У гарах маё сэрца...
Уільям Сараян
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 1985
Місіс Шэрыдан паставіла бутэльку з шыпучкай, выпрасталася на ўсю сваю магутную велічыню і заківала галавой з боку ў бок ад здзіўлення.
— Трыгер,— сказала яна,— што за бязглуздзіцу ты мелеш? I пра каго?!
Я гавару пра свайго бацьку,— сказаў я,— Джы-
ма Пэмбертана, Адзінокага Ваўка з акругі Кінгс, Гразу Кішэннікаў і Зладзеяў, Абаронцу Дзяцей і Нявінных Дзяўчат, вось пра каго.
— I што, ты кажаш, твой шалёны бацька зрабіў у час вайны? — перапытала місіс Шэрыдан.
— Я кажу, што ён забіў семнаццаць адборных нямецкіх кулямётчыкаў, зусім адзін!
— He веру,— сказала місіс Шэрыдан.
— Адзінае, што я магу сказаць, місіс Шэрыдан, дык толькі тое, што ў вас не хапае фантазіі, каб уявіць усё гэта,— сказаў я.— Гэта праўда. У таты былі дакументы, якія сведчылі аб усім, але ён іх згубіў. У яго было сем медалёў, але ён вымушаны быў іх прадаць. Мой бацька — герой, місіс Шэрыдан.
— Трыгер,— сказала місіс Шэрыдан, — хто цябе паслаў з гэтай недарэчнай гісторыяй? Учора ты мне сам казаў, што твой бацька наогул ніколі не быў у Еўропе. Учора ты мне казаў, што твой бацька нават у арміі не служыў.
— Місіс Шэрыдан,— сказаў я,— мяне самога падманулі. I гэта самае непрыемнае.
— Ну і як жа твайму бацьку ўдалося здзейсніць гэтакае геройства? — спытала місіс Шэрыдан.— Як ён, каб яно згарэла, гэта зрабіў?
— Ён падпоўз упрытык да іх,— сказаў я.— Адзінаццаць забіў прыкладам вінтоўкі па галовах, пакуль яны спалі. Потым прачнуліся астатнія шэсць і паспрабавалі супраціўляцца, але ён павярнуў іхні ўласны кулямёт і скасіў усіх. За гэта ён атрымаў сем медалёў, a праз два дні і вайна закончылася.
Місіс Шэрыдан вельмі прыгожа пагойдвалася ў крэсле.
— Так, ну а ты сам адкуль пра гэта ведаеш?— сказала яна.— Тут пятнаццаць цэнтаў, Трыгер, схадзі да Мейера і купі пачак «Чэстэрфілда». Пасля гэтакай гісторыі хочацца як след пакурыць.
Я прабег паўквартала да магазіна Мейера і купіў пачак цыгарэт для місіс Шэрыдан. Калі я вярнуўся, бацька сядзеў на верандзе і расказваў, як ён усё гэта здзейсніў. Пры гэтым ён падбіраў самыя далікатныя і лагодныя словы.
— А, Трыгер,— сказала місіс Шэрыдан,— дай жа мне цыгарэты.
Я паглядзеў на бацьку: што ён зробіць, пакуль місіс Шэрыдан будзе адкрываць пачак, даставаць цыгарэту і прыкурваць яе. Ён усміхнуўся і правай рукой падаў мне знак, які гаварыў, што ўсё ідзе як мае быцьі, маўляў, вялікае дзякуй. Я адказаў яму гэткім жа знакам, а місіс Шэрыдан глыбока ўздыхнула. Пры гэтым яна была такая ўсхваляваная і прыгожая, што я зразумеў: мая задача выканана.
— Дабранач, місіс Шэрыдан,— сказаў я.— Мне было вельмі прыемна пабыць з вамі.
— Ну што ты, Трыгер,— адказала місіс Шэрыдан,— гэта мне было вельмі прыемна.
— Дабранач, тата,— сказаў я.
— Дабранач, Трыгер,— адказаў бацька.
Я падышоў да краю тратуара і ўзяўся за матацыкл. Перш чым я запусціў матор, я пачуў, як бацька загаварыў ціхім, ласкавым і пяшчотным голасам, і мне стала ясна, што ён завёўся, прынамсі, на ўвесь вечар.
ПАЛЯЎНІЧЫ НА ФАЗАНАЎ
На свае адзінаццаць гадоў Мэя Мэлоні быў зусім нізкарослы. Сказаць, што ён быў не вельмі каб выхаваны — значыць сказаць занадта мала, бо папраўдзе гэта быў грубы і дзёрзкі хлопчык — нават у царкву ён уваходзіў так, што ўсім, хто бачыў яго, рабілася няёмка: у яго на лобе напісана было, што ён, Мэя Мэлоні, пагарджае і гэтым месцам, і яго прызначэннем.
I гэтак было ўсюды, дзе б Мэя ні з'явіўся: у школс, у бібліятэцы, у тэатры, дома. Адна маці адчувала, што Мэя ніякі не грубіян; бацька ж часта казаў, каб Мэя не надта задзіраў нос, бо ён такі самы, як усе. Майк Мэлоні меў на ўвазе тое, што Мэя варта нарэшце ўтаймавацца і перастаць да ўсяго чапляцца.
He было на свеце больш самаўпэўненага хлопчыка, чым Мэя. Усяму і ўсім даваў ён хоць якую-небудзь ганьбу. Прынамсі, гэтак здавалася. Ён прьідзіраўся да матчынай набожнасці, да бацькавага захаплення Шэкспірам і Моцартам, да школьнай сістэмы навучання, да ўрада, да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, нарэшце, да ўсяго чалавецтва. Прычым ён прыдзіраўся ўвогуле, але ніколі і подумкі не меў пацікавіцца дэталямі. Прыдзіраўся тым, што ён жыў, тым, што ён існаваў. Тым, што ён такі нервовы, зласлівы, упраўны, дападкі чалавек, якому ўсё абрыдла. Карацей кажучы, ён быў самы звычайны хлопчык. Пагарджаў усім і ўсімі і не мог даць сабе рады. Ён не выказваў сваёй пагарды, але гэта было зразумела без слоў. Быў Мэя танклявы, цёмнавалосы, смуглявы хлопчык. Ён заўсёды некуды спяшаўся, бо, як яму здавалася, усё вакол было павольнае, дурное і нерашучае.
Адно толькі не раздражняла яго — думка пра паляванне, але бацька і не збіраўся купляць яму стрэльбы, нават аднастволкі дваццаць другога калібру. Майк Мэлоні толькі паабяцаў сыну, што купіць яму стрэльбу, калі ўбачыць, што Мэя хоць крыху утаймаваўся, дый то яшчэ добра падумае. Мэя неяк быў сцішыўся, каб займець стрэльбу, але цярпення хапіла толькі на паўтара дня.
— Ну што ж,— сказаў бацька,— калі не хочаш мець стрэльбы, дык і не трэба старацца яе зарабіць.
— Я ж стараўся,— запярэчыў Мэя.
— Калі то было?
— Учора і сёння.
— А я меў на ўвазе,— сказаў бацька,— тэрмін вьіпрабавання не меней як месяц.
— Месяц? — перапытаў Мэя.— Хіба можна чакаць ад чалавека, каб ён сядзеў ціха ўвесь кастрычнік, калі ўсе палююць на фазанаў?
— He ведаю, не ведаю,— адказаў Майк Мэлоні,— але калі хочаш мець стрэльбу, дык суйміся, хлопча, каб я ведаў напэўна, што ты не пастраляеш суседзяў з тае стрэльбы. Думаеш, мой бацька пускаў мяне за стол, калі я нічога не рабіў, каб заслужыць гэтае права? Думаеш, ён прасіў мяне зарабіць стрэльбу, каб паляваць на фазанаў? Ён проста загадаў мне зарабляць сабе на жыццё і, дарэчы, не чакаў, пакуль мне міне адзінаццаць гадоў. Я пайшоў на свой хлеб, калі мне было восем. Кепска тое, што ты і пальцам не варухнеш, каб зарабіць сабе на хлеб, адзежу ці жыллё. Тады б ты зразумеў, пачым фунт ліха, і не чапляўся б да людзей. Цябе ж нават і чалавекам не назавеш. Хіба можа звацца чалавекам той, хто не ведае, як цяжка зарабіць хлеб і да хлеба? Відаць, мы з маці далі табе папуску, вось ты і падцкоўваеш усіх і прыдзіраешся, замест Taro, каб быць ветлівым ураўнаважаным чалавекам. Па ўсім горадзе ходзіць погаласка, што твае бацькі зрабілі з цябе самаўпэўненага невука. Але што праўда, то праўда: мы ніколі не прымушалі цябе рабіць што-небудзь такое, каб ты з поўным правам судзіў усіх і ўсё.
Гаворачы з хлопчыкам, Мэлоні-старэйшы хацеў, каб яго чулі і хлопчыкава маці, і яго малодшы брат, і малодшая сястра, бо сёння ён пайшоў з працы а палове пятай, як звычайна рабіў раз на тыдзень, каб павячэраць з сям’ёй, і яму хацелася, каб гэтыя штотыднёвыя сямейныя вячэры запаміналіся ўсім, у тым ліку і яму самому.
— Ну, хопіць, Майк,— спыніла яго місіс Мэлоні,— Мэя не такі ўжо і благі, як ты кажаш. Проста ён хоча мець стрэльбу, каб пастраляць фазанаў.
Майк Мэлоні адсунуў убок талерку 3 макаронай, запечанай з памідорамі і сырам, і пільна паглядзеў на жонку, ледзь стрымліваючы сябе, каб не нагаварыць ёй горкага, што, як ён ведаў, пашкодзіць усім і сённяшняя вячэра застанецца толькі непрыемным успамінам.
Нарэшце ён загаварыў:
— Калі я цябе правільна зразумеў, дьік я павінен купіць яму стрэльбу, ці што?
— Але ж Мэя і сапраўды не грубіян ці які нахабнік,— сказала маці.— Проста ён няўрымста, дык гэта бывае з кожным у пэўным узросце.
Мэя прыняў абарону без каліва ўдзячнасці. Калі яго твар і гаварыў што, дык толькі тое, як яму млосна ад гэтага гвалту за нейкую драбязу: падумаеш, збіраюцца купіць танную стрэльбу 22-га калібру.
— He надта і барані яго,— параіў жонцы Майк Мэлоні,— сама бачыш, яго гэта дужа не ўзрадавала. Яму не падабаецца, калі яго бароняць, нават родная маці. О, няшчасная жанчына, няўжо ты не бачыш, што твайму сыну ні холадна ні горача ад таго, што ў гэтую хвіліну кажа яго бацька?
— А што я сказаў? — спытаўся Мэя.
— Нічога. Табе і не трэба нічога казаць,— абсек яго бацька і сказаў жонцы: — Дык ты лічыш, што я мушу купіць яму стрэльбу?
Місіс Мэлоні ўжо і сама не ведала, як ёй сказаць, што яна згодна. Яна маўчала і старалася не глядзець ні на мужа, ні на сына.
— Добра,— парушыў цішыню Майк Мэлоні,— мне яшчэ трэба зайсці ў кантору. Дык ты, Мэя, збірайся, пойдзеш са мною, па дарозе зойдзем да Арчы Кэнана, і я куплю табе стрэльбу.
Ён устаў з-за стала і павярнуўся да місіс Мэлоні:
— Калі, вядома, ты згодна.
— Мо даясі вячэру?
— He,— адказаў Майк.— I нават скажу чаму. Я
не хачу, каб ён чакаў хоць адну лішнюю хвіліну, паглядзі, ён аж калоціцца, каб хутчэй атрымаць тое, чаго не зарабіў, тым болей што яго жаданне падтрьімлівае маці. Бачыш, ён ужо надзеў шапку, ужо стаіць ля дзвярэй, дык як жа я магу тут бавіцца?
— Хіба няможна спачатку давячэраць? — спыталася місіс Мэлоні.
— Каму хочацца марнаваць час на нейкую вячэру,— запярэчыў Майк Мэлоні,— калі яму гарыць з той стрэльбаю?
— Ну, дык даясце, як купіце,— згадзілася місіс Мэлоні.
— Былі б мы бедныя, пытанне рашылася б само сабой,— сказаў Майк Мэлоні і пайшоў да дзвярэй, дзе яго чакаў сын і ніяк не мог дачакацца, калі бацька нарэшце выгаварыцца і зрушыць з месца.
Каля парога Майк Мэлоні спыніўся і сказаў жонцы:
— Я не збіраюся адказваць за яго пасля таго, як ён атрымае сваю стрэльбу. Прыйду праз гадзіну. Калі б мы былі бедныя і не маглі дазволіць сабе гэтай пакупкі, ён бы зразумеў, як яно непрыстойна — прымушаць мяне ісці на такую прыкрую ўступку.
Калі Майк Мэлоні выйшаў на ганак, ён убачыў, што сын ужо на рагу і ледзьве стрымлівае сябе, каб не бегчы. Майк дагнаў яго і пайшоў побач, стараючыся не адставаць. Неўзабаве ён, аднак, сказаў:
— Вось што, паўмілі да крамы Арчы Кэнана я не збіраюся бегчы. Табе трэба, дык бяжы, пачакаеш мяне каля ўваходу.
Хлопчык збурыўся бегчы, як з ланцуга спушчаны, і неўзабаве яго ўжо не было відаць. Калі Майк падышоў да крамы Арчы Кэнана, хлопчык стаяў там і чакаў яго. Яны зайшлі ў краму, і Майк папрасіў Арчы паказаць яму стрэльбу.
— Якая ж стрэльба табе трэба, Майк? — спытаўся
Арчы.— Я не ведаў, што ты захаііляешся паляваннем.
— Я не сабе,— адказаў Майк Мэлоні.— Гэта Мэя. Трэба такую, каб можна было паляваць з ёю на фазанаў.
— Тады вам трэба драбавік,— параіў Арчы.
— Драбавік табе падыдзе? — спытаўся Майк Мэлоні ў сына, і хоць хлопчык не разлічваў на стрэльбу, з якой можна было б страляць фазанаў, ён адказаў, што драбавік якраз тое, што трэба.