Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
Я не знайшоў што яму адказаць, акрамя аднаго — што ўсё гэта няпраўда.
— А калі ты думаеш, што я свайго не адпакутаваў, то слухай сюды. Я тады пайшоў здаваць ключы ад тае кватэры і ўбачыў на паліцы тую клятую бляшанку з сабачымі сухарыкамі, я сеў і заплакаў, як малое дзіцё. Далібог, гэта жахліва...
Я не змог яму ні дараваць, ні паспачуваць, але я зразумеў: ён лічыў свой учынак цалкам апраўданым. У гэтым было столькі неразважлівага і заблытанага. Том і Дэйзі — бестурботныя па прыродзе — ламалі ўсё навокал, і жывое, і нежывое, а потым уцякалі пад схоў свайго багацця, бязмежнае неразважлівасці ці чагосьці яшчэ, што трыма-
ла іх разам, іншыя ж мусілі разграбаць за імі ўвесь хаос...
Урэшце я падаў яму руку; дзіўна было не падаць, бо ўва мне раптам узнікла пачуццё, быццам я размаўляю з дзіцём. Потым ён пайшоў у ювелірную краму, каб купіць жамчужныя пацеркі ці, можа, толькі пару запінак на манжэты, шчаслівы, што назаўжды пазбавіўся майго правінцыяльнага плявузгання.
Калі я выязджаў, дом Гэтсбі яшчэ стаяў пусты — трава на ягоным газоне пайшла ў рост і ўжо даганяла маю. Адзін мясцовы таксіст не раз праязджаў паўз браму і заўсёды прыпыняўся на хвілінку, каб паказаць пасажырам на дом за ёй. Магчыма, менавіта ён падвозіў Гэтсбі і Дэйзі ў Іст-Эг тым вечарам, калі здарылася аварыя, і магчыма, ён потым склаў сваю версію падзей. Я не хацеў яе выслухоўваць і таму рабіў усё, каб на станцыі не трапіць яму на вочы.
Суботнія вечары я бавіў у Нью-Ёрку, таму што ўспаміны пра бліскучыя асляпляльныя вечарыны Гэтсбі былі такія жывыя, што мне дагэтуль чуліся прыглушаная музыка і безупынны смех з ягонага саду і рокат машын, якія заязджалі яму на двор і выязджалі з яго. Аднойчы вечарам я пачуў, як да яго сапраўды заехала машына, і ўбачыў святло фар,
якія асвяцілі сходы. Але разведваць, што да чаго, я не стаў. Магчыма, нейкі запознены госць вярнуўся з іншага канца зямлі, не ведаючы, што вечарына скончылася.
Вечарам напярэдадні ад’езду, спакаваўшы валізу і прадаўшы машыну бакалейшчыку, я пайшоў апошні раз зірнуць на тую вялізную няскладную даміну. На белых сходах нейкі хлапчук напісаў кавалкам цэглы непрыстойнае слова, і яно кідалася ў вочы пад месячным святлом. Я цёр чаравікам па прыступцы, пакуль надпіс цалкам не знік. Потым я спусціўся да пляжа і расцягнуўся на пяску.
Ледзь не ўсе багатыя прыбярэжныя вілы стаялі зачыненыя. Агні згаслі, цемру праразаў толькі самотны цьмяны агеньчык парома, які марудна сунуўся праз праліў. Месяц уздымаўся ўсё вышэй, абрысы дамоў расплываліся і танулі ў няіснасці, а перад маімі вачыма паўставаў стары востраў, такі, якім ён быў калісьці, якім яго, патанулым у квецені, убачылі галандскія маракі — шырокую зялёную безмеж Новага Свету. Дрэвы, якія потым знікнуць, дрэвы, якія вызваляць месца дому Гэтсбі, ціха нешта шапталі і схілялі галовы перад апошняй і самай велічнай з усіх чалавечых мар; пэўна, на адно няўлоўнае чароўнае імгненне чалавек стаіў подых перад абліччам новага кантынента, безразважна і мімаволі аддаўся ягонай прыгажосці і самы апош-
ні раз у гісторыі апынуўся сам-насам з нечым сувымерным сваёй здольнасці верыць у цуды.
Я сядзеў тады там, разважаў пра стары невядомы свет, і мне падумалася, што зялёны агеньчык на прычале перад домам Дэйзі стаў для Гэтсбі сапраўдным цудам. Пасля доўгага шляху да гэтага блакітнага газона ягоная мара, здавалася, была такой блізкай — толькі руку працягні. Але яму было няўцям, што яна засталася ззаду, недзе там, у глыбокім змроку за вялікім горадам, дзе пад покрывам ночы распасціраюцца цёмныя землі краіны.
Гэтсбі верыў у зялёны агеньчык, у будучае шчасце, якое з года ў год не даецца нам у рукі. Сёння яно выслізнула, але няважна — заўтра мы пабяжым хутчэй і працягнем рукі яшчэ далей... I адным цудоўным ранкам...
Вось так мы і плывём наперад, супраць цячэння, якое няспынна зносіць наш човен назад у мінулае.
ЗМЕСТ
Раздзел першы 5
Раздзел другі 34
Раздзел трэці 55
Раздзел чацвёрты 84
Раздзел пяты 112
Раздзел шосты 133
Раздзел сёмы 154
Раздзел восьмы 199
Раздзел дзявяты 220
Tytul oryginalu: The Great Gatsby Autor: Francis Scott Key Fitzgerald Przeklad: Siarhiej Matyrka
ISBN 978-83-967190-2-7
Выдавецтва «Янушкевіч»
Імпрынт «Кнігаўка»
Andrei Yanushkevich Publishing ul. Podlesna 8/10, 05-091 Z^bki j anuskevic. books @ gmail .com
Zqbki 2023
Wydanie pierwsze
Druk i oprawa Abedik S.A.
У сваім знакамітым рамане «Вялікі Гэтсбі» Ф. Скот Фіцджэралд па-майстэрску пераносіць нас на Лонг-Айленд залатых дваццатых гадоў мінулага стагоддзя: у часы небывалага эканамічнага росту, першых хмарачосаў і джазу, сухога закона і бясчынстваў, залітага бліскучымі агнямі Брадвея і моднікаў, якія кідалі выклік закаранелым умоўнасцям, у часы вялікіх надзей і яскравых падзенняў.
Пранізліва і з далікатнай вытанчанасцю Фіцджэралд распавядае гісторыю маладога мільянера Джэя Гэтсбі, які ладзіць у сваім асабняку пышныя легендарныя вечарыны і збірае вакол сябе нью-ёркскі высокі свет. Але сам таямнічы гаспадар ні на каліўца не зацікаўлены ў тых вечарынах. За сляпучым фасадам хаваецца горкая туга па недасяжным, даўно страчаным каханні. Туга, якая перарастае ў апантанасць.
«Вялікі Гэтсбі» — гэта гісторыя пра сілу вялікіх пачуццяў і балючае крушэнне рамантычнае мары.
КНІГАЎКА