Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
Над Лонг-Айлендам ужо днела, мы абышлі першы паверх і расчынілі астатнія вокны, упускаючы ў дом дзе шэрае, дзе залацістае святло. На аброшаны газон раптам упаў цень дрэва, у сіняй лістоце заспявалі нябачныя птушкі. Лёгкі прыемны павеў паветра — і ветрам не назавеш — абяцаў цудоўны прахалодны дзень.
— He, па-мойму, яна ніколі яго не кахала, — Гэтсбі адвярнуўся ад акна і глянуў на мяне з выклікам. — Дружа, вы ж памятаеце, якая яна ўчора была ўсхваляваная. Ён нагаварыў ёй столькі ўсяго і нагнаў на яе страху — быццам я нейкі танны аферыст. I заблытаў яе так, што яна не разумела, што менавіта казала.
Ён сеў са змрочным выглядам.
— Вядома, магло здарыцца так, што яна пакахала яго, на якуюсь хвілінку, калі яны толькі-толькі пабраліся, — але нават тады мяне яна кахала болей, разумееце?
Раптам ён сказаў нешта зусім дзіўнае:
— У кожным разе, усё гэта асабістае.
I як гэта цяпер разумець? Хіба што ягоныя стасункі з Дэйзі былі настолькі блізкія, што больш ніхто не мог спасцігнуць усяе іхняе глыбіні.
Ён вярнуўся з Францыі, калі Дэйзі з Томам былі ў вясельным падарожжы, і апошнія свае вайсковыя грошы аддаў — не змог сябе пераадолець —
на безнадзейную паездку ў Луісвіль. Там ён прабыў тыдзень, абягаючы ўсе вуліцы, дзе калісьці паўз лістападаўскую ноч луналі іхнія крокі, і вышукваючы зацішныя закуткі, куды яны раней ездзілі на яе белым аўтамабілі. Некалі яму падавалася, што няма ў свеце дома больш прываблівага і загадкавага, чым дом Дэйзі, цяпер жа яе горад, хоць даўно ўжо і без яе, быў нібы пранізаны наскрозь тужлівай прыгажосцю.
Ён з’ехаў з адчуваннем, быццам шукаў не дастаткова старанна — іначай дакладна б яе знайшоў, а так яна нібы засталася там. У сядзячым вагоне — на што хапіла грошай — было горача. Ён выйшаў у вагон з адкрытым верхам і сеў на раскладное крэсла. Станцыя ўсё аддалялася, міма праплывалі заднія фасады незнаёмых будынкаў. Далей — да веснавых палёў; на колькі хвілін з поездам параўняўся жоўты трамвай, поўны пасажыраў, якія, магчыма, некалі на той ці іншай вуліцы бачылі яе чароўны бледны твар.
Апісаўшы дугу, чыгунка вяла далей, прэч ад сонца, што хілілася на захад і нібы бласлаўляла зніклы за спінай горад, паветрам якога дыхала Дэйзі. У адчаі Гэтсбі працягнуў руку, нібы хацеў схапіць жменю паветра і забраць з сабой часцінку гэтага месца, такога цудоўнага ад яе прысутнасці. Але яно знікала занадта хутка з ягоных затуманеных вачэй, і ён spa-
зумеў, што найсвятлейшая і найлепшая частка ягонага жыцця страчаная назаўсёды.
Мы скончылі снедаць і акурат а дзявятай выйшлі на тэрасу. За ноч надвор’е рэзка змянілася, у паветры патыхала восенню. Садоўнік, адзіны, хто застаўся ў доме з колішніх слуг, спыніўся перад сходамі.
— Містар Гэтсбі, я хачу сёння спусціць ваду з басейна. Неўзабаве наляціць лісця, ад яго вечныя праблемы з трубамі.
— Толькі не сёння, — адказаў Гэтсбі, павярнуўся да мяне і, нібы просячы прабачэння, сказаў: — Ведаеце, дружа, за ўсё лета я так і не паплаваў у гэтым басейне.
Я глянуў на гадзіннік і падняўся.
— У мяне цягнік праз дванаццаць хвілін.
Ехаць у горад не хацелася. Якая праца? Рэч у іншым — я не хацеў кідаць Гэтсбі. Я прапусціў той цягнік і наступны, перш чым развітаўся.
— Я патэлефаную вам, — сказаў я.
— Патэлефануйце, дружа.
— Недзе а дванаццатай.
Мы павольна спусціліся па сходах.
— Магчыма, Дэйзі таксама патэлефануе, — ён устрывожана глянуў на мяне, нібы чакаў, што я з ім пагаджуся.
— Магчыма.
— Ну, тады да пабачэння.
Мы паціснулі рукі, і я пашыбаваў прэч. Але каля агароджы я нешта прыгадаў і абярнуўся.
— Яны ўсе — гнілая хеўра, — гукнуў я па-над газонам. — Яны і мезенца вашага не вартыя!
Я так рады, што тады сказаў яму гэта. Зрэшты, гэта была адзіная пахвала, якую ён пачуў ад мяне, бо ад першага і да апошняга дня я ставіўся да яго непрыхільна. Спярша ён ветліва кіўнуў, а потым ягоны твар азарыўся шырокай усёспасцігальнай усмешкай, быццам увесь час мы з ім былі ў таемнай змове. Ягоны шыкоўны гарнітур вычварнай ярка-ружовай плямай вылучаўся на фоне белых сходаў, і мне прыгадаўся той вечар, тры месяцы таму, калі я ўпершыню наведаў ягоны радавы маёнтак. Тады ў садзе і на дарожцы віраваў натоўп людзей, якія перабіралі ўсе магчымыя ягоныя заганы, а ён стаяў на гэтых самых сходах і махаў ім на развітанне, так і не адкрыўшы свету свае нявіннае мары.
Я падзякаваў яму за гасціннасць. Усе яму заўжды за яе дзякавалі — і я разам з усімі.
— Да пабачэння, Гэтсбі! — гукнуў я. — Дзякуй за сняданак.
У канторы я пэўны час складваў спісы каціровак на бясконцую колькасць акцый, і ўрэшце мяне змарыў сон прама ў крэсле-круцёлцы. Каля двана-
ццатай мяне разбудзіў тэлефон, я ўсхапіўся, спатнелы спрасонку. Гэта была Джордан Бэйкер; яна часта пазвоньвала мне гэтай часінай, бо іншым спосабам немагчыма было вылічыць, едзе яна з гатэляў у клубы ці з клубаў — у госці. Звычайна яе голас у слухаўцы гучаў свежа і холадна, быццам у акно канторы ўлятаў вырваны клюшкай для гольфа дзірван, але тым ранкам голас яе падаўся мне суровым і рэзкім.
— Я паехала ад Дэйзі, — сказала яна. — Я цяпер у Хэмпстэдзе, а па абедзе паеду ў Саўтгемптан.
Відаць, застацца ў Дэйзі было нетактоўна, але гэта мяне чамусьці раззлавала, а ад наступнае яе заўвагі мяне аж перасмыкнула.
— Учора ўвечары ты быў не вельмі мілы са мной.
— Учора трэба было быць мілым?
Імгненне яна памаўчала. А потым:
— У кожным разе — я хачу ўбачыцца з табой. — Я таксама.
— Можа, мне сёння не ехаць у Саўтгемптан, а падацца па абедзе ў горад?
— He... Сёння па абедзе ў мяне не выйдзе.
— Што ж.
— He атрымаецца па абедзе. Справы...
Мы размаўлялі так колькі хвілін, а потым наша размова рэзка абарвалася. He памятаю, хто з нас першы кінуў слухаўку, але добра памятаю, што мне
ўжо было без розніцы. Мне не хапіла б сіл на гутарку з ёй і за столікам у кавярні, нават пад пагрозай таго, што мы з ёй ніколі больш не сустрэнемся.
Праз пару хвілін я патэлефанаваў Гэтсбі, але ў яго было занята. Я паспрабаваў дазваніцца яшчэ чатыры разы, і ўрэшце ўзлаваная тэлефаністка сказала, што лінію замовілі для размовы з Дэтройтам. Я выцягнуў свой расклад руху і невялічкім кругам абвёў час адпраўлення цягніка: тры пяцьдзясят. Потым адкінуўся на спінку крэсла і паспрабаваў яшчэ раз усё абдумаць. Акурат прабіла дванаццатую.
Тае раніцы, калі цягнік праязджаў попельныя горы, я наўмысна перасеў на другі бок вагона. Я ўяўляў сабе, як цікаўныя дагэтуль тоўпяцца ля гаража, як малыя хлопчыкі вышукваюць цёмныя плямы ў пыле і як нейкі мужчына, што любіць пабалакаць, нястомна пераказвае, як яно ўсё здарылася, пераказвае і пераказвае, аж пакуль ягоны аповед нават яму самому не пачне здавацца неверагодным, а трагічная гібель Міртл Уілсан сплыве ў забыццё. Але цяпер я хачу трошкі вярнуцца назад і распавесці, што адбывалася ў гаражы пасля таго, як мы адтуль з’ехалі ўчора вечарам.
Сястру Міртл — Кэтрын — удалося знайсці не адразу. Тым вечарам яна, мусіць, парушыла сваё правіла не піць, бо калі яе прывезлі, яна была зу-
сім п’яная і не магла нічога зразумець. Калі ж ёй нарэшце давялі, што хуткая дапамога звезла Міртл у Флашынг, яна адразу самлела, быццам ва ўсёй гісторыі гэта аказалася найжахлівейшым. Хтосьці па дабрыні душэўнай альбо з цікаўнасці пасадзіў яе да сябе ў машыну і павёз следам за целам сястры.
Людскія натоўпы, то меншаючы, то зноў нарастаючы, віравалі ля гаражнае брамы далёка за поўнач, а Джордж Ўілсан усё сядзеў на канапе і ківаўся ўзад-уперад. Дзверы канторкі пэўны час стаялі расчыненыя, і кожны, хто заходзіў у гараж, не мог утрымацца і зазіраў туды. Урэшце нехта назваў гэта ганьбай і прычыніў іх. Пры Ўілсане яшчэ заставаліся Мікаэліс і іншыя: спачатку чацвёра ці пяцёра, а потым двое ці трое. Калі апошні збіраўся сысці, Мікаэліс папрасіў яго пачакаць хвілін пятнаццаць, а сам схадзіў дадому і зварыў кавы. Пасля ён сядзеў удвух з Ўілсанам да світанку.
Гадзіне а трэцяй нешта ва Ўілсанавым няскладным мармытанні змянілася — паспакайнеўшы, ён загаварыў пра жоўтую машыну. Ён запэўніў, што ведае, як знайсці ўладальніка гэтае машыны, а потым раптам выпаліў, што пару месяцаў таму ягоная жонка вярнулася з горада з сінякамі на твары і з апухлым носам.
Але калі ён пачуў уласныя словы, ён уздрыгнуў і застагнаў сваё «Божа мой!».
Мікаэліс зрабіў няўклюдную спробу перавесці ягоныя думкі на што іншае.
— Колькі гадоў вы жанатыя, Джорджу? Давай сюды, пасядзі хвілінку і скажы мне: колькі гадоў вы ўжо жанатыя?
— Дванаццаць.
— А дзеці былі? Ну давай, Джорджу, пасядзі ціхенька. Я ж пытаю цябе: дзеці ў вас былі?
Нястомныя бурыя жучкі гупалі аб цьмяную лямпачку, і штораз, калі па шашы імчала машына, Мікаэлісу падавалася, што гэта тая самая, якая з’ехала, не прыпыніўшыся, колькі гадзін таму. Яму не хацелася заходзіць у гараж, бо варштат, у тым месцы, дзе кагадзе ляжала цела, быў заплямлены крывёю, таму ён няскладна сноўдаўся сюды-туды па канторцы — пад раніцу ён ужо ведаў у ёй кожны прадмет — і зрэдчас сядаў да Уілсана, зноў намагаючыся яго супакоіць.
— Да якой царквы ходзіш, Джорджу? Нават калі ты даўно там не быў — можа, давай я патэлефаную туды і папрашу святара, каб ён прыйшоў і пагаварыў з табой, га?
— Hi да якае царквы я не хаджу.
— Але, Джорджу, царква патрэбная — на такія выпадкі, як гэты. Ну ты ж хадзіў у царкву. Хіба ты не вянчаўся ў царкве? Слухай, Джорджу, слухай мяне. Ты вянчаўся ў царкве?
— Гэта было даўно.
Адказ вымагаў пэўных высілкаў — на хвілінку Ўілсан перастаў ківацца і заціх. Потым у ягоных выцвілых вачах зноў з’явіўся той самы паўпрытомны-паўнепаразумелы выраз.
— Глянь у шуфлядзе, — сказаў ён, паказаўшы на пісьмовы стол.
— У якой?
— У той... Ага, там.
Мікаэліс выцягнуў бліжэйшую да сябе шуфляду. У ёй не было нічога, акрамя сабачага павадка — дарагога з выгляду, з срэбным пазументам. Відаць, зусім новенькі.
— Ты пра гэта? — спытаў ён, узняўшы павадок.
Ўілсан утаропіўся ў яго і хітнуў.
— Я знайшоў яго ў яе ўчора па абедзе. Яна хацела мне ўсё патлумачыць, але ж, вядома, справа тут была нячыстая.
— Думаеш, гэта твая жонка купіла яго?
— Яна загарнула яго ў папяросную паперу і паклала на столік.
Мікаэліс не ўбачыў у тым нічога падазронага і назваў Ўілсану тузін прычын, чаму ягонай жонцы захацелася купіць павадок. Але некаторыя гэтыя тлумачэнні Ўілсан, мусіць, чуў раней ад Міртл, бо ён зноў зайшоўся шэптам «Божа мой!» — і наступныя суцяшэнні засталіся вісець у паветры нявымаўленымі.