Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
— Які дзень будзе зручнейшы вам? — паспешліва паправіў ён мяне. — Разумееце, я сапраўды не хачу нарабіць вам клопату.
— Можа, паслязаўтра?
Ён хвілінку паразважаў. Потым, як нехаця, сказаў:
— Трэба загадаць падстрыгчы траву.
Мы абодва глянулі ў сад, мой занядбаны газон выразна адмяжоўваўся ад ягоных дагледжаных
угоддзяў багатага зялёнага колеру. Ува мне мільганула падазрэнне, што ён меў на ўвазе.
— Яшчэ адна дробязь, — нерашуча сказаў ён і змоўк.
— Дык тады, можа, лепей пасунуць усё на колькі дзён? — спытаў я.
— О не, тут іншае. То-бок... — ён не ведаў, з чаго пачаць. — Гм... гэта... Я тут вось пра што падумаў... гм, глядзіце, дружа, вы зарабляеце няшмат. Так?
— Так, не вельмі шмат.
Мой адказ быццам надаў яму ўпэўненасці, і ён працягнуў больш рашуча.
— Так я і думаў, прабачце... Ведаеце, дружа, я вяду адну невялічкую справу, знайшлася, так бы мовіць, на старане. I я тут падумаў: калі вы зарабляеце няшмат... Вы ж, здаецца, прадаяце аблігацыі?
— Спрабую.
— Тады вас можа зацікавіць. Часу адніме няшмат, але можна назбіраць неблагі капітал. Хоць справа досыць канфідэнцыяльная.
Цяпер я разумею: пры іншых абставінах гэтая размова магла б стаць адным з паваротных пунктаў майго жыцця. Але прапанова за паслугу, якую я мусіў аказаць, была такой відавочнай і бестактоўнай, што выбар заставаўся адзін — адмовіцца на месцы.
— Я вельмі заняты, — адказаў я. — Шчыра дзякую, але я не змагу ўзяцца яшчэ за адну працу.
— Вы не будзеце мець спраў з Вулфшаймам.
Мабыць, ён думаў, што мяне збянтэжылі згаданыя за ланчам «пошугі дзелавыг сувязей», але я запэўніў, што ён памыляецца. Ён пачакаў хвілінку, спадзяваючыся, што я працягну гутарку, але мне, зануранаму ў свае думкі, не хацелася гаварыць, таму ён неахвотна пакрочыў дадому.
Пасля вечара ў мяне яшчэ кружылася галава ад шчасця, і пераступіўшы парог, я адразу ж забыўся глыбокім сном. Таму не ведаю, ці ездзіў Гэтсбі на Коні-Айленд або колькі гадзін яшчэ «зазіраў у пакоі» свайго па-святочнаму асветленага дома. Раніцай з канторы я патэлефанаваў Дэйзі і запрасіў яе на гарбату.
— Толькі Тома з сабой не бяры, — папярэдзіў я.
— Што?
— He бяры з сабой Тома.
— Якога Тома? — нявінна спытала яна.
Ва ўмоўлены дзень выдалася сапраўдная залева. Аб адзінаццатай чалавек у дажджавіку падцягнуў газонакасілку да маіх дзвярэй, пагрукаў і паведаміў, што містар Гэтсбі прыслаў яго падстрыгчы газон. Тут я згадаў, што не папярэдзіў сваю гаспадыню-фінку, таму паехаў у мястэчка, дзе знайшоў яе сярод размоклых пабеленых дамкоў, а заадно купіў колькі кубкаў, лімоны і кветкі.
Апошнія аказаліся лішнімі, бо а другой гадзіне ад Гэтсбі прыбыла іх цэлая аранжарэя ў незлічо-
най колькасці ваз. Праз гадзіну дзверы ў дом рэзка расчыніліся, і ў пакой уляцеў Гэтсбі ў белым фланелевым гарнітуры, серабрыстай кашулі і залацістым гальштуку. Ён быў бледны, пад вачамі — цёмныя кругі ад бяссоння.
— Усё гатова? — было ягонае першае пытанне.
— Калі вы пра газон, то ён выглядае цудоўна.
— Які газон? — не зразумеў ён. — А, вы пра сад, — ён глянуў у акно, але, мяркуючы з выразу ягонага твару, наўрад ці нешта ўбачыў. — Выглядае вельмі добра, — разгублена заўважыў ён. — У нейкай газеце пісалі, што дождж скончыцца недзе а чацвёртай. Здаецца, у «Джорнале». А ў вас ёсць усё патрэбнае да... да гарбаты?
Я завёў яго ў кухню, дзе ён акінуў фінку крыху дакорлівым позіркам. Потым мы з усіх бакоў агледзелі тузін кавалкаў лімоннага торта з кандытэрыі.
— Хопіць? — спытаў я.
— Канешне, канешне! Выдатна! — і безуважна дадаў: — Дружа.
А палове на чацвёртую дождж суцішыўся і перарос у волкую смугу, у якой дзе-нідзе плавалі танюткія, як расінкі, кроплі. Гэтсбі невідушчымі вачыма прагледзеў асобнік «Эканомікі» Клэя, уздрыгваючы штораз, калі пад цяжкімі крокамі фінкі хадзілі хадуном маснічыны ў кухні. Зрэдчас ён назіркам паглядаў у затуманеныя вокны, нібы знадворку адбыва-
лася чарада нябачных трывожных падзей. Раптам ён падняўся і нерашучым голасам абвясціў, што ідзе дадому.
— Чаму гэта?
— Ніхто не прыйдзе на гарбату. Запозна ўжо! — ён зірнуў на гадзіннік з такім выглядам, быццам яго недзе чакаюць тэрміновыя справы. — He чакаць жа мне тут увесь дзень.
— Што за глупства. Яшчэ толькі без дзвюх хвілін чацвёртая.
Ён — гаротны і быццам пад прымусам — сеў на месца, у тое ж імгненне за акном завуркатаў рухавік аўтамабіля, які заварочваў да майго дома. Мы абодва падхапіліся на ногі, і я, сам ужо даволі ўсхваляваны, выйшаў на двор.
3-за мокрых дрэўцаў бэзу да нас выруліў вялізны адкрыты аўтамабіль. Калі ён спыніўся, з-пад трохкутнага лавандавага капялюшыка, ссунутага набакір, вызірнуў асвечаны задаволенай усмешкай Дэйзін твар.
— Тут ты і кватаруеш, мой даражэнькі?
У дождж яе голас прамяніўся няўрымслівай свежасцю і мілагучнасцю. Спачатку мой слых улоўліваў толькі гэтыя меладычныя ноткі — то высокія, то нізкія, — словы даходзілі да мяне пасля. Мокрая пасмачка валасоў залягла на яе шчацэ, не раўнуючы як мазок сіняе фарбы, кроплі дажджу паблісквалі на яе руцэ, якую яна падала мне, выходзячы з машыны.
— Няўжо ты ў мяне закахаўся? — шапнула яна мне на вуха. — Навошта яшчэ мне ехаць да цябе адной?
— Гэта таямніца дома Ашэраў. Скажы шафёру, каб з’ехаў куды на гадзінку.
— Фердзі, вяртайцеся за мной праз гадзіну, — і мне сур’ёзным прышэптам: — Яго клічуць Фердзі.
— Ці ўядаецца бензін яму ў нос?
—Здаецца, не, — прастадушна адказала яна. — А што такое?
Мы зайшлі ў дом. На маё бязмежнае здзіўленне гасцёўня была пустая.
— Смех дый годзе! — усклікнуў я.
— Што смешнага?
У дзверы ціха і стрымана пагрукалі, яна азірнулася. Я пайшоў адчыняць. Гэтсбі — бледны як смерць, рукі, бы свінцом налітыя, хаваліся ў кішэнях пінжака — стаяў у калюжыне і таропіўся ў мяне тужлівымі вачыма.
He вымаючы рук з кішэняў, ён пракрочыў міма мяне ў вітальню, рэзка, быццам заведзеная лялька, павярнуў і знік у гасцёўні. Нясмешна ні на каліўца. Біццё сэрца гучна аддавалася ўвушшу, я зачыніў дзверы: дождж узмацніўся.
3 хвіліну стаяла поўная цішыня. Потым з гасцёўні пачулася прыглушанае мармытанне, кароткі смяшок, а за імі да ненатуральнасці выразны голас Дэйзі:
— Мне сапраўды так прыемна бачыць вас зноў.
Маўчанне, жахлівае, зацягнутае. Таптацца далей у вітальні не мела сэнсу, таму я зайшоў у гасцёўню.
Гэтсбі — рукі ўсё яшчэ ў кішэнях — стаяў, абапёршыся на камінную паліцу і сілячыся надаць сабе нязмушанага ці нават знуджанага выгляду. Ён адхіліўся так далёка, што крануў патыліцай цыферблат зламанага каміннага гадзінніка. У такой nose ён уперыў ашалелыя вочы ў Дэйзі, якая, крыху зляканая, але па-ранейшаму поўная грацыі, сядзела на крайку крэсла.
— Мы знаёмыя, — прамармытаў Гэтсбі. Ён змерыў мяне кароткім позіркам, вусны яго разамкнуліся ў марнай спробе ўсміхнуцца. I тут, на шчасце, гадзіннік за ягонай галавой небяспечна нахіліўся, Гэтсбі рэзка развярнуўся, злавіў яго дрыготкімі пальцамі і паставіў на месца. Выпрастаў спіну і сеў на канапу, прымасціўшы локаць на більца і падпёршы падбароддзе далонню.
— Даруйце, што я так з гадзіннікам, — сказаў ён.
Мой твар заліўся палымянай трапічнай чырванню. У галаве круціліся тысячы банальных тэм для размовы, за ніводную з якіх не было як зачапіцца.
— Гэта стары гадзіннік, — па-ідыёцку сказаў я.
Думаю, на імгненне ўсе паверылі, што ён упаў на падлогу і ўшчэнт разбіўся.
— Мы не бачыліся шмат гадоў, — як мага больш дзелавіта сказала Дэйзі.
— У лістападзе будзе пяць.
Гэты адказ Гэтсбі прагучаў настолькі аўтаматычна, што нам заняло мову прынамсі яшчэ на хвіліну. 3 роспачы я папрасіў дапамагчы мне ў кухні прыгатаваць гарбату і ўжо быў падняў усіх на ногі, як чортава фінка ўнесла гарбату на падносе.
Доўгачаканая сумятня вакол кубачкаў і торта вярнула былое самавалоданне. Мы з Дэйзі бавіліся размовай, Гэтсбі сеў у цёмны куток, адкуль кідаў то на мяне, то на яе напружаны няшчасны позірк. Гэтай цішыні, падавалася, не будзе канца, таму я з першае ж нагоды падняўся і папрасіў прабачэння.
— Куды вы? — Гэтсбі вокамгненна занепакоіўся.
— Я зараз вярнуся.
— Пакуль вы тут, я хацеў вам нешта сказаць, — ён выскачыў за мной у кухню, прычыніў дзверы і жаласліва прашаптаў: — О божа!
— Што здарылася?
— Гэта жахлівая памылка, — закруціў ён галавой, — жахлівая, жахлівая памылка.
— Вы проста разгубіліся, вось і ўсё, — адказаў я і, на шчасце, дадаў: — Дэйзі таксама разгубілася.
— Разгубілася? — недаверліва перапытаў ён.
— Гэтаксама, як і вы.
— He гаварыце так гучна.
— Вы паводзіцеся як маленькі хлопчык, — не вытрымаў я. — Болей за тое, вы яшчэ і няветлівы — пакінулі Дэйзі там адну-адзінюткую.
Ён даў мне знак, каб я спыніў сваю прамову, потым акінуў мяне такім дакорлівым позіркам, які мне павек не забыць, асцярожна адчыніў дзверы і рушыў у гасцёўню.
Я выйшаў праз чорны ход — зусім як Гэтсбі гадзіну таму, калі хваляванне прымусіла яго абабегчы вакол дома, — і паспяшаўся пад магутнае чорнае пакручастае дрэва з густой кронай, якая надзейна бараніла ад дажджу. Паліло яшчэ мацней, і мой няроўны газон, старанна падстрыжаны садоўнікам Гэтсбі, запоўніўся бруднымі балотцамі і дагістарычнай багнай. 3-пад дрэва не было відаць нічога цікавага, толькі вялізны дом Гэтсбі; недзе з паўгадзіны я разглядваў яго, не раўнуючы як Кант свой саборны шпіль. Дзесяцігоддзе таму адзін натхнёны павевам пераменлівае моды півавар збудаваў гэты асабняк; казалі, быццам ён дамовіўся з суседзямі сплачваць іхнія падаткі на працягу пяці гадоў, абы толькі яны накрылі стрэхі сваіх дамоў саломай. Яны адмовіліся і тым самым, магчыма, сапсавалі ўсе ягоныя намеры заснаваць дынастыю — у кожным выпадку, гэта адразу адбілася на ягоным здароўі. 3 дзвярэй яшчэ не знялі чорны жалобны вянок, як ягоныя дзеці прадалі дом. Хоць амерыканцы часам і хочуць быць
рабамі, аднак яны нізавошта не пагодзяцца з тым, каб іх палічылі сялянамі.
Праз паўгадзіны зноў выглянула сонца, і на двор Гэтсбі пад’ехала машына з вячэрай для слуг — сам гаспадар, пэўна, да ежы сёння не дакранецца. Пакаёўка расчыніла зверху вокны, на імгненне з’явілася ў кожным з іх, а потым, схіліўшыся з вялізнага цэнтральнага гаўбца, задуменна плюнула ў сад. Прыспеў час вяртацца. Дождж не канчаўся, ягонае мармытанне мяшалася ў іхнія галасы, якія, падагнаныя парывамі пачуццяў, імкнуліся ўвысь, убіраючы ў сябе ўсё навокал. Запанавала ціша, і я адчуў, як і ў доме ўсё сціхла.