш і браўся за работу.
    «Усё зразумела,— падумаў я,— ён яе звольніў».
    — Місіс Джылплі,— спытаў я,— вы ж не страцілі работу?
    — Я звольнілася,— адказала яна.
    — Ну не,— сказаў я.— Я не ўчора на свет нарадзіўся. Вы мяне не ашукаеце.
    Місіс Джылплі атрымлівала дваццаць сем долараў пяцьдзесят цэнтаў у тыдзень. Калі яна пачынала працаваць у пахавальнай канторы, ёй плацілі восем долараў. Мяне навучалі той жа рабоце, якую выконвала місіс Джылплі, а я атрымліваў пятнаццаць долараў. Вось ёй і паказалі на дзверы. Што ж, я мог лічыць, што мне пашанцавала з работай, і мне хацелася паехаць у Мантарзй, я цудоўна сябе адчуваў у новых туфлях за тры долары і ў новым капелюшы, але мяне зусім не цешыла думка аб тым, што місіс Джылплі ў яе ўзросце будзе праз мяне плакаць.
    — Місіс Джылплі,— сказаў я,— якраз сёння раніцай я збіраўся пакінуць гэтую работу, і я яе пакідаю.
    У мяне ў Портлэндзе ёсць дзядзька, ён адкрывае бакалейны магазін і запрашае да сябе весці ўсе яго рахункі. Я зусім не маю намеру ўсё жыццё гнуць спіну на нейкую пахавальную кампанію. Я звальняюся.
    — Джо,— сказала місіс Джылплі,— ты добра ведаеш, што ў цябе няма ніякага дзядзькі ў Портлэндзе.
    — Ды ну? — спытаў я.— Вы бы дзіву даліся, каб дазналіся, дзе іх у мяне няма! 3 гэтай работай скончана. Сачыць за тым, куды перасяляюцца нябожчыкі? Цудоўная кар’ера для маладога чалавека!
    — Джо,— сказала місіс Джылплі,— калі ты кінеш работу, я не буду з табой гаварыць да канца маіх дзён.
    — He патрэбна мне работа ў пахавальнай канторы! — усклікнуў я.— На якое ліха здалося мне весці справы нябожчыкаў?
    — У цябе ж няма сяброў у горадзе, Джо,— сказала місіс Джылплі.— Ты ж сам расказваў мне пра свае родныя мясціны і пра тое, як ты апынуўся тут у Фрыска, я ўсё ведаю. Табе патрэбна гэта работа, і калі ты яе кінеш, дык моцна мяне пакрыўдзіш.
    — Місіс Джылплі,— заявіў я,— вы што ж, парашылі, што я з’явіўся сюды, каб адабраць у вас работу? Зусім не. Вы займаліся гэтым дваццаць гадоў, калі не больш.
    — Джо,— папрасіла місіс Джылплі,— павесь капялюш і бярыся за работу.
    — He,— сказаў я,— я звальняюся зараз жа.
    Я прайшоў проста ў кабінет містэра Уілі. Містэр Уілі — віцэ-прэзідэнт кампаніі. Гэты стары чалавек высокага росту з драпежна загнутым носам вечна хадзіў у кацялку і, трэба сказаць, быў падлюга.