• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    мяне ахапіла пачуццё нязгоды і пагарды, і гэтае пачуццё яднала нас з Гэтсбі — супраць усіх.
    «Шаноўны містар Караўэй. Ніколі ў жыцці я не адчуваў цяжэйшага ўдару, я ніяк не магу паверыць, што гэтаўсё праўда. Вар’яцтва, якое ўчыніў той чалавек, прымушае ўсіх нас задумацца. Я не магу прыехаць зараз, мяне трымаюць вельмі важныя справы, і я не магу ўблытвацца яшчэ іў гэтую гісторыю. Калі з майго боку трэба будзе зрабіць што-небудзь пазней, паведаміце мне лістом праз Эдгара. Ад падобных рэчаў у мяне губляюцца думкі, і я цалкам выбіты з каляіны.
    Шчыра ваш, Маер Вулфшайм»
    А ўнізе хуткай рукой дапісана:
    «Прашу паведаміць, калі будзе пахаванне і г. д., з ягонае сям’і нікога не знаю».
    Калі па абедзе зазваніў тэлефон і міжгародняя лінія сказала, што выклікаюць з Чыкага, я быў падумаў: вось нарэшце і Дэйзі. Але ў слухаўцы, як аднекуль здалёк, пачуўся танклявы мужчынскі голас.
    — Гэта Слэгл...
    — Слухаю, — прозвішча было мне незнаёмае.
    — Вось табе і маеш, га? Тэлеграму атрымаў?
    — Ніякіх тэлеграм не прыходзіла.
    — Малы Парк усё ж папаліўся, — залапатаў Слэгл. — Падлавілі, калі ён здаваў акцыі ў касу. Акурат за пяць хвілін да таго ім прабілі з Нью-Ёрка ўсе нумары. Што тут скажаш, га? Ніколі не ведаеш, як што пойдзе ў гэтым захалусці...
    — Алё! Алё! — мне ледзь хапіла дыхання, каб яго перапыніць. — Паслухайце, вы гаворыце не з містарам Гэтсбі. Містар Гэтсбі памёр.
    На тым канцы запанавала доўгая цішыня, пачуўся ўсхваляваны вокліч... потым рэзка затрашчала, і злучэнне абарвалася.
    Калі не памыляюся, на трэці дзень з нейкага горада ў Мінесоце прыйшла тэлеграма за подпісам Генры К. Гэтца. Адпраўнік пісаў, што ён неадкладна выязджае, і прасіў затрымаць пахаванне да ягонага прыбыцця.
    Гэта быў бацька Гэтсбі — пануры стары, прыгнечаны ўласнай бездапаможнасцю, які нягледзячы на вераснёўскае цяпло хутаўся ў доўгае таннае паліто. Ад хвалявання ягоныя вочы ўвесь час слязіліся, а калі я ўзяў з ягоных рук сакваяж і парасон, ён пачаў тузаць сябе за сівую бародку, ды так упарта, што я насілу зняў з яго паліто. Ён быў на мяжы нервовага зрыву, таму я завёў яго ў музычны салон, усадзіў там і папрасіў слугу прынесці чаго-небудзь
    з’есці. Есці ён не захацеў, а рукі ягоныя трэсліся так моцна, што малако выплюхвалася са шклянкі.
    — Я даведаўся з чыкагскае газеты, — сказаў ён. — У Чыкага ўсе газеты пра гэта пісалі. Я выехаў адразу ж.
    — Я не ведаў, як з вамі звязацца.
    Яго вочы, нічога не заўважаючы, бегалі па пакоі.
    — Гэта зрабіў вар’ят, — сказаў ён. — Мусіць, ён зусім звар’яцеў.
    — Можа, прынесці кавы? — прапанаваў я.
    — Я нічога не хачу. У мяне ўсё добра, містар...
    — Караўэй.
    — У мяне ўсе добра, сапраўды. Дзе Джымі?
    Я правёў старога ў гасцёўню, дзе ляжаў ягоны сын, і пакінуў там. Пара хлопчыкаў узбеглі на тэрасу і ўсё зазіралі ў залу; я сказаў ім, хто прыехаў, яны неахвотна развярнуліся і сышлі.
    Неўзабаве містар Гэтц адчыніў дзверы гасцёўні і выйшаў, рот ягоны быў растулены, твар злёгку расчырванелы, з вачэй бязладна цяклі скупыя слёзы. Ён ужо даўно сягнуў таго веку, у якім смерць перастае быць жахлівай нечаканасцю, і калі ён, упершыню разгледзеўшыся навокал, убачыў шыкоўную прастору залы і велічныя пакоі, якія адкрываліся з яе, да ягонага гора пачало дамешвацца пачуццё паважнае гордасці. Я правёў яго ў спальню наверсе; пакуль ён здымаў пінжак і камізэльку, я сказаў, што падрыхтоўка была адкладзена да ягонага прыезду.
    — Я не ведаў, якія будуць вашыя жаданні, містар Гэтсбі...
    — Маё прозвішча Гэтц.
    ...містар Гэтц. Я думаў, можа, вы захочаце адвезці цела на Захад.
    Ён пахітаў галавой.
    — Джымі заўжды болей падабалася тут, на Усходзе. Тут ён усяго дамогся. Вы былі сябрам майго хлопчыка, містар?..
    — Мы былі блізкімі сябрамі.
    — Ведаеце, наперадзе яго чакала светлая будучыня. Ён быў яшчэ малады, але глуздоў у яго хапала.
    Ён шматзначна пастукаў пальцам ля скроні, я хітнуў.
    — Каб не загінуў, ён стаў бы вялікім чалавекам. Такім, як Джэймс Дж. Хіл. Колькі б ён яшчэ зрабіў для краіны!
    — Гэта праўда, — з няёмкасцю ў голасе прамовіў я.
    Ён скамячыў расшытую коўдру, пакуль сцягваў яе з ложка. Потым кулём упаў на яго і вокамгненна заснуў.
    Тым вечарам патэлефанаваў нейкі яўна перапалоханы чалавек і, перш чым назвацца, запатрабаваў, каб я сказаў яму, з кім ён гаворыць.
    — Вы гаворыце з Караўэем, — сказаў я.
    — A... — ён з палёгкай уздыхнуў. — А гэта Кліпспрынгер.
    Я таксама адчуў палёгку, бо гэта давала надзею на тое, што на пахаванне Гэтсбі прыйдзе яшчэ адзін сябар. Я не даваў паведамлення ў газету, бо не хацеў, каб ля магілы Гэтсбі тоўпілася процьма разявак, а таму сам абзваніў некалькіх знаёмых. Знайсці іх было справай не з лёгкіх.
    — Пахаванне заўтра, — сказаў я. — А трэцяй гадзіне, тут. I калі ласка, перадайце ўсім, хто захоча прыехаць.
    — Так, вядома, перадам, — спехам гукнуў ён. — Наўрад ці я кагось убачу, але калі ўбачу, то абавязкова перадам.
    Ягоны тон насцярожыў мяне.
    — Але ж вы самі, вядома, прыедзеце.
    — Я пастараюся. Але званю я з іншае прычыны, я хацеў бы...
    — Хвілінку, — перапыніў я. — Дык вы прыедзеце ці не? Скажыце.
    — Ведаеце, рэч у тым... кажучы праўду, я спыніўся тут у знаёмых у Грынічы, і яны разлічваюць на мяне заўтра. Тут у іх пікнік ці нешта падобнае. Вядома, я зраблю ўсё, каб вырвацца.
    У мяне міжволі вырвалася «Гм!», і ён, мусіць, пачуў, бо далей павёў ужо нервова:
    — Уласна кажучы, я званю наконт чаравікаў, якія я забыў там. Вам жа не будзе цяжка папрасіць лёкая выслаць іх мне? Разумееце, гэта тэнісныя чаравікі, і без іх я проста нікуды. Няхай вышле іх па адрасе містара Б. Ф...
    Канец прозвішча я не дачуў, бо павесіў слухаўку.
    А потым я адчуў і сорам за Гэтсбі — адзін джэнтльмен, якому я патэлефанаваў, намякнуў мне, што Гэтсбі атрымаў па заслугах. Трэба прызнаць, тут была і мая віна — гэты джэнтльмен заўжды адпускаў у бок Гэтсбі горкія кпіны, папіваючы ягонае віно, і мне не варта было яму званіць.
    Раніцай перад пахаваннем я паехаў у Нью-Ёрк да Маера Вулфшайма, бо не бачыў іншага спосабу звязацца з ім. Ліфцёр паказаў мне дарогу да дзвярэй, на якіх вісела шыльдачка «Акцыянернае таварыства “Свастыка”». Я адчыніў іх і ўвайшоў. Спачатку мне падалося, што ўсярэдзіне нікога няма. Але калі я некалькі разоў гукнуў «Ці ёсць тут хто?», за перагародкай пачулася гучная валтузня, і з унутраных дзвярэй выйшла прыгожанькая габрэйка і змерыла мяне непрыязным чарнавокім позіркам.
    — Нікога няма, — сказала яна. — Містар Вулфшайм паехаў у Чыкага.
    Прынамсі першая палова яе адказу была няпраўдай, бо за перагародкай нехта пачаў фальшыва насвістваць «У садзе ў ружовым».
    — Калі ласка, перадайце містару Вулфшайму, што да яго прыйшоў містар Караўэй.
    — Мне вам што — з Чыкага яго прывезці?
    У гэтае імгненне з-за перагародкі гукнулі: «Стэла!» Голас быў несумненна Вулфшаймаў.
    — Пакіньце вашую картку на стале, паспяшалася дадаць яна. — Калі ён вернецца, я ўсё яму перадам.
    — Дык ён жа тут.
    Абурана ўпёршы рукі ў бакі, яна падступіла да мяне і завяла:
    — Што за моладзь пайшла! Ломяцца і ломяцца! У знакі ўжо даяцеся! Сказала ж — ён у Чыкага. У Чыкага!
    Я назваў імя Гэтсбі.
    — О-о! — яна зноў на мяне паглядзела. — Тады вы... Як, вы там казалі, вашае прозвішча?
    Яна знікла. Праз імгненне ў дзвярах з’явіўся Маер Вулфшайм, скрушліва цягнучы да мяне рукі. Ён завёў мяне ў свой кабінет, усхвалявана заўважыў, што для ўсіх нас настала тужлівая часіна, і прапанаваў мне сігару.
    — Я ўсё згадваю той дзень, калі мы з ім упершыню сустрэліся, — сказаў ён. — Малады маёр, толькі
    што з войска, грудзі ўвешаныя франтавымі медалямі. Hi цэнта ў кішэнях, мусіў насіць свой мундзір, бо не меў за што купіць цывільнае адзенне. Упершыню я ўбачыў яго ў більярднай Уайнбрэнэра на Сорак трэцяй вуліцы — ён зайшоў туды ў пошуках працы. Ужо колькі дзён ён нічога не еў. «Хадзем, паабедаем», — сказаў я тады яму. За паўгадзіны ён умяў ежы больш чым на чатыры долары!
    — Вы дапамаглі яму стаць на ногі? — спытаў я.
    — Дапамог? Ды ён абавязаны мне ўсім!
    — Гм...
    — Я выцягнуў яго з нікчэмства, у прамым сэнсе — са сцёкавае канавы. Я толькі раз на яго глянуў: такі ладны выхаваны хлопец, а калі ён яшчэ сказаў, што скончыў Огсфард, я адразу падумаў сабе: «Ён будзе табе карысны». Па маім наказе ён уступіў у Амерыканскі легіён і даволі хутка там прасунуўся. I работка яму адразу знайшлася — у аднаго майго кліента ў Олбані. Мы з ім ва ўсім заўсёды былі разам... — ён узняў два пухлыя пальцы. — Як пальцы на руцэ.
    Цікава, падумаў я, а якое дачыненне мае іхняя супраца да тае аферы на бейсбольным чэмпіянаце дзевятнаццатага года? Крыху памаўчаўшы, я сказаў:
    — А цяпер ён памёр. Вы былі такім блізкім ягоным сябрам і, вядома, прыйдзеце сёння на пахаванне.
    — Хацелася б.
    — Ну дык прыходзьце.
    Валасы ў ягоных ноздрах таргануліся, на вочы набеглі слёзы, і ён закруціў галавой.
    — Я не магу... мне нельга залазіць у гэтую справу, — сказаў ён.
    — Залазіць? Куды? Усё ўжо скончана.
    — Калі даходзіць да забойства, то я ў такія справы не лезу. Трымаюся збоку. У маладосці ўсё было не так — калі ў мяне паміраў сябар, няважна як, я заставаўся з ім да канца. Можа, вам гэта здасца сентыментальным, але ўсё так і было — да самага канца.
    Зразумеўшы, што з нейкае свае прычыны ён вырашыў на пахаванне не ісці, я ўстаў.
    — Вы канчалі каледж? — раптам спытаў ён.
    На імгненне мне падумалася, што зараз ён падключыць «пошугі дзелавыг сувязей», але ён толькі паківаў галавой і паціснуў мне руку.
    — Зразумейце: чалавеку сяброўства патрэбна жывому, а не мёртваму, — заўважыў ён. — А як памёр, то навошта туды сунуцца.
    Калі я выйшаў з ягонае канторы, неба пацямнела, у Вэст-Эг я вярнуўся пад дробным дажджом. Я пераапрануўся і пайшоў да дома Гэтсбі, дзе сустрэў містара Гэтца, які ўзрушана хадзіў па зале з кута ў кут. Поўны гордасці за сына і за сынава багацце, ён хацеў нешта абавязкова мне паказаць.
    — Гэтую фотакартку прыслаў мне Джымі, — ён дрыготкімі пальцамі дастаў гаманец. — Вось, паглядзіце.
    Гэта была фатаграфія дома, надламаная на ражках, запэцканая пальцамі. Стары ўзрушана паказваў мне кожную дробязь. «Вось, паглядзіце!» I штораз заглядаў мне ў вочы, шукаючы ў іх захапленне. Відаць, ён так часта яе паказваў, што яна стала яму рэальнейшай за сам дом.