• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Я табе і так магу ўсё расказаць, — адказала Дэйзі. — Ён валодае аптэкамі, цэлай сеткай аптэк. Ён сам яе збудаваў.
    На дарожку падкаціў запознены лімузін.
    — Дабранач, Ніку, — сказала Дэйзі.
    Яна адвяла позірк да ярка асвечаных сходаў, наверсе якіх з адчыненых дзвярэй даносілася зладжаная сумная мелодыя моднага ў тым годзе вальса «А трэцяй ночы». Як бы там ні было, але гэтая ня-
    змушанасць вечарыны таіла ў сабе рамантыку, цалкам адсутную ў яе жыцці. Што ж было ў гэтай песні, што нібыта заклікала яе вярнуцца? Што тут можа здарыцца гэтай цьмянай непрадказальнай гадзінай? Магчыма, з’явіцца якаясь неверагодная госця, непаўторная ў атачэнні ўсеагульнага захаплення, сапраўды незвычайная маладая лэдзі, якая толькі раз гляне Гэтсбі ў вочы, і ў першае ж імгненне іхняга чароўнага спаткання сатруцца ўсе гэтыя пяць гадоў непахіснае вернасці.
    Тае ночы я затрымаўся дапазна. Гэтсбі папрасіў мяне пачакаць, пакуль ён вызваліцца; я бавіўся ў садзе, тым часам з цёмнага пляжа прыбегла гуллівая кампанія змёрзлых, але пасвяжэлых плыўцоў, у гасцявых пакоях наверсе пагасла святло. Калі Гэтсбі ўрэшце спусціўся па сходах, я заўважыў, што ягоны загарэлы твар зусім змарнеў, а за бляскам вачэй прыхавалася стомленасць.
    — Ёй не спадабалася, — адразу выпаліў ён.
    — Але — вядома, спадабалася.
    — He, не спадабалася, — не сунімаўся ён. — Ёй было нецікава.
    Ён змоўк, а я стаяў і гадаў, адкуль у ім гэтая невымерная прыгнечанасць.
    — Яна такая далёкая, — сказаў ён. — Так цяжка ёй усё патлумачыць.
    — Гэта вы пра ваш танец?
    — Танец? — ён пстрыкнуў пальцамі, адмахнуўшыся тым самым ад усіх зладжаных ім вечарын. — Дружа, танцы не маюць ніякага значэння.
    Болей за ўсё яму хацелася, каб Дэйзі падышла да Тома і сказала: «Я ніколі цябе не кахала». Толькі калі яна гэткім чынам выкрасліць тры гады свайго жыцця, яны змогуць перайсці да наступных практычных крокаў. Сярод іншага, як толькі яна здабудзе свабоду, яны вернуцца ў Дуісвіль і пабяруцца шлюбам у яе бацькоўскім доме — так, як зрабілі б пяць гадоў таму.
    — А яна не разумее, — сказаў ён. — Раней яна ўсё разумела. Мы гадзінамі сядзелі...
    Ён змоўк і зашыбаваў сюды-туды самотнай сцежкай, усеянай шалупіннем ад садавіны, патаптанымі кветкамі і адрынутымі просьбамі.
    — Вы замнога ад яе патрабуеце, — абазваўся я. — Мінулага не вярнуць.
    — Мінулага не вярнуць? — недаверліва ўсклікнуў ён. — Яго можна вярнуць! Яшчэ як!
    Ён ашалела заазіраўся, быццам мінулае стаілася недзе побач, у цені ягонага дома, толькі руку працягні.
    — Я зраблю ўсё як было раней, — рашуча заківаў ён. — I яна зразумее.
    Ён шмат гаварыў аб мінулым, і ў мяне склалася ўражанне, што ён хоча нешта вярнуць, магчыма,
    той вобраз сябе самога, які растварыўся ў каханні да Дэйзі. Ягонае жыццё было такое заблытанае і мітуслівае, але калі ў яго атрымаецца вярнуцца да самага пачатку і няспешна прайсці ўвесь шлях яшчэ раз, то ён зможа аднавіць гэты вобраз...
    ...Пяць гадоў таму адным восеньскім вечарам яны шпацыравалі па вуліцы пад шолах лістападу і выйшлі да месца, дзе не было дрэў і толькі ходнік бялеў пад месячным святлом. Яны спыніліся і павярнуліся тварам адно да аднаго. Вечар стаяў прахалодны, у паветры было нешта таямнічае і ўзрушлівае, што заўжды адчуваецца на змене пор года. Святло з вокнаў ціха гуло, патанаючы ў навакольнай цемры, а ў небе сярод зорак штосьці кішэла і мітусілася. Краем вока Гэтсбі ўбачыў, як брукаванка ходніка складваецца ў драбіны, якія ўздымаюцца да сакрэтнага месца па-над дрэвамі, — быў бы ён адзін, ён ускараскаўся б па іх на самы верх і там, прыпаўшы да крыніцы жыцця, глынуў бы з яе, як дзіця з грудзей маці, цудадзейнага малака.
    Белы твар Дэйзі наблізіўся да ягонага твару, сэрца тахкала ўсё хутчэй і хутчэй. Ён ведаў: калі ён пацалуе гэтую дзяўчыну, калі назаўжды з’яднае свае нявыказаныя мроі з яе мінучым подыхам, то ягонае ўяўленне ніколі больш не сягне боскае высі. Хвілінку ён павагаўся, прыслухоўваючыся да водгулля нябеснага камертона, якім толькі што ўдарылі аб sop-
    ку. Потым ён пацалаваў Дэйзі. Ад дотыку ягоных вуснаў яна расцвіла для яго, і ўцелаўленне завяршылася.
    Ягоны аповед, хутчэй ягоная жахлівая сентыментальнасць, нешта ўва мне абудзілі — нейкі няўлоўна знаёмы рытм, абрыўкі недзе пачутых, але даўно забытых фраз. На імгненне яны завіслі ў маёй галаве ў спробе знайсці правільнае спалучэнне гукаў, вусны раскрыліся, як у глуханямога, быццам вось-вось вырвецца штосьці большае за струмень паветра. Але гукі не прабіліся вонкі, і што б я сабе ні згадваў, тое назаўжды засталося нявымаўленым.
    РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
    Акурат тады, калі ўсеагульная цікаўнасць да асобы Гэтсбі сягнула свайго апагею, у вокнах ягонага дома неяк увечары ў суботу раптам не запалілася святло, і так завяршылася ягоная Трымальхіёнава кар’ера — гэтак жа загадкава, як і пачалася.
    Пакрысе да мяне дайшло, што аўтамабілі, якія ў вялікім спадзеве зварочвалі да ягонага дома, праз хвіліну панура з’язджалі прэч. Я быў падумаў, што ён захварэў, і таму пайшоў да яго, каб даведацца праўду. Незнаёмы лёкай з агіднай мінай скасавурыў на мяне падазроны позірк.
    — Містар Гэтсбі захварэў?
    — Не-е, — і праз хвілю ён незадаволена дадаў: — Сэр.
    — Я даўно яго бачыў і хвалююся. Перадайце яму, што прыйшоў містар Караўэй.
    — Хто? — груба спытаў ён.
    — Караўэй.
    — Караўэй. Добра. Перадам.
    I бразнуў дзвярыма.
    Мая фінка распавяла мне, што на мінулым тыдні Гэтсбі звольніў усіх слуг і наняў паўтузін новых, якія ў Вэст-Эг не ходзяць, хабараў у гандляроў не бяруць, а ўсё патрэбнае замаўляюць па тэлефоне. Хлопчык-пасыльны з бакалейнай крамкі кажа, што кухня цяпер нагадвае свінушнік, а на вёсцы людзі кажуць, нібы новыя слугі ўвогуле ніякія не слугі.
    Назаўтра Гэтсбі патэлефанаваў мне.
    — Вы з’язджаеце? — пацікавіўся я.
    — He, дружа.
    — Я чуў, вы выставілі ўсю прыслугу.
    — А навошта мне той, хто не можа трымаць язык за зубамі. Дэйзі цяпер даволі часта бывае ў мяне — па абедзе.
    Такім чынам увесь караван-сарай абрынуўся, як картачны дамок, пад яе асуджальным позіркам.
    — Гэта людзі Вулфшайма. Ён прасіў іх уладкаваць. Усе яны сваякі — браты і сёстры. Некалі трымалі свой гатэль.
    — Зразумела.
    Тэлефанаваў ён па просьбе Дэйзі — ці прыйду я заўтра да яе на ланч? Міс Бэйкер таксама будзе. Праз паўгадзіны пазваніла сама Дэйзі і, падалося, вельмі ўсцешылася таму, што я прыйду. Нешта ад-
    бывалася. Я не мог даць веры, што яны сапраўды скарыстаюцца гэтай нагодай, каб усчаць сцэну, надзвычай жахлівую, якую Гэтсбі намаляваў мне надоечы ў садзе.
    Назаўтра стаяў бязлітасны сквар — быў калі не апошні, то дакладна найспякотнейшы дзень лета. Калі цягнік вынырнуў з тунэля на сонечнае святло, нас атуліла задушлівая паўдзённая цішыня, перарываная толькі разгарачанымі гудкамі Нацыянальнае бісквітнае кампаніі. Яшчэ трошкі, і плеценыя вагонныя сядзенні ўспыхнуць, жанчына, якая сядзела побач са мною, аблівалася потам у сваёй белай блузцы і ўрэшце, калі газета ў яе руках змокла, з адчайным крыкам занурылася ў хвалю задухі. Яе клатч шлёпнуўся на падлогу.
    — Божа мой! — здушана гукнула яна.
    Я праз сілу нахіліўся, падняў клатч і падаў ёй, трымаючы яго за самы край на адлегласці выцягнутае рукі, каб яна зразумела, што ніякіх злачынных намераў у мяне няма, але ўсе навокал, улічваючы і саму ўласніцу клатча, западозрылі мяне ў адваротным.
    — Горача! — казаў кандуктар, калі бачыў знаёмыя твары. — Ну і надвор’е! Горача! Горача! Горача! Вам не горача? А вам не горача? А вам?..
    На маім праязным білеце адбілася цёмная пляма ад ягонага пальца. Хіба кагосьці ў такую спёку хва-
    люе, чые вусны ён цалуе і чыя галоўка пакідае вільготны след на кішэні піжамы над ягоным сэрцам?
    ...Мы з Гэтсбі стаялі перад дзвярыма, у холе Б’юкэнанаў дзьмуў лёгкі ветрык, даносячы да нас водгукі тэлефоннага званка.
    — Труп гаспадара! — крыкнуў у слухаўку лёкай. — На жаль, мадам, мы не зможам яго падаць, у такую спёку да яго не дакрануцца!
    Насамрэч ён сказаў іншае:
    — Так... так... Зараз пагляджу.
    Ён паклаў слухаўку і, пабліскваючы потам на лбе, падышоў да нас, каб узяць у нас саламяныя капелюшы.
    — Мадам чакае вас у салоне! — усклікнуў ён і невядома навошта паказаў нам, куды ісці. У такую спёку кожны лішні рух быў марнатраўствам агульнага запасу жыццёвых сіл.
    У пакоі, завешаным палатняным тэнтам, было цёмна і прахалодна. Дэйзі і Джордан ляжалі на агромністай канапе, нібы два срэбныя ідалы, і прытрымлівалі свае белыя сукенкі, якія ўздымаліся ад пявучых павеваў вентылятараў.
    — Мы не можам варухнуцца, — хорам сказалі яны.
    Загарэлая і прыпудраная белай пудрай далонь Джордан на імгненне затрымалася ў маёй.
    — А дзе містар Томас Б’юкэнан, наш спартсмен? — спытаў я.
    I адразу ж пачуўся ягоны грубы прыглушаны хрыплы голас — ён размаўляў у холе па тэлефоне.
    Спыніўшыся на малінавым дыване, Гэтсбі захоплена разглядаў усё навокал. Дэйзі назірала за ім і смяялася сваім салодкім хвалюючым смехам; хмарынка пудры ўзнялася з яе дэкальтэ.
    — Ходзіць чутка, — прашаптала Джордан, — што на провадзе Томава сябровачка.
    Мы змоўклі. Голас у холе ўзняўся ад раздражнення: «Ну і цудоўна, тады я не прадам табе машыну... Я ўвогуле нічогатабе не вінны... Тады навошта ты турбуеш мяне за абедам?! Гэта пераходзіць усе межы!»
    — А слухаўка даўно пакладзена, — яхідна прамовіла Дэйзі.
    — Зусім не, — запэўніў я яе. — Здзелка сапраўдная. Я выпадкова даведаўся.
    Том рэзка расчыніў дзверы, на імгненне запоўніў пройму сваім магутным целам і рынуўся ў пакой.
    — Містар Гэтсбі! — з добра прыхаванай непрыяззю ён працягнуў шырокую пляскатую далонь. — Рады вас бачыць, сэр... Ніку...
    — Прыгатуй нам выпіць чаго-небудзь халоднага, — усклікнула Дэйзі.
    Калі Том зноў выйшаў з пакоя, яна ўстала, падышла да Гэтсбі і, падцягнуўшы да сябе ягоны твар, пацалавала ў вусны.
    — Ты ведаеш, што я цябе кахаю, — прамармытала яна.
    — He забывай, што тут дама, — сказала Джордан.
    Дэйзі з сумневам разгледзелася.
    — Ну дык пацалуй Ніка.
    — Ах ты грубая нахабніца!
    — Ну і няхай! — усклікнула Дэйзі і затупала ў танцы перад камінам. Потым згадала аб спёцы і з вінаватай мінай села на канапу, акурат калі ў пакой зайшла свежапрыбраная гувернантка, ведучы за руку маленькую дзяўчынку.
    — Мой ты анёлак, — забуркавала яна, раскрываючы абдымкі. — Ідзі да матулі, матуля так цябе любіць.