Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
Тут я падумаў пра іншае. Што, калі Том даведаецца аб тым, што за стырном была Дэйзі? I ўбачыць у гэтым якую-небудзь сувязь... Ды ён што заўгодна можа ўбачыць. Я глянуў на дом: два ці тры акны на першым паверсе ярка свяціліся, з пакоя Дэйзі на другім паверсе лілося мяккае ружовае святло.
— Пачакайце тут, — сказаў я. — Я пайду гляну, ці ўсё спакойна.
Я прайшоў усцяж газона, акуратна перайшоў жвіровую дарожку і на дыбачках узняўся па сходах на тэрасу. Шторы ў гасцёўні былі адсунутыя, і я ўбачыў, што пакой пусты. Я прайшоў у іншы кут тэрасы, туды, дзе мы вячэралі тры месяцы таму ў чэрвені, там цяпер свяціўся маленькі прамавугольнік святла — відаць, акно каморы. Фіранка была зашморгнутая, але я знайшоў шчылінку між ёй і падаконнем.
Дэйзі і Том сядзелі адно супраць аднаго за кухонным сталом, на якім стаяла талерка з халоднай смажанай курыцай і дзве пляшкі элю. Ён настойліва даводзіў ёй нешта са свайго канца стала і, каб паказаць усю сур’ёзнасць сваіх намераў, накрыў далонню яе руку. Зрэдчас яна паглядала на яго і згодна ківала.
Ім было нявесела, курыца і эль стаялі некранутыя. Але і сумна ім не было. Ад усяе сцэны веяла натуральнай блізкасцю, і на першы погляд можна было падумаць, што яны пра нешта змаўляюцца.
Я на дыбачках сышоў з тэрасы і пачуў, як у цемры намацвала дарогу да дома маё таксі. Гэтсбі чакаў там, дзе я яго пакінуў.
— Што? Усё ціха? — устрывожана спытаў ён.
— Так, ціха, — я павагаўся. — Едзем лепей дадому, вам трэба паспаць.
Ён закруціў галавой.
— Я пабуду тут, пакуль Дэйзі не пойдзе ў ложак. Дабранач, дружа.
Ён сунуў рукі ў кішэні пінжака і зноў узяўся ўважліва сузіраць дом, быццам мая прысутнасць толькі замінала гэтаму ягонаму свяшчэннаму дазору. I я сышоў прэч, ён жа застаўся стаяць пад месячным святлом, якому не было чаго вартаваць.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Усю ноч я не мог заснуць, стаяў туман, над водамі праліва безупынна раўла сірэна, і мяне, паўхворага, матляла паміж выродлівай рэчаіснасцю і дзікімі вусцішнымі снамі. Перад світаннем я пачуў, як да асабняка Гэтсбі пад’язджае таксі, я вокамгненна падхапіўся з ложка і пачаў апранацца — было такое адчуванне, быццам я мушу нешта яму расказаць, аб нечым папярэдзіць, бо раніцай будзе запозна.
Ідучы паўз ягоны сад, я ўбачыў, што галоўныя дзверы не зачынены, а Гэтсбі стаіць у холе, абапёршыся на край стала, адолены цяжарам ці то смутку, ці то стомы.
— Нічога не было, — вяла прамовіў ён. — Я чакаў, і недзе а чацвёртай гадзіне яна падышла да акна, пастаяла хвіліну і выключыла святло.
Ніколі яшчэ ягоны дом не падаваўся мне такім агромністым, як у тую ноч, калі мы шыбавалі анфі-
ладай вялізных пакояў у пошуках цыгарэт. Мы рассоўвалі цяжкія, як полагі шатра, шторы і абмацвалі тысячы футаў сцен там, дзе мусіў быць выключальнік; аднаго разу я натрапіў на клавішы нябачнага піяніна, якія сустрэлі мяне ўсплёскам гукаў. Невядома чаму, усё пакрываў тоўсты пласт пылу, а ў пакоях патыхала цвіллю, быццам іх шмат дзён не праветрывалі. На нейкім століку я ўбачыў партсігар, а ў ім — дзве старыя ссохлыя цыгарэты. У гасцёўні мы расчынілі высокія вокны, селі перад імі і закурылі, пускаючы дым у цемру.
— Вам лепей з’ехаць адсюль, — сказаў я. — Вашу машыну дакладна адсочаць.
— З’ехаць цяпер, дружа?
— З’едзьце на тыдзень у Атлантык-Сіці альбо ў Манрэаль.
Ён і чуць аб гэтым не хацеў. Як яму кінуць Дэйзі, не даведаўшыся, што яна будзе рабіць далей? Ён хапаўся за апошнюю надзею, а я не адважваўся гэтую надзею ў яго забраць.
Тае ночы ён распавёў мне незвычайную гісторыю свае маладосці, праведзенае ў Дэна Коўдзі, — распавёў таму, што вобраз Джэя Гэтсбі, выступіўшы супраць Томавае кіпучае злосці, разбіўся ў шкляныя друзачкі, і ягонай таямнічай казцы, якая цягнулася столькі гадоў, надышоў канец. Мяркую, тады ён сазнаўся б ва ўсім, але яму хацелася гаварыць толькі пра Дэйзі.
Яна была першай «прыстойнай» дзяўчынай, з якой ён пазнаёміўся. Яму і раней пры розных няясных абставінах даводзілася мець справы з такімі людзьмі, але яго ад іх заўжды нібы аддзяляў нябачны калючы дрот. Дэйзі — такая спакуслівая — усхвалявала яго. Спачатку ён наведваўся да яе ў кампаніі іншых афіцэраў з Кэмп-Тэйлара, а потым ужо адзін. Ён быў у захапленні — ён ніколі не бываў у такім прыгожым доме. Ад аднае думкі, што ў ім жыла Дэйзі, займала дых, для яе ж дом быў нечым простым і звычным, як для яго — вайсковы намёт. Для яго той дом хаваў у сабе нешта таямнічае, ён уяўляў сабе спальні на другім паверсе, не такія, як усе, а прыгожыя і прахалодныя, радасную гарэзлівую мітусню ў калідорах і рамантычнае каханне — не застаялае і перасыпанае лавандай, а свежае і поўнае жыцця, бляску аўтамабіляў апошняе мадэлі і гоману баляў, пасля якіх яшчэ не паспелі завяць кветкі. Уражвала яшчэ і тое, што многія мужчыны былі закаханыя ў Дэйзі — ад гэтага яна ў ягоных вачах толькі выйгравала. Усцяж па ўсім доме адчувалася іх прысутнасць, а ў паветры быццам луналі цені і трапятлівае рэха яшчэ не згаслых пачуццяў.
Але ён добра разумеў, што трапіў у дом Дэйзі з чысцейшае выпадковасці. Якая бліскучая будучыня ні чакала б Джэя Гэтсбі, у тыя часы ён быў простым маладым чалавекам без мінулага і без цэнта
ў кішэні, а нябачнае прыкрыццё вайсковым мундзірам магло ў любое імгненне ўпасці з ягоных плячэй. Таму ён не марнаваў часу. Ён браў усё, што мог узяць, прагна і без разбору, — і ўрэшце адным ціхім кастрычніцкім вечарам ён узяў Дэйзі, узяў яе, таму што, па сутнасці, не меў права нават крануць яе рукі.
Ён мог бы ўзненавідзець сябе за тое, што несумненна авалодаў ёю падманам. He, ён не нагаварыў ёй цэлы мех пра свае неіснуючыя мільёны, але ён наўмысна ўсяліў у Дэйзі пачуццё ўпэўненасці, пераканаў яе, што належыць да яе класа і можа цалкам аб ёй паклапаціцца. Насамрэч пад усім гэтым не было ніякага грунту — сам без роду і племені, ён мусіў выконваць любы капрыз безаблічнае ўлады, якая магла загнаць яго на іншы бок свету.
Але ён не ўзненавідзеў сябе, і ўсё выйшла зусім не так, як ён спадзяваўся. Мабыць, ён намерваўся ўзяць усё што можна і сысці, але неўзабаве выявілася, што ён прысвяціў сябе пошукам Грааля. Дэйзі заўсёды здавалася яму незвычайнай, але ён не мог уявіць сабе, якой незвычайнай можа быць «прыстойная» дзяўчына. Яна знікла ў сваім багатым доме, выслізнула ў сваё багатае, поўнае да краёў жыццё, пакінуўшы Гэтсбі ні з чым. Але рэч была ў тым, што ён застаўся з пачуццём, што яна стала яму жонкай.
Калі праз два дні яны сустрэліся зноў, то ўжо не ёй, а Гэтсбі заняло дых і ўжо не яна, а ён пачуваў ся-
бе падманутым. Ганак яе дома залівала прадажная раскоша зорнага святла; плеценая канапа элегантна рыпнула, калі Дэйзі павярнулася да Гэтсбі і той пацалаваў яе ў прыгожыя пяшчотныя вусны. Яна трошку ахрыпла ад прастуды, і гэта надало яе голасу большае чароўнасці. Ашаломлены маладосцю і таямніцай, якія паланіла і так доўга ад усіх хавала багацце, Гэтсбі млеў ад свежасці Дэйзінага адзення і ад яе самой, зіхоткай, як срэбра, упэўненай і гордай — і такой далёкай ад разгарачаных сутычак беднякоў.
— He апісаць вам, дружа, майго здзіўлення, калі я ўсвядоміў, што кахаю яе. Пэўны час я нават спадзяваўся, што яна дасць мне ад варот паварот, але гэтага не адбылося, бо і яна мяне пакахала. Ёй падавалася, што я шмат усяго ведаю, не тое, што ведае яна... Ну, такім я быў, далёкі ад сваіх памкненняў. 3 кожнай хвілінай я ўсё глыбей захрасаў у каханні, а ўсё астатняе больш мяне не цікавіла. Які толк здзяйсняць подзвігі, калі куды лепш распавядаць ёй, як я буду іх здзяйсняць?
У апошні вечар перад ягоным ад’ездам у Еўропу яны з Дэйзі доўга сядзелі, моўчкі абняўшыся. Стаяла халодная восень, у пакоі запалілі камін, шчокі Дэйзі разрумяніліся. Раз-пораз яна варочалася ў ягоных абдымках, і тады ён крышку перасоўваў сваю руку,
а аднойчы пацалаваў яе цёмныя бліскучыя валасы. На кароткі час прыйшло заспакаенне, быццам для таго, каб яны лепей запомнілі гэты вечар напярэдадні доўгае разлукі. За месяц кахання яны не пачуваліся больш блізкімі адно аднаму, іхняя повязь не падавалася глыбейшай, чым у тую хвіліну, калі яна маўклівымі вуснамі ткнулася ў рукаў ягонага мундзіра альбо калі ён дакрануўся да кончыкаў яе пальцаў, так пяшчотна, быццам яна спала, а ён баяўся яе разбудзіць.
На вайне ён дасягнуў значных поспехаў. На фронт пайшоў капітанам, а пасля баёў у Аргонскім лесе яго павысілі да маёра і даручылі камандаваць мотастралковым батальёнам. Пасля перамір’я ён адчайна хацеў вярнуцца дадому, але заместа гэтага праз нейкую блытаніну ці непаразуменне трапіў у Оксфард. Ён занепакоіўся — у Дэйзіных лістах адчуваліся трывога і роспач. Яна не разумела, чаму ён не можа вярнуцца. На яе быццам наваліўся ўвесь цяжар вонкавага свету, яна хацела пабачыць Гэтсбі, адчуць яго побач і ўпэўніцца ў тым, што ўрэшце яе выбар правільны.
Дэйзі была маладая, таму яе штучны свет поўніўся водарам архідэй, прыемным бадзёрым снабізмам, музыкай аркестраў, якія задавалі году новы рытм, дамешваючы ў мелодыі трохі смутку і жыц-
цёвых спакус. Усю ноч саксафоны вылівалі безнадзейныя скаргі «Біл-Стрыт-Блюза», а сотні пар залацістых і серабрыстых чаравікаў таўклі зіхоткі пыл. Шарай гадзінай падчас чаявання заўжды можна было трапіць у пакой, які безупынна трымцеў у салодкай ліхаманцы, а незнаёмыя твары мігцелі перад вачыма, як пялёсткі руж, развеяныя па паркеце сумным подыхам труб.
Калі пачаўся сезон, Дэйзі зноў зацягнуў гэты сутонневы свет. Раптам яна зноў пачала штодзень прызначаць па паўдзясятка спатканняў з паўдзясяткам розных мужчын, яна зноў знясілена падала ў ложак на самым світанку, і архідэі вялі на падлозе сярод раскіданых пацерак і фальбонак з вячэрняе сукенкі. I ўвесь гэты час нешта ўнутры яе патрабавала рашэння. Яна хацела ўпарадкаванага жыцця, зараз жа і неадкладна, але рашэнне гэтае павінна было прыняцца пад уздзеяннем пэўнае сілы, якая была б побач, — сілы кахання, сілы грошай або сілы бясспрэчнае практычнасці.
Такая сіла з’явілася ўвесну, калі на даляглядзе паказаўся Том Б’юкэнан. У ім самім і ў ягоных манерах адчувалася салідная ўпэўненасць, якая вельмі прыглянулася Дэйзі. Відаць, у яе ўнутры ішла пэўная барацьба, пасля якой на сэрцы стала заўважна лягчэй. Пісьмо дайшло да Гэтсбі, калі той яшчэ быў у Оксфардзе.