• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Я прадам вам тую машыну, — сказаў Том. — Заўтра па абедзе яе вам адправяць.
    У гэтым месцы заўжды, нават пры яркім дзённым святле, адчувалася нешта злавеснае, я міжволі азірнуўся, нібы за спінай таілася небяспека. Вялізныя вочы доктара Т. Дж. Эклберга трымалі варту па-над наваламі попелу, але неўзабаве я заўважыў, што крокаў за дзесяць за намі сочыць іншая пара пільных вачэй.
    Фіранка ў адным з вокнаў над гаражом адсунулася, адтуль у нашу машыну ўперылася Міртл Ўіл-
    сан. He здольная адвесці вачэй, Міртл не заўважала, што на яе таксама глядзяць. Адно пачуццё на яе твары змянялася другім, марудна, як прадметы на фатаграфіі падчас праяўлення. Выраз яе твару быў наўздзіў мне знаёмы — я не раз бачыў яго на тварах іншых жанчын, але гэтым разам ён падаўся мне беспрычынным і незразумелым, аж пакуль я не здагадаўся, што пашыраныя ад раўнівага жаху вочы Міртл упіваліся не ў Тома, а ў Джордан BaftKep, якую яна прыняла за ягоную жонку.
    Няма ў свеце большага хаосу, чым хаос, народжаны сціплым розумам. Калі мы ад’ехалі ад запраўкі, Том павёў, нібы яго гналі гарачымі ўдарамі панікі. Яшчэ гадзіну таму ягоная жонка і каханка знаходзіліся ў непарушнай бяспецы, а цяпер яны імкліва выслізгвалі з ягоных рук. Нутраное чуццё прымусіла яго паддаць газу, каб, па-першае, дагнаць Дэйзі і, па-другое, з’ехаць урэшце ад Ўілсана. Мы імчалі ў бок Асторыі з хуткасцю пяцьдзясят міль у гадзіну, пакуль не ўбачылі знаёмую сінюю машыну, якая няспешна ехала між апорных паляў надземнае чыгункі.
    — У кінатэатрах на Пяцідзясятай вуліцы заўжды прахалодна, — сказала Джордан. — Дюблю НьюЁрк улетку, калі па абедзе ўсе з яго з’язджаюць. Ёсць тады ў ім нешта такое юрлівае, пераспелае —
    толькі рукі падсунь, і найдзівоснейшыя плады самі ў іх упадуць.
    Слова «юрлівае» яшчэ больш устрывожыла Тома, але перш чым ён знайшоўся з адказам, сіняя машына затармазіла, і Дэйзі махнула нам рукой, каб мы да іх пад’ехалі.
    — Куды едзем? — гукнула яна.
    — Можа, у кіно?
    — Там так горача, — абурылася яна. — Вы сабе едзьце. А мы тут пакатаемся і пад’едзем да вас пазней, — яна хацела абярнуць усё на жарт. — Сустрэнемся тады на рагу якой-небудзь вуліцы. Вы мяне пазнаеце: у мяне ў зубах будуць дзве цыгарэты.
    — He будзем спрачацца пасярод дарогі, — раздражнёна абазваўся Том, калі за намі абурана засігналіў грузавік. — Едзьце за мной да «Плазы», гэта на поўдзень ад Цэнтральнага парку.
    Па дарозе ён зрэдчас азіраўся і шукаў вачыма іхнюю машыну, а калі яны затрымліваліся на скрыжаванні, ён збаўляў хуткасць, пакуль яны зноў не з’явяцца ў полі зроку. Пэўна, ён баяўся, што яны нырнуць у бакавы завулак і назаўжды знікнуць з ягонага жыцця.
    Але яны не ўцяклі. Яшчэ цяжэй было, аднак, патлумачыць, чаму мы ўсе разам вырашылі зняць нумар-люкс у гатэлі «Плаза».
    Мне дрэнна згадваюцца падрабязнасці зацяжное бурнае спрэчкі, у канцы якой мы апынуліся ў тым нумары, але я і сёння выразна, усім целам памятаю, як мая бялізна, нібы слізкая змяя, вілася вакол маіх ног і халодныя кропелькі поту іншым разам скочваліся па спіне падчас спрэчкі. Пачалася яна з прапановы Дэйзі зняць пяць ванных пакояў і прыняць халодную ванну, але ўрэшце мы спыніліся на больш практычнай ідэі «ўрымсціцца дзе-небудзь і выпіць мятнага кактэйлю з лёдам». Мы ўсё паўтаралі, якая гэта «вар’яцкая мысля», бязладным хорам загаворвалі з разгубленым парцье і думалі — ці ўдавалі, што думалі, — што нам вельмі весела...
    Нумар быў вялізны і задушлівы, і хоць ужо было пасля чацвёртай, у адчыненыя вокны веяла гарачым пахам кустоўя з парку. Дэйзі падышла да люстэрка і, стаўшы да нас спінай, пачала папраўляць прычоску.
    — Шыкоўныя апартаменты, — пачціва прашаптала Джордан, і ўсе засмяяліся.
    — Адчыніце яшчэ адно акно, — загадала Дэйзі, не абарочваючыся.
    — А болей няма.
    — Тады трэба патэлефанаваць, каб прынеслі сякеру...
    — He думаць пра спёку — вось што трэба, — груба сказаў Том. — Ад твайго ныцця ў дзесяць разоў гарачэй.
    Ён разгарнуў ручнік і паставіў на стол прывезеную пляшку віскі.
    — Чаму вы не пакінеце яе ў спакоі, дружа? — абазваўся Гэтсбі. — Гэта ж вы хацелі паехаць у горад.
    На імгненне ўсё сціхла. Тэлефонны даведнік упаў з кручка і пляснуўся на падлогу, на што Джордан прашаптала: «Прабачце», — але цяпер ніхто не засмяяўся.
    — Я падыму, — сказаў я.
    — Я падняў, — Гэтсбі разгледзеў парваны шнур, зацікаўлена гмыкнуў і кінуў даведнік на крэсла.
    — Любіце ж вы гэтае слаўцо, — востра заўважыў Том.
    — Якое?
    — Вось гэтае — «дружа». Дзе вы яго падчапілі?
    — Слухай сюды, Томе, — Дэйзі адвярнулася ад люстра. — Будзеш і далей такім грубым, то я ні на хвіліну тут не застануся. Пазвані лепей уніз і папрасі лёду на мятны кактэйль.
    Том зняў слухаўку, і ў тое самае імгненне грымнуў выбух шчымлівае духаты — з бальнае залы пад намі данесліся ўрачыстыя акорды вясельнага марша Мендэльсона.
    — Вы толькі сабе ўявіце — граць вяселле ў такую спёку! — прыгнечана ўсклікнула Джордан.
    — Гэта яшчэ што — я выйшла замуж у сярэдзіне чэрвеня, — згадала Дэйзі. — У чэрвені! У Дуісвілі! Нехта тады нават самлеў. Хто тады самлеў, Томе?
    — Білоксі, — хутка адказаў ён.
    — Так, яго звалі Білоксі. «Блокс» Білоксі, былы баксёр — я сур’ёзна! — і родам быў з Білоксі, штат Тэнесі.
    — Яго тады аднеслі да нас, — падхапіла Джордан, — таму што мы жылі за два двары ад царквы. Пражыў ён у нас тры тыдні, пакуль тата не даў яму зразумець, што час вымятацца. Назаўтра, пасля ягонага ад’езду, тата памёр, — памаўчаўшы, яна хуценька дадала, нібы сказала нешта непрыстойнае: — Адно з другім ніяк не звязана.
    — Быў у мяне знаёмец, Біл Білоксі з Мемфіса, — сказаў я.
    — Гэта ягоны стрыечны брат. За тыя тры тыдні я паспела вывучыць увесь іхні радавод. Ен падарыў мне алюмініевую клюшку, я і сёння ёй гуляю.
    Музыка ўнізе змоўкла, пачалася цырымонія. У акно рынула водгулле доўгіх воплескаў, іх перарвалі воклічы «Ур-р-раа!», затым нарэшце ўжарыў джаз, і пачаліся танцы.
    — Старыя мы сталі, — сказала Дэйзі. — Былі б маладыя — даўно б ускочылі і пайшлі танцаваць.
    — Але ж Білоксі, — заўважыла Джордан. — Адкуль ты яго знаеш, Томе?
    — Білоксі? — яму было цяжка адарвацца ад сваіх думак. — Я яго знаць не знаў. Ён быў з боку Дэйзі.
    — Няпраўда, — запярэчыла яна. — Ды я яго раней у вочы не бачыла. Ён жа прыехаў з усімі на вашым цягніку.
    — Але ён сказаў, што ён — твой знаёмы. Сказаў, што вырас у Луісвілі. Эйза Бёрд прывёз яго ў апошнюю хвіліну і спытаў, ці знойдзецца яму месца ў Ba­rone.
    Джордан усміхнулася.
    — Мабыць, ён тады праехаў дадому за так. Мне ён расказаў, што быў старастам вашага курса ў Елі.
    Мы з Томам тупа пераглянуліся.
    — Білоксі?
    — Па-першае, у нас адвеку ніякага старасты не было...
    Гэтсбі нервова пагрукаў мыском чаравіка па падлозе, Том раптам да яго павярнуўся.
    — Дарэчы, містар Гэтсбі, вы, здаецца, вучыліся ў Оксфардзе.
    — He зусім так.
    — О! А мне казалі, што вы там вучыліся.
    — Так, вучыўся.
    Усе на хвілю замоўклі. А потым — голас Тома, недаверлівы і зневажальны:
    — Пэўна, вы там вучыліся тады, калі Білоксі быў у Нью-Хэйвене.
    Усе замоўклі зноў. У дзверы пагрукаў афіцыянт, ён прынёс тоўчаную мяту і лёд, цішыню парушылі толькі ягонае «калі ласка» і ціхае рыпенне дзвярэй, якія за ім зачыніліся. Нарэшце гэта загадкавая дэталь з жыцця Гэтсбі стане вядомай.
    — Я ж вам казаў, што вучыўся там, — мовіў Par­cel
    — Гэта я чуў, але хацелася б ведаць, калі тое было.
    — У дзевятнаццатым годзе, прабыў там толькі пяць месяцаў. Менавіта таму я не магу сцвярджаць, што вучыўся ў Оксфардзе.
    Том абвёў усіх вачыма, каб пераканацца, што мы падзяляем ягоны недавер. Але мы ўсе глядзелі на Гэтсбі.
    — Пасля перамір’я некаторым афіцэрам прапанавалі такую магчымасць, — працягнуў ён. — Мы маглі паступаць у любы ўніверсітэт Англіі ці Францыі.
    Я ўжо было хацеў усхапіцца і паляпаць яму па плячы. Ува мне ў чарговы раз узнялася новая хваля безагаворачнага да яго даверу.
    Дэйзі — з лёгкай усмешкай — паднялася і падышла да стала.
    — Адкаркуй віскі, Томе, — загадала яна. — Я змяшаю табе мятнага кактэйлю. Каб не строіў больш з сябе такога дурня... А якая мята! Цуд!
    — Чакай, — агрызнуўся Том, — я хачу задаць містару Гэтсбі яшчэ адно пытанне.
    — Задавайце, — ветліва сказаў Гэтсбі.
    — Вы што, хочаце ўчыніць нелады ў маім доме?
    Урэшце Гэтсбі дамогся свайго — карты былі раскрытыя.
    — Ніякія нелады ён не чыніць, — вочы Дэйзі адчайна перабягалі з аднаго на другога. — Калі хто і чыніць нелады, то толькі ты. Прашу, трымай сябе ў руках.
    — Трымай сябе ў руках! — агаломшана паўтарыў Том. — I што мне тады, па-твойму, далей? Сядзі і глядзі, як містар Невядома-Хто з Невядома-Адкуль круціць любошчы з маёй жонкай. He, такога вы ад мяне не дачакаецеся... Сёння вы кпіце з сям’і і яе традыцый, а заўтра затопчаце ў гразь усё, а там хай ужо чорныя мяшаюцца з белымі.
    Распалены ўласнай бязглуздай прамовай, ён адчуваў сабе адзіным ваяром на апошняй барыкадзе цывілізацыі.
    — Дык мы ўсе тут белыя, — прамармытала Джордан.
    — Вядома, папулярным мяне не назавеш. Я не ладжу вялікіх вечарын. Відаць, у наш час, каб займець сяброў, трэба ператварыць свой дом у свінарню.
    Мяне — усіх нас — апанавала злосць, але штораз, як ён разяўляў рот, я насілу стрымліваўся, каб
    не засмяяцца. Мяжа паміж распуснікам і маралістам такая тонкая!
    — А зараз, дружа, слухайце сюды, — пачаў Гэтсбі. Але Дэйзі скеміла, куды ён вёў.
    — Прашу, не трэба! — бездапаможна перапыніла яна. — Давайце ўсе паедзем дадому. Чаму нам проста не паехаць дадому?
    — Выдатна, — узняўся я. — Давай, Томе. Піць усё адно ніхто не хоча.
    — Я хачу ведаць, што меў сказаць мне містар Гэтсбі.
    — Ваша жонка вас не кахае, — сказаў Гэтсбі. — Яна ніколі вас не кахала. Яна кахае мяне.
    — Вы звар’яцелі! — машынальна ўсклікнуў Том.
    Гэтсбі скочыў на ногі, ён аж трымцеў ад узбуджэння.
    — Яна ніколі вас не кахала, чуеце? — крычаў ён. — Яна выйшла за вас толькі таму, што я быў бедны і яна стамілася мяне чакаць. Гэта была жахлівая памылка, але глыбока ў душы яна ніколі не кахала нікога, акрамя мяне!
    На гэтым мы з Джордан паспрабавалі выйсці, але Том і Гэтсбі, адзін непахіснейшы за другога, настойвалі на тым, каб мы засталіся — нібы даючы зразумець, што ім няма чаго ўтойваць і што для ўсіх нас гэта прывілея — быць сведкамі іхняе эмацыйнае баталіі.