Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
— Ён яе і забіў, — сказаў Ўілсан. Ягоны рот шырока раскрыўся.
— Хто?
— Я ведаю, як яго знайсці.
— Джорджу, ты занядужаў, — сказаў ягоны сябар. — Ты перанапружыўся і не ведаеш, што гаворыш. Лепш пасядзі ціхенька. Хутка ўжо раніца.
— Ён забіў яе.
— Джорджу, гэта быў няшчасны выпадак.
Ўілсан патрос галавой і бязгучна хмыкнуў. Вочы ягоныя звузіліся, а вусны расцягнуліся ў зняважліва-супярэчлівай ухмылцы.
— Вядома, — цвёрда сказаў ён. — Я чалавек даверлівы і нікому не зычу зла, нікому. Але калі я што ведаю, то ведаю дакладна. Гэта ён ехаў у той машыне. Яна выбегла да яго, каб пагаварыць, а ён і не спыніўся.
Хоць Мікаэліс сам усё бачыў, яму не думалася, што тут крыецца нешта асаблівае. Ён лічыў, што ўсё ж місіс Ўілсан выбегла на шашу таму, што ўцякала ад мужа, а не для таго, каб спыніць нейкую машыну.
— Як ёй так собіла?
— Яна не дурніца, — сказаў Ўілсан так, нібы гэта было адказам на пытанне. — А-а-а...
Ён зноў пачаў ківацца, а Мікаэліс стаяў і круціў у руках павадок.
— Джорджу, можа, у цябе ёсць які сябар, каму можна патэлефанаваць?
Марныя надзеі — якія там сябры, калі Ўілсана і на ўласную жонку не хапала. Неўзабаве ў пакоі нешта змянілася, шыбы ў вокнах зрабіліся святлейшымі, сінімі, і Мікаэліс з палёгкай падумаў, што золак ужо недалёка. Недзе а пятай знадворку развіднела так, што можна было выключыць святло.
Уілсан утаропіў ашклянелыя вочы ў попельныя горы — там шэрыя хмаркі збіваліся ў фантомныя постаці, якія, падхопленыя ранішнім ветрыкам, сноўдаліся сюды-туды.
— Я пагаварыў з ёй, — пасля доўгага маўчання прамармытаў ён. — Сказаў ёй, што мяне яна можа абдурыць, але Бога — не. Я падвёў яе да акна... — ён насілу ўстаў, падышоў да акна, што выглядала ў задні двор, і прыціснуўся тварам да шыбы. — I так і сказаў: «Бог ведае, што ты рабіла. Ён ведае ўсё. Mane ты можаш абдурыць, але Бога — не!»
Стоячы ў яго за спінай, Мікаэліс з жахам адзначыў, што той глядзіць у вялізныя і бляклыя вочы доктара Т. Дж. Эклберга, што вызіралі са змроку.
— Бог бачыць усё, — паўтарыў Уілсан.
— Гэта ўсяго толькі рэклама, — паспрабаваў запэўніць Мікаэліс. Ён не вытрымаў і перавёў позірк ад акна. А Уілсан яшчэ доўга стаяў там, тварам ля самае шыбы, і хітаў галавой насустрач ранішняму сутонню.
Да шостае гадзіны Мікаэліс канчаткова выбіўся з сіл, але, пачуўшы, як на дварэ прыпынілася машына, уздыхнуў з палёгкай. Гэта, як і абяцаў, вярнуўся адзін з тых, хто ўчора да ночы сядзеў у канторцы. Мікаэліс згатаваў сняданак на траіх, і яны ўдвух паелі. Ўілсан трымаўся спакайней, і Мікаэліс пайшоў дадому адпачыць; калі праз чатыры гадзіны ён прачнуўся і прыбег у гараж, Ўілсана там ужо не было.
Яго сляды — ён увесь час ішоў пехатой —вялі, як пасля адсачылі, у Порт-Рузвельт, а потым у Гэдс-Хіл, дзе ён купіў кубачак кавы і сэндвіч, да якога так і не дакрануўся. Мусіць, ён стаміўся і ішоў марудна, бо ў Гэдс-Хіл трапіў толькі апоўдні. Вызначыць, што і калі ён рабіў, было няцяжка — пара хлопчыкаў бачылі мужчыну, які паводзіўся «неяк па-вар’яцку», а некалькі кіроўцаў згадвалі мінака, які досыць дзіўна ўзіраўся ў машыны з узбочыны дарогі. Потым ён на тры гадзіны знік з далягляду. Паліцыя на падставе сказаных ім Мікаэлісу слоў, што ён «ведае, як знайсці», дапусціла, што ён увесь гэты час хадзіў ад гаража да гаража і распытваў ва ўсіх аб жоўтай машыне. 3 іншага боку, не знайшлося ніводнага ўладальніка гаража, які бачыў бы яго, таму магчыма, што ў яго сапраўды быў прасцейшы і лягчэйшы спосаб знайсці тое, што хацеў. А палове на трэцюю ён апынуўся ў Вэст-Эгу, дзе спытаў у некага дарогу да асабняка Гэтсбі. Такім чынам, на той час прозвішча Гэтсбі было яму вядома.
А другой гадзіне Гэтсбі надзеў купальны касцюм і даў лёкаю ўказанне, каб у выпадку, калі патэлефануюць, той падышоў да басейна і сказаў, хто і з якое нагоды звоніць. Ён зайшоў у гараж па надзіманы матрац, з якім усё лета бавіліся ягоныя госці, шафёр дапамог яго напампаваць. Потым ён загадаў ні ў якім разе не выганяць машыну, што было вельмі дзіўна, бо правае пярэдняе крыло патрабавала рамонту.
Узваліўшы матрац на плячо, Гэтсбі рушыў да басейна. Па дарозе ён прыпыніўся і крышку паправіў ношу, шафёр спытаўся, ці патрэбная яму дапамога, але Гэтсбі патрос галавой і праз хвілінку знік між пажоўклымі дрэвамі.
Ніхто так і не патэлефанаваў, але лёкай адмовіўся ад паабедзеннага сну і прачакаў да чацвёртай — пасля паведамляць пра тэлефонны званок ужо не было каму. На маю думку, Гэтсбі сам ужо не верыў, што яму патэлефануюць, а магчыма, яму было ўсё адно. Калі гэта так, то ён, верагодна, адчуваў, што страціў стары ўтульны свет, заплаціўшы дарагою цаной за дужа доўгую адданасць адной сваёй мары. Пэўна, ён узняў позірк і скрозь лісце, якое наганяла жах, убачыў незнаёмае неба; і ён затрымцеў, калі ўбачыў, як жудасна выглядае ружа і якое да болю рэзкае святло падае на толькі-толькі прарослыя сцяблінкі травы. Перад ім быў новы свет, адчувальны
на дотык, але нерэальны, заселены ўбогімі зданямі, якія дыхалі марамі, нібы паветрам, і бязладна луналі... зусім як тая хімерная попельна-шэрая постаць, што плыла да яго праз расплывістыя дрэвы.
Шафёр — адзін з Вулфшаймавых пратэжэ — пачуў стрэлы, але пазней ён скажа, што не звярнуў на іх увагі. 3 вакзала я паехаў напрасткі да дома Гэтсбі, прыехаўшы, узбег па прыступках на тэрасу, і гэтае маё хваляванне стала для ўсіх першым сігналам трывогі. Але я ўпэўнены — яны даўно ўсё ведалі. He прамовіўшы ні слова, мы ўчатырох — я, шафёр, лёкай і садоўнік — кінуліся да басейна.
Па воднай паверхні ішлі слабыя ледзь бачныя зрухі — глыбокая плынь з адной трубы ў другую. Разганяючы невялічкую рабізну — і ценем хвалі не назваць, — матрац няроўным курсам нёс свой груз у кут басейна. Лёгкія павевы ветрыку ледзь краналі водную роўнядзь, але гэтага было даволі, каб збіць абцяжараны выпадковым грузам матрац з ягонага выпадковага кірунку. Сутыкнуўшыся з купкай апалага лісця, ён пачаў марудна кружляць на месцы, выпісваючы, як ножка цыркуля, тонкую чырвоную акружнасць у вадзе.
Ужо калі мы неслі цела Гэтсбі ў дом, садоўнік заўважыў наўздалеч у траве цела Ўілсана — спіс ахвяр скончыўся.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Сёння, праз два гады, рэшта таго дня, вечар і наступны дзень згадваюцца мне як чарада з паліцэйскіх, фатографаў і газетчыкаў, якія бясконцым гужам заходзілі і выходзілі з парадных дзвярэй Гэтсбі. Ля брамы паставілі паліцэйскага, паміж яе слупамі нацягнулі вяроўку, каб не прапускаць цікаўных, але малышня хутка скеміла, што ў сад можна трапіць праз мой двор, і таму ля басейна ўвесь час абівалася колькі малых разявак. Нейкі паважнага выгляду мужчына, магчыма, дэтэктыў, схіліўшыся над целам Ўілсана, сказаў: «Шаленец», і катэгарычная непасрэднасць ягонае інтанацыі задала тон навінам у заўтрашніх газетах.
Амаль усе тыя навіны былі як начныя кашмары — выкручастыя, усыпаныя падрабязнасцямі, з прэтэнзіяй на сенсацыйнасць і цалкам ілжывыя. Падчас следства Мікаэліс засведчыў, што Ўілсан падазраваў
у нечым сваю жонку, і я ўжо быў падумаў, што неўзабаве ўсю гэтую гісторыю раздуюць да з’едлівага пасквіля, але Кэтрын, якая магла сказаць усё што заўгодна, не прамовіла ні слова. Яна паказала надзвычайную стойкасць характару: гледзячы на следчага рашучым позіркам з-пад сваіх падведзеных броваў, яна паклялася, што яе сястра ніколі не бачыла Гэтсбі, што яе сястра была цалкам шчаслівая са сваім мужам і што яе сястра ніколі не блыталася ў сумнеўных справах. Пераканаўшы сябе ў гэтым, яна зарыдала ў насоўку, быццам адна толькі думка, што гэта не так, цалкам пазбаўляла сіл. I каб далей не ўскладняць справу, Уілсана звялі да ўзроўню чалавека, які дзейнічаў «без памяці ад гора». На тым усё і скончылася.
Але гэтая частка гісторыі здавалася мне далёкай і неістотнай. Выйшла так, што вырашаць справы Гэтсбі прыйшлося мне, і нікому болей. 3 тае хвіліны, як я патэлефанаваў у Вэст-Эг і паведаміў аб няшчасці, людзі пачалі завальваць мяне спярша сваімі здагадкамі, а потым і пытаннямі практычнага парадку. Спачатку гэта мяне дзівіла і бянтэжыла; але потым, калі гадзіна сплывала за гадзінай, а ён усё ляжаў у сваім доме — без руху, дыхання і мовы, — я паціху зразумеў, што ўся адказнасць кладзецца на мае плечы, таму што людзі страцілі да яго ўсякі інтарэс — то-бок той натуральны аса-
бісты інтарэс, які ў прынцыпе заслугоўвае кожны з нас у канцы жыцця.
Праз паўгадзіны пасля таго, як мы яго знайшлі, я патэлефанаваў Дэйзі, патэлефанаваў, не вагаючыся, чыста механічна. Але яны з Томам з’ехалі рана ўдзень, узяўшы з сабою багаж.
— I адраса не пакінулі?
— He.
— А сказалі, калі вернуцца?
— He.
— I вы не ведаеце, дзе яны? Як з імі звязацца?
— He ведаю. He магу сказаць.
Мне хацелася прывезці хоць кагосьці. Хацелася зайсці ў пакой, дзе ён ляжаў, і паабяцаць яму: «Я каго-небудзь вам прывяду, Гэтсбі. He пераймайцеся. Проста даверцеся мне, і я каго-небудзь вам прывяду...»
Імя Маера Вулфшайма ў тэлефоннай кнізе не знайшлося. Лёкай даў мне адрас ягонае брадвейскае канторы. Я пазваніў у даведачную, але калі мне ўрэшце далі нумар, ішла ўжо шостая гадзіна, і ніхто не падымаў слухаўкі.
— Можа, пазвоніце яшчэ раз? — прасіў я тэлефаністку.
— Я ўжо тройчы званіла.
— Але справа вельмі важная.
— Прабачце, але баюся, там ужо нікога няма.
Я вярнуўся ў гасцёўню, якая раптам запоўнілася наведвальнікамі, і на імгненне мне здалося, што ўсе яны — такія афіцыёзныя з выгляду — трапілі сюды з чыстае выпадковасці. Адхінуўшы прасціну, яны глядзелі на Гэтсбі абыякавымі вачыма, а ў маёй галаве безупынна гучаў ягоны супраціў: «Дружа, паслухайце, прывядзіце мне хоць кагосьці. Ну, пастарайцеся. Адзін я тут не дам рады».
Мяне пачалі аб нечым распытваць, але я ўцёк на другі паверх у кабінет Гэтсбі, дзе спешна абшукаў усе незачыненыя шуфляды пісьмовага стала — зрэшты, ён ніколі мне не казаў, што ягоныя бацькі памерлі. Але там нічога не было — толькі партрэт Дэна Коўдзі, як сімвал забытых бурных дзён, глядзеў на мяне са сцяны.
Назаўтра раніцай я паслаў лёкая ў Нью-Ёрк да Вулфшайма з лістом, у якім прасіў паведаміць хоць штосьці аб Гэтсбі і прыехаць найбліжэйшым цягніком. Гэтая просьба, нават падчас напісання, падалася мне залішняй. Я быў упэўнены, што Вулфшайм прыедзе адразу, як толькі пабачыць ранішнія газеты — гэтаксама, як не сумняваўся ў тым, што раніцай прыйдзе тэлеграма ад Дэйзі. Але ні тэлеграма, ні містар Вулфшайм не прыбылі, прыбывала толькі ўсё болей паліцэйскіх, фатографаў і рэпарцёраў. Калі лёкай прывёз мне Вулфшаймаў адказ,