• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    якая ехала ў Нью-Ёрк, спынілася ярдаў за сто, з яе выскачыў кіроўца і пабег туды, дзе Міртл Ўілсан, так жорстка пазбаўленая жыцця, памірала пасярод дарогі і яе густая цёмная кроў мяшалася з пылам.
    Мікаэліс і кіроўца першымі да яе падбеглі, разарвалі яшчэ мокрую ад поту блузку і ўбачылі, што яе левая грудзь звісае, як адрэз тканіны, і што прыслухоўвацца да сэрца было ўжо марна. Яе рот быў шырока растулены і парваны ў куточках, нібы яна адным махам выдыхнула ўвесь неабсяжны запас жыццёвых сіл, якія так доўга збірала.
    Мы здалёк убачылі аўтамабілі і натоўп людзей.
    — Аварыя! — сказаў Том. — Добра. Хоць на чымсьці Уілсан разжывецца.
    Ён збавіў хуткасць, хоць і не збіраўся прыпыняцца, але калі мы пад’ехалі бліжэй, маўклівыя скамянелыя твары людзей перад гаражом прымусілі яго ўдарыць па тармазах.
    — Мы толькі зірнём, што там, — няпэўна прамовіў ён. — Толькі зірнём.
    I тут я пачуў немае завыванне, якое безупынна даносілася з гаража і якое, калі мы выйшлі з машыны і падышлі да дзвярэй, злілося ў словы «Божа мой!», якія зноў і зноў душыліся працяглымі стогнамі.
    — Здарылася нешта кепскае, — усхвалявана сказаў Том.
    Ён стаў на дыбачкі і паверх галоў зазірнуў у гараж, асветлены самотнай жоўтай лямпачкай у закратаваным каўпаку, які гайдаўся пад столлю. У ягоным горле раптам нешта хрыпла булькнула, і ён, расштурхаўшы людзей сваімі магутнымі рукамі, праклаў шлях наперад.
    Натоўп незадаволена замармытаў і тут жа самкнуў строй зноў; з хвіліну мне нічога не было бачна. А потым новая хваля цікаўных націснула ззаду, і раптам мяне з Джордан прапхнулі ўсярэдзіну.
    Цела Міртл Ўілсан ляжала на варштаце ля сцяны, завернутае ў дзве прасціны, быццам нягледзячы на спякотны вечар яна пакутавала ад прастуды, Том, спінай да нас, схіліўся над ёй і застыў. Побач стаяў заліты потам паліцэйскі з матацыклетнай брыгады і старанна запісваў імёны і прозвішчы ў нататнік. Надрывістыя галашэнні гучна адбіваліся ад голых сцен гаража, і я спачатку не мог зразумець, адкуль яны даносяцца, пакуль не ўбачыў Ўілсана. Ён стаў у дзвярах свае канторкі і, трымаючыся аберуч за вушак, хістаўся ўзад-уперад. Хтосьці ціха яму нешта казаў і час ад часу спрабаваў пакласці яму руку на плячо, але Ўілсан нічога не бачыў і не чуў. Ён марудна пераводзіў позірк з разгайданае лямпачкі на тое, што ляжала на варштаце пры сцяне, а потым зноў спуджана кідаў вачыма назад на лямпачку, увесь час заходзячыся прарэзлівым поўным жаху крыкам.
    — Бо-ажа мой! Бо-ажа мой! Бо-ажа мой! Бо-ажа мой!
    Том рэзка падняў галаву і, абвёўшы гараж шкляным позіркам, нешта неразборліва прамармытаў паліцэйскаму.
    — М... А... Ў... — вымаўляў паліцэйскі літары прозвішча. — О...
    — He, Р... — выправіў яго мужчына. — Маўро...
    — Слухайце! — нястрымана прасіпеў Том.
    — Р... — працягваў паліцэйскі. — Р...
    — Г...
    — Г... — Томава шырокая далонь цяжка лягла яму на плячо, і ён узняў позірк. — Чаго вам, хлопча?
    — Як гэта здарылася? Скажыце мне, як гэта здарылася!
    — Яе збіла машына. Забіла на месцы.
    — Забіла на месцы, — паўтарыў Том, патупіўшы вочы.
    — Яна выбегла на дарогу. А той вылюдак нават не прыпыніўся.
    — Было дзве машыны, — сказаў Мікаэліс, — адна ехала туды, другая адтуль, разумееце?
    — Адтуль і куды? — жыва запытаў паліцэйскі.
    — У розныя кірункі. Ну, і яна... — ён узняў быў руку ў бок просцін, але спыніўся і апусціў руку. — Яна выбегла, а тая машына, што ехала з Нью-Ёрка,
    гнала міль трыццаць-сорак у гадзіну — і такая бах у яе.
    — Як завецца гэтае месца? — спытаў паліцэйскі.
    — Ды ніяк не завецца.
    Да іх падышоў бледны добра апрануты негр.
    — Машына была жоўтая, — сказаў ён. — Вялікая жоўтая машына. Новая.
    — Вы бачылі аварыю, — спытаў паліцэйскі.
    — He, але машына пранеслася міма мяне, гнала болей за сорак. Хутчэй пяцьдзясят-шэсцьдзясят.
    — Падыдзіце сюды, мне трэба вашае прозвішча.
    Цішэй! Дайце мне запісаць ягонае прозвішча.
    Урыўкі гэтае размовы, відаць, сягнулі вуха Ўілсана, які ўсё яшчэ гайдаўся ў дзвярах канторкі, бо раптам ягонае надрывістае галашэнне ператварылася ў іншае:
    — Можаце мне не казаць, што гэта была за машына! Я ведаю, ведаю!
    Я не спускаў вачэй з Тома і заўважыў, як на BroHaft спіне пад пінжаком напяліся цягліцы. Ён хуценька падышоў да Ўілсана, стаў перад ім і схапіў яго за плечы.
    — Супакойцеся, вазьміце сябе ў рукі, — паспрабаваў ён суцешыць яго сваім хрыплым голасам.
    Ўілсан глянуў на Тома і хацеў быў стаць навыцяжку, але калені ў яго падагнуліся, і ён ледзь не ўпаў, калі б Том яго не падхапіў.
    — Паслухайце, — Том злёгку яго страсянуў. — Я прыехаў сюды толькі што з Нью-Ёрка. Я прыгнаў вам сваю старую машыну, пра якую мы гаварылі. Тая жоўтая машына, на якой я прыязджаў сюды днём, яна не мая, чуеце? 3 вечара я больш яе не бачыў.
    Толькі мы з неграм расчулі, што ён кажа, бо стаялі даволі блізка, але тон ягоных слоў насцярожыў паліцэйскага, і ён звёў на яго грубы позірк.
    — Пра што гэта ён? — спытаў ён.
    — Я — ягоны сябар, — Том павярнуў галаву, не выпускаючы Ўілсана з рук. — Ён кажа, што ведае машыну... Гэта была жоўтая машына.
    Невыразны ўнутраны імпульс прымусіў паліцэйскага акінуць Тома падазроным позіркам.
    — А якога колеру ваша машына?
    — Сіняга. Сіні кадылак.
    — Мы ехалі напрасткі з Нью-Ёрка, — сказаў я.
    Хтосьці з тых, хто ехаў следам за намі, пацвердзіў мае словы, і паліцэйскі адвярнуўся.
    — Ну, як там правільна пішацца вашае прозвішча...
    Том узняў Уілсана, як ляльку, аднёс яго ў канторку, пасадзіў на крэсла і вярнуўся.
    — Хай хто-небудзь зойдзе і пасядзіць з ім! — уладна гукнуў ён. Ён пачакаў хвілю, і два мужчыны, якія стаялі бліжэй да яго, пераглянуліся і неахвотна зайшлі ў пакой. Том зачыніў за імі дзверы і сышоў
    з прыступкі, пазбягаючы позіркам варштат. Ідучы паўз мяне, ён шапнуў:
    — Выходзім.
    Самаўпэўнена і амаль па-гаспадарску ён праштурхоўваўся скрозь натоўп, мы ціснуліся за ім ззаду, міма нас з валізкай у руках праскочыў доктар, па якога, невядома на што спадзяваючыся, паслалі паўгадзіны таму.
    Да павароту Том ехаў павольна, а за ім уціснуў педаль газу да канца, і мы рванулі ў цемру ночы. Неўзабаве я пачуў ціхі хрыплы ўсхліп і ўбачыў, як па Томавым твары ліліся слёзы.
    — Кляты баязлівец! — скавытаў ён. — Нават не прыпыніўся!
    Дом Б’юкэнанаў раптам выплыў нам насустрач праз цёмныя шапаткія дрэвы. Том спыніў машыну перад верандай і ўзняў позірк на другі паверх, дзе між вінаградных лоз свяціліся два акны.
    — Дэйзі дома, — сказаў ён. Мы выйшлі з машыны, ён глянуў на мяне і злёгку насупіўся. — Трэба было падкінуць цябе да Вэст-Эга, Ніку. Сёння мы ўсё адно нічога не зладзім.
    Яго нібы падмянілі — ён гаварыў разважліва і рашуча. Пакуль мы ішлі залітай месячным святлом жвіровай дарожкай да веранды, Том коратка, абрывіста распарадзіўся:
    — Я выклічу табе таксі дадому. Пакуль машына пад’едзе, можаш пайсці з Джордан на кухню і загадаць прынесці вячэру. Калі хочаце, — ён адчыніў дзверы. — Заходзьце.
    — He, дзякуй. Проста замоў таксі, калі ласка. Я пачакаю на дварэ.
    Джордан паклала далонь мне на плячо.
    — Ніку, ты не зойдзеш?
    — He, дзякую.
    Я пачуваўся крыху ніякавата і хацеў пабыць на самоце. 3 хвілю Джордан памарудзіла.
    — Яшчэ толькі палова на дзясятую, — сказала яна.
    Діха на мяне, калі я зайду! За дзень мне абрыдзела не толькі таварыства Б’юкэнанаў, але нечакана для мяне — і Джордан. Пэўна, яна прачытала нешта падобнае на маім твары, таму рэзка развярнулася, узбегла па сходах на тэрасу і знікла ў доме. Я праседзеў колькі хвілін, ашчаперыўшы рукамі скроні, пакуль не пачуў з дома голас лёкая, які выклікаў па тэлефоне таксі. Тады я памалу паклыпаў дарожкай ад дома, вырашыўшы пачакаць таксі ля брамы.
    Я не прайшоў і дваццаці крокаў, як нехта паклікаў мяне па імю, і на дарожку між кустамі выйшаў Гэтсбі. Пэўна, я быў тады зусім разгублены, таму што ў галаве засела толькі адна думка: як прыгожа ззяе пад месячным святлом ягоны ружовы гарнітур.
    — Што вы тут робіце? — спытаў я.
    — Нічога, дружа. Проста стаю.
    Чамусьці гэты занятак падаўся мне нікчэмным. Адкуль было ведаць, што праз імгненне ён не кінецца рабаваць дом? Я б не здзівіўся, калі б у цёмным кустоўі за ім мільганулі злосныя твары «людзей Вулфшайма».
    — Вы што-небудзь бачылі ў дарозе? — праз хвіліну спытаў ён.
    — Так.
    Ён вагаўся.
    — Забітая?
    — Так.
    — Я так і думаў; і Дэйзі так сказаў. Ёй лепей адразу пра ўсё даведацца. Шок яна перанесла даволі добра.
    Ён гаварыў так, быццам адзіна важным было толькі тое, як Дэйзі ўсе перажыла.
    — Да Вэст-Эга я дабраўся кружнымі дарогамі, — працягнуў ён, — і пакінуў машыну ў сваім гаражы. Здаецца, нас ніхто не ўбачыў, але, вядома, магу памыляцца.
    Раптам я адчуў да яго такую непрыязь, што нават не сказаў, што ён не мае рацыі.
    — Хто была тая жанчына? — спытаў ён.
    — Яе прозвішча Ўілсан. Жонка ўладальніка гаража. Д’ябал, як гэта здарылася?
    — Ведаеце, я не паспеў перахапіць стырно... — ён замоўк, і раптам я ўсё зразумеў.
    — За стырном была Дэйзі?
    — Так, — памарудзіўшы, адказаў ён, — але я, вядома, усё вазьму на сябе. Разумееце, калі мы выехалі з Нью-Ёрка, яна вельмі нервавалася і думала, што за стырном супакоіцца, а тая жанчына выбегла на нас акурат тады, калі мы разміналіся з машынай, якая ехала насустрач. Усё здарылася ў адно імгненне, мне ж здалося, што тая жанчына прыняла нас за сваіх знаёмых і хоча нам нешта сказаць. Спачатку Дэйзі вільнула ўбок ад яе, а тут машына ідзе насустрач, і яна разгубілася і крутанула назад. Толькі я схапіў стырно, як адчуў удар — напэўна, яе забіла на месцы.
    — Яе парвала на кавалкі...
    — He трэба далей, дружа, — яго перасмыкнула. — Потым Дэйзі націснула на газ. Я папрасіў яе спыніцца, але яна не магла, тады я пацягнуў ручны тормаз. I яна панікла мне на калені, і далей павёў ужо я, — ён памаўчаў. — Заўтра ёй будзе лепей. А я проста пачакаю тут і пагляджу: што, калі ён пачне дакараць яе за ўсё, што адбылося? Яна зачынілася ў сваім пакоі, і калі ён паспрабуе зрабіць што-небудзь кепскае, то яна падасць сігнал святлом — выключыць і зноў уключыць.
    — Ён не будзе яе чапаць, — сказаў я. — У яго цяпер іншае на думцы.
    — Я не давяраю яму, дружа.
    — I колькі вы збіраецеся тут прастаяць?
    — Калі спатрэбіцца, то ўсю ноч. Прынамсі пакуль яны ўсе не лягуць спаць.