Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
якому ўжо тады было шэсцьдзясят з добрым гакам, Морыса А. Флінка, Хамерхэдаў, буйнага імпарцёра тытуню Бялугу і ягоных дачок.
3 Вэст-Эга прыбывалі Поўлы і Малрэды, Сесіл Роўбак і Сесіл Шоўэн, Галік, сенатар штата, і Ньютан Оркід, уладальнік кінаіндустрыі «Пар Эксэланс», Экгост і Клайд Коэн, Дон С. Шварцэ (сын) і Артур Маккарці — усе яны так ці іначай звязаныя з кіно. Былі яшчэ Кэтліпы, Бэмбергі і Дж. Эрл Малдун, брат таго самага Малдуна, які потым задушыў сваю жонку. Наведваліся туды імпрэсарыа Да Фантана, Эд Легрос, Джэймс Б. («Самагон») Фэрэт, Дэ Ёнгі і Эрнэст Ділі — яны прыязджалі гуляць у карты, і калі Фэрэта бачылі ў садзе, гэта азначала адно: ён прайграўся дарэшты, і заўтра курс акцый кампаніі «Асашыейтыд Тракшн» выгадна падскочыць.
Нейкі Кліпспрынгер бываў там так часта і заставаўся так надоўга, што займеў мянушку Кватарант — мабыць, іншага дома ў яго не было. 3 тэатральных колаў туды наведваліся Гас Ўэйз, Горэс О’Донаван, Дэстэр Маер, Джордж Даквід і Фрэнсіс Бул. 3 Нью-Ёрка прыязджалі таксама Кромы, Бэкхісоны, Дэнікеры, Расал Бэці, Корыганы, Кэлахары, Дуэры, Скалі, С. В. Бэлчэр, Сміркі, маладая пара Квін, якія паспелі ўжо развесціся, і Генры Л. Палмета, які пасля наклаў на сябе рукі, кінуўшыся пад цягнік метро на станцыі «Таймс-сквер».
Бэні Маккленаган заўжды з’яўляўся з чатырма дзяўчатамі. Дзяўчаты ніяк не маглі быць тымі самымі, але яны былі настолькі падобныя адна да аднае, што непазбежна нараджалася адчуванне, быццам апошнім разам сюды наведваліся менавіта яны. Я ўжо запамятаваў, як іх звалі — здаецца, Жаклін або Кансуэла, а можа, Глорыя або Джудзі, ці нават Джун, а ў іхніх прозвішчах было нешта такое мілагучнае, падобнае да назваў месяцаў або кветак, ці нешта цвёрдае, амаль як у прозвішчы вядомага амерыканскага капіталіста, і дзяўчаты пад націскам пытанняў прызнаваліся ў недалёкім з ім сваяцтве.
У дадатак да ўсяго прыгадваецца, што прынамсі раз туды прыязджалі Фаўсціна О’Браен, Бэйдыкеравы дочкі, малады Бруер, якому на вайне адстрэлілі нос, містар Альбруксбургер з міс Хааг, сваёй нарачонай, Ардыта Фіц-Пітэрс, містар П. Джуэт, колішні камандор Амерыканскага легіёна, міс Клаўдыя Хіп у суправаджэнні мужчыны, які па ўсёй верагоднасці быў яе шафёрам, і прынц нейкі там, якога ўсе звалі герцагам і прозвішча якога я калі і ведаў, то даўно забыў.
Усе гэтыя людзі тым летам прыязджалі да Гэтсбі.
Неяк напрыканцы ліпеня а дзявятай раніцы на пасыпаны жвірам двор майго дома падкаціў раскошны аўтамабіль, і ягоны клаксан гучна выдаў вур-
катлівую мелодыю на тры ноты. Гэтсбі ўпершыню прыехаў да мяне, хоць я ўжо быў на дзвюх ягоных вечарынах, лётаў з ім на гідраплане і па ягоных настойлівых запрашэннях часта хадзіў купацца на ягоны пляж.
— Добры дзень, дружа. Сёння мы з вамі дамовіліся на ланч, і я падумаў, а ці не з’ездзіць нам разам у горад.
Стаўшы на прыступку аўтамабіля, ён пэўны час балансаваў — так натуральна і спрытна, як тое ўласціва амерыканцам; мяркую, такі спрыт нараджаецца ад таго, што ў маладосці нам бракуе фізічнае працы, або ад таго, што мы доўга сядзім за партай, ці больш за тое — ад нязмушанае грацыі нашых нервовых, выпадковых спартыўных гульняў. У Гэтсбі гэтая ўласцівасць ішла насуперак стрыманасці і надавала ягоным манерам штосьці няўрымслівае. Ён ні на імгненне не мог супакоіцца; увесь час ён або выстукваў дроб нагой, або нецярпліва сціскаў-расціскаў кулак.
Ён заўважыў, з якім захапленнем я разглядваю ягоную машыну.
— Прыгожая, праўда? — ён саскочыў з падножкі, каб я добра яе разгледзеў. — Хіба вы яе яшчэ не бачылі?
Вядома, я яе бачыў. Усе яе ўжо бачылі. Насычанага крэмавага колеру, з бліскучымі нікелевымі
ўстаўкамі, яна выцягвалася жахліва далёка, выпінаючыся тут і там аддзяленнямі для капелюшоў, ежы або інструментаў, а ветравыя шыбы ўтваралі сапраўдны лабірынт, у якім адбіваліся дзясяткі сонцаў. Мы прымасціліся за некалькімі слаямі шкла ў нешта накшталт аранжарэі з зялёнае скуры і скіраваліся ў горад.
За мінулы месяц я размаўляў з Гэтсбі разоў пяцьшэсць і на сваё расчараванне выявіў, як мала ў мяне з ім тэм для размовы. Маё першае ўражанне ад яго як ад асобы даволі значнай паступова зблякла, ён стаў для мяне простым уладальнікам раскошнае вілы па суседстве.
А гэтая паездка ўвогуле збіла мяне з панталыку. Мы яшчэ не даехалі да Вэст-Эга, а з Гэтсбі ўжо рабілася нешта не тое: ягоныя элегантна выбудаваныя сказы абрываліся незавершанымі, а сам ён нерашуча паляпваў сябе па калене, абцягнутым штанамі карамельнага колеру.
— Скажыце, дружа, — нечакана абазваўся ён. — Што вы пра мяне думаеце?
Крыху агаломшаны, я пачаў падбіраць агульныя і ўніклівыя фразы, якімі звычайна адказваюць на такое пытанне.
— Ну, тады я раскажу вам пра сваё жыццё, — перапыніў ён мяне. — He хачу, каб у вас склалася
няправільнае ўяўленне пра мяне з тых плётак, якія вы ўвесь час чуеце.
Значыць, яму было вядома, якімі дзівачлівымі абвінавачаннямі прыпраўляліся размовы ў ягоных залах.
— Раскажу вам святую праўду, — раптам ён узняў правую далонь, нібы заклікаючы госпада ў сведкі. — Я нарадзіўся на Сярэднім Захадзе ў заможнай сям’і, маіх бацькоў няма ўжо на свеце. Вырас я ў Амерыцы, але адукацыю, як і ўсе мае продкі да мяне, атрымаў у Оксфардзе. Сямейная традыцыя.
Ён скоса глянуў на мяне — і тут я зразумеў, чаму Джордан Бэйкер вырашыла, што ён хлусіць. Словы «атрымаў у Оксфардзе» ён выпаліў з такой хуткасцю, быццам баяўся імі падавіцца, нібы яны ўжо не раз захрасалі ў яго ў горле. Гэты мой сумнеў разбіў усе ягоныя тлумачэнні на кавалкі, і я падумаў: Hernia ён цямніць.
— Сярэдні Захад, — прамовіў я, быццам не дачуўшы. — А дзе дакладна?
— У Сан-Францыска.
— Ага.
— 3 маіх родных нікога не засталося, а мне перапала вялікая куча грошай.
Сказана гэта было з такой урачыстай журбою, быццам напамін аб раптоўным канцы ягонага роду дагэтуль не даваў яму спакою. На імгненне паду-
малася, што ён мяне дурыць, але глянуўшы на яго, я пераканаўся ў адваротным.
— Пасля я жыў, не раўнуючы як магараджа, гасцяваў ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах: у Парыжы, Венецыі, Рыме; збіраў каштоўныя камяні, збольшага рубіны, паляваў на вялікага звера, крыху займаўся маляваннем, проста так, для сябе, і ўсё ніяк не мог забыць адну вельмі сумную гісторыю, якая здарылася са мной шмат гадоў таму.
Я насілу стрымаўся, каб не рассмяяцца ўголас — такім банальным быў ягоны аповед і словы, якія ён для яго падбіраў. Я ўжо ўявіў сабе гэтага «героя» у турбане: як ён ганяецца за тыграм па ўсім Булонскім лесе і як з усіх ягоных сітавінак сыплецца пілаванне.
— А потым надышла вайна, і я мог спакойна ўздыхнуць. Я рабіў усё, каб загінуць, але мяне быццам зачаравалі. У самым пачатку вайны я атрымаў чын лейтэнанта. У Аргонскім лесе мы з двума мотастралковымі аддзяленнямі прасунуліся так далёка наперад, што з флангаў мы аказаліся непрыкрытыя, бо пяхота адстала на паўмілі. Мы прастаялі там два дні і дзве ночы, сто трыццаць чалавек з шаснаццаццю «льюісамі», і калі ўрэшце падаспела пяхота, то на штабялях трупаў знайшлі прапары трох нямецкіх дывізій. Мяне павысілі да маёра, і ўсе саюзныя дзяржавы ўзнагародзілі мяне ордэнамі — нават Чарна-
горыя, маленечкая Чарнагорыя, што ля Адрыятычнага мора!
Маленечкая Чарнагорыя! Ён спрабаваў гэтыя словы на смак, ківаў ім галавой... і ўсміхаўся. I ягоная ўсмешка ахоплівала ўсю бурную гісторыю Чарнагорыі і адначасна хіліла голаў перад чарнагорскім народам і ягонай адважнай барацьбой. Гэтая ўсмешка пачціва ўшаноўвала ланцужок палітычных падзей і стала ягонай своеасаблівай данінай цёпламу сэрцайку Чарнагорыі. Мой недавер выціснула захапленне; перада мной быццам гарталіся старонкі дзясяткаў ілюстраваных часопісаў.
Гэтсбі сунуў руку ў кішэню, і мне на далонь упаў кавалачак металу, апавіты стужкай.
— 3 Чарнагорыі.
На маё здзіўленне ордэн выглядаў як сапраўдны. На ім кругам выгінаўся надпіс: «Ордэн князя Данііла. Чарнагорыя, кароль Мікалай».
— Перавярніце.
«Маёру Джэю Гэтсбі за мужнасць і адвагу» — прачытаў я.
— А вось яшчэ адна рэч, якую я заўжды нашу пры сабе. На памяць аб оксфардскіх часах. Здымак з Трыніці-каледжа, чалавек леваруч ад мяне цяпер граф Данкастар.
На фатаграфіі пад аркай брамы бестурботна стаяла паўтузіна маладзёнаў у пінжаках, за брамай вы-
сіўся шэраг шпіляў. Сярод іх быў і Гэтсбі — на выгляд маладзейшы за астатніх, але не нашмат, — з крыкетнай бітай у руках.
Значыць, усё гэта праўда. Я ўявіў сабе тыгравыя шкуры, як яны палымнеюць у ягоным Венецыянскім палацы на Гранд-канале, і самога Гэтсбі, як ён адчыняе куфар поўны рубінаў, каб іхнім глыбокім крывава-чырвоным ззяннем суняць пакуты свайго разбітага сэрца.
— Я хачу звярнуцца да вас сёння з адной просьбай, — сказаў ён, задаволена схаваўшы ў кішэні свае сувеніры. — Таму я і вырашыў расказаць вам трошкі пра сябе. Каб вы не падумалі, што я невядома хто невядома адкуль. Разумееце, вакол мяне адны незнаёмцы, бо я жыву то тут то там, абы толькі забыць адну сумную гісторыю, якая са мной здарылася, — ён павагаўся. — Сёння вы яе пачуеце.
— За ланчам?
— He, пазней. Я выпадкова даведаўся, што вы запрасілі міс Бэйкер на кубачак гарбаты.
— То-бок вы закахаліся ў міс Бэйкер?
— He, дружа. Зусім не. Але міс Бэйкер ласкава пагадзілася пагаварыць з вамі на гэтую тэму.
Я не меў нават найменшага ўяўлення, якая «тэма» мелася на ўвазе, усё гэта не так цікавіла, колькі дзейнічала на нервы. Я ж не запрашаў Джордан на гарбату дзеля таго, каб пагаварыць пра містара
Джэя Гэтсбі. Я не сумняваўся, што ягоная просьба будзе зусім неверагоднай, і на імгненне пашкадаваў, што некалі ступіў у ягоны перапоўнены людзьмі сад.
Больш ён не прамовіў ні слова, і чым бліжэй мы пад’язджалі да горада, тым болей стрыманым ён рабіўся. Мы мінулі порт Рузвельта з апяразанымі чырвонай паласой трансатлантычнымі караблямі і паімчалі па брукаванцы паўз халупы і цемень зусім не пустых забягалавак у аблезлай пазалоце пачатку стагоддзя. Потым абапал дарогі адкрылася даліна попелу, і я мімалётам паспеў угледзець запыханую місіс Ўілсан, якая энергічна завіхалася ля бензакалонкі.
На распасцёртых, нібы ў птушкі, крылах мы залілі святлом палову кварталаў Асторыі — толькі палову, бо пасля таго, як мы пакружлялі паміж слупамі надземнае чыгункі, я пачуў знаёмае матацыклетнае «Тыдых-ХЛОП!», і нас дагнаў раззлаваны паліцэйскі.