Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
Гувернантка адпусціла дзяўчынку, тая перабегла пакой і баязліва схавала тварык у складках мамінае спадніцы.
— Мой ты анёлак! На твае залатыя валосікі трапіла крышку мамінай пудры? Давай устань і скажы ўсім вітанькі.
Мы з Гэтсбі па чарзе нахіліліся і паціснулі нерашучую ручку. Гэтсбі не зводзіў з дзяўчынкі здзіўленых вачэй. Пэўна, ён да апошняга не мог паверыць у яе існаванне.
— Перад ланчам мяне прыгожа апранулі, — усхвалявана паведаміла дзяўчынка, тулячыся да маці.
— Гэта таму, што твая матуля хоча цябе паказаць, — Дэйзі занурылася тварам у маленькую складачку на белай шыйцы дзяўчынкі. — Ты ж мая мара. Адзіная мая маленечкая мара.
— Так, — спакойна пагадзілася дзіця. — А на цёці Джордан таксама белая сукенка.
— Табе падабаюцца маміны сябры? — Дэйзі развярнула дзяўчынку, каб тая магла пабачыць Гэтсбі. — Хіба яны не мілыя?
— А дзе тата?
— Яна не падобная да бацькі, — сказала Дэйзі. — Яна падобная да мяне. У яе мае валасы і авал твару.
Дэйзі адкінулася на спінку канапы. Гувернантка падышла і працягнула руку.
— Ідзём, Пэмі.
— Бывай, мая любая!
Дзяўчынка незадаволена азірнулася і, дазволіўшы гувернантцы ўзяць сябе за руку, выйшла за дзверы, акурат у тое самае імгненне, калі вярнуўся Том, несучы перад сабой чатыры джын-рыкі, над якімі высіліся горкі марожанага.
Гэтсбі ўзяў шклянку.
— На выгляд сапраўды халодна, — з непрыхаванай напружанасцю прамовіў ён.
Мы пілі доўгімі прагнымі глыткамі.
— Я недзе чытаў, што сонца з кожным годам награваецца болей і болей, — дабрадушна абазваўся Том. — I зямля быццам неўзабаве абрынецца ў сонца... а не, пачакайце... наадварот... гэта сонца з кожным годам астывае.
— Давайце выйдзем, — прапанаваў ён Гэтсбі, — хачу паказаць вам, дзе мы жывём.
Я выйшаў з імі на веранду. Па зялёнай паверхні праліва, нерухомага ад спёкі, марудна сунуўся самотны паруснік у адкрытае мора. 3 хвілю Гэтсбі праводзіў яго позіркам, потым паказаў рукой на той бок праліва.
— Я жыву акурат насупраць вас.
— Сапраўды.
Мы ўзіраліся ўдалячынь, па-над ружовымі кустамі, сасмаглым газонам і высахлымі пад пякучым сонцам водарасцямі на ўзбярэжжы. Белае крыло парусніка павольна рухалася да блакітнага халодненькага небакраю. Там далей распасціраўся хвалісты акіян з безліччу блаславёных астравоў.
— Вось гэта спорт, — Том хітнуў галавой. — Эх каб на якую гадзінку апынуцца на ягонам борце.
Ланч падалі ў сталовую, таксама зацемненую ад сонца, мы запівалі халодным элем нервовую весялосць.
— Чым зоймемся па абедзе? — выгукнула Дэйзі. — А заўтра? А ў наступныя трыццаць гадоў?
— He наганяй нуды, — сказала Джордан. — Настане восень, прыйдуць халады, і жыццё пачнецца зноў.
— Але ж цяпер так горача, — не сунімалася Дэйзі, ледзь не плачучы. — I ўсё навокал стала дагары нагамі. Паедзем жа ў горад!
Яе голас насілу прабіваўся скрозь духату, спрабуючы надаць ёй хоць каліўца пэўнасці.
— Перарабіць стайню ў гараж, такое я чуў, — звярнуўся Том да Гэтсбі, — але я — першы, хто перарабіў гараж у стайню.
— Хто хоча паехаць у горад? — упарцілася Дэйзі далей. Гэтсбі звёў на яе вочы. — Ай! — усклікнула яна. — Вы такі халодны.
Іхнія позіркі сустрэліся, яны ўтаропіліся адно ў аднаго, нібы ў сусвеце больш нікога не існавала. Дэйзі праз сілу апусціла позірк на стол.
— Вы заўсёды такі халодны, — паўтарыла яна.
Яна прызналася яму ў каханні, і Том Б’юкэнан раптам гэта зразумеў. Яму адняло мову. Ягоны рот растуліўся, ён паглядзеў на Гэтсбі, потым зноў на Дэйзі, нібы толькі цяпер пазнаў у ёй нейкую дужа старую знаёмую.
— Ты нагадваеш мне мужчыну з рэкламы, — нявінна працягвала Дэйзі. — Ты ж ведаеш, з рэкламы, якая...
— Добра, — хапатліва ўставіў Том, — страх як захацелася ў горад. Усё. Едзем у горад.
Ён устаў, перабягаючы вачыма то на жонку, то на Гэтсбі. Ніхто не варухнуўся.
— Ну! Едзем! — ён ледзь стрымліваўся. — Што здарылася? Калі едзем у горад, то выпраўляемся зараз жа.
Рукой, якая ажно трымцела ад напружання, ён паднёс да вуснаў шклянку з рэшткамі элю. Голас Дэйзі падняў нас з-за стала, і мы выйшлі на пякучы жвір двара.
— Мы так зараз і паедзем? — запярэчыла яна. — Вось так раптам? А можна каму-небудзь спярша выкурыць цыгарэтку?
— Мы накурыліся за сталом.
— Ай, ну не будзь такім, — упрошвала яна. — Спрачацца — і ў такую спёку?
Ён нічога не адказаў.
— Ну як сабе хочаш, — сказала яна. — Хадзем, Джордан.
Яны пайшлі наверх, каб падрыхтавацца, а мы ўтрох стаялі, пераступаючы з нагі на нагу на гарачым жвіры. Срэбны серп месяца ўжо выплыў на захадзе. Гэтсбі хацеў быў нешта сказаць, але перадумаў. Тут Том развярнуўся і ўпіўся ў яго пільным позіркам.
— Вашыя стайні недзе тут? — выціснуў з сябе Гэтсбі.
— 3 чвэрць мілі адсюль.
— А-а.
Паўза.
— Розуму не дабяру, навошта зараз ехаць у горад, — узарваўся Том. — Да такога толькі жанчыны могуць дадумацца...
— Узяць чаго-небудзь выпіць? — гукнула Дэйзі зверху, з акна.
— Я вазьму віскі, — адказаў Том і зайшоў у дом.
Гэтсбі як па камандзе павярнуўся да мяне.
— Дружа, я і слова не магу вымавіць у ягоным доме.
— У Дэйзі нясціплы голас, — заўважыў я. — У ім чуецца... — я задумаўся.
— У ім чуецца звон грошай, — раптам прамовіў ён.
Сапраўды. Толькі цяпер я сцяміў. Звон грошай — вось што бясконца вабіла ў яе голасе, вось тая кімвальная песня, якая ўкліньвалася ў ягоныя пералівы... Залатакосая каралеўна ў высокім белым палацы...
Том выйшаў з дома, па дарозе загортваючы ў ручнік вялікую пляшку віскі. За ім выйшлі Дэйзі і Джордан у маленькіх цесных капялюшыках з бліскучай матэрыі, цераз руку яны перакінулі лёгкія накідкі.
— Можа, паедзем у маёй машыне? — прапанаваў Гэтсбі. Ён правёў рукой па гарачай зялёнай скуры сядзення. — Трэба было паставіць яе ў зацень.
— Каробка хуткасцей звычайная? — запытаў Том.
— Так.
— Тады вазьміце маю машыну, а я павяду вашу.
Гэтсбі гэтая прапанова не спадабалася.
— Здаецца, бензіну ў ёй малавата, — заўважыў ён.
— Да горада хопіць, — рашуча адказаў Том і паглядзеў на датчык паліва. — А калі скончыцца, то я прыпынюся ля аптэкі. Сёння ў аптэках чаго толькі не купіш.
Пасля гэтае быццам бы наіўнае заўвагі запанавала маўчанне. Дэйзі насупіла бровы і глянула на Тома, па твары Гэтсбі прабег дзіўны выраз — нязвычны і адначасна няўлоўна знаёмы, нібыта нехта апісваў мне яго калісьці.
— Хадзем, Дэйзі, — сказаў Том і падштурхнуў яе да аўтамабіля Гэтсбі. — Пакатаемся ў гэтым цыркавым фургоне.
Ён адчыніў дзверцы, але Дэйзі выслізнула з-пад ягонае рукі.
— Вазьмі Ніка і Джордан. А мы паедзем за вамі ў гэтай машыне.
Яна падышла да Гэтсбі і кранула рукой ягоны рукаў. Том, Джордан і я селі на пярэднім сядзенні машыны Гэтсбі. Том паглядзеў, як пераключаць перадачы, мы ірванулі ў гнятлівую спёку, і Гэтсбі з Дэйзі зніклі з далягляду.
— Бачылі? — спытаў Том.
— Бачылі што?
Ён працяў мяне позіркам і толькі цяпер зразумеў, што мы з Джордан даўно пра ўсё ведаем.
— Па-вашаму, я такі дурны? — спытаў ён. — А калі і так, то я маю... назавём гэта нюхам на пэўныя рэчы, і часам ён падказвае мне, што рабіць. Хочаце — верце, хочаце — не, але навука...
Ён замоўк. Неадкладныя справы раптам нагадалі яму пра сябе, вярнуўшы з краю прорвы абстрактных разваг.
— Я тут трошкі разведаў пра гэтага браточка, — працягнуў ён. — Я б капнуў глыбей, каб ведаў...
— Ты што, хадзіў да экстрасэнса? — хмыкнула Джордан, і мы засмяяліся.
— Што? — ён збянтэжана ў нас утаропіўся. — Да экстрасэнса?
— Наконт Гэтсбі.
— Наконт Гэтсбі? Нікуды я не хадзіў. Я ж кажу: я разведаў у сяго-таго пра ягонае мінулае.
— Пра тое, што ён вучыўся ў Оксфардзе, — прыйшла яму на дапамогу Джордан.
— Ага, у Оксфардзе! — скептычна гукнуў Том. — Які, к чорту, Оксфард?! На ім жа ружовы гарнітур.
— Але ўсё ж-ткі.
— Калі Оксфард, то той, што ў Нью-Мексіка, — пагардліва чмыхнуў Том, — ці недзе яшчэ.
— Слухай, Томе, — адрэзала Джордан, — калі ты такі сноб, то навошта тады запрасіў яго на ланч?
— Гэта Дэйзі яго запрасіла; яна пазнаёмілася з ім яшчэ да вяселля — аднаму богу вядома дзе!
Хмель ад выпітага элю пачаў выветрывацца, пакідаючы пасля сябе толькі раздражненне, і, ахопленыя гэтым пачуццём, мы пэўны час ехалі моўчкі. А калі спераду паказаліся бляклыя вочы доктара Т. Дж. Эклберга, я згадаў папярэджанні Гэтсбі пра бензін.
— Да горада яшчэ хопіць, — сказаў Том.
— Але акурат вунь запраўка, — заўважыла Джордан. — Яшчэ заглухнем у такую пякельную спёку.
Том ударыў па тармазах, і, узняўшы клубы пылу, мы рэзка спыніліся пад шыльдай Уілсана. Праз хвілю з цёмнае майстэрні выйшаў сам гаспадар і ўтаропіў у машыну свае запалыя вочы.
— Бензіну! — гаркнуў Том. — Мы тут што, па-вашаму, сталі, каб краявідамі палюбавацца?
— Я захварэў, — сказаў Уілсан, не кратаючыся з месца. — Сёння ад самага ранку.
— Што з вамі?
— Я ледзь падняўся.
— Мне тады самому сябе абслужыць? — спытаў Том. — Па тэлефоне голас у вас быў даволі бадзёры.
Ўілсан насілу выйшаў з ахоўнага ценю дзвярной проймы і, цяжка дыхаючы, адкруціў вечка бака. На сонцы ягоны твар быў зусім зялёны.
— Я не хацеў турбаваць вас за абедам, — сказаў ён. — Але мне пазарэз трэба грошы, таму я хацеў спытаць, ці збіраецеся вы нешта рабіць з той старой машынай.
— А як вам гэтая? — спытаў Том. — Я купіў яе тыдзень таму.
— Прыгожая, жоўценькая, — сказаў Ўілсан, націскаючы ручку калонкі.
— Хочаце купіць яе?
— Яшчэ б не хацець, -— слаба ўсміхнуўся Уілсан. — Але на той, старой, я мог бы троху зарабіць.
— Навошта вам так знянацку спатрэбіліся грошы?
— Засядзеўся я тут. Хочацца ўжо некуды з’ехаць. Хочам з жонкай падацца на захад.
— I вашая жонка хоча? — агаломшана ўсклікнуў Том.
— Яна дзесяць гадоў ні пра што іншае не гаворыць, — на хвілю ён прыхіліўся спінай да бензакалонкі, схаваўшы галаву ў цень. — Цяперака яна ў мяне паедзе, хоча таго ці не. Я звязу яе адгэтуль.
Міма нас, узняўшы хмару пылу, пранеслася Томава машына, чыясьці рука паспела нам махнуць.
— Колькі з мяне? — рэзка спытаў Том.
— Пару дзён таму я пачуў пра яе адну забаўную рэч, — заўважыў Уілсан. — Таму я і захацеў з’ехаць. Таму я і даймаю вас той машынай.
— Колькі з мяне?
— Долар дваццаць.
Бязлітасная духата прытупляла думкі. Якой жа цяжкай здалася тая хвіліна, перш чым я сцяміў, што Ўілсанавы падазрэнні яшчэ не прыпалі на Тома. Ўілсан высветліў толькі, што Міртл вядзе двайное жыццё, прыхаванае недзе ў іншым свеце, далей ад ягоных вачэй. Гэта настолькі яго агаломшыла, што ён захварэў. Я глянуў на яго, потым на Тома, які сам не меней за гадзіну таму зрабіў такое самае адкрыццё. I тут мяне азарыла: якім бы ні было паходжанне альбо разумовыя здольнасці, людзі розняцца між сабою толькі адным — яны бываюць хворыя або здаровыя. Ўілсан быў хворы, дужа хворы, і меў настолькі недаравальна вінаваты выгляд, быццам зняславіў якуюсь дзяўчыну і кінуў бядачку з дзіцём на руках.