• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    Перш чым увайсці, я ўчыніў на кухні такі вэрхал, хіба што пліту не перакуліў, але яны, пэўна, усё адно нічога не пачулі. Яны сядзелі ў процілеглых кутах канапы і глядзелі адно на аднаго так, нібы між імі ў паветры завісла нейкае пытанне, ад хвалявання не засталося ані следу. Дэйзін твар размазаўся ад слёз, і калі я ўвайшоў, яна падхапілася і пачала выціраць яго насоўкай перад люстрам. Але больш за ўсё збівала з панталыку тое, як змяніўся Гэтсбі. Ён літаральна ззяў; і хоць ні словам, ні жэстам не выдаваў свайго шчасця, ён выпраменьваў бясконцую асалоду, якая запаўняла маю маленькую гасцёўню да краёў.
    — А, вітаю, дружа, — сказаў ён так, быццам мы колькі гадоў не бачыліся. Мне ўжо здалося, што ён хоча паціснуць мне руку.
    — Дождж скончыўся.
    — Сапраўды? — сцяміўшы, што я меў на ўвазе, і ўбачыўшы, як па пакоі мільгацяць сонечныя зайчыкі, ён усміхнуўся, зусім як прадказальнік надвор’я, як ашалелы святы заступнік вечназваротнага святла, і падзяліўся з Дэйзі гэтай навіной. — Што скажаш? Дождж скончыўся.
    — Цудоўна, Джэю, — яе голас, поўны балючай журботнай прыгажосці, проста трымцеў ад нечаканае радасці.
    — А давайце пойдзем да мяне, — прапанаваў Гэтсбі. — Я хачу паказаць Дэйзі дом.
    — Вы дакладна хочаце ўзяць мяне з сабой?
    — Анягож, дружа.
    Дэйзі пайшла наверх памыць твар — і собіла ж мне забыцца на прыстойныя ручнікі! — а мы з Гэтсбі чакалі яе ў садзе.
    — Мой жа дом прыгожы на выгляд, так? — спытаў ён. — Бачыце, як сонца грае на фасадзе.
    Я пагадзіўся, дом быў раскошны.
    — Так, — ён абводзіў позіркам фасад, кожныя закругленыя дзверы, кожную квадратную вежу. — Роўна тры гады зарабляў на яго.
    — Я думаў, што вы атрымалі грошы ў спадчыну.
    — Так, дружа, атрымаў, — механічна прамовіў ён, — але большую іхнюю частку я страціў падчас тае вялікае панікі... ваеннае панікі.
    Напэўна, ён думаў пра іншае, бо калі я запытаў у яго, чым ён займаецца, то ён адказаў: «Сваімі справамі», і толькі потым скеміў, якім недарэчным выйшаў адказ.
    — О-о, ды ўсякім-розным, — паправіўся ён. — Спачатку медыкаментамі, потым нафтай. Але цяпер ні тым і ні тым, — ён яшчэ ўважлівей глянуў на мяне. — То-бок вы перадумалі наконт мае ўчарашняе прапановы?
    Адказаць я не паспеў, бо з дому выйшла Дэйзі, і два радочкі медных гузікаў на яе сукенцы бліснулі на сонцы.
    — Вунь той гмах? — усклікнула яна, паказваючы пальцам на дом.
    — Падабаецца?
    — Я ў яго закахалася, але не магу сабе ўявіць, як ты ў ім жывеш адзін.
    — А ў мяне і дзень і ноч поўна цікавых гасцей. I ва ўсіх такія цікавыя заняткі. А бываюць яшчэ і знакамітасці.
    Мы не абралі карацейшага шляху ўздоўж праліва, а спусціліся па дарозе і ўвайшлі праз бакавую браму. Дэйзі захоплена шчабятала, любуючыся феадальным сілуэтам дома на фоне неба, цешачы-
    ся садамі, казытлівым водарам нарцысаў, пеністым водарам глогу і слівавае квецені, блякла-залацістым водарам бружмелю. Дзіўна было падымацца мармуровымі сходамі і не бачыць паўсюль усіх тых кідкіх сукенак, не было нічога чуваць, акрамя птушыных галасоў у дрэвах.
    А потым, калі мы прамінулі музычныя салоны а-ля Марыя Антуанета і залы ў стылі Рэстаўрацыі, мяне ахапіла такое пачуццё, быццам за кожнай канапай і пад кожным столікам хаваюцца госці, якім загадалі сядзець ціха і не дыхаць, пакуль мы не пройдзем міма. Гэтсбі прычыніў за намі дзверы оксфардскае бібліятэкі, і я магу паклясціся, што за імі пачуўся прывідны смех містара Савіныя Вочы.
    Мы падняліся наверх і пайшлі паўз анфіладу спалень, завешаных у ружовы і лавандавы шаўкі і ўпрыгожаных яркімі свежымі кветкамі, паўз гардэробныя, більярдныя і туалетныя пакоі з убудаванымі ваннамі, пакуль не апынуліся ў зале, дзе нейкі ўскудлачаны мужчына ў піжаме, расцягнуўшыся на падлозе, рабіў лячэбную гімнастыку для печані. Гэта быў містар Кліпспрынгер, «кватарант». Ранкам я бачыў, як ён са згаладалым выглядам бадзяўся па пляжы. Нарэшце мы дайшлі да прыватных апартаментаў Гэтсбі: спальня, ванная і кабінет у неакласічным стылі. У апошнім мы і размясціліся, з пры-
    сценнай шафы Гэтсбі дастаў бутэльку шартрэзу, і мы выпілі па кілішку.
    Ён увесь час не зводзіў позірку з Дэйзі, і мяркую, нанава ацэньваў усе свае рэчы ў доме адпаведна з тым, што чыталася ў яе каханых вачах. Часам ён здзіўлена разглядаўся навокал, быццам побач з Дэйзі, такой сапраўднай і дзівоснай, усё астатняе страчвала сваю рэальнасць. Аднаго разу ён спатыкнуўся і ледзь не паляцеў з лесвіцы.
    Ягоная спальня была самай сціплай з усіх — калі не ўлічваць несэсэр з чыстага матавага золата на століку. Дэйзі з захапленнем узяла грэбень і прыгладзіла валасы, Гэтсбі ўбачыў гэта, прысеў ля яе і, прыкрыўшы вочы даланёй, рассмяяўся.
    — Смех дый годзе, дружа, — ён быў не ў сабе ад радасці. — Я нават не... Колькі тут...
    Відаць, ён паспеў прайсці дзве стадыі і цяпер уступіў у трэцюю. Пасля збянтэжанасці, пасля нястрыманае радасці прыйшло замілаванне. Што Дэйзі побач. Ён так доўга марыў пра гэта, у драбнюткіх падрабязнасцях усё вымалёўваў і столькі чакаў, сцяўшы зубы ў неймаверна глыбокім напружанні, што цяпер у ім быццам нешта шчоўкнула і ён увесь сарваўся, зусім як перакручаная спружына ў гадзінніку.
    Праз хвіліну ён зноў узяў сябе ў рукі і адчыніў перад намі дзве вялізныя адмысловыя шафы, у якіх
    віселі ягоныя шматлікія гарнітуры, халаты і гальштукі, а кашулі ляжалі стосамі па дванаццаць штук, амаль як цэгла.
    — У мяне свой чалавек у Англіі, ён купляе мне адзенне. Штораз на пачатку сезона, увесну і ўвосень, дасылае мне новую калекцыю.
    Гэтсбі выцягнуў стос кашуль і пачаў кідаць іх перад намі адну за адной. Кашулі з чыстага льну, са шчыльнага шоўку і тонкае фланелі расхіналіся на ляту і стракатым бязладдзем усцілалі стол. Мы дзівіліся на іх, а Гэтсбі ўжо выцягнуў новы стос, і мяккая рознакаляровая кіпа расла ўсё вышэй і вышэй — кашулі ў палоску і ў клетачку, кашулі ўзорыстыя і блякла-чырвоныя, зялёныя як яблык, лавандава-ліловыя і светла-аранжавыя з манаграмамі колеру індыга. Раптам Дэйзі натужна ахнула і, занурыўшы галаву ў кашулі, зайшлася слязьмі.
    — Кашулі такія прыгожыя, — рыдала яна, і шчыльныя складкі прыглушвалі яе голас. — На душы так цяжка, бо я ніколі не бачыла такіх... такіх прыгожых кашуль.
    Пасля дома мы збіраліся яшчэ прайсціся вакол і агледзець басейн, гідраплан і сад з летнімі кветкамі, але ў шыбы зноў застукаў дождж, і мы, вышыхтаваўшыся ля акна, не зводзілі вачэй ад рабізны на паверхні праліва.
    — Каб не туман, то можна было б убачыць твой дом на тым баку, — сказаў Гэтсбі. — У вас там на канцы прычала па начах заўжды гарыць зялёны агеньчык.
    Дэйзі рэзка ўзяла яго пад руку, але ён, падавалася, быў паглынуты тым, што толькі што сказаў. Можа, ён раптам усвядоміў, што той агеньчык назаўжды страціў для яго сваё надзвычайнае значэнне. У параўнанні з той вялізнай адлегласцю, якая аддзяляла яго ад Дэйзі, гэты агеньчык падаваўся такім блізкім да яе — вось-вось да яе дакранецца. Агеньчык заўжды быў побач з ёй, як зорка каля месяца. А цяпер ён зноў стаў звычайным зялёным сігналам на прычале. I ў жыцці на адзін чароўны сімвал стала меней.
    Я троху пабадзяўся па пакоі, разглядаючы ў паўцемры невыразна акрэсленыя прадметы. Маю ўвагу прыцягнула вялікая фатаграфія мужчыны пажылога веку ў касцюме яхтсмена, якая вісела над пісьмовым сталом.
    — Хто гэта?
    — Гэта? Гэта, дружа, містар Дэн Коўдзі.
    Імя падалося мне цьмяна знаёмым.
    — Ён ужо даўно памёр. Калісьці быў маім найлепшым сябрам.
    На стале стаяў невялічкі здымак самога Гэтсбі, зроблены, калі яму, пэўна, было гадоў васямнац-
    цаць, — таксама ў касцюме яхтсмена, галава ганарліва ўскінутая.
    — Які мілы здымак! — усклікнула Дэйзі. — А чуб які! Ты ніколі не казаў, што хадзіў з такім чубам! I пра яхту ані слова!
    — Глянь лепей сюды, — змяніў тэму Гэтсбі. — Бачыш, колькі тут газетных выразак? I ўсе — пра цябе.
    Яны стаялі побач, разглядваючы выразкі. Я хацеў папрасіць, каб ён паказаў рубіны, але тут зазваніў тэлефон, і Гэтсбі зняў слухаўку.
    — Так... He, зараз я не магу гаварыць... Дружа, я не магу гаварыць... Я ж сказаў: у мястэчку... Ён што, не разумее, што такое мястэчка?.. Ну дык калі Дэтройт для яго мястэчка, то навошта нам ягоныя паслугі...
    Ён паклаў слухаўку.
    — Давай хутчэй сюды! — гукнула Дэйзі ад акна.
    Дождж яшчэ крапаў, але на захадзе хмары разышліся, і над морам паплыла ружова-залацістая пена аблокаў.
    — Глядзі, — прашаптала яна, і потым праз хвілінку: — Вось бы зараз падхапіць такое ружовае воблачка, загарнуць цябе ў яго — і рабі тады з табой што захочаш.
    Я хацеў было пайсці, але яны і чуць нічога не хацелі; мабыць, у маёй прысутнасці яны лепей адчувалі, як ім добра разам.
    — Я ведаю, чым мы зоймемся, — сказаў Гэтсбі. — Папросім Кліпспрынгера зайграць нам на раялі.
    Ен выйшаў з пакоя, гукнуў: «Юінгу!» — і неўзабаве вярнуўся, ведучы за сабою збянтэжанага, крыху стомленага маладога чалавека з рэдкімі светлымі валасамі і ў рагавых акулярах. Той быў цяпер больш-менш апрануты: спартыўнага крою саколка з адкрытым каўняром, тэнісныя чаравікі і паркалёвыя нагавіцы няпэўнага колеру.
    — Мы перашкодзілі вашым практыкаванням? — ветліва спытала Дэйзі.
    — Я спаў, — усклікнуў бясконца збянтэжаны містар Кліпспрынгер. — Вось і ўсё. Я спаў. Потым падняўся...
    — Кліпспрынгер грае на раялі, — перабіў яго Гэтсбі. — Так жа, Юінгу, дружа?
    — Я граю дрэнна. Уласна кажучы... не зусім. Я даўно не практыкав...
    — Тады хадзем уніз, — зноў перапыніў яго Гэтсбі і націснуў на выключальнік. Святло азарыла пакой, і шэрыя вокны зніклі.
    У музычным салоне Гэтсбі ўключыў толькі адну лямпу каля раяля. Ён даў Дэйзі закурыць — агонь трымцеў на запалцы — і сеў побач з ёй у дальні кут канапы, дзе цемру развейваў толькі водбліск лямп з залы на люстраным паркеце.
    Зайграўшы «Гняздзечка кахання», Кліпспрынгер развярнуўся на зэдлі і няшчаснымі вачыма пашукаў у цемры Гэтсбі.
    — Бачыце? Я даўно не практыкаваўся. Гаварыў жа, што не зайграю. Я даўно не практыкав...
    — Менш слоў, дружа. Грай! — загадаў Гэтсбі.
    «Раніцою
    Iпад вечар
    Весяліцца час...»
    За вокнамі завываў вецер, з боку праліва нёсся глухі грукат грому. У Вэст-Эгу ўжо гарэлі ўсе агні; перагружаныя электрычкі з Нью-Ёрка прабіраліся праз залеву, каб даставіць сваіх пасажыраў дадому. Гэта быў час глыбокіх змен чалавецтва, і паветра аж трымцела ад узбуджэння.