• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Гэта Джымі мне яе прыслаў. Па-мойму, вельмі прыгожая фатаграфія. Удалы кадр.
    — Вельмі ўдалы. А вы даўно з ім бачыліся?
    — Ён прыязджаў да мяне два гады таму і купіў мне дом, у якім я цяпер жыву. Калі ён уцёк з дому, нашая сям’я развалілася, але цяпер я бачу, на тое ён меў свае прычыны. Ён ведаў, што яго чакае светлая будучыня. А калі ўсё склалася, ён больш ніколі нічога для мяне не шкадаваў.
    Пэўна, яму не хацелася хаваць фотакартку, і ён яшчэ з хвіліну патрымаў яе перад маімі вачыма. Потым нарэшце засунуў гаманец у кішэню і дастаў адтуль старую пашарпаную кніжачку з назвай «Прыскок Кесідзі».
    — Паглядзіце, калі ён быў малы, гэта была ягоная кніжка. Зараз стане ясна.
    Ён разгарнуў кніжку на заднім форзацы і развярнуў, каб я прачытаў. На апошняй старонцы друка-
    ванымі літарамі было напісана: «РАСКЛАД» і дата «12 верасня 1906 года». А ніжэй ішло:
    Пад’ём 6:00 Зарадка з гантэлямі і практыкаванні на сценцы 6:15 6:30
    Вывучэнне электрычнасці і інш. 7:15 8:15
    Праца 8:3016:30 Бейсбол і спорт 16:30 17:00 Рыторыка і правільная пастава 17:00 18:00
    Вывучэнне карысных вынаходстваў 19:00-21:00
    АГУЛЬНЫЯ АБЯЦАННІ
    •	He траціць часу на Шэфтэра і (прозвішча неразборліва)
    •	He курыць і не жаваць тытуню
    •	Ванна раз на два дні
    •	Штотыдзень прачытваць адну карысную кніжку або часопіс
    •	Штотыдзень ашчаджаць па 5 долараў (закрэслена) 3 долары
    •	Лепей ставіцца да бацькоў
    — Я выпадкова натрапіў на гэтую кніжку, — сказаў стары. — Стала ж ясна, праўда?
    — Праўда.
    — Джымі далёка пайшоў бы. Ён заўжды даваў сабе падобныя абяцанні. Вы заўважылі, як ён ціснуў на самаадукацыю? Ёй ён надаваў асаблівую ўвагу. Аднаго разу ён сказаў мне, што я ем, як свіння. От і атрымаў ён тады ад мяне прачуханкі.
    Яму не хацелася закрываць кнігу, ён уголас перачытваў спіс і пасля кожнага радка паглядаў на мяне, нібы спадзяваўся, што я схаплюся перапісваць яго для ўласнага карыстання.
    Проці трэцяе гадзіны з Флашынга прыехаў лютэранскі святар, і я міжволі пачаў вызіраць у акно — ці пад’язджаюць да нас яшчэ якія машыны. Бацька Гэтсбі таксама глядзеў у акно. Час усё мінаў, слугі сабраліся ў зале і чакалі, стары нервова заміргаў вачыма і пачаў няўпэўнена наракаць на дождж. Святар зрэдчас касавурыўся на гадзіннік, таму я адвёў яго ўбок і папрасіў пачакаць яшчэ паўгадзіны. Але ўсё было марна. Ніхто не прыйшоў.
    Недзе а пятай гадзіне наша працэсія на тры машыны дасягнула цвінтара і пад густой імжой спынілася перад брамай: паперадзе катафалк, застрашліва чорны і мокры, за ім лімузін, у якім ехалі містар Гэтц, святар і я, а за намі — адкрыты фургон Гэтсбі са слугамі і паштаром з Вэст-Эга, змоклымі да самых костак. Мы якраз прайшлі пад брамай, калі я пачуў, як за намі спынілася машына і нехта заплюхаў па калюжынах. Я азірнуўся. Гэта быў мужчына ў круглых, як савіныя вочы, акулярах, які тым вечарам тры месяцы таму так захоплена разглядаў кнігі ў бібліятэцы Гэтсбі.
    Ад таго я ніколі больш яго не бачыў. Розуму не дабяру, адкуль ён даведаўся пра пахаванне, — я ж нават імя яго не ведаў. Кроплі дажджу сцякалі па тоўстых шкельцах ягоных акуляраў. Ён зняў і працёр іх, каб убачыць, як з-па-над магілы Гэтсбі ссунулі брызент, які бараніў яе ад вады.
    У тую хвіліну я стараўся думаць аб Гэтсбі, але ён быў ужо надта далёка, і я толькі падумаў, без абурэння, што Дэйзі так і не прыслала ні запіскі, ні кветачкі. Побач нехта неразборліва прамармытаў: «Блаславёныя мёртвыя, на якіх спадае дождж нябесны», і містар Савіныя Вочы бадзёра падтакнуў: «Амін».
    Мы хапатліва пашыбавалі пад дажджом да машын. Ля брамы Савіныя Вочы паклікаў мяне.
    — Я не змог заехаць да дома.
    — Ніхто не змог.
    — Што вы кажаце! — ён быў агаломшаны. — Божа мой! У яго ж бывалі сотні людзей!
    Ён зноў зняў акуляры і працёр іх з абодвух бакоў.
    — Гаротны сукін сын, — толькі і сказаў ён.
    Калі я вучыўся на падрыхтоўчых курсах, а пазней у каледжы, адзін з найярчэйшых успамінаў быў звязаны з паездкай дадому на калядныя канікулы. Снежаньскім вечарам тыя з нас, хто рабіў перасадку ў Чыкага, сабраліся а шостай гадзіне ў старой паўцёмнай зале чыгуначнага вакзала, каб похапкам развітацца з чыкагскімі сябрамі, якіх падхапіў ужо вір святочнае мітусні. Памятаю футравыя палітончыкі дзяўчат, што вярталіся з пансіёна міс Гэтай ці Гэнай, памятаю, як дыханне застывала ў паветры, як рукі ўздымаліся над галовамі і махалі ўбачаным здалёк даўнім знаёмым, як усе запрашалі ўсіх на вечарыны: «Ты ідзеш да Ордвэяў? А да Герсі? Да Шульцаў?» — і як рукі ў пальчатках сціскалі вузенькія зялёныя квіткі. I вось на перон пад’язджаюць мутна-жоўтыя вясёлыя, як Каляды, вагоны чыгуначнае карпарацыі «Чыкага, Мілуокі і Сэнт-Пол».
    Цягнік рушыў у зімовую ноч, з усіх бакоў агорнутую снегам, нашым сапраўдным снегам, які серабрыўся ў вокнах, а міма праплывалі цьмяныя
    агеньчыкі вісконсінскіх станцый, і паветра вакол раптам стала бурліва-п’янючым. Мы ўдыхалі яго на поўныя грудзі, вяртаючыся з вагона-рэстарана праз халодныя тамбуры. У тую дзіўную хвіліну нас ахоплівала змоўніцкае пачуццё еднасці з радзімай, і мы непрыкметна зноў з ёй зліваліся.
    Вось ён які, мой Сярэдні Захад, — не пшанічныя палі, не прэрыі і не закінутыя шведскія мястэчкі, гэта дарога дадому, дзе я яшчэ малады, а цягнікі сапраўды ўражваюць, гэта вулічныя ліхтары і званочкі на санях у марозных прыцемках, гэта калядныя вянкі, цені ад якіх падаюць з асветленых вокнаў на снег. I частка ўсяго гэтага — я сам, крыху ганарлівы нашымі прызімкамі перад доўгімі маразамі, крыху самаўпэўнены ад таго, што я вырас у Караўэй-хаўсе, у горадзе, дзе дамы дагэтуль, як шмат дзесяцігоддзяў таму, завуцца па прозвішчы гаспадара. Цяпер я бачу, што ў мяне, уласна кажучы, выйшла гісторыя аб Захадзе: Том і Гэтсбі, Дэйзі, Джордан і я — мы ўсе дзеці Захаду, і, магчыма, усім нам не хапала нечага няўлоўнага, без чаго цяжка прыстасавацца да жыцця на Усходзе.
    Нават калі Усход асабліва вабіў мяне, калі я цалкам усвядоміў ягоную перавагу над знудзелымі разбухлымі гарадамі, якія расцягнуліся па той бок ад Агая, дзе бясконца катуюць усіх і кожнага, апроч хіба толькі дзяцей і лядашчых старых, — нават тады
    ва Усходзе праглядалася нешта вычварнае. Вэст-Эг дагэтуль сніцца мне ў неверагодных снах, падобных да начных Эль-Грэкавых сцэн: сотні будынкаў звыклае і адначасна гратэскнае архітэктуры горбяцца пад цяжарам панурага неба, у якім ледзь высвечвае бляклы серп месяца. На пярэднім плане чатыры панурыя мужчыны ў фраках ідуць па ходніку з паланкінам, у якім ляжыць п’яная жанчына ў белай вячэрняй сукенцы. Яе рука, уся ў халодным ззянні ад каштоўных камянёў, лена звісае з борта. Хмурныя мужчыны заварочваюць да дома — не да таго, які трэба. Але імя жанчыны ніхто не ведае, ды гэта ўжо нікому нецікава.
    Пасля смерці Гэтсбі Усход стаў для мяне прывідным краем, скажоным настолькі, што мае вочы, як бы я ні сіліўся, не маглі выглядзець ягоных правільных абрысаў. Таму калі ў паветры па-над ссохлай лістотай павісла блакітная смуга, а бялізна на вяроўцы пачала дранцвець ад ветру, я вырашыў вярнуцца дадому.
    Перад ад’ездам заставалася толькі завяршыць адну справу, цяжкую і непрыемную, без якой, мабыць, можна было б і абысціся. Але я хацеў усё ўладзіць, а не спадзявацца на тое, што бяздушнае мора паслужліва змые пакінутае мною смецце. Я сустрэўся з Джордан Бэйкер і доўга распавядаў ёй пра тое, што мы перажылі разам і што я перажыў
    пасля, а яна слухала, нерухома лежачы ў глыбокім фатэлі.
    На ёй быў касцюм для гульні ў гольф, я тады яшчэ падумаў, што яна нібы сышла са старонкі ілюстраванага часопіса: падбародак ганарліва прыўзняты, валасы колеру асенняга лісця, загар на твары такога ж адцення, як і пульсэтка, што ляжала на яе калене. Калі я скончыў, яна, нічога на гэта не сказаўшы, паведаміла, што заручылася з іншым мужчынам. Я не дужа ў гэта паверыў, хоць і ведаў, што ёй толькі галавой кіўнуць — і яна ўжо замужам. Як бы там ні было, я ўдаваў, што здзіўлены. На хвілю я задумаўся — раптам я раблю памылку? Але хутка разважыўшы, я ўстаў, каб развітацца.
    — Тым не менш ты мяне кідаеш, — раптам сказала Джордан. — Насамрэч кінуў яшчэ тады, па тэлефоне. Цяпер мне на ўсё пляваць, але тады гэта было нешта новае, і на пэўны час у мяне зямля сышла з-пад ног.
    Мы паціснулі адно аднаму рукі.
    — Дарэчы, — дадала яна, — памятаеш нашу размову аб тым, як трэба кіраваць машынай?
    — Гм... He вельмі.
    — Ты сказаў тады, што кепскаму кіроўцу няма чаго баяцца, пакуль ён не сустрэне іншага кепскага кіроўцу. Вось я і сустрэла свайго кепскага кіроўцу. Што я, недарэка такая, тады сабе думала?.. А дума-
    ла я, што ты чалавек шчыры і прамы. Што глыбока ў душы ты гэтым нават ганарышся.
    — Мне трыццаць гадоў, — сказаў я. — Пяць гадоў таму яшчэ можна было хлусіць сабе і гэтым выхваляцца.
    Яна не адказала. Злы, яшчэ напалову закаханы ў яе і страшэнна засмучаны, я развярнуўся і пайшоў прэч.
    Неяк па абедзе, у канцы кастрычніка, я ўбачыў Тома Б’юкэнана на Пятай авеню. Ён шыбаваў паперадзе сваёй жвавай напорыстай хадой, трохі развёўшы локці, быццам гатовы адкінуць любую перашкоду, круцячы сюды-туды галавой і выдаючы тым неспакой сваіх вачэй. Я запаволіў крок, каб не абганяць яго, а ён прыпыніўся і, насупіўшы бровы, стаў аглядаць вітрыну ювелірнае крамы. Раптам ён заўважыў мяне і, падышоўшы, працягнуў руку.
    — Што здарылася, Ніку? Ужо і рукі падаць не хочаш?
    — He хачу. Ты ведаеш, што я пра цябе думаю.
    — Ну ты, Ніку, і вар’ят, — залапатаў ён. — Чортаў вар’ят. Розуму не дабяру, што з табой здарылася.
    — Томе, — спытаў я, — што ты сказаў Ўілсану тым днём?
    Ён моўчкі ўперыўся ў мяне, і я зразумеў, што мая здагадка аб тых гадзінах, калі яго не было дома, тра-
    піла ў цэль. Я хацеў быў развярнуцца, але Том падступіў бліжэй і схапіў мяне за руку.
    — Я сказаў яму праўду, — прамовіў ён. — Ўілсан з’явіўся на парозе, калі мы пакаваліся, я тады паслаў да яго лёкая сказаць, што нас няма дома, але ён паспрабаваў прарвацца на другі паверх. Ён зусім паехаў глуздамі і, мабыць, забіў бы мяне, каб я не сказаў яму, чыя гэта была машына. Ён увесь час трымаў руку на рэвальверы ў кішэні... — Том дзёрзка хмыкнуў. — Ну і што з таго, што я сказаў яму? Такі ўжо лёс у таго тыпа. Ён затуманіў вочы і табе, і Дэйзі, а ў яго ж самога нервы сталёвыя. Пераехаў Міртл, як хто іншы — сабаку, і нават не прыпыніўся.